Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАТО́НСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
аперацыя войскаў 3-га Укр. фронту (каманд. Ф.І.Талбухін) 6—15 сак. ў 2-ю сусв. вайну каля воз. Балатан (Венгрыя). Пасля Будапешцкай аперацыі 1944—45 войскі 3-га Укр. фронту замацаваліся на мяжы Гант — воз. Балатан — р. Драва. Войскі 2-га Укр. фронту (каманд. Р.Я.Маліноўскі) прыкрывалі вызвалены Будапешт. Абодва франты рыхтаваліся да наступлення на Вену. У Балатонскай абарончай аперацыі ўдзельнічалі таксама 1-я балг. і 3-я югасл. арміі. Гітлераўскае камандаванне, каб аднавіць абарону па Дунаі, сканцэнтравала вял. сілы каля воз. Балатан. 6 сак. яно пачало контрнаступленне і нанесла гал. ўдар паміж азёрамі Веленцэ і Балатан у напрамку Дуная, дапаможныя — паміж воз. Балатан і р. Драва на Капашвар і з паўд. берага р. Драва на Печ. Пасля цяжкіх 10-дзённых баёў гітлераўцы прасунуліся на 12—30 км, але прарвацца да Дуная не змаглі. Страціўшы больш за 40 тыс. салдатаў і афіцэраў, шмат баявой тэхнікі, 15 сак. праціўнік спыніў наступленне і перайшоў да абароны. 16—18 сак. войскі 3-га і 2-га Укр. франтоў пачалі Венскую аперацыю 1945.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ АБАРО́НЧАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1941,
баявыя дзеянні сав. войск Паўд.-Зах. фронту (камандуючы ген.-палк. М.П.Кірпанос) пры садзеянні войск Бранскага, правага крыла Паўд. франтоў і Пінскай ваеннай флатыліі па стрымліванні гал. сіл. ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Г.Рундштэт) і часткі сіл групы армій «Цэнтр» у пач.Вял.Айч. вайны. Праведзена 7.7—26.9.1941 з мэтай не дапусціць захопу праціўнікам сталіцы Украіны і прарыву яго на левы бераг Дняпра. Пасля няўдалых прыгранічных баёў сав. войскі не здолелі спыніць праціўніка на лініі ўмацаваных раёнаў былой (да вер. 1939) сав.-польск. мяжы. Злучэнні 1-й ням.-фаш.танк. групы 9 ліп. захапілі г. Жытомір, але 11 ліп. былі спынены сав. войскамі на р. Ірпень (за 15—20 км ад Кіева). На працягу 2-й пал.ліп. — 1-й пал.жн. немцы беспаспяхова лабавымі ўдарамі намагаліся авалодаць Кіевам, які абаранялі воіны 37-й арміі і нар. апалчэння. Контрудары па ворагу нанеслі 5-я (на ПнЗ ад Кіева) і 26-я (на ПдУ ад Кіева) арміі, аднак праціўнік пацясніў іх і акружыў 6-ю і 12-ю арміі Паўд. фронту. У сярэдзіне жн. правы фланг Паўд.-Зах. фронту пачалі абыходзіць злучэнні 2-й танк. групы і 2-й палявой арміі, вылучаных са складу ням.-фаш. групы армій «Цэнтр». Яны разбілі войскі Цэнтр. фронту, 19 жн. захапілі абласны цэнтр БССР Гомель і ў канцы жн. — пач.вер. развілі наступленне на Пд у тыл кіеўскай групоўкі сав. войск. Па загаду Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання 19 жн. на левы бераг Дняпра адведзены ўсе войскі Паўд.-Зах. фронту, акрамя 37-й арміі. 1 вер. 1-я ням.танк. група захапіла ў раёне г. Крамянчуг плацдармам на левым беразе Дняпра, 12 вер. адсюль пачала наступленне на Пн і 15 вер. каля г. Лохвіца злучылася з 2-й танк. групай. У акружэнне трапілі часці 21, 37, 5 і 26-й армій Паўд.-Зах. фронту, камандаванне якога страціла кіраванне войскамі і не здолела арганізаваць іх адыход на У. У адпаведнасці з запозненым загадам Стаўкі 19 вер.сав. войскі пакінулі Кіеў. Толькі частка сав. воінаў выйшла з акружэння, многія загінулі (у т. л. Кірпанос, разам з б.ч. свайго штаба) або трапілі ў палон. У ходзе К.а.а. супраціўленнем на працягу 2,5 месяца сав. войскі адцягнулі значную частку ням.-фаш. сіл з Маскоўскага напрамку. 21.6.1961 Прэзідыум Вярх. Савета СССР устанавіў медаль «За абарону Кіева».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. на правым беразе Дняпра. Пабудаваны на месцы стараж. паселішча Лоева Гара мілаградскай культуры і гарадзішча 11—13 ст. Меў форму паўкруга дыяметрам каля 125 м, абведзенага земляным валам і ровам.
Замак неаднаразова разбуралі крымскія татары. Апісанне ўмацаванняў Л.з. не захавалася. На карце М.Струбіча за 1578 пазначана высокая абарончая вежа. Верагодна, тут былі традыцыйныя драўляныя вежы і сцены-гародні. Умацаванні Л.з. існавалі да далучэння Усх. Беларусі да Рас. імперыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ГІНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 15—17 ст., размяшчаўся на месцы дзядзінца стараж.Брагіна. Замкавая пляцоўка памерам 90×70 м, была ўмацавана валам выш. 5—6 м, шыр. ў аснове больш за 10 м. Паводле інвентара 1574, на вале былі сцены-гародні з усходамі на бланкаванне, абарончая вежа з боку р. Брагінка, 2-ярусная драўляная вежа-брама з вял. святліцай наверсе. Злева ад увахода ў лініі гародняў стаяла драўляная царква св. Тройцы. На падворку былі падклецці, спіжарні, склеп і «светлицы в стене». Да замкавай брамы вёў мост на палях, апошняе звяно якога падымалася з брамы на ланцугах. Замак разбураны ў час антыфеадальнай вайны 1648—51 і ператвораны ў гасп. «двор» князёў Вішнявецкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗАЎСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРТЭЗІЯ́НЦАЎ.
Пабудаваны ў 1648—89 у г. Бяроза Брэсцкай вобл. У час Паўночнай вайны 1700—21 і баёў з Барскімі канфедэратамі (1772) часткова разбураны. У 1831 закрыты за ўдзел манахаў у паўстанні 1830—31. У 1866 часткова разабраны. Захаваліся рэшткі паўд. і зах. частак кляштара. У барочны комплекс уваходзілі мураваныя будынак касцёла, каплічка, жылыя карпусы з маленькімі ўнутр. дворыкамі, трапезная, б-ка, шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы, якія былі абнесены крапасной сцяной з вежамі. Гал. уваходам у кляштар служыла магутная брама з байніцамі. Двухпавярховыя карпусы келляў манахаў-самотнікаў былі злучаны з касцёлам калідорамі-галерэямі. Дэкар. аздабленне — пілястры, раскрапоўкі, глыбокія нішы, фігурныя франтоны. Касцёл — 3-нефавая базіліка з трыма гранёнымі апсідамі і гранёным тамбурам пры ўваходзе. Сілуэт ансамбля фарміравала абарончая 8-гранная шмат’ярусная вежа-званіца з магутнымі сценамі, вузкімі вокнамі-байніцамі.
Бярозаўскі касцёл і кляштар картэзіянцаў. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ НАСТУПА́ЛЬНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баявыя дзеянні сав. войск 1-га Укр. фронту (камандуючы ген. арміі М.Ф.Ватуцін) супраць асн. сіл ням.-фаш. групы армій «Поўдзень» (ген.-фельдмаршал Э.Манштэйн) у Вял.Айч. вайну; частка бітвы за Дняпро 1943. Праведзена 3—13.11.1943 з мэтай разгрому кіеўскай групоўкі праціўніка і вызвалення сталіцы Украіны. Аперацыі папярэднічалі 2 няўдалыя наступленні войск 1-га Укр. фронту на Кіеў (12—15 і 21—23 кастр.) з Букрынскага (на Пд ад Кіева) і Люцежскага (на Пн ад Кіева) плацдармаў. У адпаведнасці з загадам Стаўкі Вярх. галоўнакамандавання асн. ўдар фронту быў перанесены на Пн ад Кіева (38, 60 і 13-я арміі), а войскі перагрупаваны (3-я гв.танк. армія, 23-і стралк. корпус, 7-ы артыл. корпус прарыву і інш. перадыслацыраваны з Букрынскага плацдарма на Люцежскі, дзе створана перавага над праціўнікам па пяхоце ў 3 разы, па артылерыі ў 4,5 раза, па танках у 9 разоў). Каб увесці праціўніка ў зман адносна напрамку гал. ўдару, 1 ліст. наступленне пачалі войскі Букрынскага плацдарма. 3 ліст., у абыход Кіева з З, пачалі паспяхова наступаць сав. войскі з Люцежскага плацдарма. 6 ліст. яны вызвалілі Кіеў, 13 ліст. — г. Жытомір, стварыўшы на правым беразе Дняпра моцны стратэг. плацдарм. Працягам К.н.а. была Кіеўская абарончая аперацыя 13.11—22.12.1943, у ходзе якой сав. войскі 20 ліст. пакінулі Жытомір, а на правым флангу фронту працягвалі наступленне да канца ліст. і вызвалілі шмат населеных пунктаў, у т. л.г. Оўруч (18 ліст.), бел. райцэнтры Брагін, Хойнікі (абодва 23 ліст.) і Нароўля (30 ліст.), пасля чаго таксама перайшлі да абароны.
Літ.:
Кузнецов Б.И. На Киевском направлении: (К 40-летию освобождения Киева). М., 1983;
В битве за Киев: Воспоминания, очерки. Киев, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 29.10.1944—17.2.1945 у Венгрыі ў 2-ю сусв. вайну.
Абароне Будапешцкага ўмацаванага раёна, які прыкрываў подступы да Вены і Паўд. Германіі, ням. камандаванне надавала асаблівае значэнне. На подступах да Будапешта праціўнік стварыў 3 моцныя абарончыя паласы. Тут дзейнічалі 43 ням. дывізіі (у т. л. 8 танкавых і 1 кавалерыйская) і 3 брыгады. Войскі 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) у цяжкіх баях з 29 кастр. прарвалі абарону праціўніка і да 9 снеж. выйшлі да знешняга абарончага абводу Будапешта. Войскі 3-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) пачалі наступленне 7 ліст., фарсіравалі Дунай і да 9 снеж. выйшлі на Пн ад воз. Веленцэ і да воз. Балатан, пагражаючы тылам варожай групоўкі. 20 снеж. пачалося агульнае наступленне сав. войск. 26 снеж. будапешцкая групоўка ворага ў 180 тыс.чал. была акружана. Каб пазбегнуць ахвяр і разбурэння Будапешта, сав. камандаванне прапанавала гітлераўцам капітуляваць. Ультыматум быў адхілены, а сав. парламенцёры забіты. Каб вызваліць акружаныя дывізіі і аднавіць абарону на Дунаі, ням.-фаш. камандаванне ў студз. спрабавала арганізаваць контрнаступленне (гл.Балатонская абарончая аперацыя 1945). На асобных участках фронту праціўнік пранік у абарону сав. войск і выйшаў да Дуная. Сав. войскі, адбіўшы жорсткія атакі ворага, 27 студз. перайшлі ў наступленне, 13 лют. вызвалілі Будапешт і ліквідавалі акружаную групоўку. У Будапешцкай аперацыі разам з сав. войскамі ўдзельнічалі балг., рум. баявыя злучэнні і венг. добраахвотны Будайскі полк. У ходзе аперацый сав. войскі знішчылі больш за 20 дывізій праціўніка, стварылі ўмовы для наступлення на Вену і Паўд. Германію. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 320 тыс.чал. (з іх забітымі 79 946 чал.). 79 злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў Будапешцкай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Будапешцкіх».