ВУЛЬГАРЫ́ЗМ (ад лац. vulgaris просты, звычайны),
слова, што мае адценне грубаватасці і знаходзіцца па-за межамі літаратурнай лексікі. Вульгарызмы звычайна маюць адмоўнае значэнне, стылістычна зніжаныя, надзвычай экспрэсіўныя і сэнсава ёмістыя (напр., «абармот», «смаркач», «паскудны», «жэрці», «здохнуць»). Выкарыстоўваюцца ў маст. л-ры як сродак моўнай характарыстыкі персанажаў, для надання паведамленню гумарыст. або іранічнай афарбоўкі. Карыстацца вульгарызмамі трэба ўмела, бо захапленне імі засмечвае мову.
Л.І.Бурак.
т. 4, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТАМО́ЎЕ,
1) вусна-размоўныя словы, выразы, іх варыянты і формы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове як стылістычны сродак зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадметаў, вобразаў, з’яў. Напр., «абармот», «выскаляцца», «перціся на ражон», «раней яна прыгажэй была» і інш. 2) Разнавіднасць нацыянальнай мовы, якой уласцівы вусна-размоўныя словы, выразы, формы і якой карыстаюцца як сродкам непасрэдных вусных моўных зносін.
Для П. характэрны: неафіцыйнасць моўных зносін, экспромтнасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання тэмы размовы і адбору адпаведных моўных сродкаў, першаснасць вуснай формы рэалізацыі мовы. П. ў якасці стыліст. сродкаў жартаўлівага, гумарыст., іранічнага, сатыр. адлюстравання рэчаіснасці ўваходзіць у склад літ. мовы, можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах усімі яе носьбітамі і ўтварае разрад літ. П. (напр., «абібок», «канючыць»). Словы і выразы, што адрозніваюцца ад літ. адпаведнікаў націскам, асобнымі гукамі, форма- і словаўтваральнымі сродкамі, як ненарматыўны моўны элемент служаць сродкам стварэння эфекту зніжанасці маўлення, стылізацыі і ўтвараюць разрад пазаліт. П. (напр., «магазін», «іграць на піяніне»).
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.
В.П.Красней.
т. 13, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)