АБАЗІ́НСКАЯ МО́ВА,

адна з іберыйска-каўказскіх моў (абхаза-адыгейская група). Пашырана пераважна ў Карачаева-Чэркесіі, а таксама ў Адыгеі. Мае 2 дыялекты: тапанцкі (аснова літ. мовы) і ашхарскі, блізкі да абхазскай мовы. Ад абхазскай мовы адрозніваецца фанетыкай, наяўнасцю ўказальных займеннікаў, парадкавых і кратных лічэбнікаў, выкарыстаннем паслялогаў, формамі часу і ладу ў дзеясловах і інш. Для абазінскай мовы характэрны шматлікія запазычанні з кабардзіна-чэркескай мовы. Пісьменства створана ў 1932—33 на лац. аснове, з 1938 пераведзена на рус. графіку.

Літ.:

Сердюченко Г.П. Язык абазин. М., 1955.

т. 1, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІБЕРЫ́ЙСКА-КАЎКА́ЗСКІЯ МО́ВЫ, каўказскія мовы,

умоўная назва сукупнасці каля 40 аўтахтонных (карэнных) моў Каўказа. Пашыраны пераважна на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, Турцыі і Іране. Пытанне іх роднасці з інш. мовамі свету канчаткова не высветлена. І.-к.м. падзяляюць на 3 групы: абхазска-адыгскія, картвельскія і нахска-дагестанскія мовы (паводле інш. класіфікацыі нахска-дагестанскую групу падзяляюць на 2 — нахскую і дагестанскую). Найб. пашырана грузінская мова, што мае стараж. пісьменства. Пасля 1917 літаратурнымі сталі абазінская, абхазская, аварская, адыгейская, даргінская, інгушская, кабардзінская, лакская, лезгінская, табасаранская і чэчэнская. Алфавіты на арабскай і лац. графіцы, у 1936—39 пераведзены на рускую. Астатнія 25 моў бяспісьменныя (занская, сванская, бацбійская, убыхская і шэраг дагестанскіх моў).

Асаблівасць фанетыкі І.-к.м. — багатая сістэма зычных (напр., ва убыхскай мове 82 зычныя). Марфалогія І.-к.м. аглюцінатыўная (з элементамі фузіі ў нахска-дагестанскіх і з’явамі полісінтэтызму ў абхаза-адыгскіх мовах); прэфіксальны лад — агульнакаўк. рыса словазмянення і словаўтварэння. Іменныя класы раней уласцівы ўсім І.-к.м. Асаблівасць сінтаксісу — наяўнасць эргатыўнай канструкцыі сказа. Лексіка ўключае шмат агульных запазычанняў з араб., іранскай, цюркскіх і інш. моў.

Літ.:

Климов Г.А., Алексеев М.Е. Типология кавказских языков. М., 1980;

Климов Г.А. Введение в кавказское языкознание. М., 1986.

А.Я.Супрун.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)