НУ́КЛЕУС (лац. nucleus ядро),

каменны, найчасцей крамянёвы абабіты жаўлак, ад якога ў каменным веку адбівалі або адціскалі пласціны ці адшчэпы для вырабу прылад працы. У сярэднім палеаліце былі пашыраны дыскападобныя адна- і двухбаковыя Н., якія аббівалі па акружнасці, у познім плеаліце — прызматычныя Н., у канцы палеаліту, у мезаліце і неаліце — пірамідальныя, клінападобныя і аморфныя Н. Часам сам Н. выкарыстоўвалі як ударную прыладу працы.

В.​Я.​Кудрашоў.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЙДАНАЎСКІЯ СЯДЗІ́БЫ,

тры сядзібныя комплексы, якія існавалі ў 17—19 ст. у мястэчку Койданава (цяпер г. Дзяржынск Мінскай вобл.).

Комплекс 1-й пал. 17 ст. ўключаў палац, 3 жылыя будынкі і гасп. пабудовы. Цэнтрам яго кампазіцыі быў 3-павярховы драўляны крыжовы ў плане палац з элементамі стылю рэнесансу, завершаны 4 латуннымі пазалочанымі купаламі. У памяшканнях былі дубовыя разныя і размаляваныя дзверы, грубкі і каміны, абліцаваныя белай і каляровай кафляй, сцены абабіты ўзорыстымі апонамі, каберцамі, чырвоным сукном. У сталовай вісела вял. латунная люстра ў выглядзе галавы аленя. Жылы будынак (з рысамі стылю рэнесансу) — 2-павярховы, прамавугольны ў плане, накрыты гонтавым дахам, ашаляваны дошкамі; 2 іншыя вырашаны ў традыцыях нар. дойлідства. У буд-ве ўдзельнічалі нар. дойліды Ж.​Матусовіч, Я.​Пялецкі. Комплекс знішчаны ў вайну 1654—67.

У 2-й пал. 17 ст. пабудавана новая сядзіба. Злева і справа ад уязной брамы размяшчаліся гал. жылы будынак з алькежамі і гасп. пабудовы. У 1680-я г. пастаўлены новы драўляны жылы дом. Комплекс быў абнесены астрогам. Не захаваўся.

Цэнтрам кампазіцыі сядзібы, створанай у 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., быў 1-павярховы прамавугольны ў плане драўляны палац (уключаў 13 жылых і гасп. пакояў і капліцу) з мезанінам. Гал. яго фасад быў вылучаны 4-слуповым ганкам. Палац з 2 бакоў фланкіравалі флігелі, за ім размяшчаліся мураваная скарбніца са склепам, гасп. пабудовы. Двор абкружаў італьян. сад з ліпавымі шпалерамі. Комплекс не захаваўся.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)