АРЛО́ЎСКІ (Восіп Данілавіч) (?, Віцебшчына — 1926),

бел. пісьменнік. Выдаў зб. вершаваных апавяданняў і вершаваных драм. абразкоў «Беларускія народныя апавяданні» (Полацк, 1908). Сюжэты іх заснаваны пераважна на мясц. паданнях, былічках, незвычайных гісторыях, розных здарэннях. Асуджаў бытавыя і маральныя заганы ў жыцці сялян, сац. несправядлівасць, грамадскія пераўтварэнні і тэхн. прагрэс, ідэалізаваў прыгонныя парадкі, веру ў бога і цара.

Літ.:

Вашко П. Загады Восіпа Арлоўскага // Першацвет. 1995. № 10.

т. 1, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІЗАРО́ЎСКІ (Аарон) (Адам, Аляксандр, 1618, Віцебшчына — 1659),

правазнавец, палітолаг, сацыёлаг. Вучыўся ў навуч. установах Беларусі, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Італіі. Д-р права (1645), праф. Віленскай акадэміі. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў свецкага кірунку ў сацыялагічнай і палітыка-прававой думцы Беларусі 17 ст. У працы «Аб палітычнай супольнасці людзей» (Гданьск, 1651) насуперак сярэдневяковым традыцыям, тэалагічным тэорыям пра дзяржаву і права разглядаў з’явы грамадскага жыцця з пункту гледжання прыроды чалавека і патрабаванняў чалавечага розуму, крытыкаваў паднявольную працу і прыгнёт сялян, заклікаў да грамадскакарыснай працы.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХНЯВО́ЛЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён ранняга неаліту, якія ў сярэдзіне 5-га — апошняй чвэрці 4-га тыс. да н.э. жылі ў Волга-Окскім міжрэччы. Назва ад месца адкрыцця культуры ў вярхоўях р. Волга. Насельніцтва жыло на стаянках па берагах рэк і азёр у буданападобных жытлах, займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Вырабляла гаршкі з вострым і закругленым, кубкі — з пляскатым донцам. Знойдзены гліняныя дыскі, на адным з якіх выява галавы аленя. Шэрагам рысаў кераміка Верхняволжскай культуры блізкая да найб. ранняга посуду бабінавіцкага тыпу помнікаў (Віцебшчына), помнікаў у вярхоўях Друці і на З Смаленшчыны. Магчыма, была асновай узнікнення льялаўскай культуры.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛЕЦ ((Bohomolec) Францішак) (29.1.1720, Віцебшчына — 24.4.1784),

польскі драматург, публіцыст. Па паходжанні лічыў сябе «русаком». Вучыўся ў Віленскай акадэміі. У 1760—70-я г. рэдагаваў у Варшаве шэраг перыяд. выданняў, дзе змяшчаў матэрыялы з Беларусі. Аўтар больш як 20 камедый для школьнага тэатра («Хітры гаспадар», «Модныя кавалеры», «Польскі парыжанін» і інш.), у якіх з пазіцый памяркоўнага Асветніцтва крытыкаваў норавы Рэчы Паспалітай, заганы сталічнай і правінцыяльнай шляхты. У камедыях шмат беларусізмаў. Збіраў бел. прыказкі і прымаўкі, якімі хацеў папоўніць зборнік С.Рысінскага. Сваімі пераробкамі Мальера аказаў уплыў на бел. і польск. драматурга М.​Цяцерскага.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЎРЫС (Іван Трафімавіч) (1890, в. Кухчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 4.11.1937),

бел. жывапісец, графік, педагог. Скончыў у Віцебску настаўніцкі ін-т, маст.-практычны ін-т (1922, у 1922—23 яго рэктар). Зазнаў уплыў К.Малевіча. У 1920—30-я г. выкладаў маляванне ў навуч. установах Віцебска. Уваходзіў у групу УНОВІС. Удзельнік выставак УНОВІС (Масква, 1921) і ўсебеларускіх (1925, 1927, 1930, 1936, 1937). Сярод работ: «Партрэт дачкі», «Затока», «Маёўка ў 1905» і інш. Аўтар успамінаў пра Віцебскую мастацкую школу ў першыя гады сав. улады. У 1937 беспадстаўна рэпрэсіраваны і расстраляны. У 1962 рэабілітаваны.

Тв.:

Вобразнае мастацтва ў г. Віцебску // Віцебшчына. Віцебск, 1928. Т. 2.

А.​Г.​Лісаў.

т. 5, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦІ,

плецены абутак з лыка або вяровак у слав., балцкіх і некаторых інш. народаў. Да пач. 20 ст. асн. від абутку бел. сялян. Паводле спосабу пляцення былі прамыя і косыя. Беларусы рабілі Л. пераважна з падэшваю прамога пляцення, якую для трываласці падпляталі лазою, лыкам, вяровачкамі або падшывалі скураю. Найпрасцейшыя з іх (Віцебшчына і Магілёўшчына) — «шчарбакі» ці «шчарбачні». Найб. пашыраныя на Беларусі былі коверзні. На Палессі і ў некат. раёнах цэнтр. Беларусі насілі Л. з адкрытым верхам наска — «зрачыя». Л. косага пляцення — «пахлапні», «пахрасні» бытавалі ва ўсх. раёнах Беларусі як святочны абутак. На Беларусі выраблялі таксама скураныя і вяровачныя Л.

В.​М.​Бялявіна.

Лапці: 1 — «шчарбакі»; 2 — «зрачыя»; 3 — «пахлапні»; 4 — «коверзні».

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГА́Я УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КРАЯЗНА́ЎЧАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ (Адбылася 7—12.1.1929 у Мінску. Прысутнічалі 72 дэлегаты ад 300 краязн. арг-цый) (аб’ядноўвалі больш за 10 тыс. чл.),

прадстаўнікі краязн. т-ваў РСФСР і УССР. З дакладамі выступілі У.​Ігнатоўскі, В.​Ластоўскі, Я.​Лёсік, А.​Ляўданскі, М.​Каспяровіч, І.​Сербаў і інш. Вырашыла арганізац. пытанні: кіраўніцтва краязнаўствам Акадэміяй навук, падрыхтоўка краязнаўцаў сярэднімі і вышэйшымі навуч. ўстановамі, справаздача Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК) і акр. т-ваў, змены ў статуце і выбары ЦБК, зацвярджэнне новых чл.-кар. ЦБК. У справаздачы адзначана пашырэнне краязнаўчага руху ў Беларусі — адкрыты 22 краязн. музеі, выдадзены чарговыя зб-кі краязн. прац «Аршаншчына», «Віцебшчына», апісанні Асіповіцкага і Горацкага р-наў, у друку знаходзіліся слоўнікі Віцебшчыны, Мазыршчыны, Чэрвеньшчыны, падрыхтаваны да выдання апісанні шэрагу нас. пунктаў. Праца канферэнцыі праходзіла ва ўмовах узмацнення таталітарнага рэжыму: абмежаваныя тэмы краязн. даследаванняў, узмоцненае вывучэнне рэв. руху, новых рыс у побыце працоўных мас.

В.​С.​Вяргей.

т. 6, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬКО́ЎСКІ (Ігнат Антонавіч) (каля 1765, Віцебшчына — 11.1.1832),

бел. публіцыст. З 1783 на дзярж. службе — саветнік Бел. губернскага праўлення, віцебскі губернскі пракурор, віцэ-губернатар. З 1817 у адстаўцы, жыў у сваім маёнтку Мілае каля Віцебска Супрацоўнічаў у рус. часопісах. У «Пісьме з Віцебска» («Сын Отечества», 1813) асуджаў агрэсію Напалеона, услаўляў гіст. подзвіг народаў Расіі ў вайне 1812. У 1831 узнаг. залатым медалём Вольнага эканам. т-ва ў Пецярбургу за конкурсны твор «Адказ на задачу, прапанаваную імператарскім Вольным эканамічным таварыствам: «Якім чынам лёгка і танна выправіць сялянскія пабудовы або зрабіць у іх карысныя ўдасканаленні?» (выд. 1833), у якім патрабаваў паляпшэння быт. умоў сялян, выказваў каштоўныя думкі па пытаннях сельскай гаспадаркі, аховы прыроды. Публіцыстыка М. вылучаецца эмацыянальнасцю, спавядальнасцю, шырынёй кругагляду. Мяркуюць, што пісаў і па-беларуску, некат. даследчыкі лічаць яго аўтарам «Энеіды навыварат».

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ША,

1) у беларусаў вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля, а часам і перад першай шлюбнай ноччу. Маладых, накрытых ручніком ці наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ і садзіла за стол, потым тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў «біла» маладых пугай і выганяла з-за стала, яны аббягалі вакол яго і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. За стол садзіліся госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апярэзвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). Рытуал кідання К. на печ ці парог — рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне страцілася. К. таксама абрадавая страва на радзінах (гл. Бабіна каша). 2) Традыцыйная страва амаль усіх народаў свету.

Л.​А.​Малаш.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ХАРАЎ (Уладзімір Іванавіч) (н. 18.11.1916, в. Задзетуні Віцебскага р-на),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працуе ў жанрах партрэта, тэматычнай карціны. Творы вызначаюцца манументальнасцю вобразаў, абагульненасцю пластычнай трактоўкі форм, графічнасцю, дэкаратыўнасцю колеру. Стварыў галерэю партрэтаў знакамітых людзей Віцебшчыны: Герояў Сав. Саюза К.​С.​Заслонава (1946), Е.​С.​Зяньковай (1958), М.​Ф.​Сільніцкага (1964), В.​З.​Харужай (1965), З.​М.​Партновай (1969), М.​П.​Шмырова (1972), А.​К.​Гараўца (1975), І.​П.​Собалева (1977), А.​Ф.​Данукалава (1982), нар. артыста СССР Ф.​Шмакава (1965), нар. артыстаў Беларусі М.​Бялінскай (1952) і Г.​Маркінай (1965), партызан, вучоных, перадавікоў вытв-сці, спартсменаў і інш. У тэматычных карцінах увасобіў сімвалічныя вобразы Вял. Айч. вайны: «У засценках гестапа» (1945), «Віцебшчына. Год 1941» (1974), «Маці (Хатынь)» (1978). Шэраг твораў прысвяціў рэвалюцыі 1917. Тэма стараж. гісторыі ў карцінах «Францыск Скарына» (1989), «Княгіня Вольга» (1991).

М.​Л.​Цыбульскі.

У.Кухараў. Бацька Мінай (Герой Савецкага Саюза М.​П.​Шмыроў). 1972.

т. 9, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)