ФУНКЦЫЯНА́Л у матэматыцы,

адлюстраванне адвольнага мноства на мноства сапраўдных ці камплексных лікаў; абагульненне паняцця функцыі. Калі зададзенае мноства мае структуру вектарнай прасторы, тапалагічнай вектарнай прасторы ці ўпарадкаванага мноства, то адпаведна ўзнікаюць класы лінейных, неперарыўных або манатонных Ф. Паняцце «Ф.» узнікла ў варыяцыйным злічэнні як велічыня, залежная ад адной ці некалькіх функцый, напр., плошча, абмежаваная замкнутай лініяй зададзенай даўжыні, работа сілавога поля ўздоўж зададзенай траекторыі руху. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 16, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУРА́НАВЫЯ СМО́ЛЫ,

сінтэтычныя смолы, малекулы якіх змяшчаюць фуранавыя цыклы. Найб. значэнне маюць Ф.с., што атрымліваюць з фурфуролу, фурфурылавага спірту ці іх сумесі.

Вадкія ці цвёрдыя рэчывы ад цёмна-карычневага да чорнага колеру, шчыльн. 1100—1200 кг/м³. Раствараюцца ў ацэтоне. Ацвярджаюцца пры награванні (150—170 °C) ці ў прысутнасці каталізатараў з утварэннем цепла-, кіслота- і шчолачаўстойлівых матэрыялаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці палімербетонаў, замазак, шклапластыкаў, кляёў, лакаў і інш. Таксічныя.

т. 16, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛАДЗІ́ЛЬНАЯ ЎСТАНО́ЎКА,

комплекс абсталявання для атрымання падтрымання ў ахалоджвальных памяшканнях, целах або рэчывах т-р, ніжэйшых за т-ру навакольнага асяроддзя. Складаецца з адной або некалькіх халадзільных машын, сістэм энерга-, цепла- і водазабеспячэння, прылад кіравання і кантролю.

Холад ад Х.у. да спажыўца падаецца звадкаваным або сціснутым холадагентам (непасрэднае ахаладжэнне) ці ахалоджаным цепланосьбітам (ахаладжэнне холаданосьбітам). Звычайна размяшчаюцца ў будынку, дзе і спажыўцы холаду, часам у асобным — халадзільнай станцыі.

С.​Я.​Дзям’янаў.

т. 16, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛАСЕ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Халасцінскае возера. У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, за 28 км на ПдУ ад г. Паставы. Пл. 0,26 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 400 м, даўж. берагавой лініі 2,25 км. Пл. вадазбору 13,5 км². Схілы катлавіны амаль не выражаны, месцамі выш. да 2 м. Берагі нізкія, на У забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Упадае некалькі меліярац. каналаў, выцякае ручай у р. Галбіца.

т. 16, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЛЬМАХЕ́РА (Halmahera), Джайлола,

востраў у Інданезіі, самы вялікі ў складзе Малукскіх астравоў. Пл. каля 18 тыс. км². Мае складаную канфігурацыю (4 паўастравы веерападобна разыходзяцца ад цэнтра). Паверхня гарыстая, выш. да 1635 м (дзеючы вулкан Гамкунора). Клімат экватарыяльны. Т-ра на ўзбярэжжы 25—28 °C. Ападкаў 2—3 тыс. мм за год. Вечназялёныя трапічныя лясы. Трапічнае земляробства, плантацыі какосавай пальмы. Вываз каштоўнай драўніны, вострых прыпраў (гваздзіка, карыца і інш.). Порт — Джайлола.

т. 16, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРАЛО́ГІЯ (ад грэч. chōros месца, прастора + ...логія),

арэалогія, раздзел біягеаграфіі, які вывучае заканамернасці размяшчэння арганізмаў і іх згуртаванняў у прасторы. Падзяляецца на фітахаралогію (Х. раслін) і зоахаралогію (Х. жывёл). Аб’екты вывучэння: вобласці пашырэння (арэалы) асобных відаў і інш. сістэм. груп (таксонаў) раслін і жывёл, іх геагр. размеркаванне і міграцыя, сучасны стан. заканамернасці развіцця і фарміравання натуральных і антрапагенных змен арэалаў і інш. Звязана з сістэматыкай, палеагеаграфіяй і філагеніяй.

т. 16, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХОМС,

горад на З Сірыі, у даліне р. Эль-Асі. Адм. ц. мухафазы Хомс. 481 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Нафтаправоды з Ірака і радовішчаў Сірыі да партоў Баніяс і Тартус; прадуктаправоды на Дамаск, Халеб, Латакію. Прам-сць; нафтаперапрацоўчая, хім., цэментавая, цукр., тэкст.; пракат металаў. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (садавіна, збожжа, жывёла). Рэшткі сярэдневяковых сцен, цытадэль, мячэць Нур-ад-дзіна (12 ст.) і інш.; рымскі царскі некропаль.

т. 17, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЦЕМЛЯ,

возера ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Дняпро, каля в. Чорнае, за 10 км на Пн ад г. Рэчыца. Пл. 0,4 км², даўж. 4,55 км, найб. шыр. 120 м, даўж. берагавой лініі 9,3 км. Катлавіна тыпу старыцы, вузкая, стужкападобнай формы, выцягнутая з Пд на ПнЗ. Схілы катлавіны выш. да 17 м (усходнія да 2 м), пад хмызняком. Берагі на У нізкія, на З зліваюцца са схіламі.

т. 17, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАКА́СПІЙ, Цэнтральны камітэт Каспійскай ваеннай флатыліі,

вышэйшы выбарны орган рэв. арганізацый маракоў Каспійскай ваен. флатыліі ў 1917—18. Створаны ў 1-й пал. 1917 у Баку. З сак. 1918 узначальваў А.​Р.​Кузьмінскі. З падзеннем сав. улады ў Баку (гл. Бакінская камуна) Ц. фактычна спыніў існаванне, але меншавікі, эсэры і азерб. дзеячы ад яго імя стварылі 1.8.1918 антыбальшавіцкі ўрад, т.зв. Дыктатуру Ц. (існаваў да заняцця Баку ў вер. 1918 тур. войскамі).

т. 17, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАЛЬНАЯКУ́ЦКАЯ НІЗІ́НА, Цэнтральнаякуцкая раўніна,

Вілюйская нізіна. Ва Усх. Сібіры, у міжрэччы р. Лена і Вілюй, у Якуціі. Выш. ад 60 да 400 м. Плоская, моцна забалочаная раўніна, расчлянёная сеткай рачных далін. Радовішчы кам. вугалю, жал. і поліметал. руд, газу, золата, алмазаў, слюды. Паўсюдна пашырана шматгадовая мерзлата.

Тэрмакарставы азёры, аласы, булгуняхі. Клімат рэзка кантынентальны, суровы. Б.ч. нізіны ўкрыта пераважна лістоўнічнымі і лістоўнічна-хваёвымі лясамі з участкамі бярозавых лясоў і лугавых стэпаў.

т. 17, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)