ФО́РМУЛЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

формулы для абазначэння саставу і структуры малекул з дапамогай знакаў хімічных (хім. сімвалаў) і лічбавых індэксаў. Колькасць атамаў у малекуле пішуць у падрадковым індэксе справа ад сімвала элемента (адзінку апускаюць), напр., H2O.

Вылучаюць Ф.х. эмпірычныя (паказваюць прасцейшыя колькасныя суадносіны паміж элементамі), малекулярныя (колькасць атамаў, якія ўваходзяць у малекулу гэтага злучэння), рацыянальныя (пры абазначэнні вылучаюць функцыян. групы) і структурныя (характарызуюць размяшчэнне атамаў, парадак сувязі і валентнасць кожнага атама ў малекуле). Напр., для воцатнай к-ты эмпірычная Ф.х. CH2O, малекулярная — C2H4O2, рацыянальная — CH3COOH, структурная — .

З дапамогай Ф.х. кадзіруюць хім. злучэнні, складаюць даведнікі і інш. Гл. таксама Наменклатура хімічная.

т. 16, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТАРЫ́ДЫ,

хімічныя злучэнні фтору з іншымі элементамі. Вядомыя для ўсіх элементаў, акрамя гелію і неону. Адрозніваюць простыя Ф. (солі фторыставадароднай кіслаты, галагенфтарыды, кавалентныя Ф. металаў і неметалаў), оксіфтарыды, гідрафтарыды, комплексныя Ф. і інш.

Ф. большасці металаў — цвёрдыя рэчывы з высокімі т-рамі плаўлення (напр., фтарыд натрыю NaF tпл 996 °C). Ф. неметалаў — вадкасці ці газы, моцныя акісляльнікі. Большасць гідралізуецца вадой, усе здольныя да пірагідролізу. Ф. сустракаюцца ў прыродзе (напр., флюарыт, крыяліт, селаіт). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, узаемадзеяннем фторыставадароднай к-ты з металамі і інш. Выкарыстоўваюць для атрымання фтору, урану, алюмінію, як флаціруючыя агенты, дыэлектрыкі і інш.

т. 16, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТОРЫСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛАТА́,

плавікавая кіслата, раствор фторыстага вадароду ў вадзе, HF.

Бясколерная вадкасць, шчыльн. 1149 кг/м³ (пры 15 °C). Азеатропная сумесь мае 38,2% HF. tкіп 114,5 °C. Слабая к-та, утварае солі — фтарыды, рэагуе са шматлікімі рэчывамі, у т. л. з аксідамі крэмнію (SiO2), малібдэну (MoO3), танталу (Ta2O5), вальфраму (WO3), ніобію (Nb2O5) і сілікатамі. Атрымліваюць растварэннем фторыстага вадароду ў вадзе, воднай адсорбцыяй газападобных прадуктаў сернакіслага раскладання флюарыту, пірагідролізам флюарытавых руд і фторзмяшчальных адходаў. Выкарыстоўваюцца ў сінтэзе фтарыдаў, як кампанент раствораў для траўлення шкла, кварцаў, матэрыялаў мікраэлектронікі, металаў і інш. Раздражняе слізістыя абалонкі, выклікае апёкі скуры.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФТО́РЫСТЫ ВАДАРО́Д, фторавадарод,

злучэнне фтору з вадародам (HF).

Бясколерны газ ці вадкасць з рэзкім пахам, tпл -83, 36 °C, tкіп 19,52 °C, шчыльн. вадкага 980 кг/м³. Малекулы звычайна асацыіраваныя. Водны раствор — фторыставадародная кіслата. Рэагуе з металамі з утварэннем фтарыдаў, з аксідамі — оксіфтарыдаў ці фтарыдаў, замяшчае галагены ў галагенідах металаў. Добры растваральнік неарган. і арган. злучэнняў. Атрымліваюць узаемадзеяннем флюарыту (CaF2) з канцэнтраванай сернай к-той. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе, у вытв-сці хладонаў, фтарапластаў і інш. Таксічны, раздражняе дыхальныя шляхі, на скуры выклікае язвы і апёкі. ГДК у паветры 0,005 мг/м³, у вадзе 0,05 мг/л.

т. 16, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДЖА́ЕЎ Алім (7.10.1910, г. Бухара, Узбекістан — 14.2.1977),

узбекскі акцёр. Нар. арт. СССР (1959). Вучыўся ў Бухарскім ін-це асветы, скончыў рэжысёрскія курсы ў Маскве (1951). З 1929 ва узб. Т-ры імя Хамзы. Мастацтва вылучалася лірызмам і інтэлектуальнасцю. Сярод роляў: Алішэр Наваі («Алішэр Наваі» Уйгуна і І.​Султанава), Хамза («Хамза» К.​Яшэна і А.​Умары), Юлдаш Камілаў («Людзі з верай» Султанава), Гамлет, Яга («Гамлет», «Атэла» У.​Шэкспіра), Карл Моар («Разбойнікі» Ф.​Шылера), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава). Выступаў і як рэжысёр. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1977. Дзярж. прэмія Ўзбекістана 1967.

т. 16, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАМІ́НСКІ Францішак Ксаверы (? — 9.6.1809),

бел. грамадскі дзеяч, польскі пісьменнік. З 1788 староста пінскі. ваявода мсціслаўскі, у 1793—1807 маршалак мінскі. Як прыбліжаны гетмана М.​К.​Агінскага ездзіў у Зах. Еўропу з дыпламат. даручэннямі. У 1797 арыштаваны па падазрэнні ў антыцарскай змове. Пісаў на польскай мове. Аўтар класіцыстычных вершаў, публіцыст. «Адказу» (1792). Ёсць меркаванні, што Х. напісаў за Агінскага большасць асветніцкіх паэт. твораў, апублікаваных пад псеўд. «Слонімскі грамадзянін» у зб-ках «Гістарычныя і маральныя аповесці» (1782) і «Байкі і не-байкі» (1788). Перакладаў на польскую мову Гарацыя, Ж.​Расіна, Ж.​Дэліля, П.​Карнеля.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 16, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМАШЭ́НКА Аляксандр Вікенцьевіч (н. 5.12.1958, в. Побалава Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-р біял. н. (1998). Скончыў БДУ (1980), дзе і працаваў. З 1999 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі. З 2001 у Канадзе. Навук. працы па вывучэнні біял. ролі монааксіду азоту, лекцінаў расл. і жывёльнага паходжання, працэсаў трансмембраннай перадачы сігналаў у нармальных і пухлінных клетках, малекулярных механізмаў міжклетачных узаемадзеянняў. Дзярж. прэмія Беларусі 2000.

Тв.:

Применение эндогенных лектинов в клинической диагностике // Мед. новости. 1997. № 4;

Биофизика живых систем: от молекулы к организму. Мн., 2002 (у сааўт.).

А.​Б.​Самаль.

т. 17, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ПЕК (Čapek) Іосеф (23.3.1887, г. Гронаў, Чэхія — красавік 1945),

чэшскі жывапісец, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе, у Парыжы. Друкаваўся з 1907 разам з братам К.Чапекам. У 1910—20-я г. супрацоўнічаў з газетамі і часопісамі. У выяўл. мастацтве звяртаўся да прыёмаў кубізму, фавізму і прымітывізму. Аўтар жывапісных работ («Чалавек з мяшком», 1926; цыклы «Агонь», «Мара», абодва 1938—39), ілюстрацый да твораў чэш. пісьменнікаў, у т. л. да раманаў К.​Чапека «Фабрыка Абсалюту» (1922), «Кракаціт» (1924) і ўласных твораў («Аповесць пра сабачку і кошачку», 1929), антыфаш. карыкатур і інш. Загінуў у канцлагеры.

т. 17, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАХО́ЎСКІ Міхаіл Іосіфавіч (1763 — пасля 1825 ?),

бел. архітэктар; прадстаўнік класіцызму. З 1804 працаваў у Мінску, у 1817—25 Мінскі губ. архітэктар. Аўтар праектаў урадавай установы, павятовага і ніжняга земскага судоў у г. Чэрвень (1803—06), устаноў гар. праўлення ў гарадах Мазыр (1804), Вілейка, Бабруйск, Слуцк, Пінск (усе 1806), Барысаў (1817), дома гараднічага ў Пінску (1806), моста цераз р. Свіслач у Мінску (1812), дваранскага дома ў Бабруйску (1814) і інш. Сярод інш. работ: буд-ва духоўнай семінарыі (з А.​Мельнікавым) і дома К.​Шэмета па вул. Францысканскай (1803), праект частковай рэканструкцыі Мінскай Петрапаўлаўскай царквы (1824) у Мінску.

В.​Ф.​Марозаў.

т. 17, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМУ́КАЎ Габдула Рухулавіч (24.12.1909, Уфа, Башкортастан — 1981),

татарскі акцёр. Нар. арт. Татарстана (1950). Нар. арт. Расіі (1957). Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Казанскі пед. ін-т. З 1930 у Башк. т-ры імя М.​Гафуры ва Уфе, з 1946 у Тат. т-ры імя Г.​Камала ў Казані. Сярод роляў: Тукай («Тукай» А.​Файзі), Галімулін, Ахун, Балтаеў («Муланур Вахітаў», «Хаджа Насрэтдзін», «Зіфа» Н.​Ісанбета), Дармідонт, Цяляцеў («Позняе каханне», «Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.​Гальдоні). Пераклаў на тат. мову «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, трагедыі У.​Шэкспіра, Ф.​Шылера, Эсхіла, А.​Пушкіна.

т. 17, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)