ФТАРЫ́ДЫ,

хімічныя злучэнні фтору з іншымі элементамі. Вядомыя для ўсіх элементаў, акрамя гелію і неону. Адрозніваюць простыя Ф. (солі фторыставадароднай кіслаты, галагенфтарыды, кавалентныя Ф. металаў і неметалаў), оксіфтарыды, гідрафтарыды, комплексныя Ф. і інш.

Ф. большасці металаў — цвёрдыя рэчывы з высокімі т-рамі плаўлення (напр., фтарыд натрыю NaF tпл 996 °C). Ф. неметалаў — вадкасці ці газы, моцныя акісляльнікі. Большасць гідралізуецца вадой, усе здольныя да пірагідролізу. Ф. сустракаюцца ў прыродзе (напр., флюарыт, крыяліт, селаіт). Атрымліваюць непасрэдным злучэннем элементаў, узаемадзеяннем фторыставадароднай к-ты з металамі і інш. Выкарыстоўваюць для атрымання фтору, урану, алюмінію, як флаціруючыя агенты, дыэлектрыкі і інш.

т. 16, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)