УО́ЛЕС (Wallace) Уільям (каля 1270—23.8.1305),

герой барацьбы шатландскага народа за незалежнасць ад Англіі. У вер. 1297 на чале шатл. паўстанцкай арміі разграміў у бітве пры Сцёрлінгу англ. войскі і некалькі месяцаў фактычна кіраваў Шатландыяй. У 1298 разбіты англічанамі, але працягваў супраціўленне; у 1305 схоплены і пакараны смерцю ў Лондане. Яго паплечнік Роберт Брус узняў новае паўстанне (1306) і да 1328 вызваліў Шатландыю. У. — герой шатл. нар. песень і балад.

т. 16, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСФАРАСЦЭ́НЦЫЯ,

доўгачасовая люмінесцэнцыя, працягласць якой ад некалькіх мікрасекунд да некалькіх сутак пасля спынення ўзбуджэння.

У крышталефасфораў (неарган. крышталічных люмінафораў) узнікае пры рэкамбінацыі электронаў і дзірак, раздзеленых у часе ўзбуджэння. Павелічэнне часу паслясвячэння звязана з захопам электронаў і дзірак рознымі «пасткамі», на вызваленне з якіх патрабуецца дадатковая энергія (напр., пры павышэнні т-ры змяншаецца час затухання Ф.). У складаных арган. малекул Ф. звязана са знаходжаннем іх у метастабільным стане.

т. 16, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕНАКІ́Т (ад грэч. phenax падманшчык),

мінерал падкласа астраўных сілікатаў, ортасілікат берылію, Be2[SiO4]. Мае аксіду берылію 44%, прымесі алюмінію, жалеза, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае сачавіцападобныя, каротка- і доўгапрызматычныя, ігольчатыя (у сфералітах) крышталі. Колер белы, ружовы, вінна-жоўты або бясколерны. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,95—3 г/см³. Люмінесцыруе. Трапляецца ў пегматытах, грэйзенах, гідратэрмальных жылах і метасаматытах. Руда берылію. Празрыстыя крышталі — каштоўныя камяні.

Фенакіт.

т. 16, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЁН (ням. Föhn ад лац. favonius цёплы зах. вецер),

моцны парывісты і цёплы вецер, які дзьме з гор у даліны. Узнікае, калі паветра перацякае праз грэбень горнага хрыбта і адыябатычна награваецца пры спусканні па падветраным схіле. Змены т-ры і вільготнасці паветра бываюць вельмі значныя і рэзкія, што паскарае раставанне снегу і сход лавін. Працягласць Ф. звычайна каля сутак. Найб. вядомы ў Альпах, Гімалаях, на Каўказе і Паміры.

т. 16, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІБРАІ́Н (ад лац. fibra валакно),

фібрылярны бялок, які складае асн. масу (каля ​2/3) натуральнага шаўковага валакна, а таксама павуціны.

Вязкая сіропападобная вадкасць, зацвердзявае на паветры ў трывалую нерастваральную нітку. Мае ў сабе вял. колькасць гліцыну, аланіну, серыну, тыразіну. Другасная структура Ф. ўтвараецца за кошт антыпаралельнага размяшчэння пептыдных ланцугоў і падтрымліваецца міжмалекулярнымі вадароднымі сувязямі. Валакно шоўку складаецца з 2 элементарных нітак Ф., абкружаных абалонкай з інш. бялку — серыцыну.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАНГ (ням. Flanke, франц. flanc ад франкскага hlanka бок),

левы або правы край строю, бок фронту (аператыўнага пастраення войск). У параўнанні з фронтам Ф. — найб. уразлівае месца (выхад праціўніка на Ф. вядзе да пагрозы акружэння, парушае сувязь з тылам і інш.). Напр., у час правядзення Беларускай аперацыі 1944 асобае значэнне надавалася разгрому флангавых груповак ням.-фаш. войск у раёнах Віцебска, Бабруйска і інш. (гл. Бабруйскі «кацёл», Віцебскі «кацёл», Мінскі «кацёл»).

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́ЛЬГА (польск. folga ад лац. folium ліст),

тонкія (2—100 мкм) лісты, палосы ці стужкі з розных металаў і сплаваў. Атрымліваюць пракаткай, электралітычным спосабам, асаджэннем на падложку ў вакууме. Выкарыстоўваюць у харчовай (для ўпакоўкі кандытарскіх і табачных вырабаў), электратэхн. прам-сці (для эл. кандэнсатараў, тэрма- і гідраізаляцыі і інш.), электроніцы і прыладабудаванні (для мембран, кантактаў, друкаваных схем і інш.), у паліграфіі (для нанясення цісненнем надпісаў і відарысаў на кніжных пераплётах).

т. 16, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФОТАПРУ́ГКАСЦЬ,

узнікненне аптычнай анізатрапіі і звязанага з ёй падвойнага праменепераламлення ў першасна аптычна ізатропных цел пры іх дэфармацыі. Пры аднабаковым сцісканні (расцяжэнні) такое цела набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя (пры больш складанай дэфармацыі — двухвосевага крышталя), аптычная вось якога супадае з напрамкам сціскання (расцяжэння). Рознасць паказчыкаў пераламлення звычайнага і незвычайнага прамянёў залежыць ад матэрыялу ўзору і прыкладзенага мех. напружання. Выкарыстоўваецца ў тэхніцы пры вывучэнні мех. напружанняў аптычнымі метадамі (гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў).

т. 16, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫСО́ЙЛЕРЫ (англ. free-soilers ад free вольны + soil зямля; поўная назва Free-soil Party),

члены аднайм. радыкальнай партыі ў ЗША у сярэдзіне 19 ст. Аформіліся як партыя ў 1848. Выказвалі інтарэсы рабочых, рамеснікаў, радыкальных слаёў буржуазіі і інтэлігенцыі. Выступалі за бясплатную раздачу зямлі з грамадскага фонду перасяленцам і забарону продажу зямлі капіталіст. кампаніям, супраць пашырэння рабства на новыя тэр. З 1850 страцілі паліт. ўплыў, у 1854 увайшлі ў новаствораную Рэспубліканскую партыю.

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКС (Fuchs) Вівіян Эрнэст (11.2.1908, Фрэшуотэр, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 1975),

англійскі палярны даследчык і геолаг. У 1929 удзельнічаў у экспедыцыях у Грэнландыю, у 1930—31 і 1931—32 — у Афрыку. У 1947—50 узначальваў англ. экспедыцыю на Антарктычны п-аў. У 1956—58 кіраваў англа-новазеландскай антарктычнай экспедыцыяй; у ліст. 1957 — сак. 1958 узначаліў групу, якая ўпершыню перасекла па сушы Антарктыду ад м. Уэдэла праз Паўд. полюс да м. Роса.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)