ФІБРАІ́Н (ад лац. fibra валакно),

фібрылярны бялок, які складае асн. масу (каля ​2/3) натуральнага шаўковага валакна, а таксама павуціны.

Вязкая сіропападобная вадкасць, зацвердзявае на паветры ў трывалую нерастваральную нітку. Мае ў сабе вял. колькасць гліцыну, аланіну, серыну, тыразіну. Другасная структура Ф. ўтвараецца за кошт антыпаралельнага размяшчэння пептыдных ланцугоў і падтрымліваецца міжмалекулярнымі вадароднымі сувязямі. Валакно шоўку складаецца з 2 элементарных нітак Ф., абкружаных абалонкай з інш. бялку — серыцыну.

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)