ТУМАНГА́Н (кар.), Тумыньцзян (кіт.),
рака, на большай частцы цячэння пагранічная паміж КНДР і Кітаем, у нізоўях — паміж КНДР і Расіяй. Даўж. 521 км, пл. бас. 41,2 тыс. км². Вытокі на пласкагор’і Чанбайшань, цячэ ў вузкай і глыбокай даліне паміж Паўн.-Карэйскімі і Усх.-Маньчжурскімі гарамі, упадае ў Японскае м., утварае эстуарый. Веснавое разводдзе. Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная на 85 км ад вусця. На Т. — гарады Мусан, Хверон (КНДР).
т. 16, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАКА́РСТ (ад тэрма... + карст),
утварэнне прасадачных форм рэльефу і падземных пустот у пластах горных парод у выніку раставання падземнага лёду або адтайвання грунту пры павышэнні сярэднегадавой т-ры паветра. Пры Т. ўтвараюцца катлавіны з тэрмакарставымі азёрамі, аласы, западзіны, сподкі, правалы і падземныя поласці (гроты, нішы, ямы). Пашыраны ў зоне вечнай мерзлаты, зрэдку трапляецца ў раёнах з сезонным прамярзаннем глеб і грунтоў; характэрны пераважна для пераўвільготненых рэгіёнаў, дзе шмат азёр і балот.
т. 16, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ, тэрытарыяльнае мора,
марскія (азёрныя) воды, якія прылягаюць да сухапутнай тэрыторыі пэўнай дзяржавы і знаходзяцца пад яе суверэнітэтам. Шыр. ад 3 да 12 марскіх міль. Судны ўсіх дзяржаў могуць карыстацца правам мірнага праходу праз Т.в., выконваючы пры гэтым палажэнні міжнар. пагадненняў, законы і правілы прыбярэжных дзяржаў; у адносінах да ваен. караблёў многія дзяржавы прытрымліваюцца дазвольнага або паведамляльнага парадку. Рэжым Т.в. рэгулюецца Жэнеўскай Канвенцыяй аб тэр. моры і прылеглай зоне 1958.
т. 16, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЭНКУ́Р (ням. Terrainkur ад франц. terrain мясцовасць + ням. Kur лячэнне),
метад лячэння дазіраванай па адлегласці, часе, з улікам ступені нахілу маршруту хадзьбой па спец. арганізаваных маршрутах; таксама назва самой дарожкі для такой хадзьбы.
Умацоўвае і аднаўляе зніжаную функцыю мышцаў, ліквідуе вянозны застой, паляпшае абмен рэчываў. Выкарыстоўваюць у пач. стадыях сардэчна-сасудзістых захворванняў (асабліва пры аслабленні скарачальнай функцыі сардэчнай мышцы), некат. хваробах органаў дыхання, пасля траўм ніжніх канечнасцей, з мэтай аздараўлення.
т. 16, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНАГЕНЕ́З (ад грэч. technē майстэрства + ...генез),
пераўтварэнне біясферы і яе элементаў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, звязанай з прамым ці ўскосным выкарыстаннем тэхн. сродкаў. Вядзе да фарміравання тэхнасферы як пачатковай стадыі наасферы. Найб. істотна Т. праяўляецца на зямной паверхні: пераўтварэнні ў рэльефе, гідралаг. сетцы, глебавым і расл. покрыве, жывёльным свеце. Тэхнагенныя працэсы падзяляюцца на мэтанакіраваныя, прадугледжаныя чалавекам, і непрадугледжаныя ім. Асн. задача рацыянальнага прыродакарыстання — навук. абгрунтаванае зніжэнне негатыўных вынікаў Т.
т. 16, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭХНАПО́ЛІС (ад грэч. technē майстэрства + polis горад),
форма тэрытарыяльнай інтэграцыі навукі і вытв-сці; адна з форм свабодных эканамічных зон. Ствараецца для актывізацыі інавацыйных працэсаў, садзейнічання хуткаму і эфектыўнаму выкарыстанню тэхніка-тэхнал. навін. Уяўляе сабою міжгаліновы навук.-тэхнал. комплекс, што складаецца з даследчых лабараторый, інвестыцыйных, укараняльных і буйных прамысл. кампаній, пасрэдніцкіх фірм і інш., якія групуюцца вакол буйнога ун-та ці даследчага цэнтра. Прыкладам Т. з’яўляецца Акадэмгарадок Сіб. аддзялення Рас. АН.
т. 16, с. 149
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УА́ЙТ-СПІ́РЫТ (англ. white spirit),
сумесь вуглевадародаў, што выкіпаюць пры 156—200 °C; бензін-растваральнік для лакафарбавай прам-сці.
Празрыстая бясколерная вадкасць, шчыльн. 780—790 кг/м³. Вогненебяспечны, т-ра загарання каля 33 °C. Атрымліваюць прамой перагонкай нафты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці лакафарбавых матэрыялаў, у т. л. хуткавысыхальных лакаў і алейных фарбаў, плёнкаўтваральных нафтавых саставаў для аховы метал. вырабаў ад карозіі, а таксама пакостаў. Таксічны, ГДК 100 мг/м³.
т. 16, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УГО́ДДЗІ СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫЯ,
участкі зямлі, якія сістэматычна выкарыстоўваюцца для вытв-сці с.-г. прадукцыі і адрозніваюцца ад інш. участкаў прыроднымі асаблівасцямі, гасп. прызначэннем і тэхналогіяй выкарыстання. Асн. тыпы У.с. — ворныя землі, паша, сенажаці, сады, вінаграднікі і інш. На Беларусі (2000) плошча У.с. — 9,14 млн. га (45% усяго зямельнага фонду краіны), з іх ворныя землі займаюць 6,1 млн. га (66,7% У.с.), паша — 1,67 млн. га (18,3%), сенажаці — 1,26 млн. га (13,8%) і інш.
т. 16, с. 161
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМБО́Н,
канструкцыйны элемент у выглядзе выпуклага жал. круга на драўляным шчыце, які ўзмацняў канструкцыю шчыта і засцерагаў ад удараў халоднай зброі. Меў форму пляскатага паўшара або конуса розных профіляў; дыям. 10—24 см, выш. 2,8—13 см. Мацаваўся да шчыта цвікамі. У Еўропе вядомы з латэнскай эпохі. На тэр. Беларусі першыя У. выяўлены ў жал. веку. Шырока выкарыстоўваліся ў 9—13 ст., калі імі ўмацоўвалі шчыты нарманскага тыпу.
Г.М.Сагановіч.
т. 16, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНУ́ТРАНАЕ ТРЭ́ННЕ,
1) у цвёрдых целах — уласцівасць цел неабарачальна пераўтвараць ва ўнутраную энергію (цеплату) мех. энергію, нададзеную целу ў працэсах яго дэфармавання, якія суправаджаюцца парушэннем у ім раўнавагі тэрмадынамічнай. Звязана са з’явамі няпругкасці (адхілення ад уласцівасцей пругкасці пры дэфармаванні цела ва ўмовах, калі астаткавыя дэфармацыі практычна адсутнічаюць) і пластычнай дэфармацыі. Праяўляецца, напр., у затуханні свабодных выгінальных ваганняў (т.зв. тэрмапругкі эфект) 2) У вадкасцях і газах — тое, што вязкасць.
т. 16, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)