ФЯДО́ТАЎ Георгій Пятровіч (13.10.1886. г. Саратаў, Расія — 1.9.1951),
расійскі рэліг. філосаф, гісторык і публіцыст. Вучыўся ў пецярбургскіх тэхнал. ін-це і ун-це, у Іенскім ун-це (Італія). У 1914—18 прыват-дацэнт Пецярбургскага ун-та, у 1920—22 праф. і заг. кафедры Саратаўскага ун-та. У 1925 эмігрыраваў у Францыю, дзе выкладаў уРус.правасл. багаслоўскім ін-це. У 1943—51 праф. Свята-Уладзімірскай духоўнай акадэміі ў Нью-Йорку. Адзін з заснавальнікаў час. «Новый град» (Парыж, 1931—39), у якім развіваў ідэі хрысціянскага сацыялізму. У цэнтры яго філас. даследаванняў гістарыясофія, у межах якой аналізаваў праблемы сэнсу і перспектыў гісторыі, прызначэння і лёсу культуры і цывілізацыі, своеасаблівасць рус. культуры і гісторыі, рэліг.-маральныя асновы жыцця грамадства («Святыя Старажытнай Русі», 1931; «І ёсць і будзе: Разважанні аб Расіі і рэвалюцыі». 1932; «Сацыяльнае значэнне хрысціянства», 1933; зб.арт. «Новы град», 1948, і інш.). Лічыў, што жывая хрысц. свядомасць не ўспрымае ні веры ў прагрэс грахоўнай і смяротнай культуры, ні абыякавага сузірання яе распаду і гібелі. Паводле Ф., думка аб асабістай смерці і канцы гісторыі можа выклікаць настрой безнадзейнасці, а можа стаць і вытокам праверкі сумлення і паглыблення жыццёвага вопыту; таму заклікаў да сац. дысцыпліны і адказнасці кожнага за выкананне сваіх абавязкаў. Эсхаталагічныя ідэі Ф. вылучаюць і падкрэсліваюць момант папярэдняй незададзенасці і непрадбачанасці сапраўднага руху гісторыі, паколькі Бог у якасці яе тварца не пазбаўляе чалавека свабоды волі і права выбару.
Тв.:
Христианин в революции. Париж, 1957;
Лидо России: (Статьи 1918—1950). Париж, 1974;
Россия и свобода. Нью-Йорк, 1981;
Судьба и грехи России: Избр. ст. по философии рус. истории и культуры. Т. 1—2. СПб., 1991—92;
О святости. интеллигенции и большевизме: Избр. ст. СПб., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРВА́ЦКАЯ МО́ВА,
адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група). Вядома таксама пад назвамі серб(ск)ахарвацкая, харвацкасербская, што з’яўляецца адлюстраваннем асаблівасцей гіст. і сац.-паліт. развіцця паўд. славян у 19—20 ст.: прыняцце харватамі і сербамі на хвалі нац.-вызв. барацьбы 19 ст. агульных асноў літ. мовы на базе сербскіх штокаўскіх гаворак, а пазней — выкарыстанне ў дзяржаве Югаславія (1918—91) агульнай мовы харватаў, сербаў, чарнагорцаў і мусульм. часткі жыхароў Босніі і Герцагавіны (нашчадкаў этн. славян, якія ў час тур. панавання прынялі іслам). З 1991 за харвацкім і сербскім варыянтамі заканадаўча замацаваны статус сербскай мовы (у Саюзнай Рэспубліцы Югаславія, з 2003 Сербія і Чарнагорыя) і Х.м. (у Рэспубліцы Харватыя).
Мае дыялекты: наваштокаўскі, чакаўскі, кайкаўскі. Х.м. ўласцівы: у фанетыцы — адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, у сістэме кансанантызму не развіта мяккасць, цвёрдыя зычныя не змякчаюцца перад галоснымі пярэдняга раду, звонкія зычныя на канцы пераважна не аглушаюцца, націск політанічны (4 тыпы); у марфалогіі — 3 асн. тыпы скланення назоўнікаў, клічны склон у адзіночным ліку, выяўленне катэгорыі адушаўлёнасці толькі ў адзіночным ліку мужчынскага роду, скланенне запазычаных назоўнікаў і абрэвіятур, складаная сістэма спрагальных і неспрагальных форм дзеяслова; у сінтаксісе — свабодны парадак слоў у сказе, рэгламентуецца толькі месца і паслядоўнасць ужывання энклітык; у лексіцы — істотны герм. і раманскі ўплыў на раннім этапе развіцця мовы, стварэнне замест новых запазычанняў з неслав. моў новых слоў на базе элементаў сваёй мовы або запазычанне лексікі з блізкароднасных моў, пераважна з чэшскай.
Першыя пісьмовыя помнікі: глагалічны тэкст дарчага надпісу, высечаны на Башчанскай пліце (каля 1100), глагалічны рукапіс рэліг. зместу «Венскія лісткі» (12 ст.). У аснове харвацкай лацініцы (гаіцы ці гаевіцы) традыц.лац. пісьмо, адаптаванае да гукавога складу мовы ўвядзеннем дыякрытычных знакаў і стварэннем дыграфаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХМЯЛЬНІ́ЦКІ Багдан (Зіновій) Міхайлавіч (каля 1595, верагодна, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна — 6.8.1657),
гетман Украіны (з 1648), дзярж. дзеяч, палкаводзец. Паходзіў з дробнай правасл. шляхты. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калегіуме ў Львове. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў і крымскіх татар, у казацкіх паўстаннях. У рэестравым казацкім войску быў вайсковым пісарам, пасля паўстання 1637—38 чыгірынскі сотнік. У 1647 арыштаваны за падрыхтоўку новага паўстання супраць Польшчы. Пасля вызвалення ўцёк у Запарожскую Сеч, дзе выбраны гетманам запарожскага войска. У 1648 заключыў саюз з крымскім ханам супраць Польшчы і пачаў баявыя дзеянні. У маі 1648 у бітвах на Жоўтых Водах і каля Корсуня разбіў польскае войска, пасля чаго на Украіне пачалася вызв. вайна (гл.Вызваленчая вайна ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54). Напачатку быў прыхільнікам аўтаноміі Украіны ў складзе Каралеўства Польскага, што было замацавана Збораўскім дагаворам 1649. Па ініцыятыве Х. Пераяслаўская рада 1654 зацвердзіла пагадненне з рас. царом Аляксеем Міхайлавічам пра ўваходжанне Украіны ў склад Расійскага царства як аўтаномнай дзяржавы. Аднак у 1656 выявіліся супярэчнасці паміж Х. і царскім урадам, які не прытрымліваўся пагаднення аб аўтаноміі Украіны. Х. пачаў перагаворы са Швецыяй і Малдовай з мэтай замацаваць сваё становішча і забяспечыць сваім сынам пераемнасць улады на пасадзе гетмана. Падтрымліваў кантакты з кіраўніком кальвінісцкай групоўкі ў ВКЛ Б.Радзівілам, якому выдаў універсал на недатыкальнасць Слуцка і Слуцкага княства ад дзеянняў казацкіх атрадаў. У гісторыю Х. ўвайшоў як дзярж. дзеяч, які садзейнічаў адраджэнню ў сярэдзіне 17 ст. Украінскай дзяржавы. Ацэнка яго дзейнасці сярод укр. гісторыкаў неадназначная.
Літ.:
Документы Богдана Хмельницкого, 1648—1657. Киев, 1961;
Крип’якевич І.П. Богдан Хмельницький. 2 вид. Львів, 1990;
Смолій В.А., Степанков В.С. Богдан Хмельницький: Соціально-політич. портрет. Київ, 1993;
Іх жа. Богдан Хмельницький: Хроніка життя да діяльності. Київ, 1994;
Доба Богдана Хмельницького: (До 400-річчя від дня народження великого гетьмана). Київ, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛЯ́ПІН Фёдар Іванавіч (13.2.1873, Казань, Татарстан — 12.4.1938),
расійскі спявак (бас); найбуйнейшы прадстаўнік рас. вакальнай школы. Нар.арт. Рэспублікі (1918). У 1893 дэбютаваў як оперны спявак у Тыфлісе, у 1895 саліст Марыінскага т-ра ў Пецярбургу, з 1896 маскоўскай прыватнай рус. оперы С.Мамантава, з 1899 (з перапынкам) спяваў у т-рах Вял. ў Маскве, Марыінскім (у 1918 маст. кіраўнік), удзельнічаў у «Рускіх сезонах» С.Дзягілева. Вёў гастрольную дзейнасць, у т. л. ў 1896 у Мінску. З 1922 за мяжой. Ідэйна і эстэтычна фарміраваўся ў цесным кантакце з М.Горкім, К.Каровіным, С.Рахманінавым, У.Стасавым, В.Сяровым, М.Урубелем і інш. Стварыў галерэю рознахарактарных вобразаў, раскрываючы складаны ўнутраны свет героя. Сярод творчых дасягненняў партыі: трагедыйныя — Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Іван Грозны («Пскавіцянка» М.Рымскага-Корсакава); героіка-эпічная — Іван Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі); эпічная — Дасіфей («Хаваншчына» Мусаргскага); быт. — Яромка («Варожая сіла» А.Сярова), Варлаам («Барыс Гадуноў»); рамант. — Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно і «Мефістофель» А.Бойта), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Дон Кіхот («Дон Кіхот» Ж.Маснэ); камед. — Фарлаф («Руслан і Людміла» Глінкі), Лепарэла («Дон Жуан» В.А.Моцарта); сатыр. — Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні) і інш. Майстар выканання рус.нар. песень, рус. і зах.-еўрап. камерна-вак. лірыкі. Паставіў оперы «Хаваншчына», «Дон Кіхот». Здымаўся ў кіно («Іван Грозны», «Дон Кіхот»). Аўтар літ., графічных, жывапісных, скульпт. работ. Напісаў кн. «Маска і душа» (1932), аўтабіяграфію «Старонкі з майго жыцця» (апубл. 1957). У 1984 прах Ш. перанесены з Парыжа ў Маскву. У Казані праводзяцца Оперны фестываль (з 1982, з 1991 міжнар.), конкурс оперных спевакоў (з 1989, з 1993 міжнар.) імя Ш.
Тв.:
Страницы из моей жизни. Маска и душа. М., 1990.
Літ.:
Янковский М.О. Шаляпин. Л., 1972;
Ф.И.Шаляпин. Т. 1—3. 3 изд. М., 1976—79;
Ф.И.Шаляпин: Летопись жизни и творчества. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1988—89.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ю́ТА (Utah),
штат на З ЗША. Пл. 220 тыс.км². Нас. 2270 тыс.чал. (2001). Адм. ц. — г.Солт-Лейк-Сіці. Буйныя гарады: Вест-Уэлі-Сіці, Прова, Санды, Огдэн. Паверхня пераважна горная, пустынная. На З пласкагор’е Вял. Басейн, на У Скалістыя горы, на Пд плато Каларада. Клімат субтрапічны. Сярэдняя т-растудз. ад -2 да -4 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 250—400 мм за год. Гал. рака Каларада. Азёры: Вял. Салёнае і Юта. Расліннасць паўпустынная і пустынная, у гарах месцамі ўчасткі хваёвых лясоў. Індустр.-агр. штат. Прам-сць: чорная і каляровая (вытв-сць медзі) металургія, машынабудаванне (вытв-сць ракет, авіяц. і аўтамаб. дэталей і вузлоў, ЭВМ, мед. інструментаў), металаапрацоўка, хім., нафтаперапр., паліграф., цэм., харчовая. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, медзі, золата, серабра, малібдэну, свінцу, цынку, жал. і уранавай руды. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні, птушкі). Рыбалоўства. Раслінаводства на арашальных землях (кармавыя травы, кукуруза, пшаніца, ячмень, бульба, агародніна). Садоўніцтва. Даход ад турызму 2,3 млрд.дол. (1999).
Тэр. Ю. здаўна насялялі індзейскія плямёны (юта, наваха і інш.). Еўрапейцы (ісп. манахі-францысканцы) з’явіліся ў 1776. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 гэта тэр. ўвайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША Хуткае развіццё Ю. пачалося пасля засялення мармонамі. якія ператварылі гэтую пустынную зямлю ў квітнеючую; у 1847 заснавалі г. Солт-Лейк-Сіці (гал. цэнтр мармонаў). У 1850 рашэннем кангрэса ЗША гэтаму рэгіёну нададзены статус тэрыторыі. У час грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 насельніцтва Ю. падтрымлівала ўрад А.Лінкальна. У 1869 праз яе тэр. прайшла першая транскантынент. чыгунка. У 1896 Ю. атрымала статус штата ЗША пасля адмены мнагажонства (1890) мармонскай царквой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЯНЫЧА́РСКАЯ МУ́ЗЫКА»,
назва ваеннага аркестра янычараўу 14—19 ст. Бытавала ў Еўропе ў 17—18 ст.
Тыповы янычарскі аркестр уключаў вял. барабан, барабанчыкі, 7 медных труб, 5 шалмеяў, 2 талеркі. Нягледзячы на рэзкае, крыклівае і пранізлівае гучанне ў 18 ст. «Я.м.» набыла значную папулярнасць: яна гучала ў час святочных і жалобных цырымоній, ваен. парадаў, суправаджала магнатаў у іх паездках. У рэпертуары розныя маршы «на выпадак» (вітальныя, жалобныя, паходныя), танц. музыка (мазуркі і інш.). Тэмбравыя і лада-рытмічныя асаблівасці, уласцівыя «Я.м.», адлюстраваны ў творах кампазітараў 18—19 ст. Л.Бетховена, І.Гайдна, К.Глюка, А.Грэтры, Г.Малера, В.А.Моцарта і інш.
На Беларусі паяўленне «Я.м.» звязана з фарміраваннем у канцы 17 — пач. 18 ст. янычарскіх харугваў у войску ВКЛ. У 1740—60-я г.найб. вядомы аркестры «Я.м.» Радзівілаў у Нясвіжы і Гродне, у 1788 М.К.Агінскага ў Слоніме. У войску ВКЛ склад «Я.м.» вар’іраваўся па тыпах і колькасці духавых і ўдарных інструментаў (у 18 ст. ўключала 7 барабанаў, 2 тулумбасы, 2 талеркі, 6 сурмаў). Аркестр «Я.м.» Агінскага складаўся з 14 інструментаў. Капэла янычарскай харугвы Булавы Вялікай ВКЛ (Гродна, 1768) уключала 6 сурмаў, 3 талеркі, 3 тулумбасы, 6 барабанаў (выканаўцы капельмайстар М.Арманкевіч, пам. капельмайстра Я.Чмухоўскі, сурмачы А.Апанасевіч, М.Валадкевіч, Я.Вярцінскі, Я.Дзянкевіч, Т.Сабалеўскі, барабаншчыкі П.Андрушкевіч, А.Герман, С.Керповіч, Т.Кісянскі, С.Крыстыновіч, Т.Чархановіч, на талерках А.Альшэўскі, Я.Васілеўскі, А.Вішнеўскі, на тулумбасах Т.Адамовіч, Я.Папяніцкі, Я.Кучынскі; капэла янычарскай харугвы Булавы Польнай ВКЛ (г. Высокае, 1764) — 5 сурмаў, 2 талеркі, 3 тулумбасы, 6 барабанаў (выканаўцы: капельмайстар А.Лябудзеўскі, пам. капельмайстра П.Шнуроўскі, сурмачы Я.Бачкяноўскі, Ф.Валадкевіч, С.Кукіс, А.Федаровіч, на талерках Е.Карповіч, Ю.Лебядзёўскі, на тулумбасах Ю.Вазлюкевіч, Г.Канічускі, А.Мачыевіч, барабаншчыкі Ю.Вайтулевіч, П.Марун, М.Рагоўскі, М.Скірмунт, Т.Янушкевіч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙЛА́НД, Каралеўства Тайланд (на мове таі Пратэт-Таі),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на п-ве Індакітай і паўн.ч. п-ва Малака. Мяжуе на ПнЗ М’янмай, на ПнУ і У з Лаосам, на ПдУ з Камбоджай, на Пд з Малайзіяй; абмываецца Андаманскім м. і Сіямскім зал, Паўд.-Кіт. мора. Пл. 514 тыс.км². Нас. 61,2 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — таі (тайская, сіямская); выкарыстоўваюцца англ. і кіт. мовы. Дзярж. рэлігія — будызм. Сталіца — г.Бангкок. Падзяляецца на 76 чангватаў (правінцый). Нац. свята — Дзень нараджэння караля (5 снеж.).
Дзяржаўны лад. Т. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Пры каралю маецца Тайны савет. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатная Нац. асамблея, якая складаецца з палаты прадстаўнікоў (500 дэпутатаў) і сената (200 дэпутатаў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога зацвярджае кароль па прадстаўленні Нац. асамблеі. Як правіла, урад фарміруецца на аснове шматпартыйнай кааліцыі, што мае большасць у парламенце.
Прырода. Больш за палавіну тэр. Т. займаюць нізінныя раўніны, у т. л.Менамская нізіна. Упаўд., звужанай ч. Т. — раўніны з астраўнымі гарамі і кражамі. На У плато Карат. На Пн і З горы Кхунтхан, Танентаўнджы. і інш.Найб.выш. 2576 м (г. Інтханон). Карысныя выкапні: алавяныя, вальфрамавыя, свінцовыя, цынкавыя, магніевыя, жал. руды, нафта, прыродны газ, буры вугаль, калійныя солі, каштоўныя камяні. Клімат трапічны мусонны. Сярэднія т-ры на раўнінах 22—29 °C, на п-ве Малака 27—29 °C, у гарах на Пн зімой да 10—15 °C. Ападкаў ад 1000—2000 мм на раўнінах да 5000 мму гарах за год; сухі сезон з ліст. да красавіка. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя, бываюць паводкі. Гал. рэкі Менам-Чао-Прая і Меконг (на мяжы з Лаосам). Пад лесам каля 26% тэр. Пераважаюць лістападныя трапічныя лясы, у больш вільготных раёнах — вечназялёныя трапічныя лясы, на плато Карат — саванны, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі. У складзе жывёльнага свету слон, насарог, тыгр, тапір, малпы (гібоны, макакі), дзікія быкі і інш., шмат паўзуноў. Нац. паркі Тхунгсалэнглуанг (уключаны ЮНЕСКАу спіс Сусветнай спадчыны), Кхаўяй і інш.; запаведнікі.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва складаюць тайскія народы — тайцы (75%) і лао (5%), жывуць таксама кітайцы (14%), малайцы, тын, мео, яо і інш. плямёны і народнасці. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (95%), ёсць мусульмане (3,8%), хрысціяне (0,5%) і інш. Горныя народы (карэны, семангі і інш.) — анімісты. З сярэдзіны 1980-х г.у Т. жыве каля 380 тыс. бежанцаў з Камбоджы, М’янмы, В’етнама і Лаоса. Сярэднегадавы прырост 0,93%. Сярэдняя шчыльн. 119 чал. на 1 км. Насельніцтва сканцэнтравана ў дэльце р. Менам-Чао-Прая (пераважна ў Бангкоку), уздоўж рэк і па зах. узбярэжжы, дзе размешчаны волаваздабыўныя прадпрыемствы. У гарадах жыве 24% насельніцтва (1998). Найб. гарады (тыс.ж., 2000): Бангкок (7200), Тханбуры (261,3), Чыянгмай (170,4). У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%; у абслуговых галінах — 31%.
Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам з часоў палеаліту. Першыя дзярж. ўтварэнні ўзніклі ў 4—8 ст.у плямён мон-кхмераў. З канца 1-га тыс.н.э. пачалася міграцыя на тэр. Т. з Паўд. Кітая тайскіх плямён, якія да 11—12 ст. сталі Тут найбуйнейшым этнасам і стварылі некалькі княстваў, што былі ў васальнай залежнасці ад кхмераў. У 1238 тайскія княствы нанеслі паражэнне кхмерам і аб’ядналіся ў дзяржаву Сукатаі. У 14 ст. Сукатаі распалася і пачалося ўзвышэнне дзяржавы Сіям (Аютыя). У 15—17 ст.у выніку войнаў з суседзямі Сіям павялічыў сваю тэрыторыю і да канца 18 ст. стаў найбуйнейшай дзяржавай Індакітая, якая побач з уласна тайскімі землямі ўключала ч.тэр. Лаоса і Камбоджы. З 16 ст. Т. — аб’ект калан. экспансіі еўрапейцаў, асабліва французаў. У 1688 нар. рух прывёў да выгнання еўрапейцаў і «закрыцця» для іх краіны. У 1782 да ўлады прыйшла дынастыя Чакры, прадстаўнікі якой і сёння кіруюць Т. У 19 ст. Сіям стаў «буферам» паміж калан. ўладаннямі Вялікабрытаніі і Францыі, якія навязвалі яму нераўнапраўныя дагаворы. Але Сіям захаваў незалежнасць дзякуючы палітыцы караля Чулалангкорна [Рамы V, 1868—1910], які мадэрнізаваў краіну на еўрап. ўзор і выкарыстоўваў супярэчнасці паміж калан. дзяржавамі. У 1904—36 Сіям дамогся скасавання нераўнапраўных дагавораў.
У выніку дзярж. перавароту 24.6.1932 у краіне ўсталявалася канстытуцыйная манархія, у 1939 перайменавана ў Т. Уснеж. 1941 на тэр. Т. ўвайшлі яп. войскі, і ён уступіў у 2-ю сусв. вайну на баку Японіі і Германіі. Уздым вызв. руху ў 1944 прывёў да змены ўрада Т. і пераходу яго на бок саюзных дзяржаў. У 1946 каралём Т. стаў Пуміпон Адумядэт (Рама IX), з імем якога звязаны пасляваен. пераўтварэнні. Да сярэдзіны 1970-х г.у знешняй палітыцы Т. арыентаваўся на ЗША; далучыўся да ваен. блока СЕАТО, удзельнічаў у агрэсіі ЗША у Індакітаі, дазволіўшы ім размясціць ваен. базы на сваёй тэрыторыі. У 1976 Т. дамогся вываду амер.ваен. баз, у 1977 выйшаў з СЕАТО. Выкарыстоўваючы значны прыток інвестыцый з ЗША, улады Т. ў 1950—70-я г. ажыццяўлялі палітыку індустрыялізацыі пры моцным дзярж. кантролі. У 1980—90-я г. праведзены структурныя рэформы: лібералізацыя эканомікі, прыярытэтнае развіццё дробнай і сярэдняй прам-сці, інтэнсіфікацыя агр. вытв-сці, пераарыентацыя краіны на экспартную вытв-сць, што прывяло да паскарэння эканам. развіцця і ўваходжання Т. ў кола новых індустр. краін. Паліт. развіццё краіны да 1970-х г. характарызавалася частымі ваен. пераваротамі, рэальная ўлада была ў руках ваенных. З 1980-х г.у Т. дзейнічае грамадз. рэжым, адбываецца фарміраванне дэмакр. інстытутаў. Т. — член ААН (з 1946), АСЕАН (з 1967), Руху недалучэння (з 1993). У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Партыя новай надзеі, Дэмакр. партыя, Нац. партыя і інш.Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1992.
Гаспадарка. Т. — аграрная краіна з прам-сцю, якая інтэнсіўна развіваецца. Рост валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у апошняе дзесяцігоддзе перавышае рост колькасці насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. (каля 6,1 тыс.дол. ЗША, 1998) адносна высокі для рэгіёна Паўд.-Усх. Азіі. Доля ў ВУП сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам 11,3%, прам-сці 38%, сферы паслуг 50,7%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 21,5 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 17,4 млн.га (каля 20% арашаецца). Пераважаюць невял. сялянскія гаспадаркі на арандаванай памешчыцкай зямлі. Гал.харч. і экспартная культура — рыс.У перадгорных раёнах і на цэнтр. раўніне сеюць кукурузу, сою, сорга. На экспарт вырошчваюць касаву, каўчуканосы, цукр. трыснёг, джут, тапіёку, кенаф, тытунь, бананы, ананасы, арахіс, каву, чай. Вял. плошчы пад пасевамі бавоўніку. Агародніцтва. Кветкаводства. Гал. раён трапічнага земляробства — п-аў Малака. Збор (млн.т, 1999): рысу 23,5, кукурузы 4,5; кавы 75 тыс.т, пальмавых ядраў 62 тыс.т, натуральнага каўчуку 2 млн.т. Нарыхтоўка дзелавой драўніны скарачаецца (24 тыс.м³). Гадуюць (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлу 5,7, буйвалаў 3,5, свіней 7,2, курэй 172. Вытв-сць мяса птушкі (538 тыс.т) і свініны вядзецца на прамысл. узроўні. Асн. крыніца бялку для тайландцаў — рыба. З 1960-х г. (пач. траўлернага лову рыбы — 0,4 млн.т) рэзка павялічыўся ўлоў рыбы і інш. морапрадуктаў (3,5 млн.т, 1999). Сярод галін прамысловасцінайб. развіты горназдабыўная і лёгкая. У Т. здабываюць 39 відаў карысных выкапняў, з якіх 17 экспартуецца. Здабыча і вытв-сць (тыс.т, 1998): волава 15 і алавянага канцэнтрату 2, руд цынкавай 195,1, свінцовай 15,3, магніевай 0,1, жал. 90,7, вальфрамавых 0,1. Т. — адзін з найб.у свеце пастаўшчыкоў волава. Здабыча алавянай руды на в-ве Пхукет і шэльфе Андаманскага м., свінцова-цынкавых — у цэнтры і на З краіны, прыроднага газу (621 млн.м³) на шэльфе Сіямскага зал., нафты (1,7 млн.т) на Пн Менамскай нізіны. бурага вугалю (17 млн.т) каля г. Лампанг. Вытв-сць электраэнергіі 85 млрд.кВт∙гадз (1999), на ЦЭС (91%), якія працуюць на прывазной нафце і ўласным бурым вугалі, і ГЭС (9%). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць невял. прадпрыемствы лёгкай прам-сці, сканцэнтраваныя ў Бангкоку і яго прыгарадах, Чыянгмаі, Накхонратчасіме і інш.Вытв-сць баваўняных і шаўковых тканін, адзення, абутку, джутавых мяшкоў і інш. Хуткімі тэмпамі развіваецца эл.-тэхн. і маш.-буд.прам-сць. Пераважна на экспарт вядзецца зборка камп’ютэраў і частак да іх, інтэгральных схем, эл. трансфарматараў, легкавых (126 тыс.шт.) і грузавых (325 тыс.шт.) аўтамабіляў, матацыклаў; суднарамонт. Развіта хім., нафтахім. і фармацэўтычная прам-сць. Вытв-сць натуральнага каўчуку, сінт. валакна (97,4 тыс.т), нафтапрадуктаў у Бангкоку, Накхонсітхамараце, Сірачы і інш.Харч. і харчасмакавая (рысаачышчальная, цукр., алейная, кансервавая, рыбная, піваварная, тытунёвая), лясная, дрэваапр. і папяровая прам-сць. Вытв-сць цукру — 3,9 млн.т, какосавага алею — 320 тыс.т, піва — каля 400 млн.л, паперы — 2,7 млн.т. Выраб цэменту (22,7 млн.т), керамікі, шкла. Бангкок — адзін з найб.у свеце цэнтраў па апрацоўцы самацветаў (сапфіры, ізумруды, гранаты і інш.). Маст. рамёствы (разьба па серабры і дрэве). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. чыгунак 3940 км, аўтадарог 64,6 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 63 тыс.км. У краіне 1,6 млн. легкавых аўтамабіляў, 4,2 млн. грузавых і аўтобусаў. У знешніх сувязях вял. роля марскога транспарту. Гал. парты: Бангкок, Сатахіп, Сірача, Пхукет. У краіне 25 аэрапортаў. У 1999 экспарт склаў 58,5 млрд.дол., імпарт — 45 млрд. долараў. Т. экспартуе камп’ютэры і камплектуючыя часткі, тэкстыль, руды волава і інш. металаў, каштоўныя камяні, каўчук, рыс, кансерваваныя морапрадукты; імпартуе машыны і абсталяванне, паліва, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: ЗША (22% экспарту, 14% імпарту), Японія (14% і 24%), Сінгапур (9% і 5%), Малайзія (3% і 5%), Германія, Кітай, Нідэрланды і інш. Т. — краіна развітога міжнар. турызму (штогадовы даход 7 млрд.дол.). Грашовая адзінка — бат.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Вярх. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт.
Камплектаванне па прызыве. Тэрмін службы 2 гады. У рэгулярных узбр. сілах 306 тыс.чал., у ваенізаваных фарміраваннях 104 тыс.чал., у т. л. сілы самаабароны — 50 тыс.чал., патрульная пагран. паліцыя — 40 тыс.чал., марская паліцыя — 2,5 тыс.чал. (2002). Усухап. войсках 190 тыс.чал., каля 800 танкаў, больш за 800 бронетранспарцёраў, 560 буксіравальных гармат, больш за 330 гармат зенітнай артылерыі, а таксама 77 самалётаў, 184 верталёты і інш.УВПС 48 тыс.чал., больш за 150 самалётаў. УВМС каля 70 тыс.чал., у т. л. 18 тыс.у марской пяхоце, 1,7 тыс. ў марской авіяцыі, 20 баявых караблёў, у т. л. 1 лёгкі авіяносец, 11 фрэгатаў, 8 карветаў і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Т. выяўлены помнікі маст. культуры неаліту і бронз. веку (кераміка з пахаванняў, наскальныя размалёўкі). У 1—6 ст.н.э. развівалася монскае і кхмерскае мастацтва (храмы ў Лампхуне і Чыянгмаі, статуі Буды), якое стала асновай тайскай маст. культуры. З 13 ст. пад уплывамі будызму пачалося фарміраванне нац. мастацтва Т. У перыяд дзяржавы Сукатаі (з 13 ст.) склаўся тып тайскага храмавага комплексу (ват), які спалучаў свяцілішча пранг (пра-пранг) з вежападобнай закругленай вяршыняй і ступай тыпу чэдзі (пра-чэдзі) са звонападобным пакрыццём і шпілем з храмамі-веханамі (ваты Чанг Лом у Саванкхалоку, 13 ст.; Махатат у Сукатаі, 1345). Скульптура прадстаўлена шматлікімі статуямі Буды (манум. сядзячыя каменныя фігуры; бронз. выявы Буды, які ідзе, адметныя асаблівай вытанчанасцю ліній). Паставы статуй (саны) і становішчы іх рук (мудры) строга кананічныя і абазначаюць пэўныя эпізоды з жыцця Буды Гаўтамы; твары з мясц. этнічнымі рысамі. Фрагменты жывапісу сведчаць пра сувязі з М’янмай. У перыяд росквіту Сіямскай дзяржавы (14—19 ст.) традыцыі Сукатаі набылі развіццё. З 14 ст. складваліся асн. прынцыпы горадабудаўніцтва Т. Гарады (Аютхая, Бангкок) мелі прамавугольную планіроўку, абносілі цаглянымі сценамі з лістападобнымі зубцамі. У іх цэнтры размяшчалі грандыёзныя палацы ці складаныя па формах вял. храмавыя комплексы, багата аздобленыя разьбой, шматколернай мазаікай і размалёўкамі. У храмах ставілі шматлікія статуі Буды, будынкі апяразвалі дынамічныя фрызы з выявамі малпаў, дэманаў, птушак, птушкалюдзей (кінар). Характэрныя шмат’ярусныя і шматсхільныя дахі, аркі і скляпенні якіх рабілі з дрэва. Маляўнічасць пабудовам надавалі лакавая афарбоўка з пазалотай, чырвоная і зялёная паліваная дахоўка (летні палац сіямскага караля ў г. Сукатаі, 1630). У Бангкоку захавалася. некалькі дзесяткаў ватаў з групамі храмаў-ботаў, веханаў, чэдзі, прангаў і інш. пабудоў, абкружаных галерэямі са статуй Буды (ват Сутат, пач. 19 ст.; Бенчамабапіт, «Мармуровы храм», 1900). З 14 ст. вядомы насценны жывапіс тэмперай — размалёўкі на тэмы жыцця Буды ў храмах Аютхаі (15 ст.), сцэны з «Тасачаты» і «Рамаяны» ў храмах Бангкока (18—19 ст.). З канца 19 ст. ў свецкай гар. архітэктуры з’явіліся рысы еўрап. эклектызму (атэлі, фірмы, банкі, шматпавярховыя жылыя дамы). Нар. жыллё захавала традыц. формы: прамавугольныя ў плане дамы на каркаснай аснове, 4-схільныя дахі, драўляныя будынкі на высокіх падмурках; каля рэк і каналаў — жытлы на палях. Пашырыўся жывапіс тэмперай на драўляных дошках, акварэльная мініяцюра ў рукапісных кнігах. Удэкар. мастацтве высокага ўзроўню дасягнуў лакавы жывапіс, якім аздаблялі калоны, панэлі сцен, ліштвы аконных і дзвярных праёмаў, драўляныя статуі, кніжныя пераплёты і інш. Са скуры буйвалаў рабілі плоскія сілуэтна-праразныя фігуры для тэатра ценяў «нанг». Развіваліся разьба па дрэве. чаканка па серабры. Усе элементы аздобы (фігуры, птушкі і інш.) упляталіся ў вытанчаны тайскі арнамент. З 2-й пал. 20 ст. вядзецца буд-ва на зах.-еўрап. і амер. ўзор. Увыяўл. мастацтве вядуцца мадэрнісцкія пошукі сучаснай маст. формы. Традыцыі еўрап. рэалізму звязаны з нац. тайскай тэматыкай (Фуа Харабітак. Таві Нандакван, скульпт. Х’ен Йімсары, графік Маніта Пу Ары). Удэкар.-прыкладным мастацтве асн. месца займаюць лакавы жывапіс, вырабы са скуры буйвала, разьба па дрэве, чаканка. ткацтва, цісненне. Гіст. гарады Аютхая і Сукатаі ўключаны ЮНЕСКАу спіс Сусветнай спадчыны.
Музыка Т. з’яўляецца састаўной часткай муз. традыцыі народаў Паўд.-Усх. Азіі. Для яе характэрна адсутнасць паўтонаў, муз. творы звычайна маюць просты рытм (з невял. варыяцыямі), выконваюцца пераважна ў хуткім тэмпе, з імправізацыяй асн. мелодыі. Характэрны ўплывы інд. (з пач.н.э.), кіт. (з 17 ст.), еўрап. (з 16 ст.) муз. традыцый. У інструментарыі струнныя ку сау сам сам (са шкарлупін какосавага арэха з грыфам са слановай косці і 3 шаўковымі струнамі), цьакау (падобны на вял. гітару). З канца 19 ст. выкарыстоўваюцца еўрап.муз. інструменты. Пераважае вак. музыка, непарыўная з паэт. творчасцю, звязаная са спецыфікай інстр. суправаджэння. Да архаічных узораў адносяцца песні-загадкі (выконваюцца антыфонна). Сярод інш. песень: песні магічных рытуалаў (лакхон джатры), цырыманіяльныя (13—18 ст.), эпічныя (фонг сы і сепха), песні-спаборніцтвы (кіоу кау, выконваюцца антыфонна). Музыка — важная частка тэатралізаваных прадстаўленняў (13—18 ст.), у межах якіх сфарміраваліся вак., інстр. і танц. стылі. Класічныя жанры вак. творчасці абапіраліся на літ. традыцыю, выкарыстоўваліся ў культавай практыцы, прыдворным муз. мастацтве, у 17—19 ст. сярод гар. знаці. На мяжы 19—20 ст. сфарміраваўся гар. тэатр папулярнага тыпу (пазней т. зв. ліке), які ў 1920—30-я г. выцесніў інш. віды тэатр. прадстаўленняў. З канца 1940-х г. пачаўся ўздым муз. творчасці пад уздзеяннем зах.-еўрап. мастацтва. На развіццё муз. мастацтва 20 ст. паўплывалі кампазітары Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, выканаўцы Тыява Канглайтонг, Чэмчой Дур’ябханда, музыказнаўцы Кром Сінлапакон, Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, Пхрая Ануманрачанхон. У Т. дзейнічаюць Нац.т-р Сінпакорн. Пры дэпартаменце прыгожых мастацтваў ансамблі тыпу піпхат, жаночы хор, аркестр сімф. тыпу. Нац.танц. ансамбль і інш. З 1976 праводзіцца міжнар. фестываль музыкі і танца Азіі (Бангкок).
Літ.:
Ребрикова Н.В. Очерки новейшей истории Таиланда (1918—1959). М., 1960: Яе ж. Очерки новой истории Таиланда (1768—1917). М., 1966;
Берзин Э.О. История Таиланда: (Краткий очерк). М., 1973;
Кочетков Л.В. Таиланд. М., 1973.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва. гаспадарка). Я.Г.Колб (гісторыя). Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Тайланда.Да арт.Тайланд. Панарама Бангкока.Да арт.Тайланд. Рысавыя палі.Тайланд. Статуя Буды з Сукатаі.Тайланд. Летні каралеўскі палац у Сукатаі.Тайланд. Будыйскія ступы ў Аютхаі.Тайланд. Храм ват Сры Савай у Сукатаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГАНІСТА́Н, Ісламская дзяржава Афганістан,
краіна ў Паўд.-Зах. Азіі. Мяжуе на Пн з Туркменіяй, Узбекістанам, Таджыкістанам, на У з Кітаем, на ПдУ і Пд з Пакістанам, на З з Іранам. Пл. 652,9 тыс.км². Нас. 17,8 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Кабул. Падзяляецца на 29 правінцый (вілаятаў) і 2 акругі. Дзярж. мовы — пушту (афганская) і дары (або фарсі-кабулі). Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты і шыіты). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (19 жн.).
Дзяржаўны лад. Афганістан — ісламская рэспубліка. Асн. закон дзяржавы не распрацаваны. На сучасным этапе дзяржаву ўзначальвае прэзідэнт. Сфарміраваны парламент (205 чал.). Прызначаны прэм’ер-міністр.
Прырода. Афганістан — пераважна горная краіна. Высакагорныя хрыбты чаргуюцца з плато і міжгорнымі катлавінамі. З ПнУ на ПдЗ праз усю тэрыторыю праходзяць хрыбты сістэмы Гіндукуш (найвыш. пункт у межах Афганістана — г. Тыргаран, 6729 м), якія веерападобна разыходзяцца і пераходзяць у ніжэйшыя хрыбты горнай сістэмы Парапаміз. Вяршыні на У укрыты ледавікамі. Раўніны і пласкагор’і размешчаны на паўн.-зах. і паўд. ускраінах. Найб. з іх — пустыні Рэгістан і Дашты-Марго. Карысныя выкапні: прыродны газ, жал. руда, каменны вугаль, берыл, лазурыт, барый, каменная соль, сера, азбест і інш. Клімат субтрапічны, кантынентальны, сухі, з рэзкімі сутачнымі ваганнямі т-ры. У гарах суровыя зімы (да -20 °Cустудз.), снег трымаецца 7—8 месяцаў. На раўнінах сярэдняя т-растудз. 0—5 °C, ліп. 25—30 °C. Ападкаў да 350 мм за год, на ПдУу гарах пад уплывам мусонаў каля 800 мм, у пустынях месцамі менш за 100 мм. Найб. рэкі: Амудар’я (у верхнім цячэнні Пяндж), Мургаб, Герыруд, Гільменд, Кабул. На раўнінах многія рэкі перасыхаюць. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць. У гарах да выш. 1500—1800 м палын, салянкі, саксаул, вясной эфемеры, да 2200—2500 м стэпы. На У краіны, дзе больш ападкаў, да выш. 2400—2700 м дубовыя, арэхавыя і ясянёвыя, да 4300 м хваёвыя лясы, вышэй — альпійскія лугі і ледавікі. У пустынях ёсць аазісы. Жывёльны свет: гіены, дзікія аслы, горныя казлы і інш.
Насельніцтва. У Афганістане жыве больш за 20 народаў іранскай (каля 90%), цюркскай і дардскай моўных груп. Каля 52,4% насельніцтва — пуштуны (на Пд і У краіны). На Пн і З жывуць таджыкі (20,4%), узбекі (8,8%) і туркмены (1,9%), уцэнтр.ч. краіны — хазарэйцы (8,8%); ёсць таксама чаар-аймакі, нурыстанцы, белуджы, брагуі, пашаі, кіргізы, казахі, каракалпакі, арабы і інш. Сярэдняя шчыльнасць 27,2 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены перадгорная паласа на Пн, аазісы і рачныя даліны (да 200 чал. на 1 км²). Высакагорныя і пустынныя раёны амаль бязлюдныя. Каля 2 млн.чал. — качэўнікі і паўкачэўнікі. Каля 5 млн.чал.у сувязі з ваен. падзеямі жывуць у Пакістане і Іране як бежанцы. Гар. насельніцтва 20%. Найб. гарады (тыс.ж., 1988): Кабул (1424,4), Кандагар (225,5), Герат (177,3).
Гісторыя. Тэр. Афганістана заселена чалавекам каля 40—30 тыс. гадоў назад. У 4-м тыс. да нашай эры тут вядома земляробчая аселая культура на штучным арашэнні. М.І.Вавілаў лічыў Афганістан адной з мясцін, адкуль паходзіць культурнае раслінаводства (мяккая пшаніца). З 4 ст. да нашай эры Афганістан у складзе дзяржаў Аляксандра Македонскага, Селеўкідаў, грэка-бактрыйцаў, Вялікіх Кушан, Сасанідаў, качавых плямёнаў эфталітаў. Яго стараж. гісторыя (да 7 ст. нашай эры) звязана з Бактрыяй, Арэяй, Маргіянай, Арахасіяй, Гандхарай, Мідыяй, Ахеменідамі. У час арабскіх заваяванняў 7—9 ст. Афганістан далучаны да Халіфата і ісламізаваны (з 9 ст.). У канцы 10—12 ст. — цэнтр дзяржавы Газневідаў, пры двары якіх працавалі астраном і гісторык Біруні, паэты Унсуры і Фарухі. На У існавала дзяржава Гурыдаў, частку Афганістана захапілі сельджукі. У 13—14 ст.у Афганістане панавалі цюрка-манголы, потым частка краіны ўваходзіла ў дзяржаву дынастыі Куртаў. У канцы 14 ст. Афганістан захапіў Цімур і да 16 ст. тут уладарылі Цімурыды. У пісьмовых крыніцах этнагеагр. назва «Афганістан» («краіна афганцаў», або пуштунаў) ужываецца з 14 ст.У 16—17 ст. Афганістанам валодалі Вялікія Маголы і Сефевідскія шахі Ірана. Адначасова на яго тэр. рассяліліся афг. плямёны, частка якіх перайшла да аселасці; буйныя афг. плямёны хатакаў, а ў 18 ст. гільзаеў і абдалі стварылі самаст.феад. княствы. У 1747 Ахмад-шах Дурані стварыў афг. дзяржаву (сталіца — Кандагар), якая ахоплівала тэрыторыю, населеную пуштунамі (афганцамі), а таксама таджыкамі, узбекамі, хазарэйцамі, чараймакамі і туркменамі. На пач. 19 ст. яна распалася на Герацкае, Кабульскае, Кандагарскае і Пешаварскае ханствы. Іх дзярж. кансалідацыя адбылася пры эмірах Дост Мухамедзе і Шэр Алі. Вялікабрытанія, імкнучыся захапіць Афганістан і пашырыць сваю ўладу на Сярэднюю Азію, развязала англа-афганскія войны, прымусіла Афганістан падпісаць дагавор 1879, паводле якога ён страціў самастойнасць і ч.паўд. зямель. У 1893 Вялікабрытанія навязала Афганістану новую ўсх. мяжу («лінія Дзюранда») — уключыла землі ўсх. пуштунаў у склад сваіх індыйскіх каланіяльных тэрыторый. У канцы 19 — пач. 20 ст. завяршыўся працэс цэнтралізацыі Афганістана.
Улют. 1919 да ўлады ў Афганістане прайшоў Аманула-хан. Падзяляючы погляды младаафганцаў, ён 28.2.1919 абвясціў незалежнасць краіны, якую прызналі Сав. Расія (сак. 1919), а пасля апошняй англа-афг. вайны і Вялікабрытанія (жн. 1919; канчаткова ў 1921). Да 1928 у Афганістане праведзены антыфеад. Рэформы. Аднак у выніку мяцяжу Бачаі Сакао (правіў пад імем Хабібула ў студз.—кастр. 1929) рэформы адменены. Супраць Хабібулы выступіў ваен. міністр Аманулы Мухамед Надзір, які заняў Кабул (кастр. 1929) і абвясціў сябе каралём. Заснаваная ім дынастыя правіла краінай да 1973. Абвешчаная ў 1931 канстытуцыя ўмацавала пазіцыі духавенства і племянной знаці. Пасля 2-й сусв. вайны сац.-эканам. развіццё краіны паскорылася, узнік дзярж. сектар эканомікі, ажыццяўляліся пяцігодкі, узрос уплыў замежнага капіталу; эканам. дапамогу Афганістану аказваў і СССР. Аднак краіна заставалася адной з самых бедных і слабаразвітых у свеце. Канстытуцыйная рэформа 1963—65 была скіравана на паступовае прыстасаванне Афганістана да сучаснага свету. Пасля 1965 у краіне выявіліся 2 кірункі вырашэння праблем: леварадыкальны на чале з Народна-дэмакратычнай партыяй Афганістана (НДПА) і ісламска-фундаменталісцкі. Знешняя палітыка Афганістана вызначалася нейтралітэтам і недалучэннем. Уліп. 1973 антыманархісты з ліку ваенных ажыццявілі дзярж. пераварот і абвясцілі Афганістан рэспублікай (прэзідэнтам стаў стрыечны брат караля М.Дауд). Абвешчаныя новымі ўладамі абмежаваныя рэформы фактычна не ажыццяўляліся. 27.4.1978 пад кіраўніцтвам НДПА адбылося ўзбр. выступленне арміі, якое прывяло да стварэння Рэв. савета (РС, узначаліў генсек НДПА Н.М.Таракі) і абвяшчэння Дэмакр. Рэспублікі Афганістан (ДРА). 16.9.1979 да ўлады прыйшоў Х.Амін, паводле загаду якога быў забіты Таракі. Грамадзянская вайна ў Афганістане, пачатая ў 1978 фундаменталістамі і былымі кіруючымі коламі, знайшла шырокую падтрымку знешніх сіл. Маджахеды набіраліся з афг. бежанцаў у Пакістане і Іране. Урад Афганістана папрасіў дапамогі ў СССР. 27.12.1979 сав. войскі ўвайшлі ў краіну. Амін быў забіты, РС узначаліў Б.Кармаль. Грамадз. вайна набывала характар супраціўлення іншаземцам. Лінія на нац. прымірэнне праводзілася і пасля змены ў 1986 Кармаля на пасадах старшыні РС і генсека НДПА Наджыбулой. Нац. прымірэння не адбылося і пасля прыняцця новай канстытуцыі. 14.4.1988 у Жэневе прадстаўнікі ўрадаў Афганістана, Пакістана, СССР і ЗША падпісалі пагадненні аб урэгуляванні становішча ў Афганістане. 15.2.1989 апошнія сав. войскі пакінулі Афганістан. За 10 гадоў сав. войскі страцілі ў Афганістане 15 тыс.чал., у т. л. больш за 750 чал. з Беларусі. 16.4.1992 Наджыбула пакінуў пасаду прэзідэнта. 28.4.1992 уладу ў Кабуле захапіла ўзбр. апазіцыя; часовым прэзідэнтам Ісламскай дзяржавы Афганістан стаў лідэр Ісламскага таварыства Афганістана таджык Б.Рабані, прэм’ер-міністрам — лідэр Ісламскай партыі Афганістана пуштун Г.Хекмаціяр. Аднак грамадз. вайна не спынілася. Акрамя барацьбы за ўладу паміж Хекмаціярам і Рабані, г. зн. барацьбы за пераўтварэнне Афганістана ва унітарную ісламскую рэспубліку пры перавазе пуштунаў або ў этнафедэрацыю, вайна набыла этнанац. характар. Яна ўскладняецца наяўнасцю знешняй дапамогі. Восенню 1994 узнік рух «Талібан» (ад талібы — выхаванцы рэліг. ісламскіх навуч. устаноў). Да вясны 1995 талібы кантралявалі ⅓ тэр. Афганістана.
Палітычныя партыі і рухі: Партыя айчыны, Ісламская партыя Афганістана, Ісламскае т-ва Афганістана, Нац. фронт выратавання Афганістана, Нац. ісламскі фронт Афганістана, Рух ісламскай рэвалюцыі Афганістана, Нац. ісламскі рух, рух «Талібан».
Гаспадарка. Афганістан — аграрная краіна са слаба развітой прам-сцю і адсталай сельскай гаспадаркай. Нац. даход на душу насельніцтва адзін з самых нізкіх у свеце і складае каля 100 долараў ЗША за год. Аснова гаспадаркі — арашальнае земляробства і пашавая жывёлагадоўля. У сельскай гаспадарцы занята каля 85% насельніцтва і ствараецца 2/3 валавога ўнутр. прадукту. Агульная пл. зямель, што апрацоўваюцца, 4,5 млн.га (каля 7% тэр. краіны), з іх 2,6 млн.га — арашальныя землі. Пасяўная пл. 3,8 млн.га. Асн. плошчы арашальнага земляробства на Пду далінах рэк Кабул, Гільменд і іх прытокаў, на Пн па рэках Герыруд, Кундуз, Балх, на Бактрыйскай раўніне. Багарныя землі сканцэнтраваны ў перадгорнай паласе на Пн краіны і асобнымі ўчасткамі ў гарах. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Важнейшая культура — пшаніца (збор 2,38 млн.т; 1988—89), дае больш за палавіну кошту ўсёй прадукцыі раслінаводства, вырошчваецца ў асн. на Пн краіны. Пасевы ячменю (0,35 млн.т) пераважна ў горных раёнах, рысу (0,34 млн.т) у межах Джэлалабадскага аазіса і ў раёне Герата. У асобных раёнах развіта садоўніцтва, вырошчванне агародніны і бахчавых культур, вінаграду, бульбы, з тэхн. — бавоўны, алейных культур, цукр. буракоў і трыснягу. Сеюць таксама лён, кунжут, тытунь. Афганістан — адзін з найбуйнейшых вытворцаў опіуму і гашышу і цэнтр кантрабанднага гандлю імі. У жывёлагадоўлі пераважае адгонна-пашавая гадоўля авечак, асабліва каракулевых. Пагалоўе (млн. галоў; 1988): буйн. раг. жывёлы 3,6, авечак 17, коз 2,8, коней, аслоў і мулаў 1,7. У невял. колькасці гадуюць вярблюдаў (на З) і якаў (на У). У 1988—89 вытв-сць жывёлагадоўчай прадукцыі: каракульскіх шкурак 1 млн.шт., воўны 13 тыс.т, мяса 252 тыс.т, малака 610 тыс.т. Сельская гаспадарка не забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання. Прам-сць развіта слаба. У краіне каля 460 фабр.-зав. прадпрыемстваў. Здабываюць каменны вугаль (140 тыс.т), прыродны газ (1 млрд.м³), нафту, каменную соль, лазурыт, керамічную і буд. сыравіну. Вытв-сць электраэнергіі 1132 млн.кВт∙гадз (1988—89). ГЭС на р. Кабул—Наглу (магутнасць 100 тыс.кВт), Махіпар (66 тыс.кВт), Сурабай (22 тыс.кВт). ЦЭЦ на прыродным газе ў Мазары-Шарыфе. Развіваецца тэкст., харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Працуюць металаапр. (Кабул) і хім. (Мазары-Шарыф) з-ды. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Працягласць аўтадарог 19,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Аснова сеткі дарог — кальцавая аўтадарога Кабул—Кандагар—Герат—Мазары-Шарыф—Кабул. У 1991 у краіне было 31,8 тыс. легкавых і 30,9 тыс. грузавых аўтамабіляў. Адзіная чыгунка Кушка—Тарагундзі (5,5 км). Працягласць газаправодаў 340 км (1989). Міжнар. аэрапорты ў Кабуле і Кандагары, рачны порт Шэрхан на Амудар’і.
Краіна моцна пацярпела ад амаль бесперапынных ваен. дзеянняў у 1978—95: страты складаюць каля 75% усіх укладанняў у развіццё краіны за 50 папярэдніх гадоў; разбураны гарады, знішчаны сотні кішлакоў. З-за недахопу сыравіны, кадраў, перабояў з электраэнергіяй парушана дзейнасць амаль усіх прадпрыемстваў (асабліва па вытв-сці цукру і тэкстылю). Значна пацярпела і сельская гаспадарка. Экспарт (236 млн. долараў ЗША; 1991): каракуль і каракульча, сухафрукты, бавоўна, газ, дываны, воўна, арэхі, вінаград і інш. Імпарт (874 млн. долараў ЗША; 1991): машыны, абсталяванне, нафтапрадукты, трансп. сродкі, буд. матэрыялы, тэкст. вырабы, харч. тавары. Гал. знешнегандл. партнёры: краіны СНД, Японія, Кітай, Індыя, Пакістан, Вялікабрытанія, ФРГ. Беларусь экспартуе ў Афганістан у невял. колькасці трактары, радыёпрыёмнікі, матацыклы, імпартуе пераважна дываны. Грашовая адзінка — афгані.
Ахова здароўя. Узровень нараджальнасці — 49 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 168 на 1 тыс.чал. (1994). Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 43, у жанчын 41 год (1986).
Асвета, навуковыя ўстановы. У сярэдзіне 1980-х г. праведзена школьная рэформа, якая прадугледжвае пераход да адзінай 11-гадовай агульнаадук. школы з сумесным навучаннем: пач. навучанне (1—5-ы кл.), няпоўнае сярэдняе (6—8-ы кл.), поўнае сярэдняе (9—11-ы кл.). У 1988/89 навуч.г. працавала 1350 школ (857 тыс. вучняў), у т. л. 344 сярэднія; у 28 прафес.-тэхн.навуч. установах навучалася 10,1 тыс.чал. (усе на дзярж. забеспячэнні, у т. л. школы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых); уВНУ — 17,4 тыс., за мяжой — больш за 43 тыс. студэнтаў. Буйнейшыя ВНУ: у Кабуле ун-т (з 1946), політэхн.ін-т (з 1967), мед. і пед. ін-ты (з 1985), Нангархарскі ун-ту Джалалабадзе (засн. ў 1962, працуе з 1978). У канцы 1980 — пач. 90-х г.нар. адукацыя была фактычна паралізавана. Пераход улады да ісламскага ўрада (1992) даў пачатак новаму этапу рэформаў адукац. сістэмы краіны. Буйнейшыя б-кі: публічная ў Кабуле пры Мін-ве асветы, універсітэцкія. Найб. вядомы музей археалогіі і этнаграфіі ў Кабуле; ёсць музеі ў Кандагары, Гераце, Мазары-Шарыфе, Газні. Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, навук. установах і т-вах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца некалькі газет, функцыянуюць нац.інфарм. агенцтва, дзярж. тэлерадыёкампанія.
Літаратура. Л-ра Афганістана развівалася на мовах пушту і дары, носьбіты якіх пуштуны і таджыкі. Л-ра на пушту абапіралася на фальклор. Вытокі літ. традыцыі на мове дары бяруць пачатак у класічнай перс.-тадж. паэзіі 10—14 ст., якая стала адзіным скарбам сучасных л-р Ірана, Таджыкістана і Афнаністана. Перс.л-ра развівалася гал.ч.у Гераце і Кабуле. У паэзіі, якая пераважала над прозай, дамінавалі традыц. формы, тэматыка і сімволіка. Класічны ўзор перс. прозы — Хроніка Байхані 11 ст. Складальнік анталогіі «Невядомы скарб» на мове пушту Мухамед Хатак (18 ст.) паасобныя вершы датаваў 8 ст., частку твораў — 13 ст. Першы твор з дакладным аўтарствам на пушту — «Добрая вестка» Баязіда Ансары (1525—85). Росквіт паэт. жанраў адносіцца да 17—18 ст. (Абдулхамід Моманд, Абдурахман Моманд, Ахмад-шах Дурані); найб. слынны прадстаўнік свецкай паэзіі — Хушхальхан Хатак; выдатны лірык Рахман Баба. Вызваленчая барацьба афг. народа ў 2-й пал. 19 ст. адлюстравана ў нар. паэзіі. З’явіліся цыклы гіст. паэм, песень, вершаў патрыят. зместу (Нур Сахіб, Нуруддзін). Тады ж узнікла проза на пушту (Мулаві Ахмад, Мір Ахмад Рызвані — стваральнік першай граматыкі пушту, Муншы Ахмад Джан). Аднак з канца 18 да пач. 20 ст. назіраецца заняпад л-ры, выкліканы агульным застоем эканам. і культ. жыцця краіны; мова пушту ўсё больш выцясняецца фарсі, якая стала літ. і дзярж. мовай. Прызнанне ў 1936 мовы пушту дзяржаўнай паскорыла развіццё на ёй л-ры. Асновы сучаснай л-ры закладзены на пач. 20 ст. младаафганцамі, прадстаўнікамі бурж.-рэфармісцкіх асв. колаў (Махмуд Тарзі). Пасля ўстанаўлення незалежнасці Афганістана (1919) л-ра паступова набыла грамадскае значэнне. Ідэі патрыятызму, служэння народу сталі лейтматывам творчасці Гуляма Мухіддзіна Афгана, Саліха Мухамеда. У паэзіі і прозе загучалі грамадз. матывы: барацьба з непісьменнасцю, за нац. годнасць, за волю народаў Усходу. Абнаўляецца і пашыраецца тэматыка, літ. мова збліжаецца з народнай; змяняюцца жанравы дыяпазон і творчы метад. Пісьменнікі і паэты 20 ст. (Абдурауф Бенава, Сулейман Лаік, Абдурахман Пажвак, Абдулхак Бетаб, Халілула Халілі і інш.) працуюць у жанрах сац. аповесці, быт. навелы, лірыка-філас. эсэ, рыфмаванай прозы. З 1978 афг.л-ра развіваецца ў Афганістане (пераважна ідэалагічны, рэв. кірунак) і ў эміграцыі.
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. Збудаванні з гліны-сырцу (паселішча Мундыгак), наскальныя выявы (у Бадахшане), размаляваная кераміка вядомы тут у 4-м тыс. да нашай эры. Мастацтва перыяду Грэка-Бактрыйскага царства (250—140 да нашай эры) склалася пад уплывам элінізму (Ай-Ханум). Да эпохі Кушанскага царства (1—4 ст., калі ў Афганістане быў пашыраны будызм), адносяцца творы скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва з раскопак Хады, Баграма, Фундукістана і інш. Захаваліся помнікі будыйскага дойлідства 1—8 ст. (манастыры каля Балха, Кундуза, у Хадзе; пячорны манастыр у даліне р. Баміян, у размалёўках і стукавым дэкоры якога прыкметны ўплыў мастацтва Індыі і Ірана). Пасля араб. заваявання (7—9 ст.) і пашырэння ісламу мастацтва Афганістана развівалася ў рэчышчы культуры мусульм. краін. Сярэдневяковае мастацтва звязана з традыцыямі Сярэдняй Азіі, Ірана, Індыі (мячэць Ну-Гумбед у Балху, 10 ст.; палацавы комплекс Лашкары-Базар у Бусце, 11—12 ст.; мемарыяльныя вежы Масула III і Бахрамшаха ў Газні, 12 ст.; мінарэт каля с. Джам, 1153—1202; Саборная мячэць, 14—15 ст.; маўзалей Гаўхаршад і мінарэты Мусала ў Гераце, 1417—38). Найб. значная маст. школа склалася ў Гераце (гл.Герацкая школа), з якой звязана творчасць К.Бехзада, яго вучня Касім Алі (15—16 ст.) і інш. З 15 ст. развіты мініяцюрны жывапіс (іл. да «Шахнаме» Фірдаўсі, «Хамсе» Нізамі, «Бустан» Саадзі). На пач. 16 ст. вядучая роля ў маст. жыцці Афганістана перайшла да Кабула. З сярэдзіны 18 ст. значнае буд-ва вялося ў Кандагары (маўзалей Ахмад-шаха Дурані). Нар. архітэктура 18—20 ст. блізкая да сярэднеазіяцкай: вакол адкрытага двара размяшчаюцца будынкі з плоскім земляным дахам, упрыгожаныя разьбой па дрэве і размалёўкай. Існуе і купальны тып будынкаў (маўзалей Мухамед Надзіршаха каля Кабула). У сучаснай архітэктуры спалучаюцца шкло, бетон і традыц. матэрыялы (калона Абідаі Майванд у Кабуле з дэкорам з блакітнай кафлі і чорнага мармуру, арх. І.Серадж). Увыяўл. мастацтве важную ролю адыгралі Школа выяўл. і прыкладнога мастацтва і рамёстваў (1921), творчасць жывапісцаў (Гулям Мухамедхан, А.Брэшна, Гаўсуддзін, Х.Ітымадзі), скульптараў (М.Хайдар, М.Рэза Кандагары), графікаў. Маст. рамёствы (ткацтва дываноў, кераміка, апрацоўка металу) захавалі традыцыі стараж.дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Музыка Афганістана развівалася ва ўзаемадзеянні з нар.муз. культурай Індыі, Ірана і краін Сярэдняй Азіі. Пераважаюць 2 узаемазвязаныя традыцыі — народаў дары і пушту, засн. на тэорыі і практыцы макама. У песенным фальклоры пуштунаў вылучаюцца жанры ландый (часцей лірычнага характару), німакый, багатый, нара. Развіта танц. мастацтва, у т. л. пуштунскі атан (карагод) і інш. Сярод песенных жанраў пераважаюць лірычныя, засн. на тэкстах паэтаў-класікаў, — газель, чарбайта, кісэ, дастаны. Сярод інструментаў пуштунаў: струнна-шчыпковыя — рубаб афганскі, сарод, сітара (разнавіднасць танбура); духавы — сурнай; ударныя — дол, зірбагалі. З інструментаў інш. народаў Афганістана: струнна-шчыпковыя — танбур, дутар; струнна-смычковы — гіджак; ударны — дойра і інш. Развіццё сучаснай музыкі звязана з імёнамі Касіма Афгана, Гулама Хусейна, Абдулгафура Брэшна, Мухамеда Хусейна Сараханга і інш.
Тэатр. З даўніх часоў у Афганістане вял. папулярнасцю карысталіся вандроўныя камедыянты. Прафес.т-р створаны ў 1919 (у канцы 1920-х г. закрыты). У 1930-я г. ў гарадах узніклі перасоўныя тэатр. трупы, на аснове якіх у канцы 1940-х г. створаны пастаянныя драм. калектывы «Пахыні нындарэ» (кіраўнік Р.Латыфі), «Ды Кабул нындарэ» (кіраўнік М.А.Раунак). Каб падтрымаць нац.т-р і паспрыяць развіццю драматургіі, у 1941 створана Упраўленне нар. відовішчаў. У рэпертуары т-раў п’есы нац. і замежных аўтараў. У 1956 у Кабуле заснавана тэатр. школа.
Кіно. Нац. кінавытворчасць зарадзілася ў 1960-я г., калі афг. дзеячы кіно з удзелам інд. кінематаграфістаў стварылі фільм «Падобна арлу» (1963, рэж. Ф.М.Хаерзадэ). У 1968 засн. кінастудыя «Афганфільм», дзе напачатку здымаліся дакумент. фільмы. У 1970 пастаўлены маст. фільм «Фаварыт» — пра барацьбу паліцыі з гандлярамі наркотыкамі. У 1970-я — пач. 80-х г. здымаліся хроніка, дакумент. і маст. фільмы. У 1981 створаны Саюз кінематаграфістаў Афганістана.
Герб і сцяг Афганістана.Да арт.Афганістан. Арашальныя землі ў горнай даліне Баміян у Гіндукушы.Да арт.Афганістан. Гандаль жывёлай каля сцен старажытнай крэпасці Газні.Да арт.Афганістан. Пласцінка з Баграма. Слановая косць. 1—5 ст.Да арт.Афганістан. Рэшткі сярэдневяковага горада ў даліне р. Баміян.Да арт.Афганістан. Вежа Масуда III у Газні. 11—12 ст.Да арт.Афганістан. Мінарэт каля сяла Джам. 1153—1202.Да арт.Афганістан. Мініяцюра «Султан адпачывае». Герат. 15 ст.Да арт.Афганістан. К.Бехзад. Партрэт Шэйбані-хана. Мініяцюра. Каля 1507.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСТАЕ́УСКІ Фёдар Міхайлавіч (11.11.1821, Масква — 9.2.1881),
рус. пісьменнік. Род Д. бел. паходжання; у 1506 яго продкі атрымалі грамату на в. Дастоева (Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл.). Скончыў Пецярбургскае ваенна-інж. вучылішча (1843). Дэбютаваў перакладам рамана А.Бальзака «Яўгенія Грандэ» (1844). Першы раман «Бедныя людзі» (1846) паставіў Д. ў шэраг вядомых прадстаўнікоў натуральнай школы. У 2-й пал. 1840-х г. захапляўся ідэямі сацыялістаў-утапістаў. За ўдзел у гуртку М.Петрашэўскага прыгавораны (1849) да пакарання смерцю, замененага катаргай (адбываў у Омску, 18 50—54), потым праходзіў салдатчыну. На катарзе перажыў духоўны крызіс: страціў веру ў мажлівасць перабудовы грамадства рэв. шляхам. У той жа час абвастрыліся яго ўспрыманне чалавечых пакут і трывога за лёс чалавецтва. З 1859 жыў у Пецярбургу. Напісаў і выдаў творы «Дзядзечкаў сон», «Сяло Сцяпанчыкава і яго жыхары» (абодва 1859), «Прыніжаныя і зняважаныя» (1861). У «Запісках з Мёртвага дома» (1861—62) паказаў жахі катаргі. З братам Міхаілам выдаў час. «Время» (1861—63) і «Эпоха» (1864—65), у якіх прапагандаваў ідэі т.зв. почвеніцтва. У 1863 напісаў аповесць «Запіскі з падполля», якія сталі вяхой на шляху распрацоўкі ім філас. рамана. Раманы «Злачынства і кара», «Гулец» (абодва 1866), «Ідыёт» (1868), «Падлетак» (1875), «Браты Карамазавы» (1879—80) адлюстравалі глыбокія супярэчнасці рас. рэчаіснасці і грамадскай думкі ў эпоху вял.сац. зрухаў у Расіі і Зах. Еўропе. У іх Д. выказаў бязмернасць пакут абяздоленага чалавека. Свет чалавечых пакут — аснова ўсёй рэаліст. творчасці пісьменніка. Пафас яго твораў — барацьба супраць арэчаўлення чалавека, нівеліроўкі і абясцэньвання асобы ва ўмовах капіталізму. Самыя вострыя праблемы часу Д. пераносіў у раманы, як у «лабараторныя» ўмовы, каб паказаць іх магчымы кірунак і вынік у маштабах усяго чалавецтва. Герой Д. — чалавек ідэі, непаўторнага светаўспрымання. Свядомасць гал. герояў Д. — арэна барацьбы пунктаў погляду. Звычайна героі яго твораў паказваюцца ў моманты крызісу, пералому, калі ідэя авалодвае глыбінямі іх натуры, пераходзіць у моцнае пачуццё. У паказе здзеку з чалавечай годнасці, у перадачы самых тонкіх перажыванняў Д. дасягае незвычайных маст. вышынь. У рамане «Злачынства і кара» ён выкрыў бурж. індывідуалізм, паказаў заганнасць, антычалавечнасць тэорыі «права моцнага», «права на праліццё крыві». У ім гранічная напружанасць думкі і філас.-псіхал. дыялогу. Дыялог у творах Д. разгортваецца як споведзь герояў. У рамане «Ідыёт» высакародны чалавек сутыкаецца з бесчалавечным грамадствам, раскрываецца яго трагічнае бяссілле перад амаралізмам і прагаю грошай. Вельмі моцна гучыць заўсёднае імкненне пісьменніка зберагчы веру ў чалавека, знайсці і ўвасобіць свой ідэал. Адначасова пісьменнік ідэалізаваў пакорлівасць і ўзвышаныя пакуты чалавека, праводзіў ідэю маральнага самаўдасканалення на рэліг. аснове. Самы супярэчлівы твор Д. раман «Д’яблы» (1871—72). Гэта ў нейкай ступені памфлет на рус.рэв. дэмакратыю, якую ён беспадстаўна атаясамліваў з бурж. індывідуалізмам. Разам з тым у творы ёсць і больш значны, глыбокі ідэйна-маст. змест, які робіць яго сугучным нашым сённяшнім адносінам да разбуральнага, цалкам амаральнага экстрэмізму. Раман «Падлетак» — пра драпежніцтва і маральны распад буржуазіі. Вяршыняй філас., сац. і псіхал. пошукаў пісьменніка з’яўляецца яго апошні раман «Браты Карамазавы». У ім адбіўся жах аўтара перад звярыным у чалавеку, перад яго разбэшчанасцю і эгаізмам, абвастрылася пакутлівае хістанне пісьменніка паміж ідэалізацыяй пакорлівасці і бунтам супраць яе. Д. стварыў новы тып рамана, блізкага да трагічнага тэатра. Ён выявіў важныя тэндэнцыі грамадскага развіцця, паставіў праблемы сусв. значнасці. Многія яго творы экранізуюцца і інсцэніруюцца.
Творы Д. зрабілі велізарны ўплыў на рус., бел. і сусв. л-ру. М.Гарэцкі (драма «Антон» і інш.), шукаючы адказы на шмат якія праблемы нац. характару, апіраўся і на маст.-псіхал. адкрыцці аўтара «Братоў Карамазавых». Бел. раман, які рабіўся ўсё больш псіхалагічным і аналітычным (творчасць К.Чорнага), вельмі плённа выкарыстоўваў вопыт Д. Прыкметныя сляды вучобы ў Д. ў творах М.Зарэцкага («Сцежкі-дарожкі» і інш.). Убел. перакладзе выйшлі раман Д. «Бедныя людзі» (1930, пер. Я.Плашчынскі), аповесці «Белыя ночы» і апавяданне «Палзункоў» (1971, пер. Л.Салавей). Першыя пастаноўкі твораў Д. на Беларусі адбыліся ў пач. 20 ст. Аматарскімі і прафес. калектывамі ставіліся спектаклі паводле раманаў Д. «Ідыёт» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; Т-варус. драмы, 1921; Бел.тэатр.-маст.ін-т, 1970), «Прыніжаныя і зняважаныя» (тэатр імя Я.Коласа, 1957, 1973), «Злачынства і кара» (Мінскае т-ва аматараў прыгожых мастацтваў, 1903; тэатр імя Я.Коласа, 1962), «Дзядзечкаў сон» (тэатр імя Я.Купалы, 1978). Ув. Дастоева працуе літ.-краязнаўчы музей Д.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—30. Л., 1972—90.
Літ.:
Бахтин М.М. Проблемы поэтики Достоевского. 4 изд. М., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУКТЫВІ́ЗМ (ад лац. constructio пабудова),
кірунак уеўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.
Узнік у 1920 усав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.Габа і А.Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.Папова і В.Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. Утэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.Таірава, У.Меерхольда, С.Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.Весніна і інш.). У музыцы ўзнік упач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.Дзешавова, балет «Стальны скок» С.Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.Шастаковіча, «Жалобная ода» А.Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф.арк. А.Анегера і інш.Усав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.Зялінскім, І.Сельвінскім і А.Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн.эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.Агапаў, А.Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».
На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш.У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв.функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.Гінзбург, І.Голасаў (гл.Голасавы), К.Мельнікаў і інш.
У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш. На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г.у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.Гальц, М.Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.Васільеў) і інш.
Літ.:
Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг.М., 1970;
Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;
Да арт.Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.Валадзько. 1934.