ПОЛІФАНІ́Я (ад полі... + грэч. phōnē гук),

1) від шматгалосся, заснаваны на сумесным гучанні кантрастных меладычна развітых галасоў. У шырокім сэнсе супадае з паняццем кантрапункта. У залежнасці ад мелодыка-інтанацыйных суадносін галасоў падзяляецца на 3 віды. Сутнасць імітацыйнай П. (гл. Імітацыя) у паслядоўным выкладанні адной і той жа мелодыі рознымі галасамі. Была пашырана ў еўрап. прафес. музыцы, спарадзіла шэраг поліфанічных форм, найвыш. з якіх — фуга. Падгалосачная П., у аснове якой ляжыць адначасовае спалучэнне варыянтаў адной і той жа мелодыі, уласціва нар.-песеннай культуры ўсх.-слав. народаў. На Беларусі мае спецыфічную форму спеваў з падводкай. Трэці від П. заснаваны на сумесным гучанні розных мелодый. Вядомы з сярэдніх вякоў (напр., у франц. матэце 12—14 ст. ў адным голасе гучаў царк. напеў, у той жа час у інш. — нар. песні). У музыцы 19—20 ст. сустракаецца эпізадычна пры сюжэтна ці сэнсава абумоўленым сумяшчэнні мелодый, якія раней выконваліся паасобку (лейтматываў у оперы, асн. тэм у кодзе сімф. твора і інш.). Побач з цалкам поліфанічнымі творамі (фуга, канон, інвенцыя, пасакалля, некат. нар. песні і інш.) ёсць і такія, дзе П. ўласціва асобнай частцы (напр., фінал 4-й сімфоніі І.​Брамса і павольная ч. 8-й сімфоніі Дз.​Шастаковіча з’яўляюцца пасакаллямі, 2-я ч. кантаты А.​Багатырова «50 гадоў» — фугай) ці эпізоду (фугата ў распрацоўках многіх сімфоній і інш.). Поліфанічнымі прыёмамі (імітацыйнымі, падгалосачнымі) шырока карыстаюцца і ў творах, дзе пераважае гамафонны прынцып (гл. Гамафонія).

2) Навука; адзін з гал. раздзелаў тэорыі музыкі. Як навук. дысцыпліна ўваходзіць у сістэму муз. адукацыі.

Літ.:

Скребков С.С. Учебник полифонии. 3 изд. М., 1965;

Дмитриев А.Н. Полифония как фактор формообразования. Л., 1962;

Протопопов В.В. История долифонии в ее важнейших явлениях. [Т. 1—2]. М., 1962—65.

А.​А.​Саламаха.

т. 12, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л Януш (2.12.1612, мяст. Попель Вільнюскага пав., Літва — 31.12.1655),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын К.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Вызнаваў кальвінізм. Вучыўся ў кальвінісцкай Слуцкай гімназіі, Лейпцыгскім, Альдорфскім і Лейдэнскім ун-тах. У 1633—46 падкаморы ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 удзельнічаў у баях за Смаленск. З 1646 польны гетман ВКЛ, адначасова ў 1647—53 генеральны староста Жамойці. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 са студз. 1649 узначальваў войска ВКЛ па задушэнні паўстанняў на Беларусі: у студз.—лют. 1649 узяў Тураў, Мазыр (гл. Мазырскае паўстанне 1649), схіляў мяшчан Бабруйска здаць горад (гл. Бабруйска абарона 1649); у ліп. 1649 заняў Рэчыцу, атрымаў перамогі ў Лоеўскай бітве 1649 і Лоеўскай бітве 1651, 4.8.1651 заняў Кіеў. У сак. 1652 з-за рознагалосся з каралём Р. упершыню ў гісторыі Рэчы Паспалітай сарваў сейм, даручыўшы сваім прыхільнікам выкарыстаць права ліберум вета. З 1653 віленскі ваявода, з 1654 — вялікі гетман ВКЛ. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Р. 12.8.1654 перамог пад Шкловам армію Я.​Чаркаскага, а 24.8.1654, акружаны пад Шапялевічамі, пацярпеў паражэнне ад арміі А.​М.​Трубяцкога, сам быў паранены. У студз. 1655 спрабаваў адбіць Магілёў. Пасля заняцця рас. войскам улетку 1655 б.ч. Беларусі, а таксама Вільні і Коўна, стаў ініцыятарам заключэння Кейданскага дагавора 1655. Аднак напярэдадні падпісання дагавора значная частка яго войска адышла да мяжы з Прусіяй і ўтварыла ў Вярболаве канфедэрацыю прыхільнікаў уніі з Польшчай і караля Яна Казіміра. Супраць іх у ліст. 1655 Р. з невял. сваім войскам і шведскімі атрадамі рушыў у паход на Падляшша. Заняў г. Тыкоцін, дзе раптоўна памёр (існуе версія, што быў атручаны).

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

Я.Радзівіл. Карціна Б. Стробеля. Каля 1634.

т. 13, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́МІЧЫ,

усходнеславянская этнічная супольнасць. Жылі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны, па цячэнні Сажа і яго прытоках. Паводле летапісу, назва паходзіць ад імя Радзім. Папярэднікамі Р. у Пасожжы былі носьбіты калочынскай культуры. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, рамёствамі, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам, прадзеннем і ткацтвам. Пахавальны абрад: трупаспаленне (8—10 ст.) і трупапалажэнне на гарызонце, у падкурганнай яме (з канца 10 да пач. 12 ст.). Сярод пахавальнага інвентару шмат упрыгожанняў, прадметаў побыту, радзей сустракаюцца прылады працы. Характэрныя племянныя адзнакі Р. — бронзавыя або сярэбраныя скроневыя кольцы (7-прамянёвыя і 7-лапчастыя), біэліпсоідныя, язычковыя, пятлістыя, гронкавыя падвескі, пласціністыя грыўні. У пахаваннях знойдзены манеты (дырхемы, срэбранікі, брактэаты), якія выкарыстоўваліся як падвескі ў маністах. У канцы 1-га тыс. Р. знаходзіліся на ступені фарміравання класавых адносін, узначальваліся князямі і старэйшынамі. У 885 кіеўскі кн. Алег вызваліў Р. ад залежнасці хазараў і абклаў іх сваёй данінай. У 907 у складзе яго войска Р. ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю. У пач. 970-х г. выйшлі з-пад улады кіеўскіх князёў, у 984 былі разбіты на р. Пяшчань (ці каля Слаўгарада ці каля Гомеля) ваяводам кн. Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом і іх землі замацаваліся ў складзе Кіеўскай Русі. З 11 ст. тэр. Р. у Чарнігаўскім княстве, з пач. 12 — яе паўн. частка пад уладай Смаленска. Да 12 ст. адносяцца пісьмовыя звесткі пра гарады на зямлі Р. — Крэчуг (1136, сучасны Крычаў), Прапошаск ці Прупой (1136; цяпер Слаўгарад), Гомій (1142, Гомель), Рагачоў (1142), Чычэрск (1159, Чачэрск). Апошняе ўпамінанне Р. у летапісе пад 1169. Найб. даследаваныя археал. помнікі — курганныя могільнікі Абідавічы, Ветачка, Вішанька, Гадзілавічы, Каласы, Мадора, Нісімкавічы, Ходасавічы, Шапчыцы, Юдзічы, Эсьмоны і інш.

Літ.:

Соловьева Г.Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н.э. (вятичи, радимичи. северяне) // Сов. археология. 1956. № 25.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 13, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ НАРО́ДНАЯ А́РМІЯ (РВНА),

вайсковае фарміраванне з б. грамадзян СССР, арганізаванае ў канцы 1941 ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. Асновай РВНА сталі атрад нар. міліцыі ў пас. Локаць Брасаўскага р-на Арлоўскай вобл. (Расія) і групы мясц. самааховы ў навакольных вёсках пад кіраўніцтвам К.​П.​Васкабойніка (кіраўнік адміністрацыі аўт. раёна, створанага ў тыле 2-й танк. арміі вермахта). Пасля гібелі Васкабойніка фарміраванне ўзначаліў інж. Б.​В.​Камінскі, які разгарнуў актыўную дзейнасць супраць партызан. Пасля рэарганізацыі гітлераўцамі аўт. раёна ў павет, потым у акругу з насельніцтвам каля 600 тыс. чал. Камінскі ў выніку мабілізацыі скамплектаваў брыгаду колькасцю да 12 тыс. байцоў і назваў яе РВНА. Падраздзяленні РВНА ваявалі супраць партызан, неслі ахоўную службу. У 1-й пал. 1943 часці Чырв. Арміі нанеслі РВНА шэраг паражэнняў. У жн. 1943 з дазволу ням. камандавання Камінскі пачаў эвакуацыю РВНА і цывільнага насельніцтва акругі (эвакуіравана каля 30 тыс. чал.) у раён г. Лепель. Аднак у выніку масавага дэзерцірства і пераходу байцоў і жыхароў акругі на бок сав. партызан колькасць РВНА скарацілася больш чым на ​2/3. Брыгада, папоўненая мясц. паліцэйскімі, абараняла тылавыя камунікацыі 3-й танк. арміі вермахта, па якіх наносілі ўдары партыз. брыгады Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. У пач. 1944 РВНА разам з бежанцамі пераведзена ў г. Дзятлава Гродзенскай вобл. У крас.—маі 1944 два палкі брыгады ўдзельнічалі ў антыпартыз. аперацыях «Лівень» і «Веснавое свята», у час якіх яны былі ўключаны ў склад баявой групы К. фон Готберга як «штурмавая брыгада РВНА». Потым РВНА разгорнута ў 29-ю грэнадзёрскую дывізію СС. У жн. 1944 асн. сілы дывізіі ўдзельнічалі ў задушэнні Варшаўскага паўстання, дзе панеслі вял. страты. Вызначыліся рабаўніцтвам мясц. жыхароў і марадзёрствам. Камінскі асуджаны ваен.-палявым судом СС і расстраляны. У кастр. 1944 рэшткі дывізіі раззброены і адпраўлены ў Мюнзінген (Германія), дзе ўвайшлі ў склад 1-й дывізіі Рускай вызваленчай арміі ген. А.А.Уласава.

С.​У.​Жумар.

т. 13, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін з буйнейшых ун-таў Расіі, навук. цэнтр. Засн. ў 1819 у Пецярбургу на базе Гал. пед. ін-та. Адкрыты ў 1820. Меў 3 ф-ты: гіст.-філал., філас.-юрыд., фіз.-матэматычны. У 1854 адкрыты ф-т усходніх моў, у 1-й пал. 19 ст. — кафедры валашскай, арм., груз., тат. і інш. моў. У 1956 ва ун-т (на правах ф-та) увайшоў Першы ленінградскі пед. ін-т замежных моў (з 1938). З 1970-х г. ун-т працуе як сістэма двух навучальна-навук. комплексаў — у С.-Пецярбургу і Петрадварцы. У 1994/95 навуч. г. ва ун-це больш за 17 тыс. студэнтаў, больш за 4 тыс. выкладчыкаў; ф-ты: геал., эканам., юрыд., філал., усх., гіст., філас., псіхалогіі, фіз., механіка-матэм., прыкладной матэматыкі, геаграфіі і геаэкалогіі, хім., біял.-глебавы, журналістыкі, менеджменту, міжнар. адносін. Аспірантура. У складзе ун-та каля 200 кафедраў, 10 НДІ, каля 200 н.-д. лабараторый і станцый, абсерваторыя; 2 музеі, навук. б-ка (больш за 6 млн. уліковых адзінак), выд-ва. Пры ун-це працуюць Цэнтр рус. мовы, ін-ты павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх спец. і прафес.-тэхн. устаноў, вышэйшыя пед. курсы, акад. гімназія, школы-інтэрнаты фіз.-матэм. і біял.-хім. профілю. Выдае «Вестник» (з 1946, з 1956 — у 6 серыях).

У розны час у С.-П.у. працавалі АМ.Бекетаў (рэктар у 1876—83), А.​М.​Бутлераў, Э.​Х.​Ленц, Дз.​І.​Мендзялееў, А.​С.​Папоў, І.​М.​Сечанаў, А.​А.​Шахматаў; вучыліся І.​Я.​Білібін, А.​А.​Блок, А.​К.​Глазуноў, М.​І.​Глінка, І.​І.​Мечнікаў, М.​М.​Міклуха-Маклай, І.​П.​Паўлаў, Дз.​І.​Пісараў, Я.​Райніс, І.​С.​Тургенеў, М.​А.​Урубель, М.​Г.​Чарнышэўскі, К.​А.​Ціміразеў і інш.

Літ.:

275 лет. Санкт-Петербургский государственный университет: Летопись 1724—1999. СПб., 1999.

т. 14, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. selecto адбор),

навука і комплекс практычных мерапрыемстваў па стварэнні і паляпшэнні парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў; адна з форм эвалюцыі жывых арганізмаў. Падпарадкоўваецца тым жа законам, што і эвалюцыя відаў у прыродзе, але натуральны адбор заменены штучным адборам. Тэарэт. аснова С. — генетыка. Асн. метады — адбор лепшых фенатыпаў (масавы адбор) або лепшых генатыпаў (індывідуальны адбор), гібрыдызацыя з выкарыстаннем гетэрозісу і цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці, поліплаідыя, мутагенез і інш. Этапы селекцыйнага працэсу: абгрунтаванне мэт і задач, стварэнне ці падбор зыходнага матэрыялу, распрацоўка схемы, правядзенне селекцыйных мерапрыемстваў, сорта- ці пародавыпрабаванне. С. праводзяць па якасці (смак, знешні выгляд, лёжкасць пладоў, колькасць бялкоў і амінакіслот у зерні, тлушчамалочнасць і інш.); устойлівасць да хвароб, шкоднікаў і неспрыяльных умоў асяроддзя; урадлівасць у раслін, плоднасць і прадукцыйнасць у жывёл і інш.

Несвядомы адбор «на племя» ўзнік у часы прымітыўнага земляробства, у выніку якога створаны шматлікія стараж., «мясц.» пароды і сарты. У выніку свядомай масавай С. некалькі стагоддзяў назад узніклі вядомыя сарты пшаніцы (Крымка, Белатурка, Палтаўка), сланечніку (Зялёнка, Фуксінка), лёну (Смаленскі, Пскоўскі), канюшыны (Пермскі), яблыні (Антонаўка, Грушаўка), пароды авечак (каракульская і раманаўская), коней (арабская, ахалтэкінская), буйн. раг. жывёлы (малочныя яраслаўская і халмагорская, шэрая ўкраінская) і інш. У канцы 18 — пач. 19 ст. ўзнікла т.зв. прамысл. С. У Вялікабрытаніі створаны селекцыйныя гадавальнікі, арганізавана племянная жывёлагадоўля, заведзены племянныя кнігі. Праводзіліся працы па стварэнні лейстэрскай пароды авечак, шортгорнскай пароды буйн. раг. жывёлы. Сталі вядомы сарты пшаніцы англ. селекцыянераў П.​Шырэфа, Ф.​Галета, ням. В.​Рымпаў і інш. Узнікненне навук. С. звязана з эвалюцыйным вучэннем Ч.​Дарвіна (гл. Дарвінізм). Высновай для распрацоўкі тэорыі С. з’явіліся працы дацкага генетыка В.​Іагансена, швед. селекцыянера Г.​Нільсана-Эле; па хім. і радыяцыйным мутагенезе — сав. генетыкаў У.​У.​Сахарава, М.​М.​Мейселя, англ. Ш.​Аўэрбаха; па эвалюц. генетыцы — сав. вучонага С.​С.​Чацверыкова, амер. С.​Райта, англ. Дж.Б.​С.​Холдэйна. Гл. таксама Селекцыя раслін.

т. 14, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЁК у гідралогіі,

працэс сцякання дажджавых і расталых вод у вадаёмы і паніжэнні рэльефу на зямной паверхні і ў тоўшчы зямной кары; частка кругавароту вады ў прыродзе. Адрозніваюць С. паверхневы (схілавы, рэчышчавы) і падземны (з грунтавых вод, глебавых вод і напорных вод; гл. Падземныя воды). Большасць вады падземнага С. пераходзіць у паверхневы (рэчышчавы), калі ваданосны гарызонт ускрываецца ракой ці выходзіць у крыніцах. У асобных выпадках у перыяд веснавога разводдзя, ва ўмовах карсту ці пры ўзроўні падземных вод ніжэй за ўзровень вады ў рацэ ч. паверхневага С. пераходзіць у падземны. Велічыня і рэжым С. залежаць ад воднага балансу вадазбору (ападкаў, выпарэння), характару рэльефу і геал. будовы, глебавага і расл. покрыва. С. уплывае на фарміраванне рэльефу, геахім. працэсы ў зямной кары, развіццё глебавага покрыва, размеркаванне расліннасці і інш.; вызначае эрозію, прыродны дрэнаж і арашэнне, перанос і адкладанне прадуктаў дэнудацыі. У працэсе С. вада насычаецца рознымі біягеннымі рэчывамі, адбываецца С. наносаў, раствораных і біягенных рэчываў, якія вызначаюць якасць вады.

Характэрная асаблівасць С. — яго зменлівасць у прасторы і часе. Ва ўнутрыгадавым ходзе С. вылучаюць разводдзе, паводкі, межань (летнюю і зімовую). Адносна раўнамерны на працягу года С. наз. зарэгуляваным. Пры ацэнцы водных рэсурсаў пэўнай тэрыторыі вылучаюць мясц. С., які фарміруецца ў межах аднароднага фіз.-геагр. раёна, і транзітны, які паступае ў раён з інш. тэрыторый. Велічыню С. характарызуюць аб’ёмам вады за адзінку часу (м³/с, км³/год), таўшчынёй слоя вады, раўнамерна размеркаванага па плошчы (мм), модулем сцёку (л/с км²), каэфіцыентам (у долях адзінкі). Вынікі даследавання фарміравання С. і яго характарыстык выкарыстоўваюцца пры гідралагічных разліках і складанні гідралагічных прагнозаў. С. падлічваецца на аснове назіранняў гідралагічных пастоў. Сумарны гадавы С. рэк Зямлі ў акіян складае 4210 км³. На Беларусі сярэдняя велічыня рачнога С. 57,9 км³/год, у т. л. ў межах рэспублікі (мясц. С.) 34 км³/год.

т. 15, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЮЖЭ́Т (ад франц. sujet прадмет),

у літаратуры — сістэма дзеяння ў творы. Вызначаецца канфліктам, які з’яўляецца рухавіком дзеяння. Цесна звязаны з кампазіцыяй. Дзеянне твора праяўляе сябе ў знешніх і ўнутр. сувязях герояў з жыццём. Знешнія сувязі (ствараюцца ўчынкамі, размовамі-дыялогамі персанажаў) матэрыялізуюць дзеянне і, па сутнасці, з’яўляюцца адзіным чыннікам С. ў творах драм. жанраў. Унутр. сувязі (у драме вынікаюць са знешніх) выяўляюцца найб. у падтэксце. У драм. творах С. звычайна вельмі выразны, вонкава актыўны, фабульны (Фабула — частка С.). Для С. эпічных твораў характэрна спалучэнне знешніх (фабульных) і ўнутр. (псіхалагічных) сувязей. У іх пераважае адзін пэўны тып С., што дыктуецца індывід. аўтарскім стылем. Нават у творах аднаго пісьменніка-эпіка розныя ідэйна-эстэт. задачы, матэрыял, манера пісьма вызначаюць розны характар сюжэтных сувязей. Своеасаблівасць С. тлумачыцца і інтэнсіўнасцю дзеяння. У лірыцы С. ствараецца плынню перажыванняў, настрояў лірычнага героя; яго своеасаблівасць залежыць ад характару і сілы лірычнага перажывання, дыктуецца светаадчуваннем аўтара.

У С. функцыянуюць усе элементы зместу твора, у т. л. прадметныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі і інш. кампаненты, што выглядаюць статычнымі паводле матэрыялу. Сюжэтна функцыянальныя розныя ўстаўныя элементы (паданні, казкі. прытчы), назва твора, эпіграф, часта прысвячэнне — кампаненты, якія ўскосна, асацыятыўна падключаны да дзеяння ў творы. Пазасюжэтныя элементы — апісанні, што маюць толькі факталагічнае, інфармацыйна-пазначальнае значэнне і становяцца такім чынам бязвобразнымі ў маст. сістэме твора. Некат. літ.-знаўцы разглядаюць С. як сістэму знешняга дзеяння ў творы.

У выяўленчым мастацтве — падзея ці сітуацыя, адлюстраваная ў творы фігуратыўнага мастацтва і часта пазначаная ў яго назве. У адрозненне ад тэмы ўяўляе сабой канкрэтнае, дэталёвае, вобразна-апавядальнае раскрыццё маст. ідэі. Асаблівая складанасць С. характэрна для твораў быт. і гіст. жанраў.

Літ.:

Кожинов В. Сюжет, фабула, композиция // Теория литературы: Основные пробл. в ист. освещении. М., 1964;

Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар. Мн., 1981.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура).

т. 15, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЯ АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКОЛА,

асноўны тып установы адукацыі, які забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.

На фарміраванне еўрап. С.а.ш. паўплывала ант. традыцыя (гл. Класічная адукацыя), што абумовіла перавагу гуманітарных ведаў у змесце адукацыі і вызначыла назву школы — гімназія (у Еўропе пашырана з 16 ст.). Развіццё індустр. грамадства садзейнічала ўзнікненню ў 18 ст. новага тыпу С.а.ш. — рэальных навучальных устаноў, дае пераважала вывучэнне прыродазнаўчых. дакладных і прыкладных навук, новых моў. Гэтыя тыпы С.а.ш. з рознымі варыянтамі інтэграцыі захаваліся ў большасці еўрап. краін і ў наш час.

На Беларусі пасля 1918 устаноўлены адзіны тып 9-гадовай дзярж., прац. політэхн. школы. У 1932 адбыўся пераход да 10-гадовай політэхн. С.а.ш. У 2-й пал. 1950-х г. у С.а.ш. ўведзены элементы вытв. навучання, у 1959 яна пераўтворана ў прац. політэхн. с.а.ш. з вытв. навучаннем (тэрмін навучання 11 гадоў). У 1966 С.а.ш. зноў стала 10-гадовай. У 1984 здзейснены пераход да 11-гадовай агульнаадук. школы. У канцы 1980—пач. 1990-х г. з’явіліся гімназіі ліцэі. З 1998 пачалася рэформа С.а.ш. У межах яе рэалізацыі ўведзены абавязковая 10-гадовая і 12-гадовая агульная сярэдняя адукацыя. Структура С.а.ш. ўключае: 4-гадовую пач. адукацыю (падрыхтоўчы, 1—3-і класы; дзеці ад 6 да 10 гадоў), 6-гадовую базавую (4—9-ы класы; з 10 да 16 гадоў) і агульную сярэднюю адукацыю на базе ліцэйскіх класаў (10—11-ы класы; 17—18 гадоў). Удасканаленне зместу адукацыі ў С.а.ш. накіравана на забеспячэнне гарманічнага развіцця асобы, авалоданне ёю асновамі нац. і сусв. культуры, падрыхтоўку да самаст. жыцця. Для гэтага ўкараняюцца новыя адукац. тэхналогіі. У 2001/02 навуч. г. ў Рэспубліцы Беларусь было 2770 дзённых С.а.ш. (больш за 1,26 млн. вучняў) і 86 вячэрніх зменных (каля 23,4 тыс. навучэнцаў). Гл. таксама Сярэдняя адукацыя.

М.​І.​Ліс.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР СВЯТАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Васіль; ?—1015),

вялікі князь кіеўскі [980—1015]. Пазашлюбны сын вял. кіеўскага кн. Святаслава Ігаравіча і ключніцы-рабыні Малушы Любячанкі. З 969 князь-намеснік у Ноўгарадзе. У час жорсткіх усобіц пасля смерці Святаслава (972) уцёк у Скандынавію, адкуль вярнуўся з атрадам варагаў у Ноўгарад і выгнаў свайго брата Яраполка Святаславіча. Каля 980 рушыў на Кіеў. Па дарозе захапіў Полацк, забіў там кн. Рагвалода, яго жонку і сыноў, а князёўну Рагнеду Рагвалодаўну гвалтам зрабіў сваёй жонкай. Пасля захапіў Кіеў і забіў Яраполка. Адваяваў у Польшчы Чэрвенска-Перамышльскую зямлю (981), рабіў паходы на вяцічаў (981—982), яцвягаў (983), радзімічаў (984). Пашырыў і ўмацаваў межы Кіеўскай Русі, у т. л. заснаваў для абароны ад печанегаў і інш. качэўнікаў гарады-крэпасці па рэках Трубеж, Сула, Стугна, Асётр, Дзясна. Каб умацаваць сваю ўладу, рэфармаваў язычніцкі культ і стварыў пантэон гал. багоў на чале з Перуном. За дапамогу ў задушэнні паўстання на тэр. Візантыі (987) атрымаў у жонкі сястру імператара Васілія II Ганну. Умовай для гэтага шлюбу стала хрышчэнне У.С., які ў 988—989 зрабіў хрысціянства дзярж. рэлігіяй (гл. Хрышчэнне Русі). Пабудаваў у Кіеве велічны храм св. Багародзіцы. Пры У.С. развіваліся земляробства і рамёствы, будаўніцтва, засн. школы для падрыхтоўкі служылай знаці і духавенства. Наладзіў паліт., эканам. і культ. сувязі з Візантыяй, Балгарыяй, Польшчай, зах.-еўрап. краінамі. Меў 12 сыноў ад 5 жонак (1-я Рагнеда). Верагодна, заснаваў г. Ізяслаўль (цяпер Заслаўе), названы ім так у гонар свайго сына ад Рагнеды Ізяслава Уладзіміравіча, якому аддаў у княжанне яго «отчину» (зямлю продкаў) — Полацкае княства. Прыкладна ў сярэдзіне 13 ст. кананізаваны правасл. царквой як роўнаапостальны святы. У.С. — гіст. прататып магутнага і шчодрага кн. Уладзіміра Краснае Сонейка з рус. былін.

Літ.:

Толочко П. Володимир Святий. Ярослав Мудрий. Київ, 1996.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)