ТУРУХТА́Н (Philomachus pugnax),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўразіі ў тундравай, лясной, лесастэпавай і стэпавай зонах. Жывуць на балотах, у поймах рэк. Самцы пасля такавання ў канцы чэрвеня адлятаюць на Пд, зімуюць у Афрыцы і Паўд. Азіі. На Беларусі нар. назва батальён.

Даўж. да 33 см, маса да 240 г; самкі драбнейшыя. Апярэнне зверху шаравата-бурае, стракатае. знізу белае. Вясной у самцоў па баках патыліцы і пярэдняй ч. шыі падоўжаныя пёры ўтвараюць т.зв. «вушкі» і «каўнер», афарбаваныя ў розныя колеры. Кормяцца пераважна насякомымі. дробнымі беспазваночнымі. насеннем. Палігамы. Адкладваюць да 4 яец. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Турухтан: 1 (а, б, в) — самец у шлюбным убранні; 2 — самка.

т. 16, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЛЕ́ЦЫЯ (Tilletia),

род галаўнёвых грыбоў сям. тылецыевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 10 відаў. Паразітуюць пераважна на злакавых і асаковых раслінах. Найб. вядомы ўзбуджальнікі цвёрдай, або мокрай (T. caries, ці T. tritici), і карлікавай (T. controversa) галаўні пшаніцы, а таксама галаўні жыта (T. secalis) і ячменю (T. hordei).

Міцэлій шматклетачны, бясколерны, разрастаецца пераважна ў жывых клетках расліны-гаспадара. У заражаных клетках гіфы ўтвараюць гаўсторыі, з дапамогай якіх грыб жывіцца. Хламідаспоры (тэліяспоры) развіваюцца ў завязі, радзей у інш. вегетатыўных ч. расліны. Маюць гладкую, сеткаватую або шчаціністую абалонку, часта селядзечны пах, абумоўлены наяўнасцю трыметыламіну. Пашырэнне інфекцыі адбываецца ў час малацьбы, калі споры трапляюць на здаровыя зярняўкі.

С.​І.​Бельская.

т. 16, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛО́ГАВА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата, за 17 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 0,46 км², даўж. каля 1,5 км, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі 3,2 км, пл. вадазбору 7,4 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 4—5 м, спадзістыя, пясчаныя, укрытыя лесам або пад пашай. На З, Пн і ПнУ тэраса выш. 0,8—1 м. Берагі нізкія, пясчаныя, на ПнЗ і З сплавінныя (шыр. сплавіны 5—10 м). Дно ўздоўж берагоў да глыб. 1—1,5 м пясчанае, ніжэй пясчана-ілістае і сапрапелістае. Зарастае ў прыбярэжнай ч. да глыб. 2,4 м. Упадаюць 3 меліярац. канавы, сцёк па пратоцы ў р. Палата.

т. 16, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́МБРЫЯ (Umbria),

адм. вобласць у Цэнтр. Італіі, на Апенінскім п-ве. Уключае правінцыі Перуджа і Тэрні. Пл. 8,4 тыс. км². Нас. каля 830 тыс. чал. (2000). Адм. цэнтр — г. Перуджа. Рэльеф горны і ўзгорысты. На У. — Умбра-Маркскія Апеніны (выш. да 2478 м). Клімат міжземнаморскі, у гарах умераны. Ападкаў каля 800 мм за год. Гал. р. Тыбр; Тразіменскае возера. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, электраэнергетыка (каскад ГЭС Ле-Мармарэ на р. Веліна і інш.), машынабудаванне (цяжкае), хім., лёгкая (тэкст., гарбарна-абутковая, трыкат., швейная), харч., керамічная. Рамёствы (карункі, вышыўка, вырабы з металу). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Вырошчваюць пшаніцу, вінаград, аліўкі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны, міжнар. турызм.

т. 16, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРЭ́ЦКІ СПІРТАВЫ́ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1830 як вінакурны з-д у мяст. Урэчча Бабруйскага пав. (цяпер гар. пасёлак Любанскага р-на Мінскай вобл.). Меў вадзяны рухавік, паравы кацёл, 4 печы, горан, 2 кубы, 3 чаны. На ім працавала 7 чал., выраблялася 7400 вёдраў спірту за год. У 1847 для з-да пабудаваны 2-павярховы будынак. Завод неаднаразова рэканструяваўся. У 1982—98 уведзена ў эксплуатацыю новае спіртасховішча, поўнасцю рэканструяваны рэктыфікацыйны цэх, часткова брадзільны; устаноўлены брагарэктыфікацыйная ўстаноўка, 4 брадзільныя чаны, што дазваляе атрымліваць са збожжа спірт высокай якасці («Экстра», «Люкс»). Асн. прадукцыя (2002) — спірт-рэктыфікат; спадарожная — вуглякіслы газ і брага. З 2001 У.с.з. у складзе вытв.-гандл. рэсп. унітарнага прадпрыемства «Мінск Крышталь» на правах філіяла.

т. 16, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦІ́НАВА Ніна Мікалаеўна (н. 20.11.1949, г. Беліц, Германія),

бел. кампазітар. Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1974). З 1974 выкладчык Віцебскага муз. вучылішча. Працуе ў розных жанрах камерна-інстр. і вак.-харавой музыкі, значнае месца займае музыка для дзяцей. Сярод твораў: опера для дзяцей «Трыццаць два волаты» (паст. 1983), «Партыі» для хору і сімф. арк. на вершы В.​Стрыжонка (1982), «Дзіцячая кантата» на вершы А.​Пракоф’ева (1973), лірычная кантата для хору і сімф. арк. «Тысячагадовы горад мой» на вершы Д.​Сімановіча (1987); сімф. паэма «Уваходжанне» (1979), «Беларускія карцінкі» для стр. арк. (1979), п’есы «Накцюрн» і «Скерца» (абедзве 1986) для нар. арк.; творы для фп., хары а капэла, музыка да драм. спектакляў, песні і інш.

Р.​Р.​Каленька.

т. 16, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЫ́СА,

рака ў Гарадоцкім і Шумілінскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Обаль (бас. р. Зах. Дзвіна). У верхнім цячэнні наз. Гаражанка. Даўж. 50 км, пл. вадазбору 423 км². Выцякае з воз. Кашо за 1,5 км на З ад в. Прудок, цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв. і Полацкай нізіны, вусце каля в. Мішневічы Шумілінскага р-на. Цячэ праз азёры Лугавое, Арэхавае, Шчарбакоўскае. Асн. прыток — Каменка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 200—500 м, пойма нізкая, шыр. 50—80 м. Рэчышча звілістае (шыр. 10—15 м). Берагі пераважна стромкія, выш. 1,5—2 м, месцамі да 6 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 3,2 м³/с, на веснавое разводдзе прыпадае каля 48% гадавога сцёку.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УТРЫ́ЛА (Utrillo) Марыс (26.12.1883, Парыж — 5.11.1955),

французскі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў маці, мастачкі С.​Валадон, у А.​Рэнуара, А.​Тулуз-Латрэка і інш. Зазнаў уплыў К.​Пісаро. Майстар гар. пейзажа: пераважна віды Манмартра, ваколіц Парыжа. Росквіту яго творчасць дасягнула ў 1910—15, у т.зв. белы перыяд, калі мастак пісаў карціны пераважна ў белых тонах: «Вуліца на Манмартры» (каля 1910), «Вуліца Мон-Сені на Манмартры» (1914), «Мулен дэ ла Галет» (1915). З канца 1910-х г. яго работы набылі большую яркасць каларыту, графічнасць: «Вуліца Сен-Рустык» (1922). Творы У. адметныя своеасаблівым успрыманнем прасторы, аб’ёмаў дамоў, некат. наіўнасцю. Афармляў спектаклі, у т. л. «Рускія сезоны» С.​Дзягілева.

М.Утрыла. Вуліца Мон-Сені на Манмартры. 1914.

т. 16, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНВІ́ЗІН Міхаіл Аляксандравіч (31.8.1788, в. Мар’іна Раменскага р-на Маскоўскай вобл. — 12.5.1854),

дзекабрыст, ген.-маёр (1820). Пляменнік Дз.А.Фанвізіна. Вучыўся ў пансіёне пры Маскоўскім ун-це. З 1801 афіцэр гвардыі. Удзельнік Аўстэрліцкай бітвы 1805, рус.-швед. вайны 1808—09, вайны 1812 і замежных паходаў рус. арміі 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання». З 1818 адзін з кіраўнікоў Маскоўскай управы «Саюза працвітання», чл. Паўночнага т-ва (1821). Быў праціўнікам царазабойства, у поглядах на будучыню Расіі вагаўся паміж рэспублікай і канстытуцыйнай манархіяй. Пасля 1822 адышоў ад дзейнасці ў тайных арг-цыях. У 1826 асуджаны на 8 гадоў катаргі і ссылку, вярнуўся ў 1853. Аўтар успамінаў і шэрагу артыкулаў па паліт. гісторыі і філасофіі.

т. 16, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАТАГРАФІ́ЧНЫ АПАРА́Т, фотаапарат, фотакамера,

оптыкамеханічная прылада для атрымання на фатаграфічным матэрыяле скрытай выявы пэўнага аб’екта. Пасля хіміка-фатагр. апрацоўкі атрымліваюць бачную негатыўную (негатыў) ці пазітыўную (пазітыў) выяву.

Асн. часткі Ф.а.: святлонепранікальная камера, здымальны аб’ектыў, фатагр. затвор, відашукальнік, касета з фотаплёнкай. Асобныя маюць адаптэр, бленду, экспанометр, лямпу-ўспышку і інш. Адрозніваюць Ф.а. агульнага прызначэння (для аматараў і прафесіяналаў) і спец. (рэпрадукцыйныя, для аэрафотаздымкі, фотатэадаліты і інш.). Гл. таксама Лічбавая фатаграфія.

На Беларусі Ф.а. вырабляюцца на Мінскім мех. з-дзе імя Вавілава, з-дзе «Зеніт» у Вілейцы.

Фатаграфічны апарат: 1 — аб’ектыў; 2 — дыяфрагма; 3 — затвор; 4 — плёнка.
Фатаграфічныя апараты: 1 — «Цэйс Ікан»; 2 — «Зеніт 3М»; 3 — «Нікан F90X»; 4 — лічбавы «Нікан 990».

т. 16, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)