МАДУЛЯ́ТАР у радыётэхніцы і электрасувязі,

складальная частка перадавальнай апаратуры, якая ажыццяўляе кіраванне якім-н. параметрам вагальнага працэсу ў адпаведнасці з сігналам перададзенага паведамлення (гл. Мадуляцыя ваганняў). Мае нелінейныя эл. ланцугі на электронных лямпах, паўправадніковых прыладах, ячэйках Кера ці інш., здольныя змяняць які-н. з параметраў вагальнага працэсу і выбраныя ў адпаведнасці з прынцыпам дзеяння перадатчыка. Выкарыстоўваецца ў апаратуры радыёсувязі, тэлебачання, радыёвяшчання, аптычных гуказапісвальных, оптаэлектронных і інш. прыладах.

т. 9, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАБІ́», набіды (франц. nabis прарокі ад стараж.-яўр. наві прарок),

група мастакоў, што існавала ў Парыжы ў 1890—1905 (П.Банар, Э.Вюяр, М.Дэні, А.Маёль, К.​Русель, П.​Серузье і інш.). Пад уплывам П.Гагена і мастакоў понтавенскай школы набіды стварылі своеасаблівы варыянт мадэрну, які вызначаўся блізкасцю да сімвалізму, дамінаваннем каларызму, дэкар. абагульненасцю форм, мяккасцю рытмічнай пабудовы, плоскаснай стылізацыяй матываў франц. нар. мастацтва, яп. гравюры і італьян. прымітыву.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

тып вытворчасці, які характарызуецца выпускам прадукту ў буйных маштабах за працяглы перыяд. Характэрна для прадпрыемстваў, якія выпускаюць вырабы, што маюць шырокі і ўстойлівы попыт. Ажыццяўляецца пры строгай паўтаральнасці вытв. працэсу на ўчастках, лініях, прац. месцах і заснавана на паточным метадзе вытворчасці (яго вышэйшая форма — аўтам. лінія). Пры М.в. выкарыстоўваюцца спец. і спецыялізаванае абсталяванне, інструменты і прыстасаванні; пераважаюць рабочыя і спецыялісты вузкага профілю.

т. 10, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАК-РО́БЕРТСАНА ЗЯМЛЯ́ (MacRobertson Land),

частка тэр. Антарктыды паміж 60 і 73° усх.д.; абмываецца на Пн морам Садружнасці. Магутнасць ледавіковага покрыва ў цэнтр. ч. больш за 2000 м. У прыбярэжнай паласе (бераг Моўсана) ёсць участкі, свабодныя ад лёду, на Пд — вялізны горны раён (горы Прынс-Чарлз). Аўстрал. навук. станцыя Моўсан. Адкрыта ў 1930 Брытанска-аўстрала-новазеландскай экспедыцыяй Д.Моўсана. Названа ў гонар аўстрал. прадпрымальніка, які фінансаваў экспедыцыю.

т. 9, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТРЫКА (грэч. metrikē ад metron мера, памер),

1) у вершаскладанні — сістэма правіл, выпрацаваных на аснове ўзораў пабудовы верша, найб. прыдатных і ўласцівых пэўнай мове. Напр., М. антычнага верша, М. беларускага верша і г.д. М. называюць таксама раздзел вершазнаўства, які вывучае сукупнасць правіл вершаскладання ў пэўнай л-ры.

2) У музыцы — сукупнасць усіх праяў метра ў музыцы ці канкрэтным муз. творы. М. называюць таксама вучэнне пра муз. метр.

т. 10, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ КАНА́Л,

ізаляваны пераход паміж прыстасаваннямі пнеўмааўтаматыкі, які мае адзін уваход і адзін выхад і забяспечвае перадачу пнеўмасігналаў на адлегласць. У якасці П.к. выкарыстоўваюць гумавыя, пластмасавыя або метал. трубаправоды, што злучаюць паміж сабой пнеўматычныя прыстасаванні і прылады. Пры канструяванні прыстасаванняў з асобных пнеўмаэлементаў П.к. робяць таксама ў пласцінах (пячатных платах), на якіх замацоўваюцца пнеўмаэлементы. Такі мантаж надае прыстасаванням кампактнасць, памяншае працягласць каналаў і павышае іх надзейнасць.

т. 12, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ГЕНДОРФ ((Poggendorff) Іаган Крысціян) (29.12.1796, г. Гамбург, Германія — 24.1.1877),

нямецкі фізік і выдавец. Чл. Берлінскай АН (1839). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1869). Вучыўся ў Берлінскім ун-це (1820—24), з 1834 праф. гэтага ун-та. Навук. працы па электрамагнетызме і гісторыі фізікі. Вынайшаў і ўдасканаліў шэраг электравымяральных прылад. Заснавальнік і рэдактар бібліягр. даведніка прыродазнаўчых і матэм. навук (1863), які носіць яго імя і выдаецца цяпер.

т. 12, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРА́ВДЫ» БЕ́РАГ,

узбярэжжа Зямлі Вільгельма 11 і Зямлі Каралевы Мэры ва Усх. Антарктыдзе, паміж 88° і 100° усх. д. Абмываецца морам Дэйвіса. Край мацерыковага ледавіковага покрыва, які пераходзіць у Зах. шэльфавы ледавік на З і шэльфавы ледавік Шэлктана на У. Стромка ўзвышаецца на Пд і за 100 км ад берага дасягае выш. больш за 1500 м. Тоўшча ледавіка 1000 м. Названы ў гонар расійскай газ. «Правда».

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СВІРА,

прынашэнні хрысціян у абшчыну ў першыя стагоддзі існавання хрысціянства; пазней — невялікі круглы хлеб з пшанічнага крутога прэснага цеста, які ў правасл. богаслужэнні выкарыстоўваецца ў час прычашчэння. На верхняй частцы П. выціснена выява крыжа і літары «ІС», «ХС», «НІ», «КА» («Ісус Хрыстос перамагае»), У каталіцкіх і лютэранскіх цэрквах для гэтых мэт выкарыстоўваюцца госціі — невял. круглыя праснакі з пшанічнай мукі з выявай ягняці або крыжа.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУТЫ́РСКІ (Лявон Восіпавіч) (1901, Мінск — 7.5.1920),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў грамадз. вайну. З 1911 працаваў на гуце, з 1916 слесар чыг. майстэрняў у Мелітопалі (Украіна). З 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. У час акупацыі Беларусі польск. войскамі на падп. рабоце ў Мінску. Вясной 1920 у партыз. атрадзе, які дзейнічаў у ваколіцах Мінска. Схоплены карнікамі і расстраляны ў Камароўскім лесе каля Мінска.

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)