КЛІ́ШЧАНКА (Анатоль Пятровіч) (н. 1.9.1946, г. Калінінград, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1995), праф. (1996). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе. Навук. працы ў галіне нелінейнай оптыкі і лазернай фізікі. Распрацаваў спектральна-палярызацыйныя метады вызначэння тыпаў і механізмаў нелінейных працэсаў у малекулярных сістэмах.

Тв.:

Физический практикум. Мн., 1986 (у сааўт.);

Обобщенный метод описания формирования поляризованного излучения в лазерах на растворах красителей (разам з Л.​І.​Буравым, А.​П.​Лістападам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 5.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ФКА ((Koffka) Курт) (18.3.1886, Берлін — 22.11.1941),

нямецкі і амер. псіхолаг, адзін з заснавальнікаў гештальт-псіхалогіі. Прафесар ун-та ў г. Гісен (1918—24), з 1927 Смітаўскага каледжа ў Нартгемптане (ЗША). Разам з М.​Вертгаймерам і В.​Кёлерам заснаваў і выдаваў час. «Psychologische Forschung» («Псіхалагічныя даследаванні»). Даследаваў праблемы ўспрыняцця, псіхічнага развіцця, памяці, мыслення, выпрацоўкі навыкаў і інш., якія разглядаў у плане заканамернасцей цэласнай структуры. Першым сярод гештальт-псіхолагаў звярнуўся да праблем псіхічнага развіцця дзіцяці. Асн. працы: «Асновы псіхічнага развіцця...» (1921), «Прынцыпы гештальтпсіхалогіі» (1935).

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЧЫ́НСКІ (Генрых Уладзіслававіч) (н. 14.7.1923, с. Каменны Брод Чаркаскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Кіеўскі мед. стаматалагічны ін-т (1950). У 1971—93 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (да 1991 заг. кафедры). Навук. працы па аперацыйнай стаматалогіі, сківічна-тварнай и пластычнай хірургіі.

Тв.:

Пластика ушной раковины. М., 1975;

Сложные трансплантаты в пластической хирургии лица. Мн., 1978;

Одонтогенный верхнечелюстной синуит. Мн., 1991 (разам з В.​І.​Філіпенка).

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭБС ((Krebs) Ханс Адольф) (25.8.1900, г. Гільлэйсгайм, Германія — 22.11.1981),

англійскі біяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1947), Нац. АН ЗША (1964) і інш. Скончыў Гамбургскі ун-т (1925). У 1926—30 у Берлінскім ун-це, працаваў у О.Г.Варбурга, з 1932 у Фрайбургскім ун-це. У 1933 эмігрыраваў, працаваў у Кембрыджскім, з 1935 у Шэфілдскім, у 1954—67 у Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па абмене вугляводаў. Апісаў цыклы: арніцінавы і трыкарбонавых кіслот (К. цыкл). Нобелеўская прэмія 1953 (разам з Ф.А.Ліпманам).

Х.А.Крэбс.

т. 8, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛО́ВІЧ (Віктар Іванавіч) (н. 30.12.1950, г. Курэссаарэ, Эстонія),

бел. вучоны ў галіне радыёлакацыі. Д-р тэхн. навук (1991), праф. (1993). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча (1973). З 1975 у Ваен. акадэміі Беларусі. Навук. даследаванні па адаптыўнай апрацоўцы сігналаў, распрацоўцы прынцыпаў, спосабаў і высокаэфектыўных алгарытмаў распазнавання.

Тв.:

Фильтры с самонастраивающейся полосой // Изв. вузов. Радиоэлектроника. 1991. Т. 34, № 5;

Дискретный метод анализа характеристик обнаружения-распознавания коррелированных сигналов на коррелированном фоне (разам з С.​Р.​Гейстэрам) // Радиотехника и электроника. 1991. Т. 37, № 6.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУТО́Н ((Couthon) Жорж Агюст) (22.12.1755, Арсэ, каля г. Клермон-Феран, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, адзін з лідэраў якабінцаў. Адвакат. У 1789 старшыня трыбунала ў г. Клермон-Феран. З 1791 член Заканад. сходу, з 1792 — Канвента, у 1793 і К-та грамадскага выратавання Канвента. Разам з М.Рабесп’ерам і Л.А.Сен-Жустам узначальваў урад якабінскай дыктатуры. У жн.—кастр. 1793 удзельнічаў у задушэнні антыякабінскага паўстання ў г. Ліён. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 1794 гільяцінаваны.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв., 1793—1791. М., 1994.

т. 9, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПШЫ́Н (Валерый Міхайлавіч) (н. 11.1.1938, г.п. Малочнае Валагодскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне радыётэхнікі і электронікі. Канд. тэхн. н. (1967), праф. (1991). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча ППА (1959), дзе і працаваў (у 1987—90 нач. кафедры). З 1998 у Ін-це сучасных ведаў. Навук працы па радыётэхніцы, спосабах вымярэння адлегласцей у радыёлакацыі.

Тв.:

Применение аппарата структурных функций при построении систем автоматической подстройки частоты (разам з У.​В.​Акімцавым) // Изв. вузов. Радиоэлектроника. 1987. Т. 30, № 1.

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НЫ (Latini),

плямёны старажытнай Італіі (адгалінаванне італікаў), якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі сучасную вобл. Лацыо. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі родавымі паселішчамі. Зазналі ўплыў этрускаў. Разам з сабінамі засн. Рым (754—753 да н.э.). У пач. 1-га тыс. да н.э. аб’ядналіся ў Лацінскі саюз на чале з г. Альба-Лонга. Пасля ліквідацыі ў 338 да н.э. Лацінскага саюза і падпарадкавання Рымам большасці абшчын Лацыі Л. атрымалі абмежаваныя грамадз. правы, з 90 да н.э. паўнапраўныя грамадзяне Рыма.

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁВІ-МАНТАЛЬЧЫ́НІ ((Levi-Montalcini) Рыта) (н. 22.4.1909, г. Турын, Італія),

італа-амерыканскі біёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Італьян. Нац. АН. Скончыла Турынскі ун-т (1936). З 1947 у Вашынгтонскім ун-це (у 1969—77 праф.), адначасова з 1969 у лабараторыі клетачнай біялогіі ў Італьянскім нац. даследчым савеце ў Рыме (да 1979 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі росту клетак і органаў. Адкрыла фактар росту нерв. тканкі. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з С.Коэнам).

Р.Леві-Мантальчыні.

т. 9, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСЕ́МА (ад грэч. lexis слова, выраз),

адзінка лексічнага ўзроўню мовы, яго лексікі. Вылучаецца разам з інш. абстрактнымі адзінкамі мовы (фанема, марфема, семема, графема). Уяўляе сабой сукупнасць форм і значэнняў, што ўласцівы аднаму і таму ж слову ва ўсіх яго ўжываннях і рэалізацыях. Напр., усе формы слова «мова» («мову», «мовам» і інш.) і розныя значэнні гэтых форм у розных спалучэннях: «беларуская мова», «мова твора», «мёртвая мова» і інш. — тоесныя як прадстаўнікі лексемы «мова».

Літ.:

Слово в грамматике и словаре. М., 1984.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)