ГЛО́ГЕР ((Gloger) Зыгмунт) (3.11.1845, в. Камёнка Ломжынскага пав. Аўгустоўскай губ., Польшча — 15.8.1910),
польскі археолаг, этнограф, гісторык, фалькларыст. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Скончыў Кракаўскі ун-т (1870). З 1870 у маёнтку Яжэва пад Тыкоцінам. Зрабіў шмат фалькл.-этнагр. і краязнаўчых экспедыцый па Польшчы, Беларусі, Літве. Асн. працы: «Вясельныя ўрачыстасці» (1869, пад псеўд. Прускі; змясціў бел. матэрыялы з Брэсцкага і Трокскага паветаў), «Кніга рэчаў польскіх» (1896), «Польскі год у жыцці, традыцыі і песні» (1900), «Гістарычная геаграфія зямель даўняй Польшчы» (1900, змешчаны матэрыялы пра ВКЛ, Беларусь), «Драўлянае будаўніцтва і вырабы з дрэва ў даўняй Польшчы» (т. 1—2, 1907—09) і інш. Выдаў зб. фальклору «Старадаўнія думы і песні», «573 кракавякі» (абодва ў 1877), «Гадавыя звычаі» (1882), «Песні люду» (1892) і інш. Пра жыццё, звычаі, абрады і вераванні бел. народа пісаў у арт. «Земляробчыя абрады» (1867), «Звычаі народа з ваколіц Тыкоціна і Бельска» (1868), «Забабоны і ўяўленні наднарвенскага люду пра птушак, паўзуноў і насякомых» (1877) і інш.Бел. матэрыялы і ў працах пра краязнаўчыя падарожжы (кн. «Далінамі рэк: Апісанні падарожжа ўздоўж Нёмана, Віслы, Буга і Бебжы», 1903; артыкулы «З-над Нёмана», 1872, «Падарожжа Нёманам», 1888, «На хвалях Буга», 1890; «У даліне Бебжы», 1892, і інш.). Даследаваў помнікі археалогіі каменнага і бронзавага вякоў на Гродзеншчыне, Брэстчыне. Сабраў у Яжэве багатую бібліятэку, вял. музейную калекцыю археал., этнагр., археаграфічных, нумізматычных і сфрагістычных матэрыялаў. Тут захоўваліся бел. матэрыялы са збораў М.Федароўскага, А.Кіркора, Я. і К.Тышкевічаў, А.Ельскага і інш. У яго «Старапольскай энцыклапедыі» (т. 1—4, 1900—03, 5-е выд. 1985) каля 1000 ілюстрацый, шматлікія бел. матэрыялы па гісторыі, геаграфіі, драўлянай і мураванай архітэктуры, кнігадрукаванні, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, якія Глогер збіраў і даследаваў усё жыццё.
Тв.:
Notatki archeologiczne Michala Federowskiego z okolic Słonuma. Kurhany pod Wiszowem. Warszawa, 1882.
Літ.:
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;
Federowski M. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1912;
Syska H. Zygmunt Gloger. Warszawa, 1963;
Zygmunt Gloger — badacz przeszłości ziemi ojczystej. Warszawa, 1978;
Komorowska T. Gloger: Opowieść biograficzna. Warszawa, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХО́ДЫ АЛЬГЕ́РДА НА МАСКВУ́ 1368—72,
шэраг войнаў ВКЛ супраць Маскоўскага вял. княства, выкліканых саперніцтвам паміж гэтымі дзяржавамі за паліт. гегемонію ў рэгіёне, у т. л. за ўплыў на Цвярское княства. У жн. 1368 вял.кн. маскоўскі Дзмітрый не прызнаў пераход велікакняжацкай улады да цвярскога кн.Міхаіла Аляксандравіча (брата жонкі Альгерда Ульяны), прыхільніка ўмацавання дзярж. самастойнасці Цверы і збліжэння яго зВКЛ, што вымусіла яго ўцячы ў ВКЛ. Увосень 1368 войскі Альгерда пры падтрымцы Смаленска разбілі маск. войскі ў Тросненскай бітве 1368 і падступілі да Масквы. Аблога была беспаспяховай, але ўлада Міхаіла над Цвярскім княствам была адноўлена, а ў склад ВКЛ уключаны г. Ржэў. У жн. 1370 маск. войскі зноў напалі на Цвер, і Міхаіл Аляксандравіч у чарговы раз уцёк у ВКЛ, потым у Арду. Каб захаваць Цвер як процівагу Маскве, Альгерд у ліст. 1370 пачаў 2-і паход. I на гэты раз аблога Масквы (8—16 снежня) была няўдалай. У выніку заключана перамір’е да 29.6.1371. Для заключэння трывалага міру ў чэрв. 1371 Альгерд накіраваў у Маскву пасольства, якое дамовілася падоўжыць перамір’е да 26.10.1371. Аднак вясной 1372 Масква пачала падрыхтоўку да паходу на Цвер. Каб прадухіліць яго, 7.4.1372 войскі ВКЛ на чале зКейстутам і Андрэем Альгердавічам напалі на г. Пераяслаўль-Залескі, разам з цвярскім войскам учынілі паход на спрэчныя паміж Цвер’ю і Масквой г. Кашын і Таржок. Войскі ВКЛ на чале з Альгердам 12.7.1372 злучыліся каля г. Любуцка з цвярскім войскам для 3-га паходу на Маскву. Туды ж падышлі асн. сілы маск. войска. Не маючы дастаткова сіл, каб схіліць ваенны поспех на свой бок, у сярэдзіне ліпеня ВКЛ, Цвер і Масква падпісалі Любуцкі дагавор 1372. У выніку паходаў Альгерда было праведзена размежаванне сфер уплыву паміж ВКЛ і Масквой; ваенныя дзеянні паміж якімі не вяліся да 1406.
Літ.:
Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;
Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТВА ЗА А́НГЛІЮ 1940—41,
барацьба англійскіх узбр. сіл супраць ням.-фаш.ВПСнад Брытанскімі а-вамі ў час 2-й сусв. вайны. Асн. мэта масіраваных удараў авіяцыі Германіі — прымусіць Вялікабрытанію да выхаду з вайны. Гал. ўдарную сілу Германіі складалі 2-і і 3-і паветр. флаты, якія базіраваліся на аэрадромах Францыі, Бельгіі і Галандыі; эпізадычныя налёты рабіла авіяцыя 5-га паветр. флоту з аэрадромаў Галандыі і Нарвегіі. Усяго ў бітве ўдзельнічала 2600 баявых самалётаў, у т. л. 1480 бамбардзіроўшчыкаў, 980 знішчальнікаў і 140 разведчыкаў. Сістэма ППА Вялікабрытаніі налічвала больш за 700 знішчальнікаў, каля 200 зенітных гармат і каля 1500 аэрастатаў загароджання; уздоўж яе ўсх. ўзбярэжжа размяшчаліся радыёлакацыйныя станцыі, што давала магчымасць англічанам своечасова выявіць авіяцыю праціўніка. У бітве вылучаюць 3 этапы. На 1-м (12.8—6.9.1940) гітлераўцы імкнуліся да панавання ў паветр. прасторы, гал. аб’ектамі ўдараў іх авіяцыі былі аэрадромы англ.ВПС, камандныя і радыёлакацыйныя пункты; 2-і этап (7.9—13.11.1940) — бамбардзіроўка Лондана і інш. буйных гарадоў, каб падарваць маральны дух насельніцтва; 3-і (15.11.1940—10.5.1941) — бамбардзіроўкі Бірмінгема, Ліверпула, Ковентры і інш., каб нанесці страты ваен.-прамысл. патэнцыялу Вялікабрытаніі. На 2-м і 3-м этапах праводзіліся пераважна начныя бамбардзіроўкі. У маі 1941 у сувязі з падрыхтоўкай да вайны супраць СССР інтэнсіўнасць налётаў знізілася. Усяго ням.-фаш. авіяцыя здзейсніла больш як 46 тыс. самалёта-вылетаў і скінула на Вялікабрытанію каля 60 тыс. бомбаў, страціўшы пры гэтым 1733 самалёты. ВПС Вялікабрытаніі страцілі 915 самалётаў і больш як 500 лётчыкаў. Страты сярод насельніцтва Вялікабрытаніі ад бамбардзіровак склалі больш як 86 тыс.чал. (у т. л. каля 40 тыс. забітымі), пашкоджана больш за 1 млн. будынкаў, шэраг гарадоў моцна разбураны. Масіраваныя ўдары ням. авіяцыі не дасягнулі пастаўленай мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст., у якім спалучаны прыёмы і формы готыкі, рэнесансу і барока. Комплекс уключае касцёл, жылы корпус, вежу-званіцу, якія звязаны паміж сабой і ўтвараюць замкнёны ўнутр. двор. Размешчаны на высокім правым беразе Нёмана і з’яўляецца дамінантай сілуэта забудовы цэнтра горада.
Драўляны кляштар засн. ў 1494 у Гродне (фундатар А.Ягелончык). Буд-ва мураванага касцёла пачалося ў 1602. У 1656 кляштар пашкоджаны пажарам. У 1680 перакрыта страха касцёла, рэстаўрыраваны алтар св. Антонія, пабудавана капліца св. Барбары. У 1736 пабудаваны 3 алтары ў капліцы св. Міхаіла, перабудаваны алтары св. Міхаіла, св. Банавентуры, св. Ануфрыя, св. Пятра з Алькантары. У 1738 рэстаўрыравана званіца.
Касцёл — 3-нефавая 6-стаўповая базіліка, у архітэктуры якой спалучаюцца стылявыя элементы готыкі, рэнесансу і барока. Гал. фасад дэкарыраваны антаблементам, пілястрамі карынфскага ордэра, арачнымі нішамі і завершаны трохвугольным франтонам. У 1788 інтэр’ер аздоблены жывапісам, разьбой па дрэве, чыгунным і бронзавым ліццём, стукавым арнаментам, скульптурай. Скляпенні крыжовыя на падпружных арках, размаляваных у тэхніцы грызайль (гербы заказчыкаў, раслінны арнамент). Над прытворам хоры з арганам (устаноўлены ў 1680-я г.). У кампазіцыі ўсіх 14 алтароў (за выключэннем аднаго, зробленага ў 20 ст.мясц. рэзчыкам І.Болдакам) выкарыстаны элементы карынфскага ордэра, скульптура, алтарныя карціны. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць скульпт. і гарэльефныя стукавыя кампазіцыі Ларэтанскай капэлы «Чатыры евангелісты», «Святая сям’я», «Маленне аб чашы», выкананыя ў стылі рэнесансу. Трох’ярусны гал. алтар драўляны, аздоблены стукавай скульптурай і арнаментам. Двухпавярховы жылы корпус далучаны да паўд. сцяны касцёла. Сцены члянёны прамавугольнымі вокнамі, пілястрамі, контрфорсамі. Да гал. фасада касцёла зпаўд. боку прымыкае вежа-званіца. Два верхнія ярусы званіцы, перабудаваныя ў 1788, выкананы ў стылі позняга барока, маюць складаную фігурную пабудову і маляўнічы сілуэт.
С.Г.Багласаў, М.М.Яніцкая.
Гродзенскі кляштар бернардзінцаў.Гродзенскі кляштар бернардзінцаў. Інтэр’ер касцёла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕСАПАТА́МСКАЯ НІЗІ́НА.
Міжрэчча, нізіна ўздоўж рэк Тыгр і Еўфрат, гал.ч. ў Іраку, а таксама ў Іране, Сірыі і Кувейце. Даўж. больш за 1000 км, шыр. 400 км. Размешчана на месцы перадгорнага прагіну альпійскай складкаватай зоны М. Азіі і Ірана. Складзена з пясчана-гліністых алювіяльных адкладаў рэк, марскіх адкладаў і інш. Паводле характару рэльефу падзяляецца на паўн.ч. (Верхняя М.н., або Джэзірэ) да шыраты г. Багдад — узгорыстае плато з невял. ўзвышшамі (Джэбель-Сінджар, 1359 м, Джэбель-Хамрын і інш.) і паўд.ч. (Ніжняя М.н., або Вавілонія) — плоская нізіна, ніжэй за 100 мнад узр. мора. Тэр. Ніжняй М.н. перыядычна заліваецца паводкавымі водамі, моцна забалочаная, асабліва ўзбярэжжа Персідскага заліва. Клімат на Пн субтрапічны, кантынентальны, на Пд трапічны, пустынны. Лета гарачае, т-ра 33—34 °C. Зіма на Пн умераная (сярэдняя т-ра студзеня 7 °C, маразы да -18 °C), на Пд цёплая (15—17 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў 200—300 мм, на Пд паніжаецца да 100 мм. Максімум ападкаў — зімой. Па М.н. працякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія зліваюцца ў агульнае рэчышча Шат-эль-Араб, на ПдЗ — р. Карун. Расходы рэк нераўнамерны на працягу года, частыя паводкі разбуральнай сілы. Расліннасць паўпустынная і пустынная, палынова-салянкавая, толькі на схілах узвышшаў Верхняй М.н. растуць дрэвы і хмызнякі (дубы, фісташкі). Уздоўж рэк — галерэйныя лясы: еўфрацкая таполя, вербы, тамарыскі. У Ніжняй М.н. — фінікавая пальма. Жывёльны свет прадстаўлены грызунамі, паўзунамі, членістаногімі. З буйных млекакормячых — газель, дзікі асёл, шакал. У затапляльных зарасніках уздоўж рэк шмат вадаплаўнай птушкі, водзяцца дзікі. Развіта багарнае і паліўное земляробства (пшаніца, рыс, бавоўнік, фінікавая пальма), качавая жывёлагадоўля. Радовішчы нафты: Кіркук, Румайла і інш. Буйныя гарады: Багдад, Басра (Ірак), Абадан (Іран). М.н. адзін са стараж. цэнтраў цывілізацыі (Асірыя, Вавілонія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ШВІН (Міхаіл Міхайлавіч) (4.2.1873, маёнтак Хрушчава, Ялецкі р-н Ліпецкай вобл., Расія — 16.1.1954),
рускі пісьменнік. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1902). Друкаваўся з 1898. Першае апавяданне — «Сашка» (1906). Замілаванне родным краем, назіранні над побытам і моваю жыхароў Поўначы, запісы сказаў у кн. «У краіне непалоханых птушак» (1907), «За чароўным калабком» (1908). У нарысах «Адам і Ева» (1909), «Чорны араб» (1910), «Слаўныя бубны» (1913) уражанні ад паездкі ў Крым і Казахстан. Нарысы «Крыніцы Берандзея» (1925, дапоўненае выд. пад наз. «Каляндар прыроды», 1935), аўтабіягр. раман «Кашчэеў ланцуг» (выд. 1960), аповесці «Жураўлёва радзіма» (1929), «Неапранутая вясна» (1940) пра філас. і маральныя пошукі чалавека, яго сувязь з прыродаю. У кн. «Апавяданні пра ленінградскіх дзяцей» (1944), «Аповесць нашага часу» (1945, поўнае выд. 1957) — падзеі Вял.Айч. вайны. Аўтар рамана-казкі «Асударава дарога» (нап. ў 1930-я г., апубл. 1957), паэмы ў прозе «Фацэлія» (1940), аповесці «Жэнь-шэнь» (першапачаткова «Корань жыцця», 1933, фільм «Хаціна старога Лувена», 1935), казкі-былі «Кладоўка сонца» (1945), аповесці-казкі «Карабельны гушчар» (1954), дзённікаў (кн. «Вочы зямлі», апубл. 1957), кінасцэнарыяў і інш. П. — тонкі пейзажыст, пранікнёны лірык і публіцыст, псіхолаг і педагог. З яго творчасцю тыпалагічна звязаны лірычныя пейзажы, замалёўкі прыроды Я.Маўра, Я.Брыля, В.Адамчыка, В.Вольскага. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Адамчык, Я.Брыль, Я.Маўр, Б.Сачанка і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1982—86;
Бел.пер. — Ярык. Мн., 1937;
Звер бурундук. Мн., 1940;
Лісічкін хлеб. Мн., 1941;
Журка. Мн., 1948;
Кладоўка сонца: Казка-быль. Мн., 1948;
3 дзённікаў // Маладосць. 1973. № 2.
Літ.:
Пришвина В.Д. Круг жизни: Очерки о М.М.Пришвине. М., 1981;
Яе ж. Путь к слову. М., 1984;
Курбатов В.Я. Михаил Пришвин: Очерк творчества. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),
навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.
Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.
Літ.:
История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 3 МАЯ 1791 (Ustawa tządowa),
асноўны закон Рэчы Паспалітай, прыняты 3.5.1791 на Чатырохгадовым сейме ў Варшаве. Абвяшчала суверэннасць Рэчы Паспалітай як унітарнай дзяржавы, ліквідавала падзел яе на Карону і ВКЛ. Але кароль захаваў і тытул вял.кн. літоўскага. У веданні ВКЛ захавалася судаводства, свой скарб, роўнае прадстаўніцтва ў сейме і яго камісіях. Месцам правядзення сеймаў вызначана Варшава, але яны маглі адбывацца раз у 3 гады ў Гродне. Канстытуцыя абвясціла нязменнасць кардынальных правоў, захавала карпаратыўнасць і адзінаўладдзе за шляхецкім саслоўем, шляхецкія правы і прэрагатывы абвяшчала непарушнымі. Грамадзянскія свабоды пашыраліся на прывілеяваныя станы шляхты, духавенства, чыноўнікаў. Адначасова рабіліся ўступкі жыхарам гарадоў дзярж. юрысдыкцыі, у ліку якіх асабістая недатыкальнасць, права набыцця зямлі, шляхецтва, заняцця адм.-судовых і царк. пасад. Дэкларавала апеку права і ўрада надфеад.-залежнымі сялянамі. Абвяшчала свабоду веравызнанняў з захаваннем дзяржаўнасці за каталіцтвам. Епіскапы пераведзены на дзярж. ўтрыманне. Заканадаўчая ўлада аддадзена 2-палатнаму сейму (палата дэпутатаў і сенат), выканаўчая — каралю і радзе з 6 міністраў, падсправаздачных сейму. Міністраў назначаў кароль. Палата дэпутатаў складалася з 204 паслоў (з іх 24 з дарадчым голасам прадстаўлялі гарады), выбраных на 2 гады на мясц. сейміках. Выбарчы голас атрымалі асобы шляхецкага стану з 19 гадоў, якія мелі гадавы даход больш за 100 злотых і былі запісаны ў земскія кнігі. Сенат складаўся з 132 саноўнікаў, у т. л. караля. Ён быў пазбаўлены права заканадаўчай ініцыятывы, але меў права адкладальнага вета. Ліквідавана права ліберум вета (liberam veto), усе пастановы сейма павінны былі прымацца большасцю галасоў, уведзена спадчыннасць трона. Выканаўчай адміністрацыяй на мясц. узроўні былі парадкавыя камісіі, якія выбіраліся мясц. сеймікамі. Земскія і гродскія суды аб’ядноўваліся ў зямянскія суды, Пажыццёвасць пасад скасоўвалася і змянялася іх выбарнасцю. Канстытуцыя абвяшчалася нязменнай на 25 гадоў. Перагледзець яе мог толькі канстытуцыйны сейм. Была першай у Еўропе і другой у свеце (пасля ЗША) Канстытуцыяй, зафіксаванай пісьмова. Скасавана Гродзенскім сеймам 1793 у выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай.
Літ.:
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
Łojek J. Upadek Konstytucji 3 maja. Wrocław, 1976;
Skowronek J. Wielka chwila narodowych dziejów: Konstytucja 3 maja i reformy Sejmu Cztemletniego. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ НАСТУПЛЕ́ННЕ 1916,
Брусілаўскі прарыў 1916, наступальная аперацыя рас. армій Паўд.-Зах. фронту (каманд. А.А.Брусілаў) супраць аўстра-венг. войск 4.6—13.8.1916 у 1-ю сусв. вайну. У адпаведнасці з рашэннем канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (Францыя, сак. 1916) рас. камандаванне планавала ў сярэдзіне чэрв. 1916 пачаць наступленне на ўсіх франтах. Паводле дырэктывы Стаўкі ад 24.4.1916 гал. ўдар павінны былі нанесці войскі Зах. фронту з раёна Маладзечна на Вільню, а дапаможныя ўдары — Паўн. фронт з раёна Дзвінска (Даўгаўпілса) на ПдЗ і Паўд.-Зах. фронт з раёна Роўна на Луцк. У сувязі з паражэннем італьян. войск у раёне Трэнціна саюзнікі папрасілі рас. бок паскорыць наступленне, якое пачалося на 2 тыдні раней запланаванага. Маючы перавагу (573 тыс.чал., 1770 гармат) рас. войскі прарвалі абарону праціўніка (448 тыс.чал., 1301 гармата) на фронце больш за 500 км і на глыбіню да 60—150 км. Наступалі 8-я, 11, 7 і 9-я арміі. З мэтай маскіроўкі напрамку гал. ўдару, які наносіла 8-я армія ген. А.М.Каледзіна на Луцкім напрамку, прарыў ажыццяўляўся ў некалькіх месцах фронту. На напрамках прарыву была створана перавага над праціўнікам: у пяхоце — у 2—2,5, у артылерыі — у 1,5—1,7 раза. У выніку аўстра-венг. арміі нанесена цяжкае паражэнне. Праціўнік страціў да 1,5 млн.чал., у т. л. 400 тыс. палоннымі (рас. войскі страцілі каля 0,5 млн.чал.); трафеі рас. арміі склалі: 581 гармата, каля 1800 кулямётаў, каля 450 бамбамётаў і мінамётаў і інш. У выніку аўстра-венг. армія да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні; была выратавана італьян. армія, бо праціўнік прыпыніў наступленне на Трэнціна; аказана значная дапамога саюзнікам (зЗах. і Італьян. франтоў перакінуты на У больш як 33 дывізіі); у вайну на баку Антанты ўступіла Румынія. Аднак Паўд.-Зах. фронт своечасова не падтрымалі інш. франты, не было дакладнага ўзаемадзеяння паміж імі. Праціўнік узмацніў абарону. Вычарпаўшы рэзервы, рас. войскі перайшлі да абароны. Гэта наступленне стала пачаткам пералому ў 1-й сусв. вайне на карысць Антанты.
Літ.:
Брусилов А.А. Мои воспоминания. М., 1963;
История первой мировой войны, 1914—1918. Т. 2. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РАСЕНЬ (назва ад расліны верас, якая цвіце ў гэтым месяцы),
бел. назва 9-га месяца каляндарнага года (30 дзён), пачатак восені на Беларусі. У Стараж. Рыме, у Расіі да канца 15 ст. — 7-ы месяц, у Расіі ў 16—17 ст. — 1-ы месяц года (гл.Каляндар). 22 або 23 верасня Сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзенства. 15 верасня працягласць дня ў Мінску 12 гадз 45 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 39,2°. Сярэднямесячная сума сонечнай радыяцыі за месяц 312 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (135 МДж/м²). Сярэдняя т-ра паветра 10,5—13,5 °C, у канцы верасня на ПнУ бываюць першыя замаразкі ў паветры (на глебе на 1—2 тыдні раней). Прыкладна 3 разы за 10 гадоў замаразкі ў верасні адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Адносная вільготнасць паветра 78—84%, ападкаў 40—65 мм, у асобныя гады больш за 100 мм (180 мм, Жыткавічы, 1906, Слонім, 1952) або менш за 10 мм (2 мм, Брэст, 1902). У сярэднім з ападкамі бывае 12—15 дзён. У верасні капаюць бульбу, заканчваюць уборку збожжавых, аруць поле на зябліва, сцелюць лён, збіраюць садавіну і агародніну. З сярэдзіны верасня звычайна пачынаецца лістапад, у большасці раслін выспяваюць насенне і плады, ападаюць арэхі ляшчыны, жалуды дуба, арэшкі ліпы, насенне елкі звычайнай, крылатыя плодзікі клёна, граба і інш. У лясах і парках выспявае рабіна, каліна, абляпіха, на балотах — журавіны. Амаль кожны год назіраецца вяртанне цяпла — бабіна лета. Адлятаюць у вырай пералётныя птушкі, аселыя птушкі перабіраюцца бліжэй да жылля. Заканчваецца гон у капытных жывёл, ліняюць пушныя звяры, збіраюцца ў глыбокіх месцах рыбы. Зрэдку можа ўтварыцца няўстойлівае снегавое покрыва.