КАТЫЛІ́НА (Луцый Сергій) (Lucius Sergius Catilina; каля 108—62 да н.э.),

старажытнарымскі паліт. і дзярж. дзеяч, военачальнік. У грамадз. войнах 88—82 да н. э. прыхільнік Сулы. У 68 прэтар, у 67—66 прапрэтар у правінцыі Афрыка. Дамагаючыся абрання на пасаду консула, сабраў вакол сябе незадаволеных, выступіў абаронцам рым. беднаты, абяцаў ліквідаваць даўгі. Пасля паражэння на выбарах вырашыў дамагчыся ўлады сілай. Змова К. была раскрыта, некаторыя яго прыхільнікі паводле загаду Цыцэрона арыштаваны і пакараны смерцю. Пасля няўдалага замаху на жыццё Цыцэрона К. пакінуў Рым (7.11.63 да н. э.), сабраў у Этрурыі войска. Загінуў у бітве з консульскай арміяй каля Пісторыі (цяпер Пістоя).

Літ.:

Лившиц Г.М. Социально-политическая борьба в Риме 60-х гг. I в до н. э. и заговор Катилины. Мн., 1960.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙНС (Keyns) Джон Мейнард, барон Тылтан (5.6.1883, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 21.4.1946), англійскі эканаміст, паліт. дзеяч, заснавальнік кейнсіянства. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1906), з 1908 выкладаў у ім. Праф. (1920). У 1911—45 рэдактар час. «Economic Journal» («Эканамічны часопіс»). Чл. брыт. дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20. У 2-ю сусв. вайну адыграў важную ролю ў кіраванні ваен. эканомікай Вялікабрытаніі. Адзін са стваральнікаў Міжнар. валютнага фонду і Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця. Аўтар шэрагу прац у галіне грашовага абарачэння і фінансаў: «Эканамічныя наступствы Версальскага мірнага дагавора» (1919, крытыка эканам. зместу Версальскага мірнага дагавора 1919). «Трактат аб грошах» (1930), «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936, сфармуляваны асн. прынцыпы попытавай тэорыі нац. даходу).

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1993.

Дж.​Кейнс.

т. 8, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНІЯ́ТА, Кеньята (Kenyatta) Джома (10.10.1891, Ічаверы, каля г. Найробі, Кенія — 22.8.1978), дзяржаўны і паліт. дзеяч Кеніі. Паходзіў з племя кікую. У 1928—31 ген. сакратар Цэнтр. асацыяцыі кікую (адна з першых паліт. арг-цый кенійцаў). У 1931—46 вучыўся і працаваў у СССР і Вялікабрытаніі. З 1947 старшыня партыі Саюз афрыканцаў Кеніі. У 1952—59 зняволены брыт. ўладамі па абвінавачанні ў прыналежнасці да рэліг.-паліт. руху «Мау-мау», потым у ссылцы. У 1960 завочна абраны прэзідэнтам партыі Нац. саюз афрыканцаў Кеніі. У 1963—64 прэм’ер-міністр, у 1964—78 прэзідэнт і кіраўнік урада Кеніі. Распрацаваў (разам з Т.​Мбоя) і рэалізаваў канцэпцыю т.зв. дэмакр. сацыялізму, вынікам чаго стаў выбар капіталіст. шляху развіцця ў Кеніі.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЗІНГЕР ((Kiesinger) Курт Георг) (6.4.1904, г. Альбштат, Германія — 9.3.1988),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. У 1933—45 чл. Нацыянал-сацыялісцкай партыі, працаваў (1940—45) y МЗС фаш. Германіі. Пасля 2-й сусв. вайны ўступіў у Хрысціянска-дэмакратычны саюз (ХДС), у 1967—71 яго федэральны старшыня. У 1949—58 і 1969—80 дэп. бундэстага ФРГ, выступаў у падтрымку знешнепаліт. курсу ўрада К.Адэнаўэра. У 1950—58 чл., з 1955 — віцэ-старшыня Дарадчага сходу Савета Еўропы. У 1958—63 прэм’ер-міністр зямлі Бадэн-Вюртэмберг, у снеж. 1966 — кастр. 1969 федэральны канцлер ФРГ. Кааліцыйны ўрад К. [ХДС/ХСС (Хрысц.-сац. саюз) і С.-д. партыя Германіі] намагаўся ўпарадкаваць фінансы і інш., інтэнсіфікаваў адносіны ФРГ з краінамі Усх. Еўропы.

М.​В.​Стралец.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́ЎЗЕВІЦ ((Clausewitz) Карл фон) (1.6.1780, Бург, каля г. Магдэбург, Германія — 16.11.1831),

нямецкі ваен. дзеяч, тэарэтык і гісторык. Ген.-м. прускай арміі (1818). На вайск. службе з 1792. Удзельнік войнаў з Францыяй 1793—94, 1806—07, 1812—15 (у 1812—14 на рас. службе; у вайну 1812 удзельнічаў у баях на тэр. Беларусі, у т. л. пад Астроўнам). У 1818—30 дырэктар ваен. вучылішча ў Берліне. Гал. праца — гіст. даследаванне «Аб вайне» (т. 1—3, выдадзена пасмяротна ў 1832—34, бел. пер. 1933—34). Устанавіў сувязь вайны з палітыкай («вайна ёсць працяг палітыкі іншымі сродкамі»), шэраг стратэг. прынцыпаў, неабходных для дасягнення перамогі, вырашаў праблемы суадносін наступлення і абароны, падкрэсліваў значэнне маральнага духу арміі і інш.

Тв.:

Рус. пер. — К.​Клаузевиц о войне. М., 1990.

т. 8, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІНЦЭ́ВІЧ (Сямён Аляксандравіч) (крас. 1899, в. Трабы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.10.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1918 у атрадзе Чырв. гвардыі, удзельнік грамадз. вайны. У 1919 на курсах у Саратаўскай губшколе. З чэрв. 1921 на Беларусі ў Слуцкіх пав. к-це КП(б)Б і выканкоме, з канца года на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. З мая 1926 вучыўся ў Камуніст. ун-це Беларусі. З канца 1926 на парт. рабоце ў Заслаўі, з чэрв. 1927 — у Зах. Беларусі. Па даручэнні ЦК КПЗБ у 1928 забіў М.І.Гурына-Маразоўскага. У 1929 арыштаваны польск. паліцыяй. У 1932 у выніку абмену палітвязнямі пераехаў у Мінск. У 1937 арыштаваны НКУС і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

У.​М.​Міхнюк.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯШЧО́Ў (Аляксей Яўхімавіч) (25.2.1905, в. Міхнавічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.12.1968),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944), ген.-м. (1943). Да чэрв. 1941 на гасп. рабоце, у ліп.вер. чл. Пінскага падп. абкома КП(б)Б. З вер. 1942 упаўнаважаны ЦК КП(б)Б па Пінскай вобл., 1-ы сакратар Пінскага падп. абкома КП(б)Б, в.а. камандзіра Пінскага партыз. злучэння. З 1944 1-ы сакратар Пінскага і Полацкага абкомаў і гаркомаў КП(б)Б. У 1948—53 Старшыня Савета Міністраў БССР. Чл. ЦК КПБ у 1948—53. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—55, Вярх. Савета СССР у 1946—54.

А.Я.Кляшчоў.

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РВІН-КРУКО́ЎСКАЯ (Жаклар) Ганна Васілеўна

(18.10.1843, Масква — 14.9.1887),

расійская пісьменніца, дзеяч міжнар. сацыяліст. руху. Сястра С.Кавалеўскай. Паходзіла з бел. шляхецкага роду. Першыя апавяданні надрукавала ў 1864 у час. Ф.​М.​Дастаеўскага «Эпоха». З 1867 у Пецярбургу, зблізілася з членамі рэв. арг-цый. З 1869 жыла ў Германіі, Францыі, выйшла замуж за франц. рэвалюцыянера Ш.​В.​Жаклара. Чл. Рускай секцыі I Інтэрнацыянала, вяла перапіску з К.​Марксам, пераклала на франц. мову ўрыўкі з т. 1. «Капітала». Удзельніца Парыжскай камуны 1871, прымала ўдзел ў рабоце К-та пільнасці, чл. ЦК Саюза жанчын, заснавальніца і карэспандэнт газ. «La socialiste» («Сацыялістка»). Пасля паражэння Парыжскай камуны жыла ў Швейцарыі, Расіі, займалася літ. дзейнасцю. У 1886—87 свае апавяданні друкавала ў час. «Северный вестник».

І.​М.​Масляніцына.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСАК (Тадэвуш) (1741?, в. Заскаркі або Данева Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.11.1794),

дзяржаўны і вайск. дзеяч ВКЛ. З роду Корсакаў. Па пратэкцыі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1787 стаў віленскім земскім суддзёй. Быў адным з самых актыўных паслоў ад ВКЛ на Чатырохгадовым сейме 1788—92, дамагаўся стварэння асобнай для ВКЛ скарбовай і паліцэйскай адміністрацыі. У пач. паўстання 1794 у ВКЛ прыбыў у Вільню на чале некалькіх дзесяткаў узбр. сялян. У маі 1794 увайшоў у склад паўстанцкай парадкавай камісіі Віленскага ваяв. 19—20.7.1794 удзельнічаў у абароне Вільні разам з атрадам ген. Меена. 31.8.1794 атрымаў ад Т.​Касцюшкі званне ген.-маёра. Загінуў пры абароне Прагі — прадмесця Варшавы. Пахаваны разам з Я.​Ясінскім пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».

У.​П.​Емяльянчык.

т. 8, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСІ́НСКІ (Мікалай Фаміч) (1891, г. Вілейка Мінскай вобл. — 23.11.1938),

бел. тэатр. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1922—24 настаўнік Бел. гімназіі ў Вільні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай драматычнай майстроўні, дзе ў 1922 паставіў спектаклі «У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле У.​Караленкі.

Працаваў у Наркамасветы БССР. З 1925 нам. старшыні секцыі мастацтва і старшыня тэатр. падсекцыі Інбелкульта. У 1926—28 дырэктар БДТ-2, з 1928 — Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ. Для зб. «Беларускае мастацтва» падрыхтаваў артыкул па праблемах мастацтва Зах. Беларусі. У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў г. Шадрынск (Расія). У 1938 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960.

Літ.:

Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969.

У.​В.​Мальцаў.

т. 8, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)