ГЕРМАГЕ́Н

(не пазней 1530 — 27.2.1612),

расійскі царк. дзеяч. Мітрапаліт казанскі (1589), праводзіў прымусовую хрысціянізацыю народаў Паволжа. У 1605 патрабаваў хрышчэння Марыны Мнішак у праваслаўе, чым выклікаў незадавальненне Лжэдзмітрыя І (гл. Ілжэдзмітрый І). У 1606—12 патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі (пасвячоны пасля абрання царом Васіля Шуйскага). У час Балотнікава паўстання 1606—07 актыўна падтрымліваў цара, адлучыў паўстанцаў ад царквы. Пасля звяржэння Шуйскага падтрымаў кандыдатуру Міхаіла Раманава на прастол у процівагу каралевічу Уладзіславу (гл. Уладзіслаў IV). Пасля прызначэння Уладзіслава царом патрабаваў ад яго прыняцця праваслаўя. У 1610 у час акупацыі Масквы войскамі Рэчы Паспалітай выступаў супраць прысягі баяр Жыгімонту III, заклікаў да ўсенар. паўстання супраць інтэрвентаў. Кінуты палякамі ў турму, замораны голадам.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)