«ЗМАГА́ННЕ», Беларуская дэпутацкая фракцыя «Змаганне» за інтарэсы сялян і рабочых,

легальная рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыя працоўных Зах. Беларусі ў снеж. 1927—30. Створана як выбарчы рабоча-сялянскі к-т «З.» па падрыхтоўцы да выбараў у сейм. У выніку выбараў (4.3.1928) ад працоўных Зах. Беларусі ў сейм прайшлі 5 бел. дэпутатаў: І.​Дварчанін, Я.​Гаўрылік, Ф.​Валынец, І.​Грэцкі, А.​Стагановіч (з лют. 1929 П.​Крынчык). Яны стварылі ў сейме бел. рабоча-сялянскі пасольскі клуб «З.». Аб’яднаўшы шматлікі актыў, што вырас у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе, і стварыўшы вясной 1929 амаль ва ўсіх паветах мясц. сакратарыяты, «З.» стала ўплывовай паліт. арг-цыяй працоўных Зах. Беларусі, змагалася за тыя ж патрабаванні, што і яе папярэдніца — Грамада. 30.8.1930 польскія ўлады арыштавалі дэпутатаў сейма і кіраўнікоў «З.» і неўзабаве ліквідавалі ўсе 50 мясц. сакратарыятаў. Суд, які адбыўся над кіраўнікамі і актывістамі «З.» (1931 у Вільні), прыгаварыў Дварчаніна, Гаўрыліка, Валынца і Крынчыка да 8 гадоў турмы кожнага.

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЫ́ДЫЙ (лац. Iridium),

Ir, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 77, ат. м. 192,22, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 2 стабільныя ізатопы ​191Ir (37,3%) і ​193Ir (62,7%). У зямной кары 10​−7% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.​Тэнантам, назва (ад грэч. iris вясёлка) абумоўлена разнастайнай афарбоўкай І. злучэнняў.

Серабрыста-белы, цвёрды і крохкі метал, tпл 2447 °C, tкіп каля 4380 °C, шчыльн. 22650 кг/м³ Хімічна вельмі ўстойлівы. Не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, у т. л. з царскай гарэлкай, шчолачамі. Парашкападобны І. у паветры пры т-ры вышэй за 1000 °C утварае чорны дыаксід IrO2, пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, пры т-ры чырв. напалу — з хлорам і серай. Утварае комплексныя злучэнні, у т. л. з арган. лігандамі. Атрымліваюць з анодных шламаў медна-нікелевай вытв-сці. Выкарыстоўваюць для нанясення ахоўных пакрыццяў, вырабу электродаў, тэрмапар, тыгляў для вырошчвання монакрышталёў лазерных матэрыялаў, паўкаштоўных камянёў і інш., як кампанент сплаваў.

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКА́НД,

горад ва Узбекістане, у Ферганскай вобл., у нізоўях р. Сох. 175 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапр., лёгкай, хім. і харч. прам-сці. Пед. ін-т. Тэатр. Музеі: краязнаўчы, літаратурны, дом-музей узб. паэта Х.​Н.​Хамзы Арх. помнікі: Медрэсеі-Мір (18 ст.), ансамбль Дахмаі-Шахон (1825), палац Худаяр-хана (1871). Стараж. цэнтр нар. мастацтва.

Упершыню згадваецца ў 10 ст. як горад на караванным шляху з Індыі і Кітая. У 13 ст. разбураны мангола-татарамі. У 15 ст. пабудавана крэпасць Эскі-курган, у 1732 на яе месцы — горад (з 1740 наз. К.) — сталіца Какандскага ханства. Буйны цэнтр вытв-сці паперы, ганчарства, чаканкі па медзі. У час Какандскага паўстання 1873—76 заняты рас. войскамі, далучаны да Расіі (1876), пав. горад Ферганскай вобл. У 1899 злучаны чыгункай з Самаркандам і Андыжанам. У грамадз. вайну 1918—22 цэнтр Какандскай аўтаноміі (існавала з 9—12.12.1917 да 19—22.2.1918), месца баёў з басмачамі (1920). З 1925 у складзе Узбекістана.

т. 7, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЙСТУТАВІЧЫ,

княжацкі род ВКЛ у 14—15 ст., адгалінаванне Гедзімінавічаў. Паходзяць ад аднаго з сыноў Гедзіміна, кн. ВКЛ Кейстута (? — 1382), які меў 6 сыноў. З іх Вітаўт і Жыгімонт Кейстутавіч былі вял. князямі ВКЛ. Іншыя сыны Кейстута: Пацірг (1325?—65?), старэйшы сын. Разам з бацькам удзельнічаў у бітвах з крыжакамі, у 1365 бараніў ад іх Гародну, дзе быў намеснікам. Затым быў пераведзены ў адзін з унутраных удзелаў і больш у крыніцах не згадваецца. Бутаўт (Бутаў, у хрышчэнні Генрых; 1330? — пасля 1381), другі сын Кейстута. У 1365 арганізаваў змову супраць бацькі, пасля яе ўцёк да крыжакоў і жыў у Германіі. Войдат (1335? — 81?) пры жыцці бацькі самастойнай ролі не адыгрываў. Таўцівіл у хрышчэнні Конрад (1355?—90) быў актыўным паплечнікам Вітаўта ў яго барацьбе з Ягайлам за ўладу. Загінуў у гэтай барацьбе ў час аблогі Вільні. Пасля смерці Міхаіла Жыгімонтавіча (1385—1452), які не пакінуў нашчадкаў, род К. па мужчынскай лініі перарваўся.

В.​Л.​Насевіч.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́НЧЫК Павел Сцяпанавіч (17.9.1898, в. Едначы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 22.9.1975),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У рэв. руху з 1918. Скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносін (1921). З 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акр. управы, з мая 1929 чл. Гал. управы Таварыства беларускай школы. З 1928 дэп. польскага сейма. Уваходзіў у зах.-бел. к-т па падрыхтоўцы Еўрап. сялянскага кангрэса ў Берліне. Адзін з арганізатараў і чл. Гал. сакратарыята «Змагання». За рэв. дзейнасць у жн. 1930 арыштаваны і прыгавораны да 10 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зняволенымі з вер. 1932 у СССР; на гасп. рабоце. 26.11.1935 арыштаваны органамі НКУС БССР. 1.4.1937 паводле пастановы Асобай нарады НКУС СССР прыгавораны да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Рэабілітаваны Ваен. трыбуналам Бел. ваен. акругі 30.3.1956. Пасля адбыцця тэрміну пакарання жыў у Слоніме. Аўтар успамінаў «Як мы змагаліся за ўдзел у Еўрапейскім сялянскім кангрэсе» (у кн. «У суровыя гады падполля», 1958).

П.С.Крынчык.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́МАН Мікалай Афанасьевіч (н. 1.1.1941, в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі раслін. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р біял. н. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1963). З 1968 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі, з 1974 вучоны сакратар Аддзялення біял. навук Нац. АН Беларусі, з 1979 заг. лабараторыі, з 1997 адначасова нам. дырэктара Ін-та эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па марфафізіял. заканамернасцях структурна-функцыян. арганізацыі раслін, біял. асновах павышэння прадукцыйнасці с.-г. раслін і ўстойлівасці іх аграфітацэнозаў, эвалюцыйных аспектах фарміравання функцыян. сістэм аўтатрофаў. Прапанаваў гіпотэзу аб перыядычнасці светлавых крызісаў у эвалюцыі жыцця на Зямлі.

Тв.:

Биологический потенциал ячменя: Устойчивость к полеганию и продуктивность Мн., 1984 (разам з Н.М. Стасенка, С.А. Калер);

Потенциал продуктивности хлебных злаков: Технол. аспекты реализации. Мн., 1987 (разам з Б.Н. Янушкевічам, К.І. Хмурцом);

Методическое руководство по исследованию смешанных агрофитоценозов. Мн., 1996 (у сааўт.).

М.А.Ламан.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НЬШЫН Геральд Рыгоравіч (н. 5.8.1937, г.п. Фрунзе Луганскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р тэхн. н. (1983), праф. (1986). Скончыў Кіеўскі ін-т інж. грамадзянскай авіяцыі (1961). З 1970 вучоны сакратар Аддзялення фіз.-тэхн. навук, з 1974 у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН Беларусі, адначасова з 1985 у Ваен. акадэміі Беларусі. З 1993 прэзідэнт Міжнароднай акадэміі інфармацыйных тэхналогій. Навук. працы па тэорыі аналізу і сінтэзу складаных комплексаў «чалавек-машына», метадах і сродках забеспячэння якасці і надзейнасці эргатычных сістэм, метадах аўтаматызацыі эрганамічнага праектавання складаных сістэм, сродках кантролю і кіравання функцыянальным станам чалавека-аператара. Дзярж. прэмія СССР 1985.

Тв.:

Управление режимами профилактик сложных систем. Мн., 1976;

Методы профилактического обслуживания эргатических систем. Мн., 1983 (разам з Я.​Ю.​Барзіловічам, В.​Ф.​Васкабоевым);

Обеспечение качества функционирования автоматизированных систем. Мн., 1986 (разам з С.​В.​Кірпічом).

М.​П.​Савік.

Г.Р.Маньшын.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РЦІНСАН (Martinson) Хары Эдмунд (6.5.1904, Емсхэг, Швецыя — 11.2.1978),

шведскі пісьменнік. Чл. Шведскай акадэміі (з 1949). Друкаваўся з 1927. Першы зб. паэзіі — «Карабель-прывід» (1929). У паэт. зб. «Качэўнік» (1931), кнігах нарысаў «Падарожжа без мэты» (1932), «Мыс Фарвэл» (1933) спалучэнне рэаліст. і імпрэсіянісцкіх метадаў. Уражанні нялёгкага юнацтва ў цэнтры аўтабіягр. раманаў «Крапіва цвіце» (1935), «Дарога ў жыццё» (1936).

Прырода ў яе суаднесенасці з найважнейшымі праблемамі чалавечага быцця — гал. тэма зб-каў паэзіі «Прырода» (1934), «Пасат» (1945), «Цыкада» (1953), рамана «Дарога ў Царства Званоў» (1948), у якім рэалізм цесна пераплятаецца з рамант. рысамі. Да наватарскага жанру эпічнай паэмы-антыутопіі належыць «Аніяра» (1956), поўная роздуму пра чалавека і свет, лёс сучаснай цывілізацыі і жыцця на зямлі. Аўтар п’есы «Тры нажы з краіны Вэй» (1964), зб-каў лірыкі «Вершы пра святло і цемру» (1971), «Лясныя ўзгоркі» (1973), «Па сцежках рэха» (1978), «Дарыды» (выд. 1980). Нобелеўская прэмія 1974 (з Э.Юнсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1984.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Х.Марцінсан.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЛЯДО́ВЫ ПАЛА́Ц СПО́РТУ.

Пабудаваны ў 1999 у Мінску ў зоне грамадскага цэнтра зах. планіровачнага раёна. Аўтары: арх. Ю.​Патапаў, І.​Боўт, А.​Шафрановіч, дызайнеры В.​Цыёнская, Н.​Дарашкевіч. Разлічаны для спаборніцтваў і трэніровак па хакеі з шайбай і інш. Гал. фасад будынка арыентаваны на вул. Прытыцкага, з якой арганізаваны ўезд на аўтастаянку і знешнія падыходы на перадпалацавую плошчу ў выглядзе шырокіх алей з лесвіцамі і пандусамі. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка засн. на спалучэнні простых геам. аб’ёмаў, кантрасце гладкіх глухіх сцен з рэдкім рытмам аконных праёмаў і шклянога аб’ёму колеру бірузы (нагадвае лядовы адкол на беласнежным фоне). Уключае глядзельную залу на 2 тыс. месцаў, лядовае поле (60 × 30 м), гал. службовы і касавы вестыбюлі, фае з вынаснымі буфетамі, раздзявалкі з саунамі для дарослых і дзяцей, трэнажорную залу, прэс-цэнтр, адм. і тэхн. памяшканні. Палац забяспечаны сучасным тэхнал. і інж. абсталяваннем, што дазваляе праводзіць спарт. мерапрыемствы на высокім міжнар. узроўні.

Мінскі лядовы палац спорту.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ Андрэй Рыгоравіч (8.11.1897, в. Сачылаў Пагарскага р-на Бранскай вобл., Расія — 16.4.1985),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Чл.-кар. АН Беларусі (1961), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—61), д-р с.-г. н. (1952), праф. (1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў БСГА (1925), працаваў там да 1941 і ў 1944—56 (з 1936 заг. кафедры). З 1958 нам. дырэктара Бел. НДІ глебазнаўства. З 1961 у БДУ (з 1968 заг. кафедры, з 1979 праф.-кансультант). Навук. працы па даследаванні і карціраванні глеб. Склаў зводную глебавую карту Беларусі. Кіраваў глебавымі даследаваннямі зямель рэспублікі, удзельнічаў у аграглебавым раянаванні, прагназіраванні ўплыву меліярацыі на змену глеб Бел. Палесся. Распрацаваў методыку якаснай ацэнкі (баніціроўка) глеб Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Руководство по почвенному исследованию земель колхозов и совхозов БССР. Мн., 1960 (разам з М.​П.​Булгакавым, Ю.​Л.​Гаўрыленка);

Качественная оценка земель в колхозах и совхозах БССР Мн., 1971 (у сааўт.).

А.Р.Мядзведзеў.

т. 11, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)