ГІБРЫДАЛАГІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,

аналіз характару наследавання асобных уласцівасцей і прыкмет арганізмаў пры палавым размнажэнні з дапамогай сістэмы скрыжаванняў; адзін з асн. метадаў генет. аналізу. Дае магчымасць расшыфраваць генатыпічную структуру асобін, што скрыжоўваюцца, і іх патомкаў.

Класічная схема гібрыдалагічнага аналізу ўключае: вылучэнне зыходных гомазіготных форм, атрыманне ад іх гібрыдаў 1-га пакалення (F1) і скрыжаванне F1 паміж сабой — атрыманне гібрыдаў 2-га пакалення (F2). У гібрыдалагічным аналізе выкарыстоўваюць таксама рэцыпрокныя, зваротныя і аналітычныя скрыжаванні (гл. адпаведныя арт.). Метад гібрыдалагічнага аналізу дазваляе выявіць характар дамінавання і вызначыць колькасць генаў, якія кантралююць адрозненні па дадзенай прыкмеце, лакалізацыю генаў, што вывучаюцца. З яго дапамогай вырашаюць многія праблемы сучаснай генетыкі: атрыманне арганізмаў з зададзенымі генет. ўласцівасцямі, складанне генетычных картаў храмасом для розных відаў, вызначэнне філагенетычнай роднасці паміж групамі арганізмаў і інш. Прыватны выпадак гібрыдалагічнага аналізу — метад радаслоўных (генеалагічны аналіз), аднак у ім, як правіла, адсутнічае этап падбору бацькоўскіх форм.

т. 5, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА ПРА́ЦЫ,

галіна гігіены, якая вывучае ўплыў на арганізм чалавека працоўнай дзейнасці і вытв. асяроддзя і распрацоўвае гігіенічныя нарматывы і мерапрыемствы для забеспячэння спрыяльных умоў працы і прадухілення няшчасных выпадкаў і прафес. хвароб. Цесна звязана з эрганомікай і інжынернай псіхалогіяй. Тэарэт. асновай гігіены працы з’яўляецца фізіялогія працы. Асн. пытанні гігіены працы: рацыяналізацыя працоўных працэсаў, рэжымаў працы і адпачынку розных катэгорый работнікаў, вызначэнне аптымальных нагрузак; прадухіленне неспрыяльных уплываў на арганізм чалавека хім. рэчываў, фіз. фактараў (метэарал. умоў, іанізуючага апрамянення, шуму, вібрацыі, пылу і інш.) шляхам распрацоўкі сан. правіл і гігіенічных патрабаванняў да асобных відаў вытв-сці. Даследаванні ў галіне гігіены працы ствараюць навук. базу для практ. дзейнасці па аздараўленні ўмоў працы, забеспячэнні мед. абслугоўвання працоўных, экспертызы прафес. працаздольнасці, рэабілітацыі і інш. Практычная дзейнасць ажыццяўляецца ў форме санітарнага нагляду.

Літ.:

Руководство по гигиене труда. Т. 1. М., 1987;

Алексеев С.В., Усенко В.Р. Гигиена труда. М., 1988.

Х.​Х.​Лавінскі.

т. 5, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕВА́НГЕЛЬСКІЯ ХРЫСЦІЯ́НЕ-БАПТЫ́СТЫ, Саюз ЕХБ,

царква, якая ўзнікла на тэр. СССР у 1944 у выніку зліцця пратэстанцкіх плыней — баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Кіруючым органам царквы ЕХБ да 1991 быў Усесаюзны савет ЕХБ (УСЕХБ). У 1945—47 да Саюза ЕХБ далучылася частка пяцідзесятнікаў, у 1963 — «брацкія менаніты». Царк. арганізацыя, парадак набажэнства, абраднасць і царк. дысцыпліна ЕХБ грунтуюцца на прынцыпах баптыстаў, веравучэнне — на палажэнні евангельскіх хрысціян. Пяцідзесятнікі адмовіліся ад гласалалій (гаварэння на «іншамовах»). У 1960-я г. з Саюза выйшла найб. кансерватыўная частка вернікаў і стварыла Савет цэркваў ЕХБ. Некат. з іх па-ранейшаму адмоўна ставяцца да рэгістрацыі. У 1947 з Саюза выйшла частка пяцідзесятнікаў, у 1980-я г. выхад пяцідзесятніцкіх суполак набыў масавы характар. Існуе Саюз ЕХБ Беларусі, які ўваходзіць у Сусв. саюз баптыстаў. На 1.1.1998 у Рэспубліцы Беларусь 209 зарэгістраваных суполак ЕХБ і 33 незарэгістраваныя суполкі Савета цэркваў ЕХБ.

А.​У.​Верашчагіна.

т. 6, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЛІСЕ́ЕЎ (Аляксей Станіслававіч) (н. 13.7.1934, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1969), лётчык-касманаўт СССР (1969), д-р тэхн. н. (1973). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (МВТВ) імя М.​Э.​Баўмана (1957). З 1966 у атрадзе касманаўтаў. 15—16.1.1969 з Б.В.Валынавым і Я.В.Хруновым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-5» (як бортінжынер), 16.1.1969 з Хруновым перайшоў праз адкрыты космас (37 мін) у касм. карабель «Саюз-4» (пілатаваў У.А.Шаталаў), на якім 17.1.1969 вярнуўся на Зямлю. 13—18.10.1969 з Шаталавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-8» (як бортінжынер), 23—25.4.1971 з Шаталавым і М.М.Рукавішнікавым — палёт на касм. караблі «Саюз-10» (як бортінжынер). У ліпені 1975 — кіраўнік палёту па праграме «ЭПАС». З 1985 рэктар МВТВ імя Баўмана. Правёў у космасе 8,9 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына. Дзярж. прэмія СССР (1980).

А.С.Елісееў.

т. 6, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎСЦІГНЕ́ЕЎ (Віктар Уладзіміравіч) (н. 30.8.1941, в. Сукманаўка Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-р мед.н. (1991), праф. (1994). Акад. Каралеўскай акадэміі дактароў Іспаніі (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966). У 1969—83 і з 1994 працуе ў ім, у 1983—94 у Бел. дзярж. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па праблемах эпілепсіі і яе хірург. лячэння. Адзін з аўтараў адкрыцця «Заканамернасці змянення ўласных акустычных ваганняў галаўнога мозга» (1991), распрацоўкі сістэмы камп’ютэрнай дыягностыкі вострых хвароб ц. н. с. і метаду рэдыслакацыі мазгавога ствала ў выпадках яго зрушвання і пры ўшчамленнях, абумоўленых унутрычарапной гіпертэнзіяй.

Тв.:

Смещения и ущемления мозгового ствола. Мн., 1968 (разам з М.​С.​Місюком, С.​М.​Рагульчанкам);

Острая внутричерепная гипертензия. Мн., 1974 (раэам з А.​Я.​Семаком);

Основы топической диагностики заболеваний нервной системы. Мн., 1974 (у сааўт.);

Нервные болезни. Мн., 1977 (разам з М.​С.​Місюком, А.​М.​Гурленем).

т. 6, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎТА-ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, разнажгуцікавыя водарасці (Xanthophyta, Heterocontae),

аддзел ніжэйшых раслін. Вядома каля 560 відаў і ўнутрывідавых таксонаў. Пашыраны па ўсім зямным шары пераважна ў прэсных, некаторыя — у салёных вадаёмах і глебе. Планктонныя арганізмы, радзей бентасныя. На Беларусі адзначана больш за 50 відаў з 22 родаў: арахнахлорыс, афіяцытыум, батрыдыум, батрыдыёпсіс, вашэрыя, гетэротрыкс, гетэракокус, манодус плеўрахлорыс, трыбанема, тэтраэдрыела, харацыёпсіс і інш.

Аднаклетачныя, шматклетачныя, радзей каланіяльныя і цэнабіяльныя арганізмы разнастайнай формы. Рухомыя, плаваюць пасіўна або прымацаваныя. Колер ад светла- да цёмна-жоўта-зялёнага, рэдка зялёны або блакітны з-за наяўнасці ў хларапластах, акрамя хларафілу, вял. колькасці жоўтых пігментаў (ксантафілы, караціны). Клеткі адна-, радзей шматядравыя з абалонкай, радзей голыя. Крухмал, як запасное рэчыва, адсутнічае (характэрная прыкмета). Жыўленне пераважна аўтатрофнае. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі і інш.), рэдка полавае (іза- і аагамія). Аднаклетачныя рухомыя віды і зааспоры маюць 2 жгуцікі рознай даўжыні (адсюль другая назва).

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЧКА (Хведар Дзмітрыевіч) (н. 20.3.1927, пас. Марс Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1959). Служыў на флоце, працаваў у прэсе, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура», у 1972—76 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1947. Паэтызуе рамантыку марской службы, працу, хараство роднай прыроды (зб. «Стой на вахце, сэрца», 1961, «Настой», 1968, «Абрус», 1985, і інш.). У вострасюжэтных апавяданнях і аповесцях для дзяцей раскрывае сталенне характару юнага героя («Каштанавы «Масквіч», 1959, «Піфагоравы штаны», 1961, «Зброю бяруць сыны», 1964, «Дзе растуць бяссмертнікі», 1967, «Букет вяргіняў», 1970, «Дзень будзе ясны», 1981). На бел. мову пераклаў многія творы чэш., польскіх і славацкіх пісьменнікаў, драму Л.​Украінкі «Лясная песня», аповесці М.​Алейніка «Леся», Б.​Ногейла «Паводка» і інш.

Тв.:

Абеліск. Мн., 1973;

Карэц калодзежнай вады. Мн., 1983;

Абдымкі сонца. Мн., 1988;

Сонца скача па траве. Мн., 1989.

т. 6, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́ТНЕЎ (Алег Барысавіч) (н. 8.7.1947, г.п. Сухабязводнае Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). У 1979—83 заг. літ. часткі Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. З 1984 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Творчасці ўласцівы перавага лірычнай вобразнасці, спалучэнне класічнай традыцыі, неакласіцыстычных тэндэнцый і сучасных тэхнік кампазіцыі. Сярод твораў: балет «Кругаверць» па матывах нар. балад (паст. 1996, лібр. Ю.​Чурко); драм. араторыя «Лісткі календара» (сл. М.​Танка, 1983), «Літургія св. Іаана Златавуста» (1994), «Нясвіжская меса» паводле твораў кампазітараў 18 ст. (1997); камерная сімфонія (1979), адажыо «Doloroso» (1980); канцэрты: для фп. (1974), для голасу (1988), для ўдарных інструментаў «Credo» (1992), для аргана і ўдарных (1993) з аркестрам; паэма-карціна «Купальская ноч» для нар. арк. (1982); «Тэатральны дывертысмент» для ансамбля духавых, ударных і фп. (1992); камерна-вак. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў, радыёпастановак.

Р.​М.​Аладава.

т. 6, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛОЗНІЦАКВЕ́ТНЫЯ (Scrophulariales),

парадак двухдольных кветкавых раслін. 12 сям., больш за 1 тыс. родаў і 12 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераных, субтрапічных і трапічных абласцях. На Беларусі 5 сям.: залознікавыя, заразіхавыя, паслёнавыя, плывунцовыя, трыпутнікавыя, 32 роды. Сярод іх больш за 100 дзікарослых і 30 інтрадукаваных відаў, у т. л. важныя харч. (бульба, памідоры), тэхн. (тытунь, махорка), лек. (аўран, залозніца, красаўка, трыпутнік), дэкар. (будлея, ільвіны зеў, петунія), меданосныя расліны; ёсць насякомаедныя (тлушчанка), ядавітыя і пустазелле.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, радзей кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, іншы раз кальчаковае, без прылісткаў. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, пераважна няправільныя, 5-членныя, са зрослапялёсткавым вяночкам. Тычынак 5—4 (іншы раз 2). Гінецэй звычайна з 2 (радзей 5) зрослых пладалісцікаў. Завязь двух- ці аднагнездавая, з многімі семязародкамі. Плод — каробачка, іншы раз ягада. Насенне з эндаспермам. Г.​У.​Вынаеў.

т. 6, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ РУ́ДНЫХ РАДО́ВІШЧАЎ,

заканамерная змена ў прасторы мінер. або структурна-тэкстурных асаблівасцей руд.

Адрозніваюць занальнасць першасную, абумоўленую працэсамі фарміравання радовішчаў карысных выкапняў, і другасную, звязаную з пераўтварэннем рудных цел каля паверхні Зямлі пры акісленні. Вылучаюць занальнасць: рудных правінцый (фарміраванне груп радовішчаў паслядоўна разам з эвалюцыяй зямной кары), рудных палёў (чаргаванне пакладаў руд розных металаў пры пераходзе ад аднаго краю поля да другога), рудных цел (змена мінер. і метал. саставу руд у межах цела). Тэмпературная рудная занальнасць утвараецца ад паніжэння ціску і т-ры рудаўтваральных раствораў па меры аддалення ад магматычнага ачага. На фарміраванне З.р.р. значна ўплываюць рудаўтваральныя растворы пры пульсацыйным паступленні ў прастору рудаадкладання. Вертыкальная занальнасць заключаецца ў змене (з набліжэннем да паверхні Зямлі) высокатэмпературных радовішчаў вальфраму, волава, малібдэну і вісмуту сярэдне- і нізкатэмпературнымі радовішчамі медзі, свінцу, цынку, сурмы і ртуці. Седыментацыйная занальнасць узнікае ў сувязі з рознай геахім. рухомасцю металаў.

М.​М.​Даеыдаў.

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)