ПІКА́Р ((Piccard) Агюст) (28.1.1884, г. Базель, Швейцарыя — 25.3.1962),
швейцарскі фізік і канструктар. Скончыў Федэральную політэхн. школу ў Цюрыху, дзе і працаваў (з 1917 праф.). У 1922—39 і 1946—47 праф.Політэхн. ін-та ў Бруселі. На стратастаце ўласнай канструкцыі дасягнуў выш. 16370 м (1932) з мэтай даследавання касм. прамянёў. Сканструяваў і выпрабаваў батыскаф (1948), апусціўся ў ім на глыб. 3160 м (1953).
Тв.:
Рус.пер. — На глубину морей в батискафе. Л., 1961.
Літ.:
Лятиль П. де, Ривуар Ж. С небес в пучины моря: Пер. с фр.Л., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКСЕ́НЫ (ад піра... +грэч. xenos чужы),
група пародаўтваральных мінералаў падкласа стужачных сілікатаў. Агульная формула R2[Si2O6], дзе R — пераважна магній, жалеза, радый, кальцый, алюміній, натрый, літый і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (клінапіраксены) і рамбічнай (ортапіраксены) сінганіях. Адрозніваюць П. шчолачназямельныя (дыяпсід-гедэнбергіт, аўгіт) і шчолачныя (эгірын, жадэіт, спадумен). Крышталі кароткапрызматычныя, таблітчастыя, зярністыя масы, украпанікі. Колер белы, шэры, жоўты, аліўкава-зялёны, бураваты да чорнага. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,1—3,6 г/см³. Уваходзяць у састаў многіх магматычных і метамарфічных горных парод, некат. пароды цалкам складзены з П. (напр., піраксеніт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСАРЭ́НКА (Андрэй Яфрэмавіч) (3.6.1908, г. С.-Пецярбург — 24.2.1966),
Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Скончыў 2 курсы с.-г. ін-та (1973), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1939). У 1932—35 у органах НКУСБССР. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з 1941 на Зах., Бранскім і Цэнтр. франтах. Камандзір стралк. роты лейт. П. вызначыўся ў 1943 на тэр. Чарнобыльскага р-на Кіеўскай вобл., дзе цяжка паранены працягваў бой, чым натхніў роту на адбіццё варожай атакі і прасоўванне наперад свайго батальёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСАРЭ́НКА (Мікалай Пятровіч) (н. 11.9.1926, с. Ніколіна-Балка Пятроўскага р-на Стаўрапольскага краю, Расія),
бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1977), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі каап.ін-т (1956), дзе і працаваў (у 1966—73 і 1978—80 прарэктар). У 1973—78 у Ін-це эканомікі АНСССР. З 1980 у Гомельскім каап. ін-це (рэктар, з 1996 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах эканомікі і планавання нарыхтовак с.-г. прадукцыі, вытв. адносін у сельскай гаспадарцы.
Тв.:
Экономика, организация и планирование заготовок продукции сельского хозяйства. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ МЕ́ТРЫКА,
спосаб вымярэння адлегласцей (даўжынь адрэзкаў) і вуглоў сродкамі праектыўнай геаметрыі.
Сутнасць спосабу ў замацаванні некаторай фігуры ў якасці абсалюта, які вызначае дадзеную метрычную геаметрыю, і ў вылучэнні з групы праектыўных пераўтварэнняў такіх, якія адлюстроўваюць абсалют у сябе і ствараюць такім чынам адпаведную групу рухаў. Напр., метрыка плоскасці Лабачэўскага атрымліваецца, калі за абсалют прыняць нераспадальную рэчаісную лінію 2-га парадку. Тады даўжыня адрэзка AB роўная (ABPQ), дзеP і Q — пункты перасячэння прамой AB з абсалютам, — пастаянная, аднолькавая для ўсіх адрэзкаў, (ABPQ) — падвойны стасунак (гл.Праектыўнае пераўтварэнне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́Ф’ЕЎ (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 16.2.1936, г. Пскоў, Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Ленінградскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча імя В.І.Мухінай (1964). З 1964 мастак на Барысаўскім хрусталёвым з-дзе. Працуе ў галіне маст. шкла. Сярод работ сталовы набор «Сталічны» (1965), выставачныя наборы «Агеньчык» (1970), «Кара́лі» (1972), дэкар. вазы «Мінск» (1968), «Полымя» (1969), «Урадлівасць» (1978), «Вадаспад» (1981), «Перамога» (1982), «Белы колер» (1987), «Курган славы» (1995), дэкар блюды «Святочны арнамент» (1988), «Беларусь» (1994) і інш. Творы вызначаюцца выразнасцю сілуэтаў, выдатным валоданнем матэрыялу, разнастайнасцю тэхнік выканання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭТО́РЫУС ((Pretorius) Андрыес Вільхельмус Якобус) (27.11.1798, каля Храф-Рэйнета, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 23.7.1853),
бурскі ваен. і паліт. дзеяч у час перасялення бураў (афрыканераў) з Капскай калоніі на Пн ад р. Аранжавая. Узначаліў бураў у 1838 пасля гібелі іх лідэра П.Рэтыфа. У снеж. 1838 камандаваў атрадамі бураў, якія перамаглі зулусаў у бітве на р. Інкоме. У студз. 1852 падпісаў з англічанамі Сандрыверскую канвенцыю, паводле якой тыя прызнавалі незалежнасць бураў на Пн ад р. Вааль, дзе ў 1856 была створана Паўд.-Афр. Рэспубліка (гл.Трансвааль). Ад яго імя паходзіць назва г.Прэторыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТУ́ШНІК,
гаспадарчая пабудова для вырошчвання і ўтрымання с.-г. птушкі. Уключае асн. і падсобныя (салярый, склады і інш.) памяшканні. Будуюць П. з жалезабетонных блокаў, цэглы, дрэва. Бываюць П. падлогавага і клетачнага ўтрымання. Тып П. залежыць ад віду, узросту птушкі, кірунку яе гасп. выкарыстання. Пры падлогавым утрыманні П. падзяляюць метал. сеткай на асобныя секцыі (у кожнай секцыі размяшчаюць да 700—1000 птушак), агульная ўмяшчальнасць 2,5—20 тыс. Пры клетачным утрыманні П. падзяляюць на асобныя залы, дзе размяшчаюць клетачныя батарэі, іх агульная ўмяшчальнасць павялічваецца ў 2—3 разы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУАЗЁЙЛЯ ЗАКО́Н,
закон выцякання вадкасці праз тонкую цыліндрычную трубку. Паводле П.з. аб’ём вадкасці Q, што працякае за адзінку часу праз папярочнае сячэнне трубкі дыяметрам d, вызначаецца формулай:
, дзеp і p0 — ціск на ўваходзе ў трубку і выхадзе з яе адпаведна, l — даўжыня трубкі,
— велічыня, звязаная з каэфіцыентам дынамічнай вязкасці η. Устаноўлены эксперыментальна Ж.Л.М.Пуазёйлем у 1840, сувязь велічынь k і η вызначана Дж.Г.Стоксам у 1851. П.з. выконваецца для ламінарнага цячэння вадкасці, выкарыстоўваецца ў вісказіметрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНТКО́ЎСКІ ((Piontkowski) Каспар) (1554—1612),
польскі драматург. Выкладаў у Віленскай езуіцкай акадэміі, для якой на пачатак школьнага года напісаў п’есу «Цімон Гардзілюд» (каля 1584), куды ўвайшла першая інтэрмедыя на бел. мове. У ёй выкрываюцца псеўдавучонасць і чалавеканенавісніцтва; камічны эфект ствараецца спалучэннем ант. і мясц. элементаў. На творчасць П. паўплывалі ідэі еўрап. Адраджэння. Аўтар «Дыялогу аб міры для караля Стафана» (паст. 1582), дзе асуджаюцца захопніцкія войны, інтэрмедыі «Лікус, Скева, Секстус» (1584).
Тв.:
У кн.: Draniaty staropolskie. Warszawa, 1961. Т. 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.