Існаваў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) у 1701—1850-я г.Засн. ў 1701 трокскім кашталянам М.К.Коцелам (яго нашчадкі валодалі Беніцай да 1810). Мураваны Троіцкі касцёл асвячоны ў 1704 віленскім біскупам К.К.Бжастоўскім. Спачатку кляштар быў драўляным, але «найвыгаднейшым», як паведамляюць бернардзінскія гісторыкі. Пазней пабудаваны мураваны корпус. Першым гвардыянам (настаяцелем) быў К.Коцел. Пры касцёле існавала брацтва Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Прыкладна ў 1780—1842 пры касцёле працавала школа. У 1850-я г. кляштар скасаваны, у канцы 19 ст. жылы будынак разбураны ўласнікам Беніцы. Касцёл у 1866 перароблены на царкву, у 1919 вернуты католікам, каля 1945 закрыты. Касцёл аднанефавы, крыжова-купальны з двухвежавым гал. фасадам; неф завершаны пяціграннай апсідай, перакрыты скляпеннем з распалубкамі. Захаваліся рэшткі алтароў і стукавых надмагілляў. У сутарэннях былі пахаваны Коцелы і Швыкоўскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
наступальная аперацыя войск Бранскага фронту (ген. арміі М.М.Папоў) 1.9—3.10.1943 у Вял.Айч. вайну. Мэта аперацыі — разграміць 9-ю ням.-фаш. армію, выйсці да р. Дзясна, фарсіраваць яе і стварыць плацдарм для наступлення на Гомель. Удзельнічалі 3, 11, 1-я гв., 50, 63, 15-я паветр. арміі, конна-механізаваная група. У ходзе аперацыі войскі фарсіравалі Дзясну, ва ўзаемадзеянні з партызанамі вызвалілі Бранск і Бежыцу, уступілі на тэр. Беларусі і вызвалілі першы бел. раён. цэнтр — Камарын (23 вер.), г.п. Хоцімск (26 вер.), г. Ветка, Касцюковічы, Клімавічы (28 вер.), Крычаў, Чэрыкаў, г.п. Краснаполле (1 кастр.), выйшлі да р. Проня, фарсіравалі Сож, прарвалі абарончы рубеж ням.-фаш. войск «Пантэра». Былі створаны перадумовы для далейшага наступлення сав. войск на Гомельскім напрамку. 11 часцей і злучэнняў атрымалі ганаровае найменне «Бранскіх», 5 — «Бежыцкіх», 3 — «Крычаўскіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛО́ГА,
1) спосаб вядзення ваен. дзеянняў па авалоданні крэпасцю ці ўмацаваным горадам. Праводзілася ў выпадку, калі крэпасць або горад не былі захоплены раптоўна або штурмам. Уключала акружэнне крэпасці войскамі, узвядзенне вакол яе аблогавых умацаванняў, правядзенне атак, якія звычайна заканчваліся штурмам. Часам аблога прымала форму блакады. Вядома з глыбокай старажытнасці: А.Бактры (Егіпет; 2130 да н.э.), Троі (каля 1260 да н.э.); Полацка (1579), Быхава аблога 1654—55 і інш., Плеўны (1877). У 18 — пач. 20 ст. для аблогі ствараліся спец. Арміі: яп. аблогавая армія пад Порт-Артурам (1904), ням. і рус. аблогавыя арміі ў 1-ю сусв. вайну (1914—18) пры А.Льежа, Намюра, Перамышля. Пасля I-й сусв. вайны тэрмін «аблога» не выкарыстоўваецца.
2) Спосаб палявання (на ваўка, мядзведзя і інш.).
Да арт.Аблога. «Аблога Полацка войскамі Стафана Баторыя ў 1579». З гравюры С.Пахалавіцкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУХО́ВІЧ (Альгерд Рышардавіч) (псеўд.Граф Бандынэлі; 6.8.1840, в. Калацічы Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 22.8.1898),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Падарожнічаў, жыў у Жэневе, Парыжы. Паводле некат. звестак удзельнічаў у паўстанні 1863—64. Перакладаў творы А.Пушкіна, М.Лермантава, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, У.Сыракомлі, І.В.Гётэ, Ф.Шылера, В.Гюго, Дж.Байрана, Дантэ (распаўсюджваліся ў рукапісах). З Ф.Багушэвічам (былі знаёмыя) пачынальнік жанру байкі ў бел. л-ры. Аўтар баек «Ваўкалак» (праблема свабоды чалавечай асобы), «Старшына» (паліт. сатыра на паслярэформенную Рас. імперыю), «Суд», «Воўк і лісіца», верша «Дума а Каралю XII». Мемуары Абуховіча (1894, фрагменты надр. ў 1916 у віленскай газ. «Гоман») — яркі помнік эпохі з цікавым зместам, жывою моваю.
Тв.:
Творы. Мн., 1991.
Літ.:
Родчанка Р. Альгерд Абуховіч-Бандынэлі: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Леанід Мікалаевіч) (21.8.1871, г. Арол — 12.9.1919),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Друкаваўся з 1892. Раннія творы вытрыманы ў традыцыях крытычнага рэалізму («Вялікі шлем», «Пецька на дачы», «Анёлачак», «Жылі-былі»). Спачуваў рэвалюцыянерам, пратэставаў супраць вайны («Іншаземец», «Марсельеза», «Чырвоны смех»). У больш позніх творах («Сцяна», «Думка», «Бездань», «Жыццё Васіля Фівейскага») адчуваецца песімізм, падкрэсліваецца бяссілле чалавечага розуму. Рэвалюцыя 1905—07 абвастрыла цікавасць да сац. праблем (драмы «Да зор», 1905, выд. 1906; «Губернатар», 1906; «Апавяданне пра сем павешаных», 1908), а яе паражэнне выклікала расчараванне; матывы адчаю, вобразы смерці ідуць побач з паэтызацыяй анархічнага бунту: п’есы «Сава» (1906), «Жыццё чалавека» (1907), «Чорныя маскі», «Цар Голад» і «Анатэма» (усе 1908); апавяд. «Цемра», «Пракляцце звера» (абодва 1907); раман «Сашка Жыгулёў» (1911). Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ ЛІ́ГА НАРО́ДНАЙ СВАБО́ДЫ,
палітычная арг-цыя ў Бірме (цяпер М’янма) у 1944—64. Створана ў жн. 1944 як арг-цыянац. фронту супраць яп. акупацыі краіны. Заснавальнікі — Камуніст., Нац.рэв. (з 1945 Сацыяліст.) партыі, Нац. армія і інш. Ліга ўзначальвала антыяпонскае паўстанне 1945, барацьбу за дзярж. незалежнасць Бірмы пасля вяртання ў краіну англічан (1945—47). У 1948—62 была кіруючай. Праграма Лігі прадугледжвала пабудову марксісцкай мадэлі сацыялізму ў спалучэнні з будызмам. У канцы 2-й сусв. вайны Ліга налічвала больш за 200 тыс.чал. Яе старшынямі былі Аун Сан (1944—47), У Ну (1947—62). У 1958 Ліга падзялілася на 2 фракцыі, адна з якіх у 1960 стала Саюзнай партыяй, а другая захавала старую назву; абедзве распушчаны ў 1964. Пераемніцай Лігі стала створаная ў 1988 Нац. ліга за дэмакратыю на чале з Су Чжы, дачкой Аун Сана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮРО́ ЦК КПЗБ,
цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1929—38. Створана паводле рашэння Першага з’езда КПЗБ. Выбіралася на пленумах ЦККПЗБ, складалася з 3—5 членаў. Падпарадкоўвалася Палітбюро ЦК КПП. Знаходзілася пераважна па-за межамі Польшчы (у Гданьску, Берліне, Капенгагене, Мінску). Кіравала Краявым сакратарыятам ЦККПЗБ, Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, Мінскай школай КПЗБ, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, займалася агульнапаліт., арганізац., бягучымі і інш. пытаннямі. У розны час членамі Бюро ЦККПЗБбылі А.А.Альшэўскі, М.С.Арэхва, М.А.Блінчыкаў, Ю.Брун, С.І.Будзінскі, Р.Д.Вольф, А.У.Канчэўскі, П.Корчык (І.К.Лагіновіч), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, А.М.Розеншайн, А.С.Славінскі, Е.І.Шоламаў і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам КПП, КПЗБ і КПЗУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗА-КАРТУ́ЗСКІ КАНЦЭНТРАЦЫ́ЙНЫ ЛА́ГЕР,
месца зняволення паліт. вязняў у Польшчы ў 1934—39. Створаны паводле распараджэння прэзідэнта Польскай рэспублікі ад 17.6.1934 для ізаляцыі «левых элементаў» (камуністаў, рэвалюцыянераў і інш.). Размяшчаўся ў колішніх вайск. казармах мяст. Бяроза-Картузская Палескага ваяв. (г. Бяроза Брэсцкай вобл.). Людзей найчасцей знявольвалі без суда, на падставе даносаў мясц. адміністрацыі, часта на неабмежаваны тэрмін. Вызначаўся жорсткім рэжымам. У канцлагеры былі зняволены актыўныя дзеячы КПЗБ, КПЗУ і КПП, сярод іх А.І.Кароль, Ф.Р.Маркаў, укр. паэт А.Гаўрылюк. Тут закатаваны камуністы А.А.Мазырка, А.В.Германіскі, Ю.Нядзельскі і інш. У канцлагеры дзейнічала заканспіраваная камуніст.арг-цыя. Канцлагер ліквідаваны ў вер. 1939 з прыходам Чырв. Арміі на тэр.Зах. Беларусі. Паводле няпоўных звестак, за гады існавання праз лагер прайшло больш за 10 тыс. вязняў. Помнік вязням Бяроза-Картузскага канцэнтрацыйнага лагеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ННІ КЛІ́МАТУ,
рытмічныя змяненні клімату на працягу невял. адрэзкаў часу (не менш як 10 гадоў) у рамках пэўнага клімату дадзенай мясцовасці. Выражаюцца ў змене цёплых перыядаў больш халоднымі або сухіх вільготнымі. Ваганні клімату звязваюць са змяненнямі сонечнай актыўнасці (11- і 80-гадовыя цыклы), скорасці вярчэння Зямлі (250-гадовыя), сілы прыліваў (каля 1700-гадовы цыкл) і інш. У геал. мінулым, верагодна, былі больш глыбокімі і працяглымі. Найб. вывучаны ў гіст. час і сучасныя, за апошнія 150—200 гадоў. На пачатку н.э. клімат Еўропы быў падобны на сучасны, у 11—13 ст. значна цяплейшы (у Грэнландыі пашырылася жывёлагадоўля). Моцнае пахаладанне ў 15—16 ст.наз. малым ледавіковым перыядам. У 17 ст. адбылося пацяпленне, потым да сярэдзіны 19 ст. клімат зноў быў халодны і вільготны, пасля чаго настала сучаснае пацяпленне (вынік супадзення 80- і 250-гадовых цыклаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1492—94.
вайна Маскоўскай дзяржавы за ўсх.-слав. землі, што былі ў складзе ВКЛ. Ваенныя дзеянні пачаліся пасля смерці вял.кн.ВКЛ Казіміра IV. Рус. войскі ў жн. 1492 занялі Любуцк і Мцэнск, а восенню Хлепень і Рагачоў. У гэты час да Масквы «ад’ехалі» вярхоўскія князі з парубежных раёнаў ВКЛ, што дазволіла Івану III без цяжкасці заняць землі ў вярхоўях Акі. Рыхтуючыся пашырыць ваен. дзеянні, ён пачаў ствараць ваен. кааліцыю супраць ВКЛ. Каб спыніць ваен. дзеянні, віленскі двор прапанаваў выдаць дачку Івана III Алену Іванаўну замуж за вял.кн.ВКЛАляксандра; праведзены перагаворы аб сватанні, заручынах і вяселлі Аляксандра і Алены. У выніку пагаднення да Маскоўскай дзяржавы адышлі землі ў бас. Верхняй Акі і Вяземскае княства. ВКЛ адмовілася ад прэтэнзій на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Разань, прызнала ўсе «ад’езды» вярхоўскіх князёў.