ЛЕ́НАЎ (Lenau) Нікалаўс [сапр. Німбш Эдлер фон Штрэленаў

(Niembsch Edler von Strehlenau) Франц; 13.8.1802, г. Ленаўхейм, Румынія — 22.8.1850], аўстрыйскі паэт-рамантык. Вучыўся ў Венскім і Гайдэльбергскім ун-тах. Паводле сац.-філас. накіраванасці яго паэзія сугучная матывам «сусветнага жалю» Дж.Байрана і Г.Гейнэ. Паэт. зб-кі «Вершы» (1832),

«Новыя вершы» (1838) і інш. адметныя яркай метафарычнасцю, рамант. сімволікай, блізкасцю да ням. і венг. нар. паэзіі. Аўтар паэм «Фауст» (1836), «Саванарола» (1837), «Дон Жуан» (выд. 1851). У паэмах «Ян Жыжка» (1837—42), «Альбігойцы» (1842) прадчуванне непазбежнасці рэв. змен. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Л.​Баршчэўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Зірні ў паток: Вершы, паэмы. Мн., 1991;

Рус. пер. — Стихотворения. Ян Жижка: Поэма. М., 1956;

У кн.: Золотое сечение: Австрийская поэзия XIX—XX вв. в рус. переводах. М., 1988.

Г.​В.​Сініла.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІБРА́ЦЫЯ МЕ́СЯЦА (лац. libratio ваганне),

бачныя з Зямлі перыядычныя ваганні Месяца вакол свайго цэнтра мас. Адрозніваюць аптычную (геаметрычную) і фізічную Л.М.

Аптычная падзяляецца на лібрацыю па даўгаце (бачнае перамяшчэнне плям па паверхні Месяца ўздоўж паралеляў з-за нераўнамернага руху яго па арбіце), лібрацыю па шыраце (бачныя ваганні полюсаў Месяца з-за нахілу яго восі вярчэння да плоскасці арбіты), сутачную лібрацыю (бачнае перамяшчэнне пунктаў па паверхні Месяца з прычыны руху назіральніка пры сутачным вярчэнні Зямлі). Фізічная Л.М. — невялікія рэальныя адхіленні ад раўнамернага вярчэння Месяца, якія выклікаюцца парай гравітацыйных сіл, што ўзнікаюць з прычыны адхілення вял. восі эліпсоіда Месяца ад напрамку на Зямлю пры аптычнай Л.М. Дакладнае вымярэнне гэтых ваганняў дае магчымасць вызначыць моманты інерцыі Месяца. З прычыны Л.М. з Зямлі можна назіраць 59% месяцовай паверхні.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛАШ АБРЭ́НАВІЧ.

Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаў вярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.​Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЛІВА́ЙКА Севярын (Семярын; ?, г.п. Гусяцін Цярнопальскай вобл., Украіна — 21.4.1597),

кіраўнік антыфеад. казацка-сял. паўстання на Украіне і Беларусі ў канцы 16 ст. Служыў у войску К.​Астрожскага сотнікам. Вясной 1594 стварыў казацкія атрады і ў 1595 на Правабярэжжы Украіны ўзняў казацка-сялянскае паўстанне (гл. Налівайкі паўстанне 1594—96). Калі ўлады паслалі супраць яго 7 тыс. рэестравых казакоў, ён перайшоў на тэр. паўд. Беларусі, дзе да яго далучыліся мясц. сяляне, мяшчане і дробная шляхта. Паўстанцы захапілі Петрыкаў, Слуцк, Магілёў, Давыд-Гарадок, Тураў, Лахву, Пінск і пайшлі на Валынь. Вясной 1596 пад націскам урадавых войск паўстанцы адышлі на Левабярэжную Украіну, але каля мяст. Лубны былі акружаны. 17.7.1596 частка казацкай старшыны, каб апраўдацца перад каралеўскімі ўладамі, схапіла Н. і інш. кіраўнікоў паўстання і выдала іх гетману С.​Жалкеўскаму. Н. пакараны смерцю ў Варшаве.

т. 11, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЭС ГАЛЬДО́С (Pérez Galdós) Беніта (10.5.1843, г. Лас-Пальмас, Іспанія — 4.1.1920),

іспанскі пісьменнік. Чл. Каралеўскай акадэміі (з 1897). Вучыўся ў Мадрыдскім ун-це. Аўтар 80 раманаў, 25 драм, шматлікіх апавяданняў. Вяршыня яго творчасці — эпапея «Нацыянальныя эпізоды» (т. 1—46, 1873—1912), у якой адлюстравана гісторыя Іспаніі ад Трафальгарскай бітвы (1805) да паражэння рэвалюцыі 1863—73. Аўтар цыкла «Сучасныя іспанскія раманы» (т. 1—25, 1881—1915). Паклаў пачатак ісп. сац.-рэаліст. драмы («Электра», 1901; «Дзед», 1904). Яго творы адметныя дынамізмам і публіцыстычнай завостранасцю.

Тв.:

Рус. пер. — Повести М., 1958;

Трафальгар. М., 1961;

Двор Карла IV;

Сарагоса. М., 1970;

Милый Мансо. М., 1971;

19 марта и 2 мая;

Байлен;

Наполеон в Чамартине. М., 1972;

Херона;

Кадис. М., 1973;

Хуан Мартин эль Эмпесинадо;

Сражение при Арапилях. М., 1975.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДМЕ́Т,

у шырокім сэнсе — аб’ект, усякае існае, што выступае як абмежаванае і ў сабе завершанае; усё, што можа знаходзіцца ў адносінах або валодаць якімі-н. уласцівасцямі. Асн. віды П.: рэч, фізічна прыналежная да знешняга свету П.; стан як П. — агульны стан пачуццяў, або духоўная накіраванасць (напр., дух часу). У метафіз. матэрыялізме паняцце «П.» атаясамлівалася з паняццем «цела», паколькі працягласць або атаясамлівалася з матэрыяй (Р.​Дэкарт і яго паслядоўнікі), або разглядалася як асн. атрыбут матэрыі (Т.​Гобс, франц. матэрыялісты 18 ст.). Суб’ектыўны ідэалізм (Дж.​Берклі, Э.​Мах) разумеў пад рэччу сукупнасць адчуванняў, таму для яго рэальным з’яўляецца толькі адзін П. — свядомасць асобнага чалавека. У аб’ектыўным ідэалізме рэальны П. разглядаецца як адлюстраванне ідэй, паняццяў. Дыялектыка разглядае любы П. як працэс. У мове катэгорыі П. маюць свае спец. спосабы абазначэння (часцей гэта назоўнікі).

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛО́Г (грэч. prologos ад pro перад + логас),

уступ, які папярэднічае асноўнай частцы эпічнага, ліра-эпічнага або драматычнага твора. П. знаёміць чытача з героямі, у ім аўтар паведамляе гісторыю ўзнікнення твора, яго задумы. Найчасцей П. псіхалагічна і эмацыянальна падрыхтоўвае чытача ці гледача да ўспрымання карцін жыцця, падзей, адлюстраваных у творы (напр., П. паэмы «Медны коннік» А.​Пушкіна, «Слова двух сведак» у рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» У.​Караткевіча). У П. апавяданне можа весціся ад імя аўтара або персанажа. Тэрмін «П.» можа і не прыгадвацца ў творы, але пэўная яго частка па сваім значэнні з’яўляецца П. (напр., 1-я частка ў паэме Я.​Купалы «Курган», у якой апісваецца старадаўні курган). Бывае не ў кожным маст. творы. У адрозненне ад прадмовы П. — заўсёды мастацкі.

М.​А.​Лазарук, А.​Я.​Ленсу.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОС (Ross) Джэймс Кларк (15.4.1800, Лондан —3.4.1862),

англійскі мараплавец, палярны даследчык. У 1818—33 удзельнічаў у 6 арктычных экспедыцыях па пошуку Паўн.-Зах. праходу, у т. л. ў 3 (1819—24) пад кіраўніцтвам У.​Э.​Пары і ў 2 (1829—33) — свайго дзядзькі Дж.​Роса. У час зімоўкі (1830—31) даследаваў п-аў Бутыя і адкрыў на яго зах. узбярэжжы Паўн. магнітны полюс. У 1840—43 здзейсніў на суднах «Эрэбус» і «Тэрар» 3 плаванні ў Антарктыку. Адкрыў ч. мацерыка Антарктыды — Зямлю Вікторыі, мора і ледзяны бар’ер, вулканы Эрэбус і Тэрар, вызначыў становішча Паўд. магнітнага полюса, але дайшоў толькі да 78°09 паўд. ш. Яго імем названы бухта, праліў і мыс у Канадскім Арктычным архіпелагу, востраў каля берага Антарктычнага п-ва, шэльфавы ледавік у Антарктыдзе і мора каля яе берагоў.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАІНДУ́КЦЫЯ,

з’ява ўзнікнення электрарухальнай сілы індукцыі ў праводным контуры пры зменах сілы току ў ім; асобны выпадак электрамагнітнай індукцыі. Напрамак эрс С. вызначаецца Ленца правілам, г.зн. пры павелічэнні сілы току ў ланцугу эрс С. перашкаджае яго нарастанню, а пры змяншэнні сілы току — яго спаданню.

Эрс С. прапарцыянальная скорасці змены сілы току: ε = -Ldi/dt, дзе L — індуктыўнасць контуру. З С. вынікае, што пры далучэнні контуру да крыніцы пастаяннага току найб. значэнне сілы току ўстанаўліваецца праз некаторы час, а пры адключэнні — эрс, якая ўзнікла, можа ў шмат разоў перавысіць эрс крыніцы току. У ланцугах пераменнага току ў выніку С. сіла току ў ланцугу з індуктыўнасцю адстае па фазе ад напружання на канцах шпулі на π/2. З’ява С. важная ў электра- і радыётэхніцы. Гл. таксама Вагальны контур.

т. 14, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРЫКАМЫ́ШСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1914—15,

баявыя дзеянні паміж рас. і тур. войскамі ў раёне г. Сарыкамыш (Турцыя) 22.12.1914—18.1.1915 у час 1-й сусв. вайны. Тур. 3-я армія (камандуючы ваен. міністр Энвер-паша; 87 батальёнаў пяхоты, 22 сотні кавалерыі і 226 гармат) планавала разграміць рас. войскі і захапіць г. Карс. Рас. Каўказская армія (галоўнакамандуючы І.​І.​Варанцоў-Дашкаў, фактычна камандаваў яго пам. ген. А.​З.​Мышлаеўскі; 72 батальёны пяхоты, 43 сотні кавалерыі і 172 гарматы) імкнуліся ўтрымаць занятыя пазіцыі. Тур. армія дзейнічала разрознена і мела толькі часовы поспех. Рас. войскі, адбіўшы 29.12.1914 усе атакі праціўніка, перайшлі ў контрнаступленне і 2.1.1915 занялі Бардус, узялі ў палон 9-ы тур. корпус разам з яго штабам і камандзірам. Да 17—19.1.1915 рэшткі тур. арміі былі адкінуты на зыходныя пазіцыі.

т. 14, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)