КАЧКАНО́С (Ornithorhynchus anatinus),

млекакормячае сям. качканосавых атр. аднапраходных. Пашыраны ва Усх. Аўстраліі і на в-ве Тасманія. Жыве па берагах вадаёмаў, на раўнінах і ў гарах да выш. 2 тыс. м. Вядзе паўводны лад жыцця. Ахоўваецца.

Даўж. цела да 45 см, хваста да 15 см. Верх цела чорна-буры, ніз шараваты. Футра густое, мяккае. Галава з плоскай «дзюбай» даўж. каля 6,5 см, з адчувальнай скурай. Зубы ў маладых жывёл; у дарослых — рагавыя пласцінкі. Хвост шырокі, пляскаты. Канечнасці пяціпальцыя, з плавальнай перапонкай. На задніх нагах у самцоў ядавітыя шпоры. Вочы і вушныя адтуліны пры ныранні закрываюцца складкай скуры. Корміцца дробнымі воднымі жывёламі. Самка раз у год адкладвае ў нары 1—2 яйцы.

Качканос.

т. 8, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ШЫЦ Язэп (1795, каля Пінска — 1868),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31. У 1811 паступіў у Віленскі ун-т, але пакінуў навучанне і ўступіў у 17-ы полк уланаў, які фарміраваўся ў Літве. Удзельнічаў у вайне 1812 на баку Напалеона. У 1830 абраны маршалкам шляхты. У 1831 узначаліў паўстанне ў Навагрудскім і Слонімскім пав. У сваім маёнтку стварыў паўстанцкі атрад. Паўстанцы мелі сутычкі з урадавымі войскамі каля в. Гарадзішча, Каменны Брод, Кошалева, Радзюкі, Навіны, нападалі на Дзятлава, захапілі мяст. Беліца; у Навагрудку раззброілі вайсковую каманду, адбілі астрог і вызвалілі арыштаваных. 24.7.1831 атрад злучыўся з корпусам Г.Дэмбінскага і перайшоў на тэр. Польшчы. Пасля разгрому паўстання эмігрыраваў у Францыю.

В.​В.​Швед.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЖА́Л (араб.),

клінковая халодная зброя блізкага бою, прызначаная для колючага ўдару. У старажытнасці выраблялі з крэменю, рогу, пазней з металу. Найб. пашыраны на Усходзе, дзе захаваўся да нашых дзён як парадная зброя. Папярэднікам К. на Беларусі быў вял. баявы нож. Атрымаў пашырэнне ў часы сярэдневякоўя, калі набыў форму 1-, 2-лязовага або штыкападобнага клінка. На Беларусі К. называўся пуйнал (ад італьян. pugnale). З 17 ст. ён паступова траціць баявое значэнне і выкарыстоўваецца ў асн. як парадная і дэкаратыўная зброя.

Літ.:

Трусаў А.А. Зброя Лідскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2.

Ю.​М.​Бохан.

Кінжал з г. Бібл (цяпер г. Джубейль, Ліван, 2-е тысячагоддзе да н.э.).

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРГІ́ЗСКАЯ МО́ВА,

адна з цюркскіх моў. Мова кіргізаў, дзярж. мова Кыргызстана. Пашырана таксама на сумежных тэр. Узбекістана, Таджыкістана, Казахстана, Кітая, у Манголіі, Афганістане, Пакістане. У Кыргызстане вылучаюць паўн. і паўд. групы дыялектаў. У фанетыцы 8 пар кароткіх і доўгіх галосных, сярод іх пярэднія губныя «ö» і «ü»; 21 зычная фанема, у т. л. «дж», «нг»; паслядоўны сінгарманізм складу і слова. Марфалогія паслядоўна аглюцінатыўная. У лексіцы на агульнацюрк. аснове з 15—18 ст. араб. і іранскія, з 19 ст. рус. запазычанні. Літ. мова склалася ў пач. 20 ст.; пісьменства спачатку на аснове араб. алфавіта, з 1928 — лац., з 1940 — рус. графікі.

Літ.:

Грамматика киргизского литературного языка. Ч. 1. Фонетика и морфология. Фрунзе, 1987.

А.​Я.​Супрун.

т. 8, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШКА Ян Станіслававіч (каля 1540—26.7.1592),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Базелі (1563), з 1564 у Цюрыху, Рыме, Неапалі, Балонні. З 1569 крайчы ВКЛ, з 1579 падчашы ВКЛ і староста жмудскі, з 1588 кашталян віленскі, з 1589 ваявода брэсцкі, дзяржаўца быстрыцкі і цівун эйрагольскі. У 1580 у час Лівонскай вайны 1558—83 удзельнічаў у паходзе Стафана Баторыя на Вялікія Лукі. У сваіх маёнтках пашыраў арыянства. Заснаваў арыянскую акадэмію ў Іўі, друкарню ў Венграве (1570), Лоскую друкарню. На арыянскіх сінодах у Лоску (1578, 1581), Любчы (1582) выступіў супраць леварадыкальнай плыні ў арыянскім руху. На сейме 1589 выступіў у абарону верацярпімасці. Аўтар некалькіх рэліг. трактатаў.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕВАНЕ́Ц Аляксандр Васілевіч (н. 14.5.1948, г. Бердск Новасібірскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Новасібірскую (1972, клас фп.) і Бел. (1980, клас Я.Глебава) кансерваторыі. З 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры Працуе пераважна ў галіне аркестравай, камерна-інстр. і вак. музыкі. Сярод твораў: араторыя «Беларускі народ» на словы М.​Багдановіча (1978), 6 сімфоній (1981—98, у т. л. 6-я «Чарнобыль»), 6 інстр. канцэртаў 1979—92, (у т. л. 4 для нар. інструментаў); аркестравая сюіта «Летнія падарожжы»; уверцюра «Юнацтва»; п’есы для камерна-інстр. ансамбля; санаты, прэлюдыі, ронда, варыяцыі для фп.; вак. цыклы «Я мужык-беларус» на словы Я.​Купалы (1979), «Кацярына» на словы М.​Някрасава (1981), апрацоўкі бел. нар. песень.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАШЭ́ЎСКАЯ Ірына Уладзіміраўна (н. 30.8.1928, Мінск),

бел. пісьменніца. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1960). У 1959—79 працавала ў газ. «Советская Белоруссия», «Советская культура» (уласны карэспандэнт па Беларусі), бюлетэні «Строительство и архитектура Белоруссии». Друкуецца з 1952. Піша на рус. мове. У зб-ках прозы «Сіні бор» (1960), «На доўгую памяць» (1978), «Пара кахання» (1984), «Шчасце і сэнс жыцця» (1986), нарысаў «Ключыкі і ключ» (1976), «Пятая пара года» (1980), «Ліст пра шчасце» (1989) праблемы выхавання, духоўнасці асобы, сцвярджэнне высокіх маральных прынцыпаў. Аўтар крыт. артыкулаў. Пераклала на рус. мову кн. С.​Майхровіча «Жыццё і творчасць Ф.​Багушэвіча» (1961), асобныя творы І.​Навуменкі, Я.​Скрыгана, У.​Шахаўца і інш.

Л.​С.​Савік.

т. 8, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗЫРАЎСКІЯ ПАРТЫЗА́НЫ,

удзельнікі барацьбы супраць польск. інтэрвентаў у ваколіцах Мінска ў 1919—20. Партыз. атрад створаны ў кастр. 1919 пад кіраўніцтвам Мінскага падп. к-та КГІ(б)ЛіБ. У яго ўваходзілі жыхары прыгарадных вёсак Козырава, Калядзічы, Сеніца, Гатава і інш. Камандзір С.​С.​Плашчынскі. Партызаны распаўсюджвалі бальшавіцкую л-ру, вялі агітацыю сярод насельніцтва і польскіх салдат, перадавалі камандаванню Чырв. Арміі звесткі аб праціўніку, учынялі дыверсіі на камунікацыях і лініях сувязі, знішчалі жывую сілу ворага. 27—28.4.1920 дэфензіва арыштавала 24 партызаны, 7 мая з іх расстраляны В.​С.​Васілеўскі, А.​І.​Кепе, В.​П.​Пагірэйчык, С.​Р.​Плашчынскі, М.​Процкі, Л.​В.​Путырскі, У.​В.​Шумскі (пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках, на магіле помнік).

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ БОЙ 1942,

бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.​П.​Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.​В.​Пранягін) і імя Варашылава (І.​С.​Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на З жн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш. адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.

т. 8, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ШНЕР Міхаіл Яўхімавіч (1900, Кіеў — ліп. 1942),

бел. кампазітар. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. кансерваторыю (1937, клас В.Залатарова). У 1918—31 канцэртмайстар-піяніст у канцэртных арг-цыях і т-рах Кіева, Масквы, Свярдлоўска. У 1933—38 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Аўтар першага нац. балета «Салавей», у муз. драматургіі якога вял. ролю адыгрывае нар. танец (паст. 1939, Мінск, Адэса). Сярод інш. твораў: кантата «Тапелец» на сл. А.​Пушкіна, Сімф. танцы, смыковы квартэт (усе 1937); Варыяцыі на бел. тэму для фп.; хары «Мы любоўю Радзімы багатыя», «Чырвонаармейская»; рамансы на вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Пушкіна, М.​Лермантава, апрацоўкі бел. і яўр. нар. песень.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)