старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 16 — 1-й пал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.
Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в.Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).
Ю.А.Якімовіч.
Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ СТРОЙ,
традыцыйны комплекс бел.нар. адзення цэнтр.Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. на тэр. Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл., Нясвіжскага і Клецкага р-наў Мінскай вобл. Аснову летняга жаночага касцюма складалі кашуля, спадніца, фартух, пояс, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, аздаблялі вузкімі паскамі чырвонага натыкання, якія кампанаваліся ў гарыз. шлякі, размешчаныя на грудзях, рукавах, плечавых устаўках, адкладным каўняры. У строгім арнаменце амаль адсутнічаў рамбічны і раслінны ўзор. Шырокая, кроеная з 4—5 полак шарсцянкі спадніца (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца) вызначаецца суладдзем сакавітых рознакаляровых (у вясёлкавай гаме) гарыз. шлякоў, якія чаргаваліся з цёмна-сінім, цёмна-зялёным, бурачковым ці чорным колерамі фону. Прасавалася ў дробныя складкі. Фартух шылі з 2 полак кужалю, аздаблялі, як і кашулю. Аднаполкавы фартух шылі са стракатых тканін. Вузкі пояс, тканы геам. ўзорамі ў чырвона-зялёным каларыце, завязваўся спераду. Гарсэты цёмна-сінія, зялёныя, чорныя ў выглядзе безрукаўкі з баскай-клінкамі ці накшталт кароткага ліфа з адразной баскай на спіне. Галаўныя ўборы — падвічка, намітка ці хустка, аздобленыя букетамі кветак, зеляніны, гірляндачкай (гафрыраванай рознакаляровай паперай, сабранай ў веер). Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасемкі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля навыпуск, пояс і шарачковыя нагавіцы. Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, каласкамі жыта. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне — сярмяга са складкамі на спіне, кароткая копта з нашыўкамі чорнага аксаміту, блакітны каптан з чырвонымі выкладамі на грудзях і рукавах.
Літ.:
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Ляхавіцкі строй. Касцюм маладой і дружкі. Вёска Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна. 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАЛЕ́ЎСКАЯ (Любоў Іванаўна) (25.1. 1903, в. Каўшова Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.7.1964),
бел. рэжысёр, актрыса. Засл. дз. маст.Беларусі (1957). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—30 і 1936—51 актрыса і рэжысёр Бел.т-ра імя Я.Коласа, у 1952—55 рэжысёр-пастаноўшчык Бел.т-ра імя Я.Купалы. У 1930—36 на кінастудыі «Савецкая Беларусь», у 1953—59 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Арганізатар і ў 1955—61 і 1963—64 гал. рэжысёр Бел.т-ра юнага гледача. Характарная актрыса, стварыла каларытныя псіхал. адметныя сцэн. партрэты: Караліна («Вайна вайне» Я.Коласа), Агата («Паўлінка» Я.Купалы), Сцепаніда («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.Транёва), фру Алвінг («Здані» Г.Ібсена). Як рэжысёр дамагалася гарманічнага суладдзя аўтарскай задумы і яе сцэнічнага ўвасаблення. Паставіла: у т-ры імя Я.Коласа «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1946, з Самбуравым), «Аксамітны сезон» М.Пагодзіна (1948), «Напярэдадні» паводле І.Тургенева (1950); у т-ры імя Я.Купалы «Макар Дубрава» А.Карнейчука (1952), «Даходнае месца» А.Астроўскага (1953), «Чайка» А.Чэхава (1954), «Пакуль вы маладыя» І.Мележа (1957); у т-ры юнага гледача «Мінулася кату масленіца» (1956) і «Свае людзі — паладзім» (1964) Астроўскага, «Папараць-кветка» (1957) і «Над хвалямі Серабранкі» (1961) І.Козела, «За лясамі дрымучымі» А.Вольскага і П.Макаля, «Не верце цішыні» І.Шамякіна (абедзве 1958), «Рэвізор» М.Гогаля (1960, з Л.Біруковай). Здымалася ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАРО́ННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна харчовай прамысловасці, прадпрыемствы якой выпускаюць макаронныя вырабы. Каля 80% прадукцыі вырабляецца з мукі вышэйшых гатункаў, у некаторыя вырабы дадаюцца малочныя прадукты, яйкі і інш. Атрымала шырокае развіццё ў многіх краінах свету, паколькі макаронныя вырабы пажыўныя і высокакаларыйныя, добра зберагаюцца, хутка і проста гатуюцца. Найбуйнейшыя вытворцы макаронных вырабаў з’яўляюцца Італія (35 кг на 1 чал. за год), Японія (12 кг), Францыя (6 кг), Венгрыя, Германія, Расія, ЗША.
На Беларусі да 1920-х г.вытв-сць макаронных вырабаў вялася пераважна саматужным спосабам. Толькі ў Брэсце працавала паравая макаронная ф-ка (17 рабочых у 1908). Як самастойная галіна М.п. створана ў пач. 1920-х г. У 1931 у Барысаве, на базе дражджавога з-да пабудаваны макаронна-мукамольны камбінат (з 1944 макаронная ф-ка). На базе арцелі ўзнікла макаронная ф-ка ў Віцебску. У 1940 выпушчана 13,5 тыс. т макаронных вырабаў. У 1963 на базе арцелі створана Слуцкая макаронная ф-ка. У 1977 дзейнічала 14 аўтаматычных, 18 механізаваных паточных ліній, комплексна-механізаваны ўчастак; выпушчана 49,1 тыс. т макаронных вырабаў. У 1997 М.п. давала 0,9% валавой прадукцыі харч. прам-сці. У ёй занята 1,2% прамысл. персаналу харч. прам-сці. Вытв-сць макаронных вырабаў склала 41,5 тыс. т, што ў 1,5 раза менш, чым у 1990. Працуюць 57 прадпрыемстваў і вытв-сцей па выпуску макаронных вырабаў, найбуйнейшыя з іх Барысаўская макаронная фабрыка (адкрытае акц.т-ва «Барымак»), ф-кі ў Слуцку і Віцебску, цэх пры Магілёўскім хлебазаводзе. Створаны шэраг сумесных прадпрыемстваў, у т. л. чэшска-бел. прадпрыемства Pastaala у Нясвіжы, якое вырабляе 10 найменняў макаронных вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РХЕЛЬ (Таццяна Рыгораўна) (н. 19.1.1939, в. Шпакоўшчына Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. актрыса. Засл. арт.Беларусі (1984). Скончыла Бел. театр.-маст.ін-т (1963). З 1963 у Гродзенскім, з 1967 у Магілёўскім абл.драм. т-рах, з 1970 у Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1987 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Рэсп. т-ры бел. драматургіі. Характарная актрыса. Створаныя М. вобразы вылучаюцца лірызмам, дакладнасцю псіхалагічнага малюнка, пранікненнем у сутнасць нац. характару, мілагучнай мовай. Найб. значныя ролі: у т-ры імя Я.Коласа — Маці і Ганна («Сымон-музыка» і «На дарозе жыцця» паводле Я.Коласа), Вольга Усцінаўна («Снежныя зімы» паводле І.Шамякіна), Бажашуткава («Амністыя» М.Матукоўскага), Ганна («Вечар» А.Дударава), Іхметава («Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага), пані Проціч («Доктар філасофіі» Б.Нушыча); у Т-ры-студыі кінаакцёра — Батлейшчыца («Дзіця з Віфлеема» М.Пінігіна паводле бел.нар. песень, запісаных М.); у т-ры бел. драматургіі — Магрэта («Паваліўся нехта» паводле У.Галубка і Л.Родзевіча), герцагіня Йоркская і Ведзьма («Рычард III» і «Макбет» У.Шэкспіра), Гіра («Узлёт Артура VI, які можна было спыніць» Б.Брэхта), Мірчуткіна («Шампань-скага!» паводле жартаў А.Чэхава «Сватаўство», «Юбілей») і інш. Першая выканаўца партыі жаночага голасу ў 3-й сімфоніі «Белая вежа» А.Янчанкі, а таксама бел.нар. песень у спектаклі «Сымон-музыка», тэлеспектаклі «Новая зямля», кінафільме «Людзі на балоце» і інш. Пранікнёнасць гучання голасу, свабодная імправізацыйная манера блізкія да народна-песеннай выканальніцкай традыцыі. Здымаецца ў кіно («Подых навальніцы», «Трэцяга не дадзена», «Кантрольная па спецыяльнасці», «Радаўніца», «Плач перапёлкі», «Маці Урагану», «Яўдоха» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад мікра... + кліматалогія),
раздзел кліматалогіі, які даследуе мікраклімат. Вывучае асаблівасці фіз. працэсаў у сістэме глеба — расліна — прыземны слой паветра ў залежнасці ад неаднароднасці зямной паверхні, размеркаванне мікракліматаў па тэрыторыі, колькасныя характарыстыкі і змены іх пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. Распрацоўвае метады і прыёмы аптымізацыі мікраклімату. Цесна звязана з метэаралогіяй, фізікай глебы, біяметрыяй раслін, экалогіяй. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца ў сельскай гаспадарцы. На аснове вывучэння радыяцыйнага, цеплавога і воднага балансу робіцца ацэнка мікракліматычных рэсурсаў, цяпло- і вільгацезабеспячэння асобных палёў і гаспадарак. Складаюцца комплексныя мікракліматычныя карты, што дазваляе прыстасаваць с.-г.вытв-сць да мікракліматычных асаблівасцей кожнага поля, падабраць с.-г. культуры і меліярац. прыёмы (асушэнне, арашэнне, двухбаковае рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), устанавіць аптымальныя нормы і тэрміны агратэхн. мерапрыемстваў. Улік мікракліматычных асаблівасцей пры гар. буд-ве дазваляе правільна размяшчаць прамысл. прадпрыемствы і памяншаць шкодны ўплыў іх на жылыя раёны. Даследаванні праводзяцца таксама для абслугоўвання розных відаў транспарту, пры праектаванні і буд-ве ліній электраперадач і сувязі і інш. Вывучаецца мікраклімат на тэрыторыі і ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, музеях, збожжа і агароднінасховішчах, жывёлагадоўчых комплексах. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца аграметэаралагічнымі станцыямі, агранамічнай службай, навук; і праектнымі арг-цыямі. На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца ў БДУ, БСГА, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Гідраметэаслужбе і інш. Значны ўклад зрабілі М.А.Гольберг, М.А.Гольчанка, П.А.Каўрыга, Т.С.Папова, Я.Б.Фрыдлянд, М.П.Хаміцкі, В.Ф.Шабека, А.Х.Шкляр і інш.
Літ.:
Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995. Шебеко В.Ф. Изменение микроклимата под влиянием мелиорации болот. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІСТЭ́РСТВА (ад лац. ministro служу, кірую),
родавая назва найб. важных цэнтр. органаў дзярж. кіравання, якія ўваходзяць у структуру ўрада. Упершыню створаны ў Зах. Еўропе ў 16—17 ст. У Расіі ўведзены ў 1802, у СССР — у 1946 (адпаведна і ў Беларусі), да гэтага — наркаматы. Кіраўнік М. (міністр) — звычайна дзеяч, што ўваходзіць у склад урада. У некат. краінах М. ствараюцца на аснове актаў вышэйшых заканад. органаў (напр., ЗША) ці кіраўніка дзяржавы (напр., у Францыі) або на аснове законаў (актаў) урада. Колькасць М., іх структура і размеркаванне кампетэнцыі паміж імі вызначаюцца кіраўніком урада або выканаўчай улады (прэм’ер-міністрам, у Рэспубліцы Беларусь — прэзідэнтам). Для выканання ўскладзеных на іх задач М. надзяляюцца паўнамоцтвамі дзярж.-ўладнага характару і маюць права выдаваць юрыд. акты, абавязковыя для выканання падведамнымі арг-цыямі. Унутраная структура М. разнастайная (нават у межах адной краіны) і залежыць ад памераў М., аб’ёму і характару яго дзейнасці. М. маюць цэнтр. апарат, часам таксама рэгіянальныя і мясц. органы. Пры М. існуюць розныя дапаможныя органы. У М. Рэспублікі Беларусь утвараецца калегія ў складзе міністра (старшыні, які назначаецца Прэзідэнтам), яго намеснікаў, інш. кіраўнікоў. Члены калегіі зацвярджаюцца ўрадам. У 1999 у Рэспубліцы Беларусь існавалі М.: архітэктуры і будаўніцтва; унутраных спраў; жыллёва-камунальнай гаспадаркі; аховы здароўя; замежных спраў; культуры; лясной гаспадаркі; абароны; адукацыі; па кіраванні дзярж. маёмасцю і прыватызацыі; па надзвычайных сітуацыях; прадпрымальніцтва і інвестыцый; прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прамысловасці; сувязі; сельскай гаспадаркі і харчавання; сац. абароны, спорту і турызму; статыстыкі і аналізу; паліва і энергетыкі; гандлю; транспарту і камунікацый; працы; фінансаў; эканомікі; юстыцыі. Гл. таксама Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,
помнік архітэктуры барока ў Мінску. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Засн. ў 1624 краснасельскім старостам А.Кянсоўскім, фундацыя зацверджана Я.Валовічам (1628). У 1630-я г. пабудаваны драўляныя кляштар з касцёлам (згарэлі ў 1644). Пасля пажару ўзведзены мураваныя касцёл і кляштар (згарэлі ў 1656, адноўлены ў 2-й пал. 17 ст.). У 1676 пабудавана мураваная капліца (фундатар К.Завіша). Пасля пажару 1740 будынкі рэканструяваны. У час пажару 1835 яны пашкоджаны, пазней адноўлены. У 1864 кляштар скасаваны. Цэнтр. месца ў комплексе займаў касцёлсв. Іосіфа — 3-нефавая 6-слуповая базіліка. Цэнтр. неф пераходзіць у выцягнуты прэсбітэрый (накрыты агульным 2-схільным дахам) з 3-граннай алтарнай апсідай, умацаванай контрфорсамі. Гал. фасад бязвежавы, мае хвалістую паверхню, падзелены пілястрамі на 3 часткі. Цэнтральная завершана фігурным шчытом з валютамі па баках, з шырокім уваходным парталам, над ім — вял. акно з 3-лопасцевым арачным завяршэннем; у паўцыркульных нішах размяшчалася стукавая скульптура (захавалася часткова). Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны пілястрамі. Інтэр’ер упрыгожаны 9 алтарамі, аздобленымі жывапісам. З ПнУ да касцёла прыбудаваны П-падобны ў плане 2-павярховы будынак кляштара, рытм яго фасадаў ствараюць прамавугольныя аконныя праёмы і пілястры. У комплексе кляштара мураваны 2-павярховы флігель, гасп. пабудовы. Тэр. кляштара была абнесена мураванай сцяной (захавалася часткова) з брамамі. З паўд. боку да касцёла былі прыбудаваны гандл. рады. Фасады касцёла рэстаўрыраваны (1984, арх. Г.Босак). У 1872 памяшканне касцёла прыстасавана пад архіў, з 1992 у ім Архіў навук.-тэхн. дакументацыі і Архіў-музей л-ры і мастацтва Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В. Грым, А.Кун (Германія), М.Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.М.Афанасьеў, Ф.І.Буслаеў, А.Ф.Мілер, А.А.Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел.нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.А.Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж.бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКІ (Formicidae),
сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў складаных гнёздах (мурашнікі і інш.) ад некалькіх дзесяткаў да соцень тыс. асобін, ёсць вандроўныя (падсям. Dorylinae). На Беларусі больш за 50 відаў, найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў М. земляныя (Lasius), М.-мірмікі (Myrmica), М. сапраўдныя (Formica), М. фараонаў (Monomorium), М.-шашалі (Camponotus). У складзе сям’і — самкі-заснавальніцы («царыцы»), бяскрылыя працоўныя (самкі з недаразвітымі палавымі органамі) і крылатыя самцы (паяўляюцца на кароткі час і пасля спароўвання гінуць). Працоўныя М. выконваюць розныя функцыі: фуражыраў, якія забяспечваюць гняздо кормам; салдат, што ахоўваюць яго; асобін, якія з’яўляюцца рэзервуарамі для вадкага корму (т.зв. мядовыя бочкі) і інш. У аснове існавання цэласнай сям’і ляжыць абмен паміж асобінамі кормам, выдзяленнямі залоз (трофалаксіс) і цесныя ўзаемаадносіны паміж яйцакладучай самкай і працоўнымі гал. чынам праз пасрэдніцтва хім. пачуцця (нюх, смак). Жыццядзейнасць сям’і рэгулюецца пераважна ферамонамі.
Даўж. ад 0,8 да 30 мм (самкі-вытворніцы буйнейшыя). Грудзі злучаны з брушкам тонкай рухомай сцяблінкай (з 1—2 членікаў). Вусікі 4—13-членікавыя (звычайна 11—12), доўгія. Ротавыя органы жавальнага тыпу. Вочы фасетачныя. Кормяцца насякомымі, жывёльнымі рэшткамі, насеннем раслін, выдзяленнямі тлей і какцыд. Адна сярэдняя сям’я рыжых лясных М. за суткі спажывае да 20 тыс. насякомых. Раздзельнаполыя. Маюць залозы, у экскрэце якіх да 65% мурашынай кіслаты.