КРЫ́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945, Ялцінская канферэнцыя 1945,

нарада кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Лівадзійскім палацы каля г. Ялта (Крымскі п-аў) 4—11.2.1945 у канцы 2-й сусв. вайны. Удзельнічалі І.В.Сталін (СССР), Ф.Д.Рузвельт (ЗША), У.Чэрчыль (Вялікабрытанія), міністры замежных спраў, начальнікі штабоў і саветнікі названых саюзных дзяржаў (у т. л. А.А.Грамыка). Мела на мэце каардынацыю дзеянняў саюзнікаў для канчатковага разгрому фаш. Германіі, ажыццяўленне ўмоў яе безагаворачнай капітуляцыі і пасляваен. ўпарадкавання свету. Саюзнікі вырашылі стварыць у Германіі свае зоны акупацыі (пры жаданні Францыі і яе зону) і агульнагерм. кантрольны орган у Берліне (яго таксама меркавалася падзяліць на акупац. зоны), выпрацавалі праграму выкаранення герм. мілітарызму і нацызму (гл. Дэмілітарызацыя, Дэнацыфікацыя), узнялі пытанне аб кампенсацыі нанесеных ім Германіяй страт (вырашана стварыць у Маскве спец. камісію па рэпарацыях, частку якіх пасля вайны атрымала і БССР). Прадугледжвалася рэпатрыяцыя з Германіі ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі сав. грамадзян, якія не жадалі вяртацца ў СССР. У развіццё рашэнняў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 бакі вырашылі склікаць 25.4.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША) Устаноўчую канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дамовіліся аб тым, што яе членамі разам з СССР будуць УССР і БССРсав. рэспублікі, якія найб. пацярпелі ў вайне і ўнеслі вялікі ўклад у разгром ням.-фаш. войск. Саюзныя дзяржавы прынялі «Дэкларацыю аб вызваленай Еўропе», паводле якой яны абавязаліся садзейнічаць дзяржавам у аднаўленні іх суверэнітэту, дэмакратызацыі паліт. жыцця і эканамічна дапамагаць ім, разгледзелі пытанні аб Польшчы (яе ўрадзе і граніцах) і Югаславіі. Яны вырашылі, што ўсх. польск. граніца пройдзе па «Керзана лініі» з адхіленнем ад яе ў некат. месцах на 5—8 км на карысць Польшчы (г.зн. Польшчы перадавалася б.ч. Беластоцкай вобл.). Па югасл. пытанні прыняты рэкамендацыі аб утварэнні Часовага аб’яднанага ўрада Югаславіі і Часовага парламента на аснове Анты-фашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі. Было таксама прынята сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз 2—3 месяцы пасля капітуляцыі Германіі і заканчэння вайны ў Еўропе, вяртанні паўд. часткі в-ва Сахалін, прадастаўленні ваенна-марской базы ў г. Порт-Артур на Ляадунскім п-ве і перадачы Курыльскіх а-воў СССР. Рашэнні К.к. дапоўніла і замацавала Патсдамская канферэнцыя 1945.

Літ.:

Сиполс В.Я., Челышев И.А. Крымская конференция, 1945 г. М., 1984;

Ялтинская конференция 1945: Уроки истории. М., 1985;

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гт. Мн., 1994.

Л.М.Драбовіч.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

шматгаліновая вытв-сць у прамысл.-гасп. комплексе краіны, якая працуе пераважна на мясц. сыравіне, прамысл. адходах і задавальняе ў першую чаргу патрэбы мясц. насельніцтва. Выпускае прадметы быт. прызначэння, у т. л. ганчарны, стальны і чыгунны эмаліраваны посуд, разнастайную мэблю, швейныя, трыкат., скургалантарэйныя вырабы, тавары быт. хіміі, гумавы і валены абутак, муз. інструменты. вырабы маст. промыслаў, дзіцячыя цацкі, а таксама с.-г. машыны, буд. матэрыялы, сан.-тэхн. і мед. абсталяванне і інш. На Беларусі М.п. бярэ вытокі ад нар. промыслаў і дробнай вытв-сці, якая ў 1920—30-я г. ўваходзіла ў сістэму прамысл. кааперацыі. Пазней пабудаваны больш магутныя прадпрыемствы дзярж. уласнасці. У 1960 прадпрыемствы прамысл. кааперацыі перададзены ў распараджэнне мясц. Саветаў, створана Гал. ўпраўленне М.п., а ў 1965 — Мін-ва М.п. БССР. На 1.1.1972 М.п. Беларусі аб’ядноўвала 187 прамысл. прадпрыемстваў. У працэсе рэарганізацыі галіновых міністэрстваў у 1993 утвораны Бел. дзярж. канцэрн па вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»). М.п. уключае вытв. аб’яднанні, з-ды і ф-кі рэсп. і камунальнай уласнасці. Асн. вытв. магутнасці і б.ч. буйных прадпрыемстваў М.п. (93 у 1999) падпарадкаваны канцэрну «Белмясцпрам». З іх 32 прадпрыемствы рэсп. уласнасці (21 дзярж., 1 арэнднае, 10 акц. т-ваў) і 61 прадпрыемства камунальнай уласнасці Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Віцебскай абл. (аб’яднаны ў спец. абл. аб’яднанні, падпарадкаваныя адначасова «Белмясцпраму» і аблвыканкомам Саветаў). М.п. дае 1% аб’ёму валавой прадукцыі прам-сці Беларусі, а па таварах нар. спажывання — 2%. Асн. галіны вытв-сці: металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, хімічная, будматэрыялаў, лёгкая. Найб. прадпрыемствы: Барысаўскі з-д «Чырвоны металіст», Гомельскі завод «Эмальпосуд», Мазырскае вытв. мэблевае аб’яднанне, з-д імя М.Гастэлы (Мінск), Полацкі з-д с.-г. абсталявання, Слуцкі з-д «Эмальпосуд», Магілёўскае ВА «Ольса», Маладзечанская ф-ка муз. інструментаў, вытв. фірма «Бархім» (Баранавічы), Калінкавіцкі з-д быт. хіміі, Калінкавіцкая мэблевая ф-ка, акц. т-вы «Барбытхім» (Барысаў), «Белмасткераміка» (Радашковічы), «Гомельпласт», «Музінструмент-Барысаў», «Мінская люстэркавая ф-ка», «Гомельская люстэркавая ф-ка», «Ваўмет» (Ваўкавыск) і інш. У 1999 прадпрыемствы канцэрна «Белмясцпрам» (23 358 работнікаў) вырабілі стальнога эмаліраванага посуду 1570 т, сінт. мыйных сродкаў 3697 т, піяніна — 3360 шт., набораў для кухні «Вязынка» 1789 шт., валенага абутку 352 000 шт. і інш. Частка прадукцыі М.п. (піяніна, электрагітары, мэбля, буд. матэрыялы і інш.) экспартуецца.

М.Л.Поўх.

т. 11, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭНЫ І МЕДАЛІ́ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровыя дзярж. ўзнагароды за асаблівыя заслугі ў сац.-эканам., навук., маст., грамадскай, дыпламат., інш. сферах дзейнасці па ўмацаванні краіны, смелыя і вынаходлівыя дзеянні, здзейсненыя пры абароне рэспублікі, выратаванні людзей, ахове грамадскага парадку, у барацьбе са злачыннасцю, стыхійнымі бедствамі і пры інш. надзвычайных абставінах.

Уведзены Законам Рэспублікі Беларусь ад 13.4.1995 «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» з унясеннем змен і дапаўненняў законам ад 2.7.1997. Паводле гэтых законаў уведзены званне Герой Беларусі з уручэннем знака асобай адзнакі — медаля Героя Беларусі і наступныя ордэны: Айчыны (3 ступені), Воінскай Славы, «За службу Радзіме» (3 ступені), «За асабістую мужнасць», Кастуся Каліноўскага, Пашаны, Францыска Скарыны, Маці. Уведзены медалі: «За адвагу», «За адзнаку ў воінскай службе», «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку, «За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы», «За працоўныя заслугі», «За бездакорную службу» (3 ступені); да прыняцця закона аб дзярж. узнагародах існаваў і захаваўся медаль Францыска Скарыны (уведзены 20.4.1989). Зацверджаны Палажэнні аб гэтых дзярж. узнагародах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзярж. ўзнагародамі ўзнагароджвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, а медалём «За бездакорную службу» таксама ад яго імя міністры і кіраўнікі адпаведных ведамстваў — па хадайніцтве працоўных калектываў і ін-таў улады. Да дзярж. узнагароды выдаецца пасведчанне.

Першы беларускі ордэн — ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга БССР быў зацверджаны Прэзідыумам ЦВК БССР 25.7.1924. Ім да 1932 узнагароджваліся асобныя грамадзяне, прадпрыемствы, установы і арг-цыі і калектывы працоўных за асаблівыя заслугі ў справе сацыяліст. будаўніцтва і абароны краіны. Пасля скасавання ін-та рэсп. ордэнаў узнагароджанне агульнасаюзнымі ордэнамі і медалямі стала прэрагатывай Прэзідыума Вярх. Савета СССР і працягвалася да 1991. Выключэнні былі зроблены для спец. медалёў «За бездакорную службу», якімі ўзнагароджвалі ад імя Прэзідыума кіраўнікі адпаведных саюзных ведамстваў (Мін-ва абароны, КДБ, МУС).

Статус дзярж. узнагарод былога СССР, у т. л. ордэнаў і медалёў, у Рэспубліцы Беларусь захаваўся і пасля набыцця краінай незалежнасці і стварэння сваёй узнагароднай сістэмы. Звесткі пра ўзнагароды СССР гл. ў арт. Ордэн, Медаль.

Г.А.Маслыка.

Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь Ордэны: 1 — Айчыны 1-й ступені; 2 — Айчыны 2-й ступені; 3 — Айчыны 3-й ступені; 4 — Воінскай Славы; 5 — Францыска Скарыны; 6 — Маці.
Ордэны і медалі Рэспублікі Беларусь: 1 — медаль Ф.Скарыны; 2 — медаль «За адвагу».

т. 11, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРТЫЗА́ЦЫЯ (ад позналац. amortisatio пагашэнне),

паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартызацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартызацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.

У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.

Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.

Л.А.Лобан.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ АЛФАВІ́Т,

сукупнасць графічных знакаў (літар), прынятых у пісьмовай беларускай мове і размешчаных у пэўным парадку. Склаўся на аснове кірыліцы. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары кірыліцы. У працэсе развіцця літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах (о — ω, ф — ѳ, і — и — ү, з — ѕ, е — ѥ — ѣ, ꙗ — ѧ, у — ꙋ — ѫ, ѱ — пс, ѯ — кс), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў «о» пасля мяккіх і «е» пасля цвёрдых зычных. Развіццё старабел. графікі было звязана з пошукам найб. зручных спосабаў перадачы на пісьме асаблівасцяў жывой мовы. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі графемы «э» (канец 15 ст.) і «й» (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца знакі і, ѵ, ѯ, ψ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў трапляліся радзей. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне Ф.Скарынам друкарскага варыянта алфавіта, які стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства, якое з ростам школ і асветы, пашырэннем грамадскіх функцый пісьмовай мовы паступова перастала быць манаполіяй царкоўнікаў і стала здабыткам больш шырокіх колаў тагачаснага грамадства. Аднак удасканаленне графікі адбывалася стыхійна, не было праведзена ніводнай рэформы, таму дублетныя літары былі абмежаваны ва ўжытку, але не адкінуты. У сувязі з заняпадам старабел. пісьменства ў 18 — пач. 20 ст. на Беларусі пашырылася лацінскае пісьмо (лацінка), якое дагэтуль служыла толькі для афармлення польск. і лац. тэкстаў. Лацінкаю былі надрукаваны творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. пісьменнікаў. З узнікненнем легальнай бел. прэсы для перадачы гукавой сістэмы бел. мовы быў прыстасаваны рус. грамадзянскі шрыфт. Як адзіны графічны сродак пісьмовай формы бел. літ. мовы беларускі алфавіт канчаткова замацаваўся пасля 1917. Сучасны беларускі алфавіт складаецца з 32 літар: Аа, Бб, Вв, Гг, Дд (Дждж, Дздз), Ее, Ёё, Жж, Зз, Іі, Йй, Кк, Лл, Мм, Нн, Оо, Пп, Рр, Сс, Тт, Уу, Ўў, Фф, Хх, Цц, Чч, Шш, Ыы, Ьь, Ээ, Юю, Яя (пра кожную літару гл. асобны арт.). У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў jо («ё») і спецыфічна бел. гука ў («ў»), афрыкаты «дж» і «дз» перадаюцца дыграфамі. Усе літары выразна адрозніваюцца паміж сабой. Яны могуць выкарыстоўвацца ў друкаваным і рукапісным выглядзе, маюць вялікую і радковую форму. Ёсць спец. знак — апостраф.

А.М.Булыка.

т. 2, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАБЕЛЕ́Н (франц. gobelin),

вытканы ўручную дыван-карціна (шпалера). На пачатку — вырабы парыжскай мануфактуры, заснаванай у 1662 (існуе і цяпер) і вядомай у гісторыі як мануфактура Габеленаў (ад прозвішча майстроў-фарбавальшчыкаў 15 ст., у будынку якіх размяшчалася ткацкая майстэрня). У 17—18 ст. маст. якасці габеленаў зрабілі іх настолькі папулярнымі, што габеленамі сталі называць высокамаст. шпалеры інш. франц., а пазней і еўрап. мануфактур, а ў 19 ст. наогул шпалеры і шчыльныя абівачныя тканіны нават машыннага вырабу, т.зв. габеленавыя тканіны.

Ткалі габелены з каляровых ваўняных і шаўковых, часам сярэбраных і залатых нітак на спец. ручных станках метадам выбарачнага ткацтва (асобнымі часткамі, якія сшывалі танюсенькай шаўковай ніткай). Габелены ўзнаўлялі ўзор або карціну з малюнка (кардону), зробленага мастаком. Асаблівасць габелена — рубчастая паверхня правага боку, якая ствараецца ніткамі асновы, і няроўная паверхня адваротнага боку, створаная швамі і ніткамі ўтку. З-за працаёмкасці вырабу кошт габеленаў быў вельмі высокі, таму аздаблялі імі інтэр’еры каралеўскіх палацаў, асабнякі знаці. Габелены ўзнаўлялі сцэны з жыцця святых і сюжэты рыцарскіх раманаў, у 16 ст. пашыраны сюжэты на біблейскую тэматыку, у 18 ст. — міфалагічныя сцэны і пастаралі, а таксама партрэты і копіі са станковых карцін. У 19 ст. маст. ўзровень габеленаў рэзка знізіўся. З 1930-х г. пачалося адраджэнне габелена на новай мастацка-стылявой аснове. З сярэдзіны 1940-х г. развіццю мастацтва габелена значна садзейнічалі кардоны мастака Ж.Люрса.

На Беларусі ў 17—18 ст. бязворсавыя дываны-карціны выраблялі на ткацкіх мануфактурах у Нясвіжы, Міры, Карэлічах, Альбе, Слоніме, Гродне і інш. Ткачы былі з мясц. прыгонных, майстры і мастакі мясц. і замежныя. Ткалі габелены з раслінным арнаментам, геральдычнымі матывамі, сюжэтнымі кампазіцыямі і партрэтнымі выявамі; выраблялі і абівачную габеленавую тканіну. У 2-й пал. 18 ст. створана серыя габеленаў, прысвечаная роду Радзівілаў («Бітва на рацэ Славечна», «Паланенне Станіслава Міхаіла Крычэўскага пад Лоевам у 1649 годзе» і інш.). На пач. 19 ст. вытворчасць дываноў-карцін спынілася. Адраджэнне бел. габелена прыпадае на 1960-я г. Мастакі стварылі новы тып сучаснага габелена — манументальна-дэкаратыўны: «Чалавек, які пазнае свет» (А.Кішчанка, А.Бельцюкова, Г.Гаркуноў), «Музыка», 6 габеленаў для фае Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, «Чарнобыль», «Габелен стагоддзя» (усе Кішчанкі). Выпускнікі Бел. акадэміі мастацтваў Гаркуноў, В.Грыдзіна, В.Дзёмкіна, Г.Крываблоцкая, В.Крывашэева, В.Маркавец-Бартлава, Л.Пятруль, Н.Пілюзіна, Л.Пуцейка, А.Салохіна, С.Свістуновіч, Л.Сівакова, Л.Скрыпнічэнка, Г.Стасевіч, Н.Сухаверхава, Г.Юзеева-Шаблоўская, Т.Хацановіч-Дарбінян і інш. працуюць пераважна ў галіне дэкар. нац. габелена.

Літ.:

Трызна Д.С. Беларускія дываны і габелены. Мн., 1981.

т. 4, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПАЛІТЫ́ЧНАЕ ЎПРАЎЛЕ́ННЕ БССР (ДПУ БССР),

спецслужба, дзярж. орган, надзелены правам аператыўна-вышуковай дзейнасці. Існавала ў 1922—34. Утворана пры ЦВК БССР паводле рашэння яго Прэзідыума ад 1.3.1922 на базе скасаванай Надзвычайнай камісіі БССР. У адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1927 ДПУ уваходзіла ў СНК рэспублікі. На ДПУ БССР ускладаліся задачы: барацьба з падрыўной дзейнасцю імперыял. разведак і замежных антысав. цэнтраў; прадухіленне і падаўленне адкрытых контррэв. выступленняў (паліт. і эканамічных); барацьба з бандытызмам і ўзбр. паўстаннямі; выяўленне контррэв. арг-цый і асоб, дзейнасць якіх накіравана на падрыў гасп. жыцця; ахова дзярж. тайнаў і барацьба са шпіянажам; ахова шляхоў зносін, барацьба з крадзяжом грузаў; ахова граніц, барацьба з эканам. і паліт. кантрабандай і незаконным пераходам граніцы; выкананне спец. заданняў ЦВК і СНК БССР па ахове рэв. парадку. У 1922 ДПУ БССР дзейнічала на аснове палажэнняў аб ДПУ РСФСР, яго мясц. органаў, асобых і трансп. аддзелаў, з 1923 на аснове палажэння аб АДПУ СССР і яго органах. У аператыўнай дзейнасці кіравалася загадамі і распараджэннямі ДПУ РСФСР, 3 1923 — АДПУ СССР.

Органы ДПУ БССР былі эфектыўна дзейным інструментам паліт. улады, якая існавала ў БССР, як і ў СССР у цэлым. Пасля грамадз. вайны яны зрабілі істотны ўклад у стабілізацыю ўнутрыпаліт. становішча ў БССР. У 1-й пал. 1920-х г. займаліся барацьбой з узбр. антысав. атрадамі і групамі (Булак-Балаховіча, Паўлоўскага, Моніча, Караткевіча, Багулевіча і інш.), якія прарываліся з тэр. Зах. Беларусі, што адышла да Польшчы. Да сярэдзіны 1920-х г. была наладжана надзейная ахова бел. ўчастка зах. граніцы СССР, створана сістэма процідзеяння разведвальна-падрыўной дзейнасці спецслужбаў зах. дзяржаў і замежных антысав. цэнтраў і арг-цый. Супрацоўнікі ДПУ БССР удзельнічалі ў шэрагу разведвальных і контрразведвальных аперацый, якія праводзіла АДПУ (напр., вывад на сав. тэрыторыю і арышт у Мінску ў жн. 1924 Б.В.Савінкава). У сувязі з узмацненнем у канцы 1920-х г. тэндэнцыі да далейшай цэнтралізацыі ўсіх бакоў жыцця ў СССР, адсутнасцю дастатковай прававой базы дзейнасці спецслужбаў органы ДПУ усё больш ператвараліся ў простых выканаўцаў патрабаванняў саюзнага цэнтра. ДПУ БССР удзельнічала ў выцясненні, а пазней і знішчэнні паліт. і ідэйнай апазіцыі, нанясенні незаменных страт сялянству ў ходзе калектывізацыі, барацьбе з бел. нац.-дэмакр. рухам, праследаванні дзеячаў нац. культуры. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. кіраўніцтва ДПУ «выкрыла» шэраг «контррэвалюцыйных арганізацый»: «Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «шкоднікаў» у Наркамземе, Трактарацэнтры і інш. Паводле пастановы ЦВК БССР ад 15.7.1934 ДПУ пераўтворана ва Упраўленне дзяржбяспекі НКУС БССР.

А.А.Тозік.

т. 6, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНІ́ЦА,

збудаванне для размяшчэння званоў. Ва ўсх. славян упершыню згадваецца ў 988. Найб. раннія З. вядомы ў Кіеве (Ірынінскай і Дзесяціннай цэрквах) з 1107 ва Уладзіміры, Ноўгарадзе-Северскім, Полацку. Крыніцай развіцця іх форм былі абарончыя вежы са званом і металічным білам для гукавога апавяшчэння. Іканаграфічныя матэрыялы, гравюры 15—17 ст. сведчаць, што на Беларусі З. мелі сакральныя пабудовы Віцебска, Магілёва, Нясвіжа, Клецка, Гродна і Брэста і інш. Яны былі драўляныя, мураваныя і драўляна-мураваныя. Драўляныя паводле тыпу канструкцыі бываюць слупавыя, каркасныя, зрубныя, зрубна-каркасныя. Найб. простыя З. — слупавой канструкцыі з перакладзінай, на якую падвешвалі звон, або козлы з брусоў, якія ставілі побач з царквою або касцёлам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на). У іх часам быў подыум з дошак і стрэшка ці 4-схільны дах. Пазней З. ашалёўвалі дошкамі. Яны мелі гарыз. бэлькі, што дазваляла рабіць іх 2-яруснымі і размяшчаць званы на бэлечнай крыжавіне пад дахам. Больш трывалыя зрубныя З. Часцей сустракаюцца зрубна-каркасныя, дзе зрубам-чацверыком былі ніжнія ярусы, а верхні рабіўся каркасным і завяршаўся стромкім дахам (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, 1799; в. Дуды Іўеўскага р-на; в. Чэрск Брэсцкага р-на, абедзве 18 ст., і інш.). Вядомы і мураваныя, асобна збудаваныя З. (в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, 16 ст.). Іх верхнія ярусы часам былі глухія і мелі спец. праёмы, якія зачыняліся аканіцамі (г. Слуцк, 18 ст.; г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на, 17 ст.; в. Моладава Іванаўскага р-на, пач. 20 ст.). Будавалі З. ў арх. стылях адпаведна часу. Яны фланкіравалі фасады сакральных пабудоў абарончага тыпу 16—17 ст. (в. Сынковічы Зэльвенскага, в. Мураванка Шчучынскага, в. Камаі Пастаўскага р-наў), а таксама шматлікія 2-вежавыя касцёлы 17—18 ст. У царк. архітэктуры існавалі З.-дабудовы. Яны размяшчаліся над прытворам ці перад ім (в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 16 ст.; г.п. Заслаўе, 16 ст., і інш.). Вядомы З.-брамы: зрубныя, мураваныя, зрубна-мураваныя, якія ставіліся пры ўваходзе на двор царквы (касцёла); іх ніжні ярус выконваў ролю брамы. Дабудова З. з боку прытвора была пашырана ў 19 — пач. 20 ст. (Пакроўскі сабор у г. Баранавічы), у т. л. пры рэканструкцыі уніяцкіх цэркваў (в. Моладава Іванаўскага, в. Рамель Столінскага, в. Порплішча Докшыцкага, в. Хаціслаў Маларыцкага р-наў і інш.) і некаторых касцёлаў пад правасл. храмы.

А.І.Лакотка.

Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.
Званіца ў в. Ражкоўка Камянецкага раёна Брэсцкай вобл. 19 ст.
Званіца Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы Брэсцкай вобл. 1924—31.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕ́ШНІ ГА́НДАЛЬ,

продаж і купля тавараў, каштоўных папер на міжнар. рынку; адна з форм знешнеэканамічных сувязей. Падзяляецца на экспарт (вываз) і Імпарт (увоз) тавараў і паслуг. У аснове экспартна-імпартных адносін паміж краінамі ляжыць міжнародны падзел працы. Знешнегандл. аперацыі залежаць ад характару крэдытнай сістэмы краіны, форм і ўмоў банкаўскага забеспячэння знешнегандл. разлікаў, валютных правіл і валютнага рэгулявання, а таксама канкрэтных фін. умоў знешнегандл. кантактаў. Дзейнасць знешнеэканам. комплексу базіруецца на шэрагу палажэнняў прававога, арганізац.-тэхн., гандл.-паліт., эканам. і інфармацыйна-кансультатыўнага характару, якія дазваляюць яго ўдзельнікам эфектыўна выступаць на знешнім рынку і ўзгадняць вынікі знешнеэканам. аперацый з агульнымі вынікамі гасп. дзейнасці. Сродкі рэгулявання З.г.: тарыфы, падаткі, акцызныя зборы, колькасныя абмежаванні, ліцэнзіі і інш. Найб. пашыраны мытныя тарыфы, рэгуляванне знешнегандл. патокаў або абарона нац. вытворцаў. Гандлюючыя краіны знаходзяцца ў розных дагаворна-паліт. адносінах, могуць з’яўляцца членамі мытнага саюза, эканам. саюза, мець падпісаныя дагаворы аб спрыяльным рэжыме або не мець ніякіх пагадненняў у сферы гандлю. Прывілеі і льготы тычацца велічыні мытнай абароны, г.зн. ставак мытнай пошліны. Існуючая міжнар. прававая сістэма выключае магчымасць прыняцця аднабаковых мер па павышэнні або змяненні мытна-тарыфных ставак. Для змены тарыфаў цяпер патрэбны кансультацыі на міжнар. узроўні і падрабязнае абмеркаванне сітуацыі ў нац. эканоміцы. Імкнучыся захаваць за дзярж. кіраўніцкімі структурамі магчымасць хутка рэагаваць на зменлівыя абставіны, нац. дзяржавы разам з пошлінамі выкарыстоўваюць і інш. блізкія да іх меры рэгулявання (імпартныя тавары абкладаюцца спец. падаткамі і зборамі, імпартныя і экспартныя субсідыі, колькасныя абмежаванні, кватаванне і ліцэнзаванне). Колькаснае выражэнне ступені залежнасці эканомікі краіны ад З.г. вызначаецца адносінамі аб’ёму экспарту або імпарту да аб’ёму нац. даходу. Пры ацэнцы стану краіны ў міжнар. разліках перш за ўсё вызначаюцца суадносіны экспарту і імпарту, якія адлюстроўваюцца ў гандл. балансе. Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе знешнегандл. сувязі больш як са 150 краінамі свету. У 1996 агульны аб’ём З.г. Беларусі склаў 12,4 млрд. дол. ЗША (павялічыўся ў параўнанні з 1995 на 20%), экспарт тавараў — 5,5 млрд. дол. (на 17%), імпарт — 6,9 млрд. дол. (на 23%). Тавараабарот з краінамі СНД у 1996 склаў 8,2 млрд. дол., у т. л. з Расіяй — 6,4 млрд. дол. Аб’ём З.г. Рэспублікі Беларусь з інш. краінамі ў 1996—4,2 млрд. дол., у т. л. з Германіяй — 978 млн. дол., Польшчай — 519,6 млн. дол., Літвой — 320,6 млн. дол., ЗША — 212 млн. дол. 3 дапамогай каэфіцыента пакрыцця (суадносіны экспарту да імпарту ў працэнтах) можна супастаўляць дынаміку абодвух патокаў, што складаюць З.Г.

М.Е.Заяц, В.В.Краўчанка.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́СНЫ,

ручны ткацкі станок з навітай асновай для вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.

Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб. стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.

К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.

Г.М.Курыловіч.

Кросны.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)