РАЗЬБА́ ў тэхніцы,

чаргавальныя выступы і ўпадзіны (канаўкі) на паверхні цел вярчэння, размешчаныя па вінтавой лініі.

Паводле формы сячэння адрозніваюць Р. трохвугольную, прамавугольную, трапецаідальную, круглую, паводле размяшчэння — вонкавую і ўнутраную, паводле прызначэння — крапежную, сілавую, хадавую, артылерыйскую і інш. У залежнасці ад напрамку вінтавой лініі бывае правая (найб. пашыраная) і левая. Утвараюць Р. пластычнай дэфармацыяй (напр., накаткай), рэзаннем на універсальных (такарных і інш.) і спецыялізаваных (рэзьбафрэзерных і інш.) станках ці ўручную пры дапамозе інструменту агульнага (разцы, фрэзы і інш.) або спец. (метчыкі, плашкі і інш.) прызначэння.

Профіль разьбы: d, d1, d2 — вонкавы, унутраны і сярэдні дыяметры; P — шаг, які вымяраюць у міліметрах (метрычная разьба) і ў цалях (цалёвая разьба); H — вышыня зыходнага профілю; α — вугал пры вяршыні профілю (60° — для метрычнай, 55° — для цалёвай).

т. 13, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)