БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т (БДУ). Засн. ў 1921 у Мінску паводле пастановы ЦВК БССР. У стварэнні БДУ удзельнічалі акадэмік Я.​Ф.​Карскі, прафесары В.​П.​Волгін, Л.​С.​Мінор, У.​І.​Пічэта (1-ы рэктар БДУ), Дз.​М.​Пранішнікаў, Ф.​Ф.​Турук, А.​Ф.​Фартунатаў, К.​А.​Ціміразеў і інш. Сярод першых выкладчыкаў бел. вучоныя Я.​І.​Барычэўскі, Ц.​М.​Годнеў, М.​В.​Доўнар-Запольскі, К.​М.​Міцкевіч (Я.​Колас), М.​М.​Нікольскі, У.​М.​Перцаў, А.​Смоліч, М.​М.​Шчакаціхін, М.​А.​Янчук і інш. Для работы ў БДУ таксама запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева і інш.; навук. л-ра паступіла з АН РСФСР, Рас. кніжнай палаты, Кіеўскага, Маскоўскага і Петраградскага ун-таў; перададзены б-кі Карскага, Янчука і інш. У 1928—31 пабудаваны універсітэцкі гарадок. На базе асобных ф-таў БДУ у Мінску адкрыты ін-ты: мед., пед., юрыд., нар. гаспадаркі, шэраг галіновых ВНУ, якія ў 1933 аб’яднаны ў Бел. політэхн. ін-т. У гады Вял. Айч. вайны навуч.-матэрыяльная база ун-та знішчана. Заняткі аднавіліся ў 1943 на ст. Сходня (пад Масквой), з вер. 1944 — у Мінску.

У 1995/96 навуч. г. ф-ты: біял., геагр., гіст., журналістыкі, механіка-матэм., прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, радыёфізікі і электронікі, фіз., філал., філас.-эканам., хім., юрыд., міжнар. адносін, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчы для замежных грамадзян, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ, павышэння кваліфікацыі па прыкладной матэматыцы і ЭВМ, спецыяльны ф-т бізнесу і інфарм. Тэхналогій; 14,4 тыс. студэнтаў, на 121 кафедры 1410 выкладчыкаў, у т. л. 190 прафесараў і д-роў навук, больш за 800 дацэнтаў і канд. навук. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1927, дактарантура з 1988. Мае 3 НДІ, друкарню, выд-ва, інфарм.-вылічальны і навук.-інж. цэнтры, Бібліятэку фундаментальную БДУ, 3 музеі, навуч.-доследную гаспадарку «Шчомысліца», біял. станцыю «Нарач», навуч.-вытв. геагр. базу «Заходняя Бярэзіна». Выдае шматтыражную газ. «Беларускі універсітэт» (з 1923), навук. час. «Веснік БДУ» (з 1969, у 4 серыях).

Рэктары ун-та: У.​І.​Пічэта (1921—29), І.​П.​Каранеўскі (1929—32), Ермакоў (1932—33), В.​Н.​Дзякаў (1933—37), П.​В.​Саевіч (1937), Бладыка (1937—38), У.​С.​Бабраўніцкі (1938—39), П.​П.​Савіцкі (1939—47), У.​А.​Тамашэвіч (1947—49), І.​С.​Чымбург (1949—52), К.​І.​Лукашоў (1952—57), А.​Н.​Сеўчанка (1957—72), У.​М.​Сікорскі (1972—78), У.​А.​Белы (1978—83), Л.​І.​Кісялеўскі (1983—90), Ф.​М.​Капуцкі (1990—96), з 16.1.1996 в.а. рэктара П.​Дз.​Кухарчык.

Літ.:

Беларускі дзяржаўны універсітэт, 1921—27: Да 10-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Мн., 1927;

Кожушков А.И., Яновский О.А. Белорусский университет: Хроника событий (1919—1989). Мн., 1990;

Белорусский ордена Трудового Красного Знамени государственный университет имени В.​И.​Ленина: (Краткий библиогр. указ.). Мн., 1971.

Галоўны корпус Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
Будынак фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

т. 2, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛО́ГІЯ (ад заа... + ...логія),

навука пра жывёльныя арганізмы, адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць жывёл (сістэматыка), іх будову (анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія), заканамернасці індывід. развіцця (эмбрыялогія), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (зоагеаграфія), узаемаадносіны з асяроддзем (экалогія), асаблівасці паводзін (эталогія), вымерлых жывёл (палеазаалогія). У З. таксама вылучаюць навукі, якія даследуюць найб. вял. і важныя групы жывёл: акаралогія, арахналогія, арніталогія, герпеталогія, іхтыялогія, малакалогія, пратысталогія, тэрыялогія, энтамалогія. З. звязана з шэрагам с.-г., вет. і мед. навук.

З. як навука зарадзілася ў Стараж. Грэцыі і звязана з імем Арыстоцеля. Як стройная сістэма ведаў аформілася ў канцы 17—18 ст. дзякуючы працам вучоных-прыродазнаўцаў англ. Дж.​Рэя, швед. К.​Лінея, франц. Ж.​Бюфона і Ж.​Б.​Ламарка і інш. У сярэдзіне 19 ст. створана тэорыя эвалюцыі арган. свету (Ч.​Дарвін). У развіцці З. вял. значэнне мелі працы расійскіх вучоных К.​М.​Бэра, А.А. і У.​А.​Кавалеўскіх, І.​І.​Мечнікава, К.​Ф.​Рулье, А.​М.​Северцава і інш. У 20 ст. павялічыўся аб’ём фауністычных даследаванняў па ўсёй планеце, фарміруецца новы малекулярна-біял. аспект сістэматыкі, выкарыстоўваецца карыясістэматыка (на падставе вывучэння колькасці і будовы храмасом), укараняюцца біяхім. метады і метады электроннай мікраскапіі і інш.

На Беларусі даследаванні па З. пачаліся ў 18 ст. Заал. апісанні асобных яе тэрыторый ёсць у працах польск. даследчыка Г.​Ржанчынскага (1-я пал. 18 ст.), рус. вучоных І.​І.​Ляпёхіна (канец 18 ст.), В.​М.​Севергіна (1-я пал. 19 ст.). У 1924—30 праводзіліся экспедыцыі па вывучэнні наземнай фауны (А.​У.​Фядзюшын і інш.). Сучасны этап развіцця З. звязаны з працамі І.​Ц.​Арзамасава, Г.​А.​Галкоўскай, Г.​Г.​Вінберга, М.​С.​Долбіка, П.​І.​Жукава, С.​В.​Кахненкі, І.​К.​Лапаціна, В.​І.​Мержаеўскай, М.​М.​Пікуліка, Л.​М.​Сушчэні, І.​М.​Сяржаніна, Э.​І.​Хацько, Н.​М.​Хмялёвай і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, на кафедрах прыродазнаўчых ф-таў ВНУ, у запаведніках, н.-д. установах с.-г. і вет. профілю і інш. Даследуюцца функцыян. сувязі ў зоацэнозах, заканамернасці матэрыяльна-энергет. ператварэнняў на розных трафічных узроўнях, экалогія і інтрадукцыя каштоўных відаў рыб. Развіваюцца новыя кірункі З.: эксперым. экалогія водных беспазваночных жывёл, ландшафтная фауністыка і экалогія жывёл, глебавая экалогія; вывучэнне механізмаў і заканамернасцей фарміравання біял. разнастайнасці жывёльнага свету ва ўмовах інтэнсіфікацыі антрапагеннай нагрузкі на прыродныя комплексы; распрацоўка прынцыпаў і метадаў экалагічнага маніторынгу, вядзення Чырв. кнігі, развіцця сеткі асабліва ахоўных тэрыторый; ацэнка ўплыву аварыі на ЧАЭС (1986) на стан фауны. Адна з найб. актуальных праблем — распрацоўка навук. асноў аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету Зямлі.

Літ.:

Наумов Н.П., Карташев Н.Н. Зоология позвоночных. Ч. 1—2. М., 1979;

Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;

Жизнь животных. Т. 1—6. 2 изд. М., 1987—89;

Институт зоологии Академии наук Беларуси. Мн., 1992.

М.​М.​Пікулік.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫЯ ТЭА́ТРЫ,

найвышэйшая форма развіцця аматарскага тэатр. мастацтва на Беларусі. Існуюць таксама ў інш. краінах СНД і Балтыі. Найменне «народны» надаецца калектывам са стабільным складам удзельнікаў, паўнацэнным у маст. адносінах рэпертуарам, скіраваным на развіццё бел. нац. драматургіі, засваенне і папулярызацыю ўзораў сусв. маст. культуры, якія рэгулярна выступаюць перад насельніцтвам. На Беларусі існуюць з 1959. Працуюць на грамадскіх пачатках пры палацах і дамах культуры (гар. — ГПК, ГДК, раённых — РДК, сельскіх — СДК), клубах, розных цэнтрах і інш. на чале з прафес. рэжысёрамі. У сваёй дзейнасці карыстаюцца Палажэннем аб нар. (узорным) самадз. калектыве маст. творчасці ў Рэспубліцы Беларусь, прынятым у 1999 Мін-вам культуры Беларусі. Творчую і метадычную дапамогу Н.т. аказваюць абл. метадычныя цэнтры нар. творчасці, навук.-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культ.-асв. работы, Нац. цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Бел. ін-т праблем культуры, прафес. т-ры і інш. Н.т. ўмоўна падзяляюць на драм., муз.-драм., т-ры юнага гледача, тэатры-студыі, паэтычныя (чытальнікаў), агітбрыгады (якія з 1990-х г. пераўтвараюцца ў т-ры мініяцюр, сатыр., маладзёжныя) і інш. Узніклі і новыя формы — Н.т. гульнявыя; песні, музыкі і гульні; т-ры моды. На Беларусі (2000) 121 Н.т., у т. л. 71 драм., 12 агітбрыгад, 10 т-раў мініяцюр, 6 тэатраў-студый, 4 т-ры пантамімы, 3 маладзёжныя, 2 т-ры юнага гледача і інш. Сярод іх: т-ры Баранавіцкага (з 1959) і Івацэвіцкага (з 1994) ГДК, песні, музыкі і гульні «Крынічка» Кобрынскага ГДК (з 1993), тэатры-студыі «Раёк» Брэсцкага абл. цэнтра маладзёжнай творчасці (з 1996), «Дыяген» Пінскага ГДК (з 1959), т-ры «Сінтэз» Віцебскага Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў (з 1977), «Пошук» (з 1992) і мініяцюр «Балаган» (з 1993) Лепельскага РДК, «Ідучыя на смех» Падсвільскага ГДК Глыбоцкага р-на (з 1996), «Фанограф» Гарадоцкага РДК (з 1986), «Пілігрым» Полацкага ГДК (з 1979), Веткаўскага ГДК (з 1985), Рагачоўскага ГДК (з 1962), сатыры і гумару «Ком-Ікс» Мазырскага ГДК (з 1997), «Спадчына» ПК Светлагорскага ВА «Хімвалакно» (з 1977), драмы і камедыі Ваўкавыскага ГДК (з 1985), Мастоўскага РДК (з 1995), «Валянцін» (з 1997) і мініяцюр «Серпанцін» (з 1994) Магілёўскага гар. цэнтра культуры і вольнага часу; «Відарыс» Барысаўскага ГПК (з 1959), драмы і камедыі імя У.​Галубка Слуцкага ГДК (з 1961), гульнявы «Капыльскія пацехі» Капыльскага раённага цэнтра культуры (з 1990), мініяцюр Дома культуры Барысаўскага ВА «Экран» (з 1983); «На доўгім бродзе» Палаца культуры трактарнага з-да (з 1963), чытальнікаў «Жывое слова» Бел. пед. ун-та (з 1977), «Жывая планета» Рэсп. Палаца культуры «Юнацтва» (з 1989) і пантамімы «Рух» Рэсп. ПК Бел. т-ва глухіх (з 1973), агітбрыгада «Панацэя» лячэбнага ф-та мед. ін-та (з 1980; усе г. Мінск). Гл. таксама Народныя самадзейныя калектывы.

А.​А.​Скарына.

Да арт. Народныя тэатры. Сцэны са спектакляў: «Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча. Ваўкавыскі тэатр драмы і камедыі гарадскога Дома культуры (злева); «Дзень нараджэння інфанты» паводле О.​Уайльда. Брэсцкі тэатр-студыя «Раёк».

т. 11, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯХІ́МІЯ (ад бія... + хімія),

біялагічная хімія, навука, якая вывучае хім. састаў арганізмаў і хім. працэсы, звязаныя з іх жыццядзейнасцю. Адрозніваюць статычную біяхімію, якая займаецца пераважна аналізам хім. саставу арганізмаў і цесна ўзаемазвязана з біяарганічнай хіміяй і малекулярнай біялогіяй, дынамічную біяхімію, што даследуе працэсы ператварэння рэчываў у арганізме, і функцыянальную біяхімію, якая высвятляе сувязь паміж хім. ператварэннямі малекул і функцыяй клеткі ці органа (механізмы сакрэцыі, мышачнае скарачэнне, перадача спадчынных уласцівасцяў і інш.), а таксама механізмы рэгуляцыі працэсаў жыццядзейнасці. Паводле аб’ектаў даследавання адрозніваюць біяхімію мікраарганізмаў, раслін, жывёл і чалавека. Шэраг раздзелаў біяхіміі вылучаюць у асобныя навук. дысцыпліны: біяхімія вітамінаў, гармонаў, клінічная біяхімія і інш. Асобна ідуць параўнальная і эвалюцыйная біяхімія, якія займаюцца вывучэннем узаемасувязі паміж рознымі жывымі арганізмамі на малекулярным узроўні.

Як асобная навука біяхімія сфарміравалася ў 19 ст. Гісторыя развіцця біяхіміі бярэ пачатак ад аграхімікаў (ням. ўрач і прыродазнавец Парацэльс, 16 ст., і інш.), якія разглядалі жыццядзейнасць чалавека з пазіцый хіміі, увялі ў практыку лячэння шэраг хім. прэпаратаў. У пач. 19 ст. праведзены даследаванні па вывучэнні хім. саставу раслінных і жывёльных клетак, у 1828 сінтэзавана мачавіна (ням. хімік Ф.​Вёлер), у 1842 у Германіі выдадзены першы падручнік па біяхіміі (І.​Зіман). Ва ун-тах Еўропы, Расіі (Казань, А.Я.Данілеўскі, 1863) адкрыты кафедры біяхіміі. У 2-й пал. 19 ст. назапашаны некаторыя звесткі пра састаў і хім. пераўтварэнні бялкоў, тлушчу і вугляводаў, працэс браджэння (ням. вучоныя Ю.​Лібіх, Э.Бухнер, франц. Л.Пастэр), фотасінтэз (К.А.Ціміразеў). Вял. ўклад у развіццё біяхіміі ў Расіі зрабілі М.​В.​Ненцкі, адзін з заснавальнікаў тэорыі біясінтэзу мачавіны ў арганізме млекакормячых, Я.​С.​Лондан (распрацаваў метады ангіястаміі і арганастаміі для прыжыццёвага даследавання абменных працэсаў на цэлым арганізме), У.І.Паладзін і Дз.​М.​Пранішнікаў (вывучалі абмен азоту ў раслінах), А.​М.​Бах (заснавальнік школы рус. біяхімікаў; даследаваў хімізм фотасінтэзу і акісляльныя працэсы ў клетцы) і інш.

На Беларусі біяхім. даследаванні праводзяцца з канца 19 ст. Цяпер вядуцца ў біял. ін-тах АН Беларусі, НДІ мед. і с.-г. профілю, на адпаведных кафедрах і ў навук. цэнтрах ВНУ. Найб. вядомы працы па біяхіміі фотасінтэзу (Ц.М.Годнеў, А.А.Шлык, А.С.Вечар), глебавых ферментаў (В.Ф.Купрэвіч), біяхіміі мікраэлементаў (В.​А.​Лявонаў, Ф.​Я.​Беранштэйн), вітамінаў (Ю.М.Астроўскі), біяхіміі біял. мембранаў (С.В.Конеў), па патахіміі (М.Ф.Меражынскі), біяхіміі апрамененага арганізма (Л.С.Чаркасава). Даследуюцца біяхім. працэсы ў тканках, асобныя праблемы тэхн. біяхіміі, малекулярнай біяхіміі, біяэнергетыкі; вывучаюцца лакалізацыя і ператварэнне рэчываў у клетках і тканках, сувязь паміж будовай біяпалімераў і інш. біялагічна актыўных прыродных злучэнняў з іх функцыямі. Патрабуюць вырашэння праблемы: вывучэнне малекулярных асноў злаякаснага росту, імунітэту, малекулярных механізмаў памяці, асноў рацыянальнага харчавання чалавека і жывёл, малекулярных асноў спадчынных і саматычных захворванняў чалавека, арганізацыі і механізмаў дзейнасці генома, прынцыпаў біял. пазнавання, структуры і функцыі біял. мембранаў, праблемы ўзаемаадносін чалавека і навакольнага асяроддзя.

Літ.:

Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1981;

Кретович В.Л. Очерки по истории биохимии в СССР. М., 1984;

Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;

Биохимия человека. Т. 1—2. М., 1993.

В.​К.​Кухта.

т. 3, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎ,

горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Барысаўскага р-на Мінскай вобласці. За 71 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 154,8 тыс. ж. (1995).

Паводле В.​М.​Тацішчава, заснаваны на левым беразе Бярэзіны ў 1102 полацкім кн. Барысам Усяславічам (паводле інш. звестак — у 1032 кіеўскім кн. Яраславам Мудрым). Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1127 як горад Полацкай зямлі. У 1431 разбураны ў выніку міжусобных войнаў. У 13—18 ст. існаваў Барысаўскі замак. У 1542 уключаны ў Віленскае ваяв., уласнасць Я.​Глябовіча. У 1563 горад атрымаў магдэбургскае права. З 1563 цэнтр староства (гл. ў арт. Барысаўская воласць), пасля Люблінскай уніі 1569 староства леннага ўладання князёў Агінскіх, потым Радзівілаў, у складзе Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 неаднаразова заняты рус. і швед. войскамі. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскага намесніцтва. У 1796 атрымаў гарадскі герб. У вайну 1812 акупіраваны, разрабаваны і спалены франц. войскамі (гл. Барысаўская бітва 1812). У 1871 праз Барысаў прайшла чыгунка Масква—Брэст, на правым беразе Бярэзіны ўзнікла чыг. станцыя з пас. Нова-Барысаў. У 1897 у Барысаве 15 063 ж. У 1901 і 1910 моцна пацярпеў ад пажараў. У 1910 у горадзе каля 19 тыс. ж., 32 прамысл. прадпрыемствы, 112 крам, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, некалькі пач. школ, метэастанцыя і інш. З 1914 працавала Барысаўская жаночая настаўніцкая семінарыя. У ліст. 1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918 Барысаў акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1924 цэнтр раёна, у 1924—27 — акругі. З 1938 горад абл. падпарадкавання ў складзе Мінскай вобласці. У Вял. Айч вайну 2.7.1941 акупіраваны ням-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут 6 лагераў смерці, дзе загубілі больш за 33 тыс. сав. грамадзян; дзейнічала Барысаўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту. У 1959 — 59,3 тыс., у 1970 — 84 тыс. ж.

У Барысаве лясная і дрэваапр. прам-сць: вытв. аб’яднанне «Барысаўдрэў», Барысаўская фабрыка піяніна, Барысаўскі лесахімічны завод, з-ды мэблевай фурнітуры, шпалапрапітны (гл. асобныя арт.). Маш.-буд. і металаапр. прам-сць: Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі інструментальны завод, Барысаўскі завод эмаліраванага посуду «Чырвоны металіст». Харч. галіна: Барысаўская макаронная фабрыка, мяса- і хлебакамбінаты, малочны і кансервавы з-ды і інш. Прадпрыемствы швейнай, хім. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці: Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, Барысаўскі завод «Гуматэхніка», быт. хіміі, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, палімернай тары «Паліміз» і інш. Барысаўскі хрусталёвы завод, камбінат па перапрацоўцы другаснай сыравіны, 2 з-ды жалезабетонных вырабаў, Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва. Барысаўскі політэхнічны тэхнікум, мед. і пед. вучылішчы, Барысаўскі дзяржаўны аб’яднаны музей. Помнік сав. танкістам, брацкія магілы сав. воінаў і ваеннапалонных, магілы ахвяраў фашызму. Помнікі архітэктуры: касцёл (1806—23), Барысаўскі Васкрасенскі сабор, гандл. рады (1908), будынак чыг. вакзала і сінагога (пач. 20 ст.).

Літ.:

Ерусалимчик Л.Ф., Гилеевич Ж.В. Борисов: Ист.-экон. очерк. Мн., 1987;

Гилевич Ж.В. Борисов и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1986.

Горад Барысаў.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭ́КА (грэч. bibliothēkē ад biblion кніга + thēkē сховішча),

установа, якая займаецца зборам, спец. апрацоўкай і захаваннем кніг, дакументаў і інш. друкаваных і рукапісных твораў, арганізуе іх грамадскае выкарыстанне і абслугоўванне чытачоў, выконвае інфарм., адукац., н.-д., метадычную і выдавецкую функцыі. Бібліятэкі бываюць масавыя, навук., спец., дзіцячыя. Масавыя бібліятэкі падзяляюць паводле прыналежнасці на дзярж., прафсаюзныя, школьныя і інш., паводле тэр. адзнакі на нац., краявыя, абл., гар., раённыя, сельскія. Да навук. і спец. бібліятэк адносяцца дзярж., акадэмічныя, універсітэцкія, галіновыя, тэхн., бібліятэкі прадпрыемстваў, НДІ, ВНУ, школьныя і г.д. Кожная бібліятэка ў адпаведнасці са сваім тыпам арганізуе і дыферэнцыруе абслугоўванне асобных груп чытачоў на аснове вывучэння іх складу і запатрабаванняў. Усе бібліятэчныя працэсы, віды і формы прапаганды л-ры падпарадкоўваюцца задачам максімальна поўнага і аператыўнага задавальнення попыту карыстальнікаў.

Як сацыяльны ін-т бібліятэкі з’явіліся адначасова з узнікненнем дзяржавы, пісьменства, што абумоўлена неабходнасцю стварэння грамадскага механізму арганізацыі, збору, назапашвання, апрацоўкі і выкарыстання інфармацыі. Бібліятэкі як грамадскае сховішча помнікаў пісьменства вядомы з глыбокай старажытнасці: бібліятэка асірыйскага цара Ашурбаніпала (сярэдзіна 7 ст. да н.э.); у Ст. Егіпце бібліятэкі пры храмах для абслугоўвання жрацоў, першая буйная бібліятэка Стараж. Грэцыі, заснаванне якой прыпісваецца Арыстоцелю (4 ст. да н.э.); Александрыйская бібліятэка і бібліятэка ў Пергаме (3 ст. да н.э.) і інш. Бібліятэкі сучаснага тыпу пачалі фарміравацца з 15 ст. пасля вынаходніцтва кнігадрукавання. Буйнейшыя ў свеце б-кі; Ватыканская Апостальская бібліятэка (засн. ў 1475, больш за 1,3 млн. адз. захавання), Францыі нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1480, больш за 30 млн. адз. захавання), Расійская нацыянальная бібліятэка (засн. ў 1795, больш за 28 млн. адз. захавання), Бібліятэка кангрэса (засн. ў 1800, больш за 90 млн. адз. захавання), Расійская дзярж. бібліятэка (засн. ў 1862, больш за 37 млн. адз. захавання), Брытанская бібліятэка (засн. ў 1972 на базе шэрагу буйных бібліятэк, у т. л. бібліятэка Брытанскага музея, больш за 21 млн. адз. захавання).

На Беларусі бібліятэкі вядомы з 11 ст., пераважна пры цэрквах і манастырах. Сярод найб. старажытных Полацкага Сафійскага сабора бібліятэка. У 2-й пал. 16 ст. бібліятэкі засн. ў Полацку, Слуцку, Мінску, Магілёве. Некаторыя знішчаны ў час пажараў, войнаў. У канцы 16—18 ст. склалася сістэма бібліятэк ордэна базыльян, асновай якіх найчасцей былі бібліятэкі правасл. манастыроў. Цэнтральныя бібліятэкі базыльян знаходзіліся ў Віленскім Святатроіцкім, Жыровіцкім і Супрасльскім манастырах. Вялікія кнігазборы мелі каталіцкія кляштары: кармелітаў у Глыбокім, дамініканцаў у Гродне і Шклове, піяраў у Шчучыне і Драгічыне, бернардзінцаў у Слоніме, аўгусцінцаў і трынітарыяў у Брэсце. Найб. значныя пратэстанцкія бібліятэкі былі ў Слуцкай кальвінісцкай калегіі і Смаргонскім зборы. З 16 ст. існуюць бібліятэкі навуч. устаноў. Найб. з іх бібліятэка Віленскай акадэміі (цяпер Вільнюскага універсітэта бібліятэка). Самыя вял. прыватныя бібліятэкі 16—18 ст. на Беларусі: Радзівілаў бібліятэка ў Нясвіжы, Сапегаў бібліятэкі, Храптовічаў бібліятэка ў Шчорсах, бібліятэка Хадкевічаў, слуцкіх князёў Алелькавічаў, магнатаў Солтанаў і інш. У 18 ст. існавалі бібліятэкі езуіцкіх, базыльянскіх і піярскіх вучылішчаў, бібліятэкі калегіумаў у Гродне, Брэсце, Мінску, Слуцку, Навагрудку, Бабруйску, Мазыры, Пінску, Паставах, Халопенічах і інш. У 18—19 ст. бібліятэкі мелі гімназіі, Горы-Горацкі с.-г. ін-т, Слуцкая вышэйшая пратэстанцкая школа, Нясвіжскі ліцэй, бібліятэка пры Полацкай езуіцкай акадэміі (у 1813 каля 40 тыс. тамоў). У 19—20 ст. вядомы бібліятэкі: прыватныя Т.​Нарбута, І.​М.​Даніловіча, А.​К.​Кіркора, Ашторпаў у Дукоры (Ігуменскі пав.), Беніслаўскіх у Быхаве, Масальскіх у Белічанах, Г.​Х.​Татура ў Мінску, Тышкевічаў у Лагойску, Т.​С.​Урублеўскага ў Вільні і інш. У Слуцку Ю.​Бергель сабраў больш за 3 тыс. рэдкіх кніг, рукапісаў і дакументаў. Створаны публічныя бібліятэкі ў Гродне (1830, 1863), Магілёве (1833, 1861), Мінску (1845, 1900), Віцебску (1857) і інш. У пач. 1890-х г. Віленская навучальная акруга арганізавала бібліятэкі пры нар. вучылішчах (у 1894 былі 733 такія бібліятэкі). Яны мелі невял. кніжны фонд і камплектаваліся пераважна кнігамі рэліг. павучальнага зместу. У пач. 20 ст. на сродкі выдаўца Ф.​Ф.​Паўленкава ствараліся паўленкаўскія бібліятэкі, у т. л. Астрамечаўская бібліятэка. У 1913 на Беларусі была 851 бібліятэка з кніжным фондам 423 тыс. тамоў. У 1921 арганізавана Бібліятэка фундаментальная БДУ — першая навуковая бібліятэка на Беларусі. У 1922 створана аб’яднаная Бел. дзярж. і універсітэцкая бібліятэка, з 1926 Бел. дзяржаўная (гл. Бібліятэка нацыянальная Беларусі), яе філіялы (да 1938) у Віцебску (1925), Гомелі (1933), Магілёве (1928), пры Доме ўрада (1933; з 1994 Бібліятэка прэзідэнцкая Рэспублікі Беларусь). У 1925 засн. Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Якуба Коласа. З 1934 пачала стварацца сетка самаст. бібліятэк дзіцячых, з 1938 — бібліятэк абласных Беларусі. На пач. 1941 на Беларусі працавалі 4172 масавыя бібліятэкі з кніжным фондам больш за 5 млн. тамоў і больш за 500 навук. бібліятэк з кніжным фондам каля 5 млн. тамоў. У Вял. Айч. вайну амаль усе бібліятэкі разбураны, большасць кніжнага фонду страчана. У 1950 колькасць бібліятэк і агульны кніжны фонд перасягнуў даваенны ўзровень. Працуюць спец. рэспубліканскія бібліятэкі: Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая імя І.​С.​Лупіновіча, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская і інш. Асн. прынцыпамі бібліятэк Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца садзейнічанне адраджэнню і развіццю нац. культуры, зберажэнне гісторыка-культурнай спадчыны, распаўсюджванне гуманіст. ідэй і навук. ведаў. На 1.1.1996 на Беларусі каля 14 тыс. масавых і спец. бібліятэк, у т. л. 300 тэхнічных, 200 мед., 279 дзіцячых, агульны фонд якіх складае больш за 240 млн. экз.

Бібліятэчныя будынкі ў Еўропе напачатку ствараліся пры манастырах (асобныя памяшканні), потым пры палацах (б-ка г. Эскарыял каля Мадрыда, 2-я пал. 16 ст.). Як самастойныя будынкі бібліятэкі ўзніклі ў 14—15 ст., мелі суровы манастырскі або парадны палацавы выгляд. З ростам грамадскага значэння бібліятэкі з’яўляліся вял. чытальныя залы (часцей круглыя) са шмат’яруснымі кніжнымі шафамі і балконамі ўздоўж сцен (б-ка Брытанскага музея ў Лондане, 1854—57). У Расіі першыя будынкі бібліятэк вядомы з канца 18 — пач. 19 ст. У 1828—32 у стылі ампір пабудавана Публічная б-ка ў Пецярбургу (арх. К.​Росі; цяпер гал. корпус Рас. нац. б-кі). У Маскве пабудавана адна з буйных бібліятэк свету — Рас. дзярж. б-ка (1828—58, арх. У.​Гельфрэйх, У.​Шчуко і інш.). Сучасныя будынкі бібліятэк маюць 2 асн. зоны: абслугоўвання чытачоў (чытальныя і лекцыйныя залы, памяшканні каталогаў, даведачна-бібліягр. і навук.-метадычных аддзелаў, абанемента) і службова-вытв. (памяшканні аддзела камплектавання і апрацоўкі фондаў, службовых каталогаў, кнігасховішчаў, вытв. майстэрняў і інш.). Вял. чытальныя залы часцей размяшчаюць у цэнтры будынкаў, яны выяўляюцца ў кампазіцыі фасадаў; кніжныя сховішчы — у ніжніх паверхах або ў спец. памяшканнях на ўсю вышыню будынка. Часам пры ун-тах і інш. навуч. установах узводзяць спец. будынкі бібліятэк па індывід. праектах (Б-ка рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага ун-та, 1963, арх. Л.​Скідмар, Н.​А.​Оўінгс і Дж.​О.​Мерыл).

На Беларусі найб. значныя па памерах і цікавыя арх. вырашэннем будынкі Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Г.​Лаўроў), Цэнтр. навук. б-кі імя Я.​Коласа АН Беларусі (1967), абласной б-кі імя Пушкіна (1971), Рэсп. навукова-мед., б-кі № 11 у Мінску, Гомельскай (1958) і Віцебскай (1969) абл. бібліятэк і інш. Гарадскія і раённыя бібліятэкі звычайна будуюць па тыпавых праектах. Сельскія бібліятэкі найчасцей размяшчаюцца ў будынках клубаў, дамах і палацах культуры.

У.​А.​Акуліч, В.​І.​Анікін (архітэктура).

Да арт. Бібліятэка. Агульны выгляд і інтэр’ер бібліятэкі рэдкіх кніг і рукапісаў Іельскага універсітэта. 1963.

т. 3, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,

галіна хіміі, якая вывучае злучэнні вугляроду з інш. элементамі (арганічныя злучэнні) і іх ператварэнні. Займаецца сінтэзам і вызначэннем структуры арган. злучэнняў, вывучэннем сувязі хім. будовы рэчываў з рэакц. здольнасцю і фіз. ўласцівасцямі, практ. выкарыстаннем. Падзяляецца на стэрэахімію, хімію высокамалекулярных злучэнняў, прыродных рэчываў (антыбіётыкаў, вітамінаў, гармонаў і інш.), металаарган., фторарган., комплексных злучэнняў, фарбавальнікаў. Цесна звязана з біяхіміяй, медыцынай, біялогіяй, арган. геахіміяй, малекулярнай біялогіяй і інш. галінамі навук.

З’явілася ў пач. 19 ст. ў выніку абагульнення ведаў пра ўласцівасці рэчываў жывёльнага і расліннага паходжання і ўяўленняў таго часу аб жыццёвай сіле (vis vitalis), якая быццам бы стварае арган. рэчывы толькі ў жывых арганізмах. Тэрмін «арганічная хімія» ўведзены Ё.​Берцэліусам (1827). Сінтэз мачавіны (Ф.​Вёлер; 1828), аніліну (М.​М.​Зінін; 1842), воцатнай кіслаты (А.​Кольбе; 1845), рэчываў тыпу тлушчаў (П.​Бертло; 1854), цукрыстага рэчыва (А.​М.​Бутлераў; 1861) паказаў магчымасць штучнага атрымання арган. рэчываў. З 2-й чвэрці 19 ст. пачалі развівацца тэарэт. ўяўленні арганічнай хіміі, у т. л. тэорыя радыкалаў (Ю.​Лібіх, Вёлер, Э.​Франкленд, Р.​Бунзен), тэорыя тыпаў (Ж.​Дзюма, Ш.​Жэрар і О.​Ларан), паняцце пра валентнасць хім. элементаў, чатырохвалентнасць вугляроду і здольнасць яго атамаў ствараць складаныя малекулы. Абгрунтаваная ў 1861 Бутлеравым хімічнай будовы тэорыя прапанавала існаванне сувязі паміж будовай і ўласцівасцямі арган. злучэнняў, растлумачыла з’яву прасторавай ізамерыі арган. злучэнняў. А.​Кекуле ў 1865 створана тэорыя будовы араматычных злучэнняў (на прыкладзе бензолу); у 1874 Я.​Вант-Гоф і Ж.​Ле Бель заклалі асновы стэрэахіміі, вылучылі аптычную ізамерыю і геаметрычную ізамерыю арган. рэчываў. Развіццё арганічнай хіміі ў пач. 20 ст. звязана з дасягненнямі квантавай фізікі і электронных тэорый хім. сувязі. Вызначаны тыпы хім. сувязі; Г.​Льюіс, В.​Косель, К.​Інгалд, Л.​Полінг распрацавалі і дапоўнілі ўяўленнямі квантавай хіміі і квантава-хімічнымі разлікамі электронную тэорыю будовы арган. злучэнняў, прадказалі і растлумачылі арганічнай хіміі рэакцыйную здольнасць. У 2-й пал. 20 ст. пачалося станаўленне фізічнай арганічнай хіміі, у якой абагульнены ўяўленні па механізмах рэакцый і сувязі паміж структурай арган. злучэнняў і іх рэакц. здольнасцю; шырокае выкарыстанне ў даследаваннях храматаграфіі, рэнтгенаскапіі, масспектраскапіі, метадаў ЭПР, ЯМР, ІЧ- і УФ-спектраскапіі. Сінтэзаваны новыя класы крэмнійарган. злучэнняў (полісілаксаны), поліаміды (нейлон), фторпалімеры (тэфлон), цэнавыя злучэнні пераходных металаў (ферацэн), фізіялагічна актыўныя злучэнні, лекавыя прэпараты, атрутныя рэчывы, сродкі аховы раслін, антыпірэны. Метады арганічнай хіміі разам з фіз. метадамі даследавання выкарыстоўваюцца ў вызначэнні будовы нуклеінавых кіслотаў, бялкоў, складаных прыродных злучэнняў, з дапамогай матэм. мадэлявання ажыццяўляецца мэтанакіраваны сінтэз арган. рэчываў з зададзенымі ўласцівасцямі. Магчымасці арганічнай хіміі дазволілі сінтэзаваць хларафіл, вітамін B12 (Р.​Вудварт), полінуклеатыды (А.​Тод), распрацаваць аўтаматызаваны сінтэз ферментаў. Сучаснае дасягненне арганічнай хіміі ў геннай інжынерыі — сінтэз актыўнага гена (Х.​Каран; 1976). Выкарыстанне дасягненняў арганічнай хіміі прывяло да стварэння тэхналогій вытв-сці сінт. каўчукаў, пластычных масаў, сінт. валокнаў, фарбавальнікаў, кінафотаматэрыялаў, атрутных рэчываў, сродкаў аховы раслін, духмяных рэчываў, лек. прэпаратаў.

На Беларусі даследаванні па арганічнай хіміі пачаліся ў 1924 у БДУ і вядуцца ў ін-тах фізіка-арган. і біяарган. хіміі АН, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це, с.-г., мед. і інш. НДІ. Сінтэзаваны і вывучаны ператварэнні металаарган., поліхлорарган., пераксідных злучэнняў, ацыклічных і гетэрацыклічных злучэнняў, стэроідаў, гетэрастэроідаў, простагландзінаў, нуклеатыдаў, тэрпеноідаў. Буйнейшыя прадпрыемствы: ВА «Палімір» (г. Наваполацк), ВА «Азот» (г. Гродна), Магілёўскі камбінат сінт. валокнаў.

Літ.:

Несмеянов А.Н., Несмеянов Н.А. Начала органической химии. Кн. 1—2. 2 изд. М., 1974;

Нейланд О.Я. Органическая химия. М., 1990.

К.​Л.​Майсяйчук.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДАРАСЦІ (Algae),

зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.

Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.

Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд. т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.

Літ.:

Водоросли: Справ. Киев, 1989;

Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;

Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ. М., 1990.

Т.​М.​Міхеева.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРЭВА́Н,

сталіца Арменіі. Размешчаны на левабярэжнай ч. Арарацкай раўніны і часткова на вулканічным плато перадгор’я на р. Раздан, якая падзяляе горад на 2 ч. каньёнападобнай цяснінай. 1283 тыс. ж. (1991). Чыг. вузел. Аэрапорт.

Метрапалітэн. Буйны прамысл., навук. і культ. цэнтр. Прам-сць: машынабуд. і металаапр. (з-ды: эл.-лямпавы, кабельны, гадзіннікавы, станкабуд., аўтамаб., эл.-апаратны, кампрэсарны, прыладабуд. і інш.), хім. і нафтахім. (камбінат сінт. каўчуку, ВА «Полівінілацэтат», шынны, лакафарбавы, хім. рэактываў з-ды, фармацэўтычная ф-ка), харчасмакавая (вінна-каньячныя з-ды і інш.), лёгкая (тэкст.-трыкат., абутковая ф-кі і інш.), будматэрыялаў (з-ды «Арммармур», керамічных вырабаў і інш.).

Адзін з найб. стараж. гарадоў свету. Паводле выяўленага пры раскопках урарцкага надпісу, у 782 да н.э. на месцы Е. цар Аргішці I пабудаваў крэпасць Эрэбуні. З сярэдзіны 13 ст. важны пункт на шляху з Арарацкай даліны ў Паўн. Закаўказзі. З 1440 адм. і гандл.-рамесніцкі цэнтр Усх. Арменіі, у 16 — пач. 18 ст. горад неаднойчы быў захоплены і разбураны персамі і туркамі. У 1604 яго захапілі і зруйнавалі войскі іранскага шаха Абаса 1, арм. насельніцтва выгнана ў Іран. Пазней горад адбудаваны і ў 17 ст. стаў буйным цэнтрам караваннага гандлю і рамесніцтва. З 1735 цэнтр Эрыванскага ханства. У выніку рус.-перс. вайны 1826—28 далучаны да Расіі. З 1828 цэнтр Армянскай вобл., з 1840 пав. горад, з 1849 цэнтр Эрыванскай губ. У 1901 чыгунка злучыла Е. з Тыфлісам (сучасны Тбілісі), у 1908 — з Джульфай, што садзейнічала эканам. развіццю горада. У маі 1918 тут абвешчана незалежнасць Арменіі. У 1918—20 Е. — цэнтр Эрыванскага пав., падуладнага дашнакам. З 1922 сталіца Арменіі.

Ад крэпасці Эрэбуні ад урарцкага перыяду (8—6 ст. да н.э.) захаваліся руіны цытадэлі з палацам, перыстыльным дваром, храмамі, ад ахеменідскага (5—4 ст. да н.э.) — рэшткі храмаў і шматкалоннай залы з размалёўкай. Сярэдневяковыя помнікі Е.: Аванскі сабор (591—602), цэрквы Катагіке (13 ст.) і Заравар (1691—1705) і інш. У 20 ст. аблічча Е. змянілася ў выніку маштабнага горадабудаўніцтва. Своеасаблівы каларыт гораду надае мясц. камень розных адценняў (ружовы, крэмавы, белы туф), які шырока выкарыстоўваецца ў буд-ве. Гал. ансамбль цэнтра Е. ўтвараюць пл. Рэспублікі і прамавугольная сетка вуліц. На плошчы знаходзяцца Дом урада Арменіі (1926—41, арх. А.І. і Г.​А.​Таманян), другі Дом урада (1955, арх. С.​А.​Сафаран, В.​А.​Арэўшацян, Р.​С.​Ісраэлян). Гіст. музей Арменіі (1957), гасцініца «Арменія» (1958), будынак Мін-ва сувязі і Савета прафсаюзаў (1956—58; арх. ўсіх М.​У.​Грыгаран і Э.​А.​Сарапян). Сярод грамадскіх пабудоў: Дзярж. т-р оперы і балета імя А.​А.​Спендыярава (1926—39, арх. А.​І.​Таманян, завершаны ў 1953), сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран (1959, арх. Грыгаран), драм. т-р імя Г.​Сундукяна (1965, арх. Р.​Б.​Алавердзян і Р.​А.​Бадалян), Музей гісторыі Ерэвана (1968, арх. Ш.​Р.​Азацян, Б.​А.​Арзуманян, скульпт. А.​А.​Аруцюнян), стадыён «Раздан» (1967—72, арх. К.​А.​Акапян), гасцініца «Двін» (1979, арх. Ф.​С.​Акапян, А.​С.​Алексанян, Э.​А.​Сафаран). Помнікі: С.​Шаўмяну (1931, скульпт. С.​Дз.​Мяркураў, арх. І.​У.​Жалтоўскі), Давіду Сасунскаму (1959, Е.​С.​Качар), ахвярам генацыду армян 1915 (1967, арх. А.​А.​Тарханян, С.​Г.​Калашан) і інш.

АН Арменіі. Сховішча стараж. рукапісаў Матэнадаран. 11 ВНУ (у т. л. ун-т, кансерваторыя, політэхн., мед., маст.-тэатр., пед. ін-ты). Тэатры (у т. л. оперы і балета). Музеі: Дзярж. карцінная галерэя, нар. мастацтва Арменіі, сучаснага мастацтва Арменіі, рус. мастацтва і інш.

Панарама Ерэвана.
Да арт. Ерэван. Палац крэпасці Эрэбуні (рэканструкцыя). 5—4 ст. да н.э.
Да арт. Ерэван. Тэатр оперы і балета імя А.​А.​Спендыярава. Арх. А.​Таманян. 1926—53.

т. 6, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т БЕЛАРУ́СКАЙ КУЛЬТУ́РЫ (Інбелкульт, ІБК),

першая ў гісторыі Беларусі вышэйшая шматгаліновая н.-д. ўстанова. Існаваў у 1922—28, ператвораны ў Акадэмію навук Беларусі. Засн. 30.1.1922 у Мінску на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР. У распрацоўцы першага статута ІБК ўдзельнічалі У.І.Пічэта, Я.Ф.Карскі, З.​Х.​Жылуновіч (Ц.Гартны), Я.Л.Дыла. Старшыні ІБК: С.М.Некрашэвіч (1922—24), У.М.Ігнатоўскі (1924—26, з 1927 прэзідэнт). Першыя супрацоўнікі: У.​В.​Чаржынскі (сакратар ІБК, гл. Дзяржынскі У., М.В.Азбукін, М.Я.Байкоў, Л.​Більдзюкевіч, М.А.Грамыка, М.​М.​Гуткоўскі, К.​М.​Міцкевіч (Я.Колас), І.​Д.​Луцэвіч (Я.Купала), Ч.І.Родзевіч і інш. Напачатку меў 2 секцыі: гуманітарную (з слоўнікавай, тэрміналагічнай і літ.-даследчай камісіямі) і прыроды (з геолага-глебазнаўчай камісіяй). З-за недахопу матэрыяльных сродкаў вёў даследаванні выключна ў галіне гуманітарных навук: распрацоўка практычных праблем бел. мовазнаўства, вывучэнне бел. л-ры, мастацтва, гісторыі, этнаграфіі, фальклору. У 1923—24 створаны агранамічная, прыродазнаўчая і мед. секцыі. У канцы 1923 на правах пастаяннай камісіі створана Цэнтральнае бюро краязнаўства. У сак. 1924 арганізаваны секцыі этнаграфіі і геаграфіі, мастацтва, права, педагогікі, медыка-ветэрынарная, сац.-эканамічная. У ліп. 1924 ЦВК і СНК БССР зацвердзілі «Палажэнне аб Інстытуце беларускай культуры», паводле якога ІБК прызнаваўся вышэйшай дзярж. навук. установай Беларусі. У 1925 у склад ІБК увайшла камісія па вывучэнні прыродных прадукц. сіл Беларусі (створана ў 1923 Дзяржпланам БССР), арганізаваны яўр. і польскі аддзелы. У 1926 ІБК вылучаны са складу Наркамасветы БССР і ператвораны ў самаст. навук. ўстанову пры СНК БССР. На 1.7.1926 у ін-це працавала 77 правадз. членаў, 69 чл.-супрацоўнікаў і 60 чл.-карэспандэнтаў. У яго дзейнасці ўдзельнічалі каля 200 супрацоўнікаў ВНУ. У чэрв. 1927 зацверджаны новы статут ІБК. Структура ін-та была набліжана да акадэмічнай. Уключала 2 аддзелы: гуманітарных навук (кіраўнік Некрашэвіч), прыроды і гаспадаркі (кіраўнік А.А.Смоліч). Створана аспірантура. У ліст. 1927 СНК БССР зацвердзіў склад прэзідыума ІБК: Ігнатоўскі (прэзідэнт), М.​І.​Бялуга (віцэ-прэзідэнт), В.Ю.Ластоўскі (сакратар), Некрашэвіч, С.Л.Гельтман (заг. польск. сектара), В.​М.​Аршанскі (заг. яўр. сектара) і 14 правадз. членаў ІБК: Ігнатоўскі (кафедра гісторыі Беларусі), Ластоўскі (кафедра этнаграфіі), Пічэта (кафедра гісторыі права і гаспадаркі Беларусі), А.М.Ясінскі (кафедра ўсеагульнай гісторыі), С.Ю.Матулайціс (кафедра гісторыі Літвы), Некрашэвіч (кафедра жывой бел. мовы), Я.Ю.Лёсік (кафедра бел. навук. мовы), І.І.Замоцін (кафедра бел. л-ры), Я.​Купала, Я.​Колас, Ц.​Гартны (Жылуновіч, кафедра маст. л-ры), М.​Ф.​Бліадуха (кафедра геалогіі), Смоліч (кафедра геаграфіі), Я.​М.​Афанасьеў (кафедра глебазнаўства). Працавалі кафедры: гісторыі бел. мовы (з камісіяй па складанні гіст. слоўніка бел. мовы), жывой бел. мовы (з камісіямі па складанні слоўніка жывой бел. мовы), дыялекталагічная (па вывучэнні бел. дыялектаў, у складзе кафедры Ін-т навук. мовы), гісторыі бел. л-ры (з камісіяй па выданні твораў бел. пісьменнікаў), агульнай гісторыі, гісторыі Беларусі (з камісіямі па вывучэнні грамадскага руху на Беларусі, гісторыі гарадоў і краін Беларусі, гісторыі асветы на Беларусі), гісторыі бел. права (з археаграфічнай камісіяй), гісторыі нар. гаспадаркі Беларусі, археалогіі Беларусі, этнаграфіі Беларусі (з фальклорнай камісіяй), гісторыі Літвы, глебазнаўства, батанікі (з бат. камісіяй і Бат. садам каля Віцебска), заалогіі (з заал. музеем), геаграфіі (з камісіямі геаграфіі і картаграфіі, па складанні геагр. слоўніка Беларусі), хіміі (з Цэнтр. хім. лабараторыяй), антрапалогіі (з лабараторыяй вышэйшай нерв. дзейнасці і антрапалагічным кабінетам), біялогіі (з лабараторыяй эксперым. біялогіі), Ін-т бел. мастацтва (з камісіямі па вывучэнні гісторыі бел. мастацтва, бел. тэатра, бел. песні і музыкі, музеем бел. мастацтва), геал. ін-т (з секцыяй рэгіянальнай геалогіі). Дзейнічалі камісіі: бібліяграфічная, вайскова-тэрміналагічная, па вывучэнні Зах. Беларусі, па вывучэнні культуры латышоў, па вывучэнні прам-сці, па вывучэнні хатніх рамёстваў, па вывучэнні кааперацыі. У сістэму ІБК уваходзілі таксама навук. т-ва па вывучэнні Беларусі (пры Бел. с.-г. акадэміі), б-ка, друкарня.

Інстытут разгарнуў значную работу ў галіне геалогіі, глебазнаўства, геабатанікі, геаграфіі, геафізікі, хіміі, вывучэння прыродных рэсурсаў Беларусі. Прыродазнаўчая секцыя даследавала прыроду рэспублікі. Яе экспедыцыі адкрылі паклады фасфарытаў, керамічнай і вогнетрывалай гліны, бурага вугалю, кварцавага пяску, наблізіліся да адкрыцця нафты. У 1924 секцыя правяла 1-ю Усебел. глебазнаўчую канферэнцыю, на якой быў вызначаны план наступных даследаванняў глеб Беларусі. Даследаваліся геаграфія і генезіс глеб, іх урадлівасць. Да 1931 былі абследаваны глебы ўсёй рэспублікі і складзена яе зводная глебавая карта. Даследавалася флора і фауна. У 1923—28 ІБК арганізаваў шматлікія геабатанічныя экспедыцыі (удзельнічалі В.​П.​Аўрамчык, Н.​А.​Збітнеўскі, В.​А.​Міхайлоўская, В.​С.​Палянская і інш.). У выніку з’явіліся работы з апісаннем расліннасці па раёнах рэспублікі. Пад рэд. Н.​П.​Кузняцова была складзена геабатанічная карта, Палянская апублікавала спіс 150 найб. важных відаў раслін і карту іх распаўсюджання ў Беларусі. А.​У.​Фядзюшын (кіраваў секцыяй заалогіі) даследаваў фауну рэспублікі. Матэрыялы флоры, фауны і геалогіі Беларусі былі прадстаўлены ў музеі прыроды (меў заалагічны, батанічны і глебавы аддзелы). З 1927 кафедра геаграфіі вывучала эканам. раянаванне рэспублікі і рыхтавала поўнае геагр. апісанне Беларусі. Метэаралаг. бюро (у складзе прыродазнаўчай секцыі) мела сетку метэастанцый і вяло вывучэнне клімату Беларусі. У 1927 пад кіраўніцтвам А.​І.​Кайгародава была завершана работа над «Кліматычным атласам Беларусі», які падрыхтавала кафедра метэаралогіі Бел. с.-г. акадэміі. Мед. секцыя вывучала спецыфічныя хваробы Беларусі, санітарны стан вёскі і лекавыя крыніцы рэспублікі. С.-г. секцыя вывучала с.-г. гаспадарку і распрацоўвала шляхі яе рацыяналізацыі і ўдасканалення. Цэнтральнае бюро краязнаўства пры прэзідыуме ІБК кіравала шырока разгорнутай краязнаўчай работай. Да канца 1929 у Беларусі было 8 акруговых, 100 раённых, 96 мясцовых, 97 школьных і краязнаўчых таварыстваў ВНУ з 10,5 тыс. членаў. Краязнаўцы сабралі велізарны матэрыял, выдалі каля 20 папулярных прац. З 1925 выходзіў час. «Наш край», які адыграў важную ролю ў вывучэнні роднага краю.

ІБК правёў Першую Усебеларускую краязнаўчую канферэнцыю, Першы з’езд даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926). Падтрымліваў сувязі з АН СССР, АН УССР, замежнымі даследчымі навук. ўстановамі. 13.10.1928 пастановай ЦВК і СНК БССР рэарганізаваны ў АН Беларусі.

ІБК выдаў працы: «Беларуска-расійскі слоўнік» Байкова і Некрашэвіча (1925), «Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925» (1926), «Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях 1905 г.» (1927), «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах» (кн. 1—5, 1926—28), «Працы і матэрыялы да гісторыі і археалогіі Беларусі» (кн. 1—3, 1926—27), «Беларускі архіў» (т. 1—2, 1927—28), «Матэрыялы да вывучэння флоры і фауны Беларусі» (т. 1—2, 1927—28), «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​М.​Піятуховіча (ч. 1, 1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М.​М.​Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» П.​А.​Бузука (ч. 1, вып. 1, 1928), «Дынаміка і геаграфічнае распаўсюджванне паляўнічай фауны БССР» А.​У.​Фядзюшына (1929), «Матэрыялы да геаграфіі і статыстыкі Беларусі» (т. 1—2, 1928—29), «Творы» М.​Багдановіча (т. 1—2, 1927—28), «Матчын дар: Думы і песні, 1907—1914» А.​Гаруна (1929) і інш. Выдаваў «Запіскі аддзела гуманітарных навук», «Запіскі аддзела прыроды і народнай гаспадаркі»; выйшлі 24 выпускі «Беларускай навуковай тэрміналогіі» (1922—30), «Працы Першай Усебеларускай глебазнаўчай канферэнцыі, 16—17 крас. 1924 г.» (1926), «Працы першага з’езду даследчыкаў беларускай археалогіі і археаграфіі, 17—18 студз. 1926 г.» (кн. 1, 1926), «Працы Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі» (1927).

Літ.:

Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993;

Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;

Палуян В.А. Інстытут беларускай культуры і станаўленне беларускай савецкай навукі // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук, 1972. № 6;

Гарэцкі Г.І. Каля вытокаў беларускай савецкай навукі// Тамсама. 1979. № 1;

Міхнюк У.М. Інстытут беларускай культуры// Тамсама;

Токараў М.У. Ад Інстыгуга беларускай культуры да Акадэміі навук рэспублікі (Да 60-годдзя Інбелкульта) // Тамсама. 1982. № 1;

Петрыкаў П.Ц. Інстытуту беларускай культуры — 70 гадоў // Тамсама. 1992. № 5—6.

У.​У.​Грамовіч, У.​М.​Міхнюк, І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)