ПАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Арсенавіч) (20.5. 1936, в. Гарадзішча Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.3.1972),
бел. літаратуразнавец, краязнавец, педагог. Скончыў БДУ (1963). Працаваў настаўнікам, нам. дырэктара Сваткаўскай СШ Мядзельскага р-на. Узначальваў літаб’яднанне пры газ. «Нарачанская зара» (г. Мядзел). Пісаў вершы, літ.-знаўчыя артыкулы. Выдаў кн. «З вопыту работы літаратурнага гуртка...» (1968) пра работу школьнага гуртка бел. л-ры, у пасяджэннях якога прымалі ўдзел бел. пісьменнікі (Я.Брыль, В.Быкаў, У.Караткевіч, І.Навуменка, М.Танк і інш.). Памяці П. прысвечаны аповесць Быкава «Абеліск», верш А.Лойкі «Каліны», карціна А.Пупко «Памяць», раздзел экспазіцыі ў Мядзельскім музеі народнай славы.
Літ.:
Жук В. Сцежка застаецца людзям // Маладосць. 1981. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАШКЕ́ВІЧ (Нічыпар Еўдакімавіч) (н. 12.12.1924, в. Філістава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. крытык і літ.-знавец. Канд.філал.н. (1970). Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1948), Віцебскі пед.ін-т (1951), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1960). Працаваў у рэдакцыях газет (у 1961—69 рэд.газ. «Літаратура і мастацтва»), з 1974 нам. дырэктара Ін-та л-ры АН Беларусі, у 1979—87 гал. рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1943. Аўтар кніг пра пасляваен. бел. прозу «На шырокіх шляхах жыцця» (1965, Дзярж. прэмія Беларусі 1966), «На эпічным напрамку» (1969), артыкулаў пра творчую індывідуальнасць А.Адамовіча, Я.Брыля, І.Мележа, І.Навуменкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВЕЧАРЫ́НКАў Вільні.
Адбылася 12.2.1910 у клубе чыгуначнікаў. Арганізавана А.Бурбісам пры падтрымцы рэдакцыі газ. «Наша ніва». Мела значны грамадскі рэзананс, садзейнічала развіццю бел.прафес. і аматарскага тэатр. мастацтва. У П.б.в. ўдзельнічала каля 100 чал., прысутнічала каля 1000 гледачоў. У праграме спектакль «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага (пастаноўка Бурбіса, сярод удзельнікаў Я.Арлоўскі, Ф.Мурашка, Ч.Родзевіч і інш.); харавыя творы «А хто там ідзе?» (муз. Л.Рагоўскага на словы Я.Купалы), «Чаму ж мне не пець» і інш.бел.нар. песні (дырыжор Рагоўскі); нар. танцы «Лявоніха», «Мяцеліца», «Юрка», «Верабей» (пад кіраўніцтвам І.Буйніцкага).
Літ.:
Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.
расійскі паліт. дзеяч. Адзін з заснавальнікаў чарнасоценнага Саюза рускага народа (1905), пасля расколу якога ўзначаліў Саюз Міхаіла Архангела (1908). Дэп. 2—4-й Дзярж. думы, быў адным з лідэраў крайне правых. У 1-ю сусв. вайну патрабаваў «моцнай улады» для дасягнення перамогі. Удзельнік забойства Р.Я.Распуціна (30.12.1916). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выступаў за разгон Саветаў і аднаўленне манархіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 узначаліў антыбальшавіцкую змову ў Петраградзе. Арыштаваны і прыгавораны сав. судом да прымусовых работ. Пасля амністыі (1.5.1918) супрацоўнічаў з белагвардз. рухам на Пд Расіі, выдаваў у Растовена-Доне газ. «Благовест».
Тв.:
Дневник «Как я убил Распутина». М., 1990 [рэпр. выд.: Рига, 1924].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПФЛЯЎМБА́ЎМ (Яўгенія Эргардаўна) (1.11.1908, Мінск — 13.1.1996),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1930). З 1930 працавала ў Кніжнай палаце пры Дзярж. б-цы Беларусі імя У.І.Леніна, газ. «Звязда». У 1933 выехала ў Сібір (г. Марыінск) услед за сваім рэпрэсіраваным мужам М.Лужаніным. У 1935—45 працавала ў Абаронным дзярж. выд-ве ў Маскве. З 1945 жыла ў Мінску. Друкавалася з 1925. Аўтар калект.кн. «Вершы» (з З.Бандарынай і Н.Вішнеўскай, 1926). Доўгі час не пісала. Да паэт. творчасці вярнулася ў 1980-я г.Паэт.зб-кі «Сувой жыцця» (1989), «На захадзе сонца» (1992) пра нялёгкі жыццёвы лёс свайго пакалення. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць, шчырасць, непасрэднасць. Перакладала на бел. мову з рус., укр., англ. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Гродне, Гродзенскі беларускі камітэт, прадстаўнічы орган бел.нац. арг-цый Гродзеншчыны ў 1918—22. Утвораны ў ліст. 1918. У яго кіраўніцтва ўваходзілі Я.Натусевіч (старшыня), У.Курбскі, Л.Дзекуць-Малей, пазней кааптаваны П.П.Аляксюк, Л.І.Заяц, Т.М.Вернікоўскі і інш. Выступаў супраць прарасійскай арыентацыі органаў мясц. самакіравання і земскіх устаноў. Ствараў бел. школы, культ.-асв. гурткі, кааператывы, выступаў за наданне бел. мове афіц. статуса. У снеж. 1918 склікаў бел. сялянскі з’езд Гродзенскага пав. У пач. 1919 выдаваў газ. «Зорка», у кастр. 1920 — студз. 1921 газ. «Беларускае слова». Намаганнямі Вернікоўскага ў студз. 1919 у Гродне адкрыты бел. клуб «Наша хатка». У лют. 1919 БНК правёў у склад магістрата Дзекуця-Малея. З прыходам у горад польск. легіянераў у маі 1919 фактычна спыніў дзейнасць, аднавіў яе ў сак. 1920. Новае кіраўніцтва [старшыня С.Баран (Баранаў), віцэ-старшыня А.Бялецкі, Дзекуць-Малей, У.Федарук і інш.] арыентавалася на бел. эсэраў і стаяла ў паліт. апазіцыі да польск. акупац. улад. Пры к-це створаны адм., арганізац., культ.-асв., дабрачынны аддзелы, юрыд. бюро. БНК ініцыіраваў стварэнне ў маі 1920 Бел. школьнай рады ў Гродне і гродзенскага кааператыва «Беларусь». Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Грамадой беларускай моладзі ў Гродне. З прыходам Чырв. Арміі ў ліп. 1920 зноў спыніў дзейнасць. Чл. БНК Баран і Дзекуць-Малей у жн. 1920 увайшлі ў склад Гродзенскага губ. рэўкома. Пасля вяртання польск. войскаў кіраўніцтва ў БНК перахапілі т.зв. паланафілы на чале з В.А.Адамовічам, у студз. 1920 да кіраўніцтва вярнуліся бел. эсэры (старшыня Баран). У 1921 БНК перайшоў на нелегальнае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКУ́ЛІЧ (Барыс Міхайлавіч) (19.8.1912, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 17.6.1954),
бел. пісьменнік. Вучыўся на літ. курсах у Маскве (1934—35). З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст», у 1930—36 — у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». 26.11.1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Новасібірскай вобл. і Краснаярскім краі. З 1947 на Беларусі. Паўторна арыштаваны ў 1949 і высланы ў Краснаярскі край. Друкаваўся з 1927. Выдаў зб-кі апавяданняў «Удар» і «Чорная вірня» (1931), «Яхант» (1935), аповесці «Наша сонца» і «Ускраіна» (1932), «Дужасць» (1934), «Дружба» (1936). Вострасюжэтная, прасякнутая рамантыкай, пафасам тагачаснага будаўніцтва проза М. адлюстравала многае з таго, чым жыла краіна. Аўтар п’есы «Rot Front» (1933). У творах, напісаных у 1945—48, выявілася імкненне заглыбіцца ў мінулае бел. народа, асэнсаваць пройдзены ім шлях (1-я частка гіст. рамана «Адвечнае», у якім узнаўляюцца падзеі 1812 на Беларусі, апубл. 1972; аповесць «Жыццяпіс Вінцэся Шастака» і апавяданне «Зорка»), У 1946—48 напісаў дакумент. «Аповесць для сябе» ў жанры дзённіка (выд. 1987—88). Адзін з першых звярнуўся да паказу гераічнай дзейнасці падпольшчыкаў у час Вял.Айч. вайны (аповесць «Цяжкая гадзіна», апубл. 1959), пасляваен. адраджэння вёскі (аповесць «Зялёны луг», апубл. 1960). У аповесці «Развітанне» (апубл. 1959) расказаў пра апошнюю сустрэчу М.Багдановіча з Беларуссю. На бел. мову пераклаў раман А.Вясёлага «Краіна родная» (з Р.Бахтам), аповесць У.Лідзіна «Магіла невядомага салдата».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1959;
Аповесць. Мн., 1985;
Палеская аповесць. Мн., 1991.
Літ.:
Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Грамадчанка Т. Барыс Мікуліч // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКО́ЛЬНІКАЎ (сапр.Ільін) Фёдар Фёдаравіч
(28.1.1892, С.-Пецярбург — 12.9.1939),
савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн.ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав.ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (з ліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.
Тв.:
О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЫ,
крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл. таксама Крывяносная сістэма.