ПРЫРО́ДА,

у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П., па-за якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.

У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш. Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.

Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд. г. назад) і прайшло складаны шлях біял. эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл. Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзу арган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл. Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл. Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл. Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл. Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаў рэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс. га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс. га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл. Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл. Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн. культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл. Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб. гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл. Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).

Літ.:

Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.

В.​С.​Аношка, А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.

т. 13, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДНЫЯ МІНЕРАЛЬНЫЯ ПІГМЕНТЫ, бентаніт, бурштын, каалін і іншыя выкапні.

На Беларусі выяўлены і выкарыстоўваюцца прыродныя мінеральныя пігменты розных колераў: мел (белы), балотныя жалезныя руды (чырвоны і карычневы), вохра і вохрыстыя гліны (жоўты), глаўканіт (зялёны), вівіяніт (сіні) і інш. Мел як танную белую фарбу выкарыстоўваюць для ўнутр. і знешніх аддзелачных работ, пры вытв-сці лакафарбавых матэрыялаў, у папяровай прам-сці і інш. Яго радовішчы ў Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцях.

Балотныя жалезныя руды пашыраны ў многіх месцах. Буйныя іх паклады выяўлены ў Гомельскай вобл.: Мазырскім (Шчыра, Каложынка), Нараўлянскім (Майдан, Гала, Красілаўская Слабада), Петрыкаўскім (Руда) і Хойніцкім (Рашэўскае) раёнах. Магутнасць рудных цел ад некалькіх сантыметраў да 0,75 м. Запасы сыравіны ў радовішчах невялікія — 2—10 тыс. т, зрэдку да 100 тыс. т. Колькасць фарбавальных вокіслаў жалеза ў рудзе вагаецца ў межах 17,6—78,9%. Руды прыдатныя для атрымання фарбаў тыпу муміё, сіена, умбра.

Вохра і вохрыстыя гліны трапляюцца ў выглядзе лінзаў і перарывістых праслояў магутнасцю ад 5—10 да 50—80 см сярод стракатых глін і кварцавых пяскоў алігацэн—неагенавага ўзросту, пераважна на ПдУ і Пд Беларусі (Лельчыцкі і Лоеўскі р-ны Гомельскай вобл.). На радовішчы Ляхава Гара (Лоеўскі р-н) запасы ацэньваюцца ў 9 тыс. т вохры і 141 тыс. т вохрыстых глін. Сыравіна прыдатная на выраб алейных, клеявых, у т. л. высакаякасных мастацкіх фарбаў, эмалей. Здаўна саматужна распрацоўваюцца ў агаленнях на правым беразе р. Дняпро каля Салаўёва Хутара (Лоеўскі р-н).

Глаўканіт знаходзіцца ў марскіх глаўканітава-кварцавых пародах, пераважна палеагенавага і мелавога ўзросту, якія пашыраны на Пд краіны на глыбіні 20—25 м; трапляюцца ў агаленнях (на правым беразе р. Дняпро і яго прытокаў) і мелавых кар’ерах. Колькасць мінералу ў пародзе дасягае больш за 20%. Запасы глаўканіту на радовішчы Ляхава Гара (Лоеўскі р-н) ацэньваюцца ў 15—18 млн. т. Пасля абагачэння глаўканітавы канцэнтрат прыдатны для вытв-сці высакаякасных будаўнічых, прамысловых і мастацкіх фарбаў розных адценняў зялёнага і карычневага колераў, устойлівых да ўздзеянняў атмасферы, святла, кіслот і шчолачаў.

На Беларусі глаўканіт як мінеральны пігмент выкарыстоўваўся са старажытных часоў, што засведчана даследаваннямі насценнага жывапісу (Сафійскі сабор 11 ст. і Спаса-Праабражэнскі храм 12 ст. ў Полацку, Благавешчанская царква 12 ст. ў Віцебску, Нікольская царква 17 ст. ў Магілёве і інш.). Глаўканіт — незаменны сродак пры рэстаўрацыйных работах.

Вівіяніт (патэнцыяльная крыніца фосфару, выкарыстоўваецца як танная фарба і мясцовае ўгнаенне) трапляецца ў выглядзе лінзаў і гнёздаў у неагенавых глінах і часцей у нізінных тарфяных балотах на глыбіні 0,25—1 м з магутнасцю пластоў торфавівіяніту 0,1—3 м (найбольшыя паклады ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях).

Каалін на Беларусі трапляецца ў выглядзе пластоў, лінзаў, гнёздаў у верхняй частцы кары выветрывання кіслых парод палеагену (другасны, пераадкладзены). Радовішчы Дзедаўка, Бярэзіна, Людзяневічы каля аднайменных вёсак у Жыткавіцкім, Сітніца (в. Сітніца) у Лунінецкім р-нах; праяўленні Скрыпіцкае (каля в. Браніслаў) у Жыткавіцкім, Глушкавічы і Селішча (каля в. Глушкавічы) у Лельчыцкім р-нах. Яны прымеркаваны да ўчасткаў неглыбокага (12—37,4 м) залягання фундаменту. Магутнасць пакладаў ад 1—3 да 53,9 м. Агульныя запасы кааліну-сырцу каля 55 млн. т, у т. л. прамысловыя — 3,5 млн. т. Сярэдні выхад абагачанага кааліну 28—29%. Якасць кааліну з-за ўтрымання дамешкаў нізкая, не адпавядае міжнар. стандартам, але магчыма яго распрацоўка сумесна з будаўнічым каменем і выкарыстанне ў вытв-сці будаўнічай керамікі, вогнетрывалых шамотавых і фарфора-фаянсавых вырабаў, якія не патрабуюць дасканалай белізны.

Бентаніт — тонкадысперсная высокапластычная гліна пераважна мантмарыланітавага саставу, элювіяльнага, вулканагенна-асадкавага і асадкавага паходжання. На Беларусі трапляецца ў выглядзе невялікіх праслояў у пародах венду, мелу, неагену. Яго найбольшае радовішча Астражанскае (на Пд ад в. Астражанка Лельчыцкага р-на) прымеркавана да антопальскага гарызонту міяцэну. Бентанітавыя гліны залягаюць на глыб. 21 м. Сярэдняя магутнасць пласта 8,7 м. Прамысловыя запасы 12,3 млн. т. Перспектыўны на выкарыстанне ў буравых і будаўнічых растворах, ліцейнай справе і інш.

Бурштын — выкапнёвая смала хвойных дрэў познамелавога — палеагенавага ўзросту, аморфнае высокамалекулярнае злучэнне арганічных кіслот пераменнага складу. Выкарыстоўваецца як ювелірна-вырабны камень, у фармакалогіі, лакафарбавай, парфумернай прам-сці і інш. На Беларусі трапляецца ў палеагенавых і больш маладых адкладах у выглядзе востравугольных і паўабкатаных абломкаў і зерняў, сплясканых кавалкаў памерам ад 0,1—30 мм да 10—15 см, у колькасці ад адзінкавых зерняў да 139 г/м³. Паўд. частка Беларусі тэрытарыяльна ўваходзіць у глаўканітава-кварцавую бурштынаносную фармацыю Балтыйска-Дняпроўскага рэгіёна, які пашыраны ад Прыбалтыкі да Украіны. Вылучаюць 3 перспектыўныя на бурштын зоны: заходнюю (Брэсцкая, Кобрынская і Драгічынская плошчы), цэнтральную (Лунінецкая, Жыткавіцка-Случанская, Лельчыцкая і Заазёрная плошчы) і ўсходнюю (Рэчыцка-Лоеўская плошча). Прагнозныя рэсурсы 92,3 тыс. т, 80—90% з іх прыдатныя на выкарыстанне ў ювелірнай справе. Найбольш значныя знаходкі бурштыну атрыманы з праяўлення Гатча (Жабінкаўскі р-н Брэсцкай вобл.), дзе бурштынаносныя чацвярцічныя (антрапагенавыя) пяскі магутнасцю 0,5—4 м залягаюць на глыбіні 3—6 м. Колькасць бурштыну ў іх вагаецца ад 1—2 да 49 зерняў на 1 кг пароды.

Выяўлена шмат іншых праяўленняў карысных выкапняў. У пародах крышталічнага фундаменту: графіт (Пухаўшчынскае праяўленне ва Уздзенскім р-не Мінскай вобл.), мармур і валастаніт (Рудзьмянскае праяўленне ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл.), дыябазы (Мікашэвіцка-Жыткавіцкі горст) і інш. У дыятрэмах Жлобінска-Рагачоўскай плошчы знойдзены крышталі алмазу і іх абломкі (12 зерняў памерамі 0,17—0,27 мм). У адкладах платформавага чахла: пірафіліт (бобрыкаўскі гарызонт ніжняга карбону, Лельчыцкая перспектыўная плошча), тытана-цырконіевыя россыпы (у верхнемелавых і кайназойскіх пародах у Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях), цэалітаносныя сіліцыты (трэпел, апокі і інш., радовішчы Стальное ў Хоцімскім, Дружба ў Касцюковіцкім, Соўна, Мурашкіна, Пярлоўскае і Іванаўскае ў Клімавіцкім раёнах Магілёўскай вобл. з прагнознымі рэсурсамі 1 млрд. т), крэмень (у мелавых адкладах на Пд і З краіны), лугавы мергель (вапнавы прэснаводны мергель — каля 300 пакладаў з агульнымі запасамі да 200 млн. т; у алювіяльных, азёрных і балотных адкладах галацэну), мораны дуб (трывалая старажытная драўніна — выкарыстоўваецца ў вырабе паркету, аздабленні мэблі, мастацкіх розных вырабах і інш.; у алювіяльных адкладах па далінах рэк Дняпро, Бярэзіна, Сож, Друць, Нёман і інш.), ледавіковыя валуны і інш.

Л.​І.​Мурашка.

т. 18, кн. 2, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУРА 2-й ПАЛ. 18 — СЯРЭДЗІНЫ 19 ст.

Гэты перыяд адметны з’яўленнем на Беларусі стылю класіцызму, які ўзнік і развіваўся пад уплывам ідэй Асветніцтва, а з 19 ст. — і пад уплывам рамантызму. Ён пашыраны практычна ва ўсіх сферах архітэктуры і горадабудаўніцтва і характарызуецца выкарыстаннем дасягненняў антычнай класікі Грэцыі і Рыма. Асноўны ўклад у архітэктуру класіцызму зрабілі дойліды-прафесіяналы, выпускнікі вышэйшых навуч. устаноў мастацтваў Вільні, Варшавы, Полацка, Пецярбурга, Рыма, Парыжа. Заказчыкамі былі пераважна імператарскія і каралеўскія двары, а таксама дзяржава, дваранства і шляхта. Вылучаюць некалькі кірункаў класіцызму: барочны, строгі стыль, паладыянства, ампір, рацыянальны і неарэнесансавы. Асобныя элементы гэтага стылю выявіліся ўжо ў познабарочным дойлідстве пач. 18 ст. пад уплывам ідэалогіі асветнага сарматызму, калі ў архітэктуру палацаў Радзівілаў у Нясвіжы і Сапегаў у Высокім уключаліся антычныя порцікі як знак рымскага паходжання іх уладальнікаў. Станаўленне класіцызму адносіцца да 1760—90-х г., калі яго стылістыка развівалася ад барочнага класіцызму да строгага стылю. На бел. землях, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, пабудовы барочнага класіцызму звязаны з заказамі каралеўскага двара і магнатаў, уплывам Берліна і Варшавы, дзейнасцю архітэктараў Дж.​Сакі, Я.​С.​Бекера і К.​Шыльдгаўза. Да іх належаць комплексы мануфактур у Ласосне (каля Гродна), каралеўскія палацы ў Станіславове, Аўгустове і Панямуні (у наваколлі Гродна); перабудова А.​Сапегам свайго палаца, буд-ва уніяцкай царквы, манастыра і карчмы ў Ружанах; «Акадэмія» ў Дзярэчыне, палац І.​Храптовіча і касцёл у Шчорсах, палац Ю.​Валовіча ў Свяцку, ратуша ў Віцебску (1775). З 1780-х г. пад уплывам віленскай архітэктуры дзякуючы творчасці К.​Спампані і Я.​Падчашынскага з’яўляюцца пабудовы строгага стылю: сядзібныя дамы ў Сёмкаве, Беніцы, Кухцічах, Радзівілімонтах, Гародні, касцёл у Жырмунах. На ўсх. землях Беларусі, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі, асновай развіцця класіцызму стала перабудова бел. гарадоў паводле планаў, зацверджаных у Пецярбургу ў 1778. Гарады набывалі пераважна прамавугольную сетку кварталаў, прамыя вуліцы, плошчы набылі выразныя геаметрычныя абрысы. Многія павятовыя гарады (Клімавічы, Беліца, Бабінавічы, Гарадок, Веліж і інш.) ствараліся з выкарыстаннем «ідэальных» сіметрычных планіровачных схем прамавугольнага ці квадратнага абрысу. У іх цэнтр. частцы паводле праектаў архітэктараў І.​Зігфрыдана і І.​Зэйдэля ў стылі барочнага класіцызму ўзводзілі будынкі новай адміністрацыі — губернскія і павятовыя дзярж. ўстановы, дамы губернатараў і віцэ-губернатараў, урачэбных упраў, судоў. Пабудовы строгага стылю ствараліся з 1780-х г. па ўказах Кацярыны II (Іосіфаўскі сабор і будынак семінарыі ў Магілёве, арх. М.​Львоў; корпус келляў і царквы Богаяўленскага манастыра ў Полацку, арх. Дж.​Кварэнгі) і для рас. вяльмож (касцёл і 3 царквы ў Чачэрску, царква ў Прапойску, палацы П.​А.​Румянцава ў Гомелі, Р.​А.​Пацёмкіна ў Крычаве, абодва арх.

І.​Староў) у іх новых бел. маёнтках. Перыяд вышэйшага ўзроўню класіцызму ахоплівае 1800—20-я г., характарызуецца пранікненнем стылю ва ўсе сферы дойлідства і стылістычным развіццём ад строгага стылю да ампіру. Гарады цэнтр. і зах. зямель Беларусі набылі рэгулярную планіроўку, у большай ступені падпарадкоўваліся ўмовам мясцовасці (планы Мінска, Слуцка, Барысава, Пінска, Навагрудка і інш.). У цэнтры ставілі будынак ратушы (Мінск, Гродна, Гомель).

Паводле праекта К.​Падчашынскага ўзведзены гімназія ў Свіслачы, павятовае вучылішча ў Брэсце. Архітэктар ваен. ведамства А.​Штаўберт стварыў ансамбль Бабруйскай крэпасці. Строгі стыль у палацава-сядзібнай архітэктуры характарызаваўся простымі прамавугольнымі абрысамі планаў будынкаў з порцікамі дарычнага ордэра на гал. фасадзе (палацы І.​Тышкевіча ў Валожыне, І.​Грабніцкага ў г.п. Обаль Шумілінскага, М.​К.​Агінскага ў в. Залессе Смаргонскага р-наў. Культавае буд-ва арыентавалася пераважна на паўтор аб’ёмнай кампазіцыі знакамітых помнікаў мінулага (Пантэона ў Рыме, Парфенона ў Афінах і інш.). Развіццё строгага стылю звязана з творчасцю дойлідаў віленскай школы (касцёлы ў г. Свіслач, 1802, арх. М.​Шульц; Валожыне, 1816, арх. А.​Касакоўскі; капліца ў Залессі, арх. М.​Шульц), а таксама пецярбургскай і маскоўскай школ — ампір (праект царквы ў Мсціславе, 1811, арх. В.​Стасаў; цэрквы ў Бабруйскай крэпасці, 1823, арх. А.​Штаўберт; Троіцкая ў Гомелі, 1824). Перыяд згасання стылю прыпадае на 1830—50-я г. і адметны пашырэннем т.зв. узорных праектаў у сферы дзярж. буд-ва і яго поўнай рэгламентацыяй, развіццём стылістыкі ад ампіру да рацыянальнага кірунку. Практычна ўсе праекты ў сферы дзярж. буд-ва разглядаліся, карэкціраваліся ці выконваліся ў Камісіі праектаў і каштарысаў у Пецярбургу. У забудову гарадоў уключалі буйныя комплексы адм., лячэбных і гандлёвых будынкаў. Асноўная ўвага звярталася на функцыянальнае ўладкаванне і тэхн. пытанні, а не на дэкарыраванне фасадаў (губернскія дзярж. ўстановы ў Мінску, 1839—40-я г., арх. К.​Хршчановіч; бальніца, 1848, арх. В.​Морган, і шпіталь, 1849, арх. Бернштэйн, у Магілёве; гасціны двор у Полацку, 1836). У сувязі з развіццём дарожнага буд-ва паводле «ўзорных праектаў» 1831 і 1843 узводзіліся паштовыя станцыі па дарогах Пецярбург—Кіеў, Масква—Варшава, Магілёў—Бабруйск. У кампазіцыі праваслаўных храмаў выкарыстоўвалася пераважна выпрацаваная ў рус. дойлідстве 17 ст. схема з паслядоўным размяшчэннем на падоўжнай восі званіцы, трапезнай, асноўнага аб’ёму і апсіды (цэрквы ў Мазалаве каля Віцебска, 1827, і Рэчыцы, 1835, арх. А.​Мельнікаў; Горках, 1839, арх. А.​Порта). Уніяцкія і каталіцкія храмы перабудоўваліся ў праваслаўныя; у іх ліквідаваліся высокія вежы на фасадзе, франтоны, з’яўляліся купалы, у інтэр’ерах — іканастасы. Для перабудовы выбіраўся рацыянальны варыянт класіцызму (Успенскі сабор у Жыровічах, касцёл кляштара бернардзінцаў у Мазыры, Васкрасенская уніяцкая царква ў Віцебску). У буд-ве палацаў і сядзіб развівалася шырокая тыпалогія будынкаў ад раскошных палацавых комплексаў да невялікіх дамоў з порцікам на фасадзе і разнастайная стылістыка — строгі стыль, ампір, паладыянства, рацыянальны кірунак, пошукі мясц. каларыту і неарэнесанс. Іх стваральнікі — дойліды віленскай і варшаўскай архітэктурных школ А.​Ідзкоўскі, А.​Галонскі, К.​Падчашынскі, Ф.​Яшчалд і інш. Ампірная стылістыка ўжывалася для дэманстрацыі амбіцый і багацця родавага дваранства (палацы Булгакаў у в. Жылічы Кіраўскага р-на, Паскевічаў у Гомелі, Абуховічаў у Сваятычах). Уплыў неарэнесансу выяўляецца ў стварэнні новага тыпу палацаў-віл (П.​Янчына ў в. Вістычы Брэсцкага р-на, 1840, арх. Ф.​Яшчалд; В.​Пуслоўскага ў Альбярціне пад Слонімам, 1833). Рацыянальны кірунак развіваўся пад уплывам берлінскай школы і творчасці К.​Падчашынскага, ён выяўляўся ў адмаўленні ад порцікаў і каланад, выкарыстанні плоскіх элементаў дэкарыроўкі фасадаў, аконных праёмаў з паўцыркульным завяршэннем (палац О.​Вагнера ў Вялікіх Салечніках, сядзібны дом Тарасевіча ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на, 1840-я г., арх. А.​Градзецкі).

т. 18, кн. 2, с. 641

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦЫЯЛЬНЫЯ ГІСТАРЫЧНЫЯ ДЫСЦЫПЛІНЫ

Крыніцазнаўства. Першую спробу характарыстыкі крыніц па гісторыі Беларусі зрабіў Дз.​І.​Даўгяла (у 1920-я г.). У 1965 кароткі агляд крыніц па гісторыі Беларусі апублікаваў А.​П.​Ігнаценка. Асобныя групы крыніц феад. перыяду аналізавалі А.​І.​Груша, А.​П.​Грыцкевіч, П.​Р.​Казлоўскі, З.​Ю.​Капыскі, Я.​М.​Карпачоў, В.​Ф.​Касовіч, А.​М.​Люты, В.​І.​Мялешка, М.​М.​Улашчык, В.​У.​Чапко, М.​Ф.​Шумейка і інш.; крыніцы 20 ст. — С.​У.​Жумар, У.​М.​Міхнюк, Р.​П.​Платонаў, С.​З.​Пачанін, В.​Дз.​Селяменеў, Шумейка і інш.; супрацоўнікі архіўных і інш. н.-д. устаноў у аглядах дакументаў, у даведніках пра дакументы дзярж. архіваў Беларусі. Тэарэтычныя пытанні крыніцазнаўства распрацоўвае В.​П.​Грыцкевіч.

Археаграфія. Камеральная археаграфія на Беларусі пачалася са складання вопісаў манастырскіх бібліятэк і архіваў. Яна ўдасканальвалася пры вопісах у 16—18 ст. дакументаў Метрыкі і Трыбунала ВКЛ, інш. дзярж., царк. і прыватных архіваў. Дакументы па гісторыі Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. выдавалі Віленская і Кіеўская археаграфічныя камісіі, Віцебскі цэнтр. архіў стараж. актаў, І.​І.​Грыгаровіч, М.​В.​Доўнар-Запольскі і інш. Арганізаваная ў 1925 Археаграфічная камісія Інбелкульта падрыхтавала да выдання «Беларускі архіў» (т. 1—3, 1927—30), прысвечаны эпосе феадалізму. У 1920—30-х г. выдаваліся пераважна дакументы пра рэв. падзеі і грамадзянскую вайну. Выданні 1930 — пач. 1970-х г. у асноўным разлічаны на шырокае кола чытачоў, мелі прапагандысцкі характар («Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі», т. 1—4, 1936—54). Найб. значныя выданні дакументаў: «Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя на Беларусі» (т. 1—2, 1957), «Беларусь у эпоху феадалізму» (т. 1—4, 1959—79), «Барацьба працоўных Заходняй Беларусі за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне і ўз’яднанне з БССР» (т. 1—2, 1962—72), «Усенародны партызанскі рух на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1967—82), «Барацьба за Савецкую ўладу на Беларусі» (т. 1—2, 1968—71), «Беларусь у эпоху капіталізму» (т. 1—2, 1983—90), «Камуністычная партыя Беларусі ў рэзалюцыях і рашэннях з’ездаў і пленумаў ЦК» (т. 1—6, 1983—87), «Знешняя палітыка Беларусі» (т. 1—2, 1997—99), «Беларускія остарбайтэры: Угон насельніцтва Беларусі на прымусовыя работы ў Германію» (кн. 1—3, 1996—98). З 2000 у рамках міжнар. праекта ў Беларусі выдаюцца кнігі Метрыкі ВКЛ. У наш час работы па археаграфіі праводзяць Дзярж. к-т па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы і створаная пры ім у 1999 Археаграфічная камісія, архівы рэспублікі, ін-ты гісторыі і л-ры Нац. АН Беларусі, Ін-т гісторыі партыі пры ЦК КПБ (да 1991), выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» і інш. З 2000 выходзіць «Беларускі археаграфічны штогоднік».

Дыпламатыка. Практычная дыпламатыка на Беларусі развівалася з 16 ст., што было выклікана неабходнасцю праверкі дакументаў на права валодання маёнткамі. У 19 ст. важнай мэтай дыпламатыкі была праверка дакументаў, што пацвярджалі прыналежнасць на дваранства. У 20 ст. дыпламатыка стала навук. дысцыплінай, якая вывучае гал. ч. дакументы феад. эпохі (А.​І.​Груша, А.​І.​Дзярновіч, В.​С.​Мянжынскі і інш.).

Палеаграфія. Пачынальнік бел. навук. палеаграфіі — Я.​Ф.​Карскі («Славянская кірылаўская палеаграфія», 1928, 2 выд. 1979). Помнікі пісьменнасці з палеаграфічнага боку вывучалі і вывучаюць А.​К.​Антановіч, А.​М.​Булыка, Н.​Т.​Вайтовіч, А.​І.​Груша, М.​В.​Нікалаеў, З.​Л.​Яцкевіч. Дапаможнік «Беларуская палеаграфія» (1996) выдала С.​Я.​Куль-Сяльверстава.

Эпіграфіка. Помнікі бел. эпіграфікі ў канцы 19 — пач. 20 ст. вывучалі А.​П.​Сапуноў, Е.​Р.​Раманаў і інш. З сярэдзіны 20 ст. актыўна даследуюцца надпісы на Барысавых камянях, дробных рэчах, знойдзеных пры археал. раскопках, графіці на сценах цэркваў (Л.​В.​Аляксееў, Л.​У.​Дучыц, П.​Ф.​Лысенка, А.​А.​Мельнікава, Б.​А.​Рыбакоў, С.​В.​Тарасаў, Г.​В.​Штыхаў і інш.).

Сфрагістыка. Зборы бел. пячатак у сярэдзіне 19 ст. мелі Віленскі музей старажытнасцей і Лагойскі музей К.П. і Я.​П.​Тышкевічаў, Мінскі царкоўна-археал. музей і Бел. музей у Вільні, заснаваныя ў пач. 20 ст. Бел. пячаткі даследавалі А.​Вярыга-Дарэўскі, М.​Гумоўскі, Т.​Жаброўскі, Ф.​Пекасінскі, У.​Сямковіч, Ю.​Ядкоўскі. Пячаткі з археал. раскопак вывучаюць М.​Белямук, П.​Ф.​Лысенка, А.​І.​Трафімаў, Г.​В.​Штыхаў, В.​Л.​Янін і інш., пячаткі пры дакументах 14—20 ст. — Э.​Рымша, Г.​Л.​Харашкевіч, А.​К.​Цітоў.

Геральдыка. Выявы гербаў ВКЛ у зах.-еўрап. гербоўніках вядомы з пач. 15 ст. У 17 ст. складзены «Гербоўнік рыцарства Вялікага княства Літоўскага» А.​Каяловіча. У 18 ст. геральдыку ВКЛ вывучалі К.​Нясецкі, Ю.​А.​Ябланоўскі і інш. У 19—20 ст. на навук. ўзровень вывучэнне бел. пячатак паставілі працы А.​Малецкага, У.​Сямковіча, Ф.​Пекасінскага і інш. Выдадзены складзеныя ў канцы 18 ст. гербоўнікі віцебскай (1899) і аршанскай (1900) шляхты. У наш час геральдычныя даследаванні вядуць У.​М.​Вяроўкін-Шалюта, А.​П.​Грыцкевіч, С.​У.​Думін, С.​Я.​Рассадзін, А.​К.​Цітоў, А.​І.​Шаланда. і інш. З 2002 працэс стварэння новых гербаў каардынуе Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, які вядзе Дзярж. геральдычны рэгістр Рэспублікі Беларусь.

Генеалогія. Як спец. гіст. дысцыпліна генеалогія склалася ў 16—18 ст. (гербоўнікі Ш.​Акольскага, А.​Каяловіча, К.​Нясецкага, Б.​Папроцкага). На навук. узроўні генеалогію Гедзімінавічаў, значных княжацкіх і шляхецкіх родаў распрацоўвалі даследчыкі 19 — пач. 20 ст. А.​Ю.​Банецкі («Польскі гербоўнік», т. 1—13, 1899—1909), Ю.​Вольф, С.​Дзядулевіч, Т.​Жыхлінскі («Залатая кніга польскай шляхты», т. 1—31), К.​Стадніцкі, У.​Сямковіч, М.​Тышкевіч, С.​Урускі і А.​А.​Касінскі («Сям’я: Гербоўнік польскай шляхты», т. 1—14, 1904—17) і інш. У іх працах шырока выкарыстаны матэрыялы, якія прадстаўнікі шляхецкіх родаў Беларусі збіралі для прадастаўлення ў органы дваранскага самакіравання і Герольдыю Рас. імперыі. У БССР генеалагічныя даследаванні амаль не праводзіліся. З канца 20 ст. пытанні генеалогіі родаў Беларусі распрацоўваюць супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі, Нац. гіст. архіва Беларусі, інш. архіваў, ВНУ, «Беларускай Энцыклапедыі» і інш. устаноў Рэспублікі Беларусь (У.​М.​Вяроўкін-Шалюта, Э.​М.​Загарульскі, Г.​В.​Кісялёў, В.​Л.​Насевіч, С.​А.​Рыбчонак, М.​М.​Ялінская, З.​Л.​Яцкевіч і інш.) і за мяжой (С.​У.​Думін, А.​М.​Нарбут, Я.​Ціхановіч, А.​А.​Шумкоў і інш.). Выдадзены кн. «Малы гербоўнік наваградскай шляхты», (1997), «Гербоўнік беларускай шляхты», (т. 1, 2002). Генеалагічныя даследаванні публікуюцца ў часопісах «Герольд Litherland», «Годнасьць», «Спадчына». Пашырылася тэматыка бел. генеалогіі, распрацоўваюцца радаводы сялянскіх і мяшчанскіх родаў.

Нумізматыка. У 16—18 ст. значныя нумізматычныя калекцыі захоўваліся ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў, у зборах інш. магнатаў, у 19 ст. — у калекцыі М.​П.​Румянцава ў Гомелі. Вял. нумізматычную калекцыю сабраў Я.​П.​Тышкевіч, які перадаў яе Віленскаму музею старажытнасцей. Улікам і зборам манетных знаходак займаліся губернскія статыстычныя камітэты і іх музеі. Да Вял. Айч. вайны нумізматычныя даследаванні на Беларусі праводзілі К.​В.​Харламповіч, М.​М.​Шчакаціхін і інш. У пасляваенны час працы па нумізматыцы выдалі Ш.​І.​Бекцінееў, І.​Н.​Колабава, Л.​Д.​Побаль, В.​Н.​Рабцэвіч, І.​І.​Сінчук і інш. У наш час найбольшыя манетныя калекцыі зберагаюцца ў Нац. музеі гісторыі і культуры Беларусі, абласных і раённых музеях, Нумізматычным кабінеце гіст. ф-та БДУ, музеі Нац. банка Рэспублікі Беларусь.

Метралогія гістарычная. У 18 ст. пытанні гіст. метралогіі бел. зямель разглядалі С.​Богуш-Сестранцэвіч, Ф.​Лойка, Т.​Чацкі, у 19 — пач. 20 ст. М.​І.​Гарбачэўскі, М.​В.​Доўнар-Запольскі, І.​Лялевель, Ф.​Пекасінскі, У.​І.​Пічэта, А.​Сапега, А.​М.​Семянтоўскі, А.​Хадкевіч і інш. У пасляваенны час гіст. метралогію даследавалі і даследуюць гісторыкі Я.​К.​Анішчанка, А.​П.​Грыцкевіч, П.​Р.​Казлоўскі, З.​Ю.​Капыскі, Дз.​Л.​Пахілевіч, этнограф Л.​А.​Малчанава, мовавед К.​У.​Скурат і інш.

Храналогія гістарычная. Пачатак вывучэння каляндарных сістэм, што выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі, паклалі ў 19 ст. М.​І.​Гарбачэўскі, А.​І.​Мілавідаў, М.​Ф.​Сумцоў і інш. Храналогію летапісання даследавалі М.​Г.​Беражкоў, М.​С.​Грушэўскі, Б.​А.​Рыбакоў і інш. Асобныя праблемы гіст. храналогіі Беларусі даследавалі Г.​Я.​Галенчанка, А.​Гейштар, У.​Сямковіч, Г.​Л.​Харашкевіч і інш.

Літ.:

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973;

Люты А.М., Касовіч В.Ф. Гістарыяграфія і крыніцы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII — першай палове XIX ст. Мн., 1996;

Лютый А.М. Историография и источники по проблеме генезиса капитализма в России и ее национальных регионах. Мн., 1989;

Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Мн., 1978;

Яго ж. Сборники документов по истории Белоруссии, изданные в БССР (1921—1971 гг.) // Археогр. ежегодник за 1974 г. М., 1975;

Вопросы археографии в БССР. Мн., 1980;

Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы. Мн., 2001, Цітоў А. Пячаткі старажытнай Беларусі: Нарысы сфрагістыкі. Мн., 1993;

Яго ж. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. Мн., 1999;

Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 18, кн. 2, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАКЛЕ́ТАЧНЫЯ,

арганізмы, целы якіх складаюцца з адной клеткі. Існуюць 2 узроўні арганізацыі аднаклетачных: пракарыётны (бактэрыі і сіне-зялёныя водарасці) і эўкарыётны (зялёныя і інш. водарасці, прасцейшыя). У пракарыётаў няма дыферэнцыраванага клетачнага ядра, у эўкарыётаў яно ёсць і можа дзяліцца. Аднаклетачныя спалучаюць уласцівасці клеткі і самаст. арганізма. Маюць простую будову (хларэлы, амёбы) і складаную (ацэтабулярыі, інфузорыі). Многія ўтвараюць калоніі. Ад аднаклетачных узніклі шматклетачныя.

т. 1, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАБІЁНТЫ [ад гідра... + біёнт(ы)],

расліны, жывёлы і мікраарганізмы, якія насяляюць марскія і мацерыковыя вадаёмы. Да гідрабіёнтаў адносяць таксама арганізмы, што праводзяць у вадзе толькі частку жыццёвага цыкла, — лічынкі і інш. арганізмы з воднай фазай развіцця. Напр., апалонікі і лічынкі стракоз — гідрабіёнты, а дарослыя жабы і стракозы — аэрабіёнты. Гідрабіёнты іншы раз падзяляюць на марынабіёнтаў, якія жывуць у акіяне, і аквабіёнтаў, якія насяляюць прэсныя вадаёмы.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАХАРЫ́Я (ад гідра... + ...харыя),

распаўсюджванне спораў, пладоў, насення і інш. зачаткаў раслін з дапамогай вады. Бывае выпадковая (перанясенне плынямі на плывучых прадметах) і звычайная, што абумоўлена асаблівай марфалогіяй і біялогіяй дыяспор (нязмочвальнасць вадой, нізкая шчыльнасць, працяглая жыццяздольнасць насення ў вадзе). Звычайная гідрахарыя характэрная для водных і каляводных раслін (асокі, ірдзесты і інш.). Распаўсюджванню відаў найб. садзейнічаюць марскі прыбой, рачное цячэнне, паводка і інш.

т. 5, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫ РАСТВО́Р,

вільгаць глебы з растворанымі ў ёй арган. і мінер. рэчывамі і газамі. Пераносіць рэчывы ўнутры і паміж гарызонтамі глебы, забяспечвае расліны вадой і пажыўнымі элементамі, рухаецца пад уздзеяннем сілы цяжару, капілярных, сарбцыйных і асматычных сіл. У залежнасці ад складу раствораных рэчываў і характару ўзаемадзеяння глебавы раствор з цвёрдай фазай глеб, рэакцыя яго можа быць кіслай, шчолачнай або нейтральнай.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУТЭЛІ́НЫ (ад лац. gluten клей),

простыя бялкі насення злакаў і зялёных частак раслін. Раствараюцца ў разбаўленых к-тах і шчолачах, не раствараюцца ў нейтральных растваральніках. З’яўляюцца запаснымі бялкамі, якія разам з праламінамі назапашваюцца ў эндасперме насення. Найб. вывучаны глутэнін пшаніцы і ячменю, арызепін рысу і глутэліны кукурузы. Глутэліны багатыя астаткамі глутамінавай к-ты і лізіну; добра засвойваюцца арганізмам чалавека і жывёл.

т. 5, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у 1949—54 у Бабруйску. Адкрыты на базе пед. вучылішча. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х кл. агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні бел. і рус. мовы, бел. і рус. л-ры, фіз.-матэм., з 1950 завочнае. Працавалі кафедры педагогікі і псіхалогіі, бел. і рус. мовы, бел. і рус. л-ры, фізікі і матэматыкі, марксізму-ленінізму.

т. 2, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)