БО́ЗЕ-ВА́ДКАСЦЬ,

квантавая вадкасць з часціц (ці квазічасціц) з нулявым або цэлалікавым спінам (базонаў). Падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы. Да Бозе-вадкасці адносяцца, напр., вадкі гелій ​4He, які пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля, можа перайсці ў стан звышцякучасці; сукупнасць купераўскіх пар электронаў, утварэнне якіх прыводзіць да звышправоднасці. Гл. таксама Квантавая вадкасць.

т. 3, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РНХАЛЬМ (Bornholm),

востраў на ПдЗ Балтыйскага м., тэр. Даніі. Пл. 588 км². Нас. 47,2 тыс. чал. (1994). Складзены ў паўн. ч. з гранітаў, у паўднёвай — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў. Паверхня — узвышаная раўніна выш. да 162 м. Дзюны. Хваёвыя і шыракалістыя лясы, лугі. Рыбалоўства, рыбаперапрацоўка. Жывёлагадоўля. Вытв-сць керамікі. Турызм. Адм. ц. і гал. порт — Роне.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́КЕН-ХІЛ (Broken Hill),

поліметалічнае радовішча ў Аўстраліі, унікальнае па колькасці свінцу і цынку. Адкрыта і распрацоўваецца з 1883. Складзена з кварц-палевашпатавых гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў, амфібалітаў ніжнепратэразойскага ўзросту. Гал. рудныя мінералы галеніт і сфалерыт, ёсць таксама халькапірыт, арсенапірыт, самароднае серабро і інш. Здабываюць свінец, цынк, серабро, кадмій, як спадарожныя — золата, медзь, сурму, кобальт.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ДЖТАЎН (Bridgetown),

горад, сталіца Барбадаса. На З вострава. Засн. ў 1628. 7 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 100 тыс. ж. (1990). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прадпрыемствы нафтаперапр., лёгкай і харч. прам-сці. Вытв-сць і вываз цукру, патакі, рому. Бункерная станцыя. Курорт. Ун-т Вест-Індыі. Турызм. Арх. помнікі 18 ст.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕ ВО́СТРАЎ,

нізінны востраў у паўн. ч. Карскага м., тэр. Расіі. Пл. 288 км². Выш. да 22 м. Складзены з марскіх пяскоў і глін. Расліннасць арктычнай тундры. Адкрыты ў 1930 экспедыцыяй на параходзе «Георгій Сядоў» і названы ў гонар У.​Ю.​Візе, які ў 1924 тэарэтычна абгрунтаваў існаванне гэтага вострава. Палярная станцыя (з 1945).

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НДХУК (Windhoek),

горад, сталіца Намібіі. У цэнтр. ч. краіны на выш. 1,6 тыс. м. Засн. ў 1840. 114,5 тыс. ж. (1988). Вузел чыгунак і аўтадарог, якія злучаюць горад з партамі на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. і з суседнімі краінамі.

Міжнар. аэрапорт. Харчасмакавыя, харч., швейныя, мэблевыя прадпрыемствы. Зборка машын і абсталявання. Цэнтр гандлю каракулевымі шкуркамі.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ННАЯ ПА́ЛЬМА,

назва розных відаў пальмаў, цукрысты сок з суквеццяў якіх зброджваюць для атрымання віна. Найб. вядомыя вінныя пальмы: карыёта пякучая (Caryota urens), маўрыцыя вінная, або бразільская веералістая пальма (Mauritia vinifera), рафія вінная (Raphia vinifera). З маладога лісця віннай пальмы атрымліваюць валакно, якое выкарыстоўваецца ў садоўніцтве для падвязкі раслін. Плады некаторых вінных пальмаў ядомыя.

т. 4, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЛАПЛО́ДНІК (Cremocarpium),

двухсямянка, плод сасудзістых раслін, відазмененая каробачка (схізакарпій). Характэрны для раслін сям. сельдэрэевых і некаторых араліевых. Складаецца з двух аднанасенных сухіх паўплодзікаў (мерыкарпіяў), якія не раскрываюцца. Развіваецца з двухгнездавой завязі, спелы распадаецца падоўжна на 2 палавінкі (адпавядаюць двум пладалісцікам завязі), якія вісяць на расшчэпленым напалам стрыжаньку (карпафоры), што прадаўжаецца ў пладаножку.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДРУБ,

адасоблены надзел, вылучаны з сельскага абшчыннага землекарыстання ў асабістую ўласнасць сял. сям’і ў Рас. імперыі. Узніклі водрубы ў 1907—16 у выніку сталыпінскай аграрнай рэформы побач з хутарамі. У адрозненне ад хутара селянін не пераносіў сядзібу на свой участак, а заставаўся ў вёсцы. На Беларусі водрубы былі найбольш пашыраны ў Віцебскай і Магілёўскай губернях.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́КА БУ́РЫ, вока тайфуну,

вобласць у цэнтры трапічнага цыклону папярочнікам 20—30 км (часам да 60 км), з ясным небам і слабымі вятрамі (нярэдка поўны штыль). Акружана магутнай воблачнасцю, з якой звязаны ліўневыя ападкі, навальніцы, штармавыя вятры і моцнае хваляванне на моры. Утвараецца пры апусканні паветра, што суправаджаецца яго ўшчыльненнем, награваннем і высушваннем.

т. 4, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)