выкарыстанне ЭВМ і інш. сродкаў аўтаматызацыі, аб’яднаных у сістэму класа «чалавек—машына» для праектавання машын, абсталявання, збудаванняў і інш. аб’ектаў.
Аўтаматызацыя праектавання дае магчымасць павялічыць дакладнасць разлікаў і канструктарскай дакументацыі, выбіраць варыянты для рэалізацыі на аснове матэм. аналізу ўсіх або большасці з іх, скараціць тэрміны праектавання і інш. Метады і сродкі аўтаматызацыі праектавання залежаць ад характару і прызначэння аб’екта праектавання. Найб. істотныя вынікі атрымліваюцца пры аўтаматызацыі праектавання складаных тэхн. сістэм і збудаванняў, пры падрыхтоўцы праграмна-кіравальнага выканаўчага абсталявання. З дапамогай графапабудавальнікаў, друкавальных прыстасаванняў і інш. сродкаў вываду інфармацыі вынікі аўтаматызацыі праектавання аўтаматычна выдаюцца ў выглядзе схем, чарцяжоў ці графікаў (табліц) на аркушах паперы чарцёжных фарматаў, магнітнай стужцы, мікрафільмах і інш. або на спец. экране. Пры аўтаматызацыі праектавання машын і механізмаў па зыходных даных вызначаюць найлепшы варыянт кампаноўкі вырабу, выбіраюць і разлічваюць канструкцыю і яе асобныя вузлы, аптымізуюць допускі і пасадкі, вызначаюць форму спалучаных паверхняў, чысціню іх апрацоўкі і інш.
Навукова-тэхн. распрацоўкі сістэм аўтаматызацыі праектавання вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі АНБеларусі з 1960-х г.: сфармуляваны асновы аўтаматызацыі праектавання ў машынабудаванні; створаны першыя алгарытмы, праграмы і тэхн. сродкі канструявання і тэхнал. падрыхтоўкі вытв-сці машын і абсталявання; распрацаваны «аўтаматычны чарцёжнік» дае магчымасць з вял. дакладнасцю рабіць чарцяжы вырабаў складанай канфігурацыі (карабельных вінтоў, крыла самалёта, лапатак рабочых колаў турбін і інш.).
Літ.:
Системы автоматизированного проектирования технологических процессов, приспособлений и режущих инструментов. М., 1988;
Ракович А.Г. Основы автоматизации проектирования технологических приспособлений. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ШТАБ ПАРТЫЗА́НСКАГА РУ́ХУ (БШПР),
рэспубліканскі орган ваен. кіраўніцтва партыз. рухам на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Дзейнічаў з 9.9.1942 да ліст. 1944. Сфарміраваны ў паласе 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту, у вёсках Шэйна і Цімохіна Тарапецкага р-на Калінінскай вобласці. З ліст. 1943 размяшчаўся ў Маскве, з мая 1943 — на ст. Сходня пад Масквой, з лютага 1944 — у в. Чонкі Гомельскага р-на, з ліп. 1944 — у в. Лошыца пад Мінскам. Нач. штаба: П.З.Калінін, з кастр. 1944 А.А.Прохараў; нам.нач. штаба: І.М.Арцём’еў, І.П.Ганенка, В.І.Закурдаеў, І.А.Крупеня, А.А.Прохараў, І.І.Рыжыкаў, Р.Б.Эйдзінаў. У сваёй дзейнасці штаб кіраваўся дырэктывамі ЦКВКП(б), Дзярж.к-та абароны СССР і інш. вышэйшых органаў дзярж. і ваен. ўпраўлення. Працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Цэнтральнага штаба партызанскага руху і ЦККП(б)Б. Штаб распрацаваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па разгортванні партыз. барацьбы, планаваў, арганізоўваў і кантраляваў баявую дзейнасць брыгад і атрадаў, вырашаў пытанні забеспячэння партызанаў сувяззю, зброяй і боепрыпасамі; арганізоўваў авіяперавозкі ваен. грузаў і асабовага складу; праводзіў эвакуацыю параненых у сав. тыл; кіраваў падрыхтоўкай і ўлікам партыз. кадраў. 14.11.1944 расфарміраваны. У в. Чонкі (Гомельскі р-н) у гонар БШПР пастаўлены помнік.
Літ.:
Калинин П.З. Партизанская республика. 3 изд. Мн., 1973;
Артемьев И.Н. В эфире партизаны. М., 1971;
Брюханов А.И. В штабе партизанского движения. Мн., 1980.
А.Л.Манаенкаў.
Мемарыяльная стэла ў гонар Беларускага штаба партызанскага руху ў в. Чонкі Гомельскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Białostockie),
у паўночна-ўсходняй Польшчы. На У мяжуе з Беларуссю. Пл. 10 055 км², нас. 695,2 тыс.чал. (1992). Адм. ц. — г.Беласток. Займае паўн.ч. Падляскай ніз., Беластоцкую раўніну і Саколкаўскае узв. (выш. да 238 м). На Пн і З катлавіна р. Бебжа (найб. абшары балотаў у Польшчы), на Пд — даліна р. Нараў. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -4,5 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 550—600 мм за год. Гал. рэкі — Буг, Нараў, Супрасль, Бебжа. Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя, бурыя, балотныя). Пад лесам больш за 30% тэрыторыі (найб. Кнышынская і Белавежская пушчы). Гаспадарка аграрна-прамысловая. Пад с.-г. ўгоддзямі 59% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, авёс, пшаніцу, ячмень. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, коней. Прам-сць: маш.-буд. (машыны с.-г., дарожныя, для лясной і харч. вытв-сці), тэкст., харч., дрэваапрацоўчая. Найб.прамысл. цэнтры: Беласток, Гайнаўка, Лапы, Бельск-Падляскі, Чарна-Беластоцкая, Саколка, Семятычы.
Утворана 2.8.1919, мела 12 паветаў: Астралэнцкі, Аўгустоўскі, Беластоцкі, Бельскі, Востраўскі, Высока-Мазавецкі, Кольнаўскі, Саколкаўскі, Сейнінскі, Сувалкаўскі і Шчучынскі (цэнтр г. Граева). 4.2.1921 у склад ваяводства перададзены яшчэ 3 паветы: Белавежскі (акрамя 4 гмін) Ваўкавыскі і Гродзенскі. Пл. 32,4 тыс.км², нас. 1643,5 тыс. ж (1931). У 1922—38 адбыліся новыя адм.-тэр. змены. У сувязі з уз’яднаннем Зах.Беларусі з БССР 4.12.1939 пераўтворана ў Беластоцкую вобласць. Адноўлена ў вер. 1944 у складзе Польшчы; тэр. Ваўкавыскага і Гродзенскага пав. засталася ў БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЧЫК (Варлен Леанідавіч) (25.6.1939, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на — 13.11.1985),
бел. крытык і літ.знавец. Канд.філал.н. (1974). Скончыў БДУ (1960). Настаўнічаў. У 1966—71 працаваў у рэдакцыях газ. «Літаратура і мастацтва» і час. «Нёман». З 1972 у Ін-це л-ры АНБеларусі, з 1981 нам.гал. рэдактара выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1959. Даследаваў бел. паэзію, сувязь л-ры з часам і жыццём, праблемы яе грамадзянскасці і мастацкасці, вышыні маральных крытэрыяў пры асэнсаванні рэчаіснасці, пытанні духоўнага багацця творчай асобы, паэт. майстэрства, культуры творчасці, асаблівасці творчых індывідуальнасцяў паэтаў розных пакаленняў (артыкулы пра Я.Купалу, М.Багдановіча, П.Панчанку, М.Танка, П.Броўку, У.Хадыку, А.Дудара, А.Пысіна, Н.Гілевіча, А.Вярцінскага, С.Гаўрусёва, Е.Лось, Р.Барадуліна, Я.Янішчыц, В.Зуёнка і інш.; зб-кіліт.-крыт. арт. «Свет жывы і блізкі», 1974; «Прад высокаю красою...», 1984, Літ. прэмія імя І.Мележа 1987; манаграфіі «Беларуская савецкая лірыка», 1979, з М.Ярошам; «Шлях да акіяна: Кніга пра паэзію Аркадзя Куляшова», 1981; кн. «Радзіме — радок і жыццё», 1986). Аналізаваў прозу В.Быкава, І.Пташнікава, А.Кудраўца, Я.Сіпакова, І.Хадановіча, М.Капыловіча і інш.Асн. пафас творчасці Бечыка, гал.эстэт. патрабаванні яго да л-ры — жыццёвасць, шчырасць, маральнасць, высокі маст. ўзровень. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Склаў зб. «Песні змагання, 1941—45: Вершы бел. паэтаў» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНЫ ЦЭНТР,
арганізацыя (установа, прадпрыемства або іх падраздзяленне), прызначаная для збору, захавання, апрацоўкі і выдачы інфармацыі, распрацоўкі і даследавання матэм. забеспячэння ЭВМ і інш. Адрозніваюць вылічальныя цэнтры як навук.-даследчыя ўстановы (НДВЦ), вылічальныя цэнтры калектыўнага карыстання (ВЦКК) і як падраздзяленні арг-цый (устаноў, н.-д. ін-таў, прадпрыемстваў ці іх аб’яднанняў, мін-ваў і ведамстваў).
Гал. задачы НДВЦ: распрацоўка алгарытмаў рашэння задач і сродкаў праграмнага забеспячэння іх рашэння, а таксама методык па арганізацыі выліч. работ і новых тэхналогій праграмавання; кансультацыі карыстальнікаў па метадах рашэння, праграмных сродках і інш. ВЦКК забяспечаны найб. магутнай вылічальнай тэхнікай, злучанай каналамі сувязі з карыстальнікамі; маюць вял. набор сродкаў праграмнага забеспячэння, машыннай графікі, размножвання матэрыялаў і дакументаў і інш. Вылічальныя цэнтры, што з’яўляюцца падраздзяленнямі ўстаноў, вядуць на ЭВМ апрацоўку неабходнай інфармацыі, алгарытмаў і Праграм (у т. л. для патрэб кіравання тэхнал. працэсамі; гл.Вылічальная сістэма).
На Беларусі вылічальныя цэнтры ствараюцца з 1959 у Ін-це матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН, БДУ, рэсп. Дзяржплане і Цэнтр. стат. упраўленні, НДІ сродкаў аўтаматызацыі, з-дах электронных выліч. машын, трактарным, аўтам. ліній і інш.Асн. тэматыкай была распрацоўка метадаў рашэння навук.-тэхн. задач механікі, фізікі, эканомікі, уліку і кіравання. Вылічальныя цэнтры сталі асновай аўтаматызаваных сістэм кіраваннятэхнал. працэсамі, прадпрыемствамі, галінамі вытв-сці і нар. гаспадаркі, аўтаматызаваных сістэм праектавання і канструявання і інш. Вылічальны цэнтр забяспечваецца сеткавымі камп’ютэрнымі і інфарм. тэхналогіямі, доступам да міжнар. сетак ЭВМ і вылічальных і інфарм. рэсурсаў буйных навук.-тэхн. цэнтраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ІНТЭГРА́ЛЬНАЯ СХЕ́МА,
інтэгральная схема з вялікай колькасцю схемных элементаў (высокай ступені інтэграцыі); асн. элементная база ЭВМ і радыёэлектронных сродкаў. Аналагавыя вялікія інтэгральныя схемы маюць да 800, лічбавыя — да некалькіх дзесяткаў тысяч элементаў. Звышвялікая інтэгральная схема мае на парадак большую ступень інтэграцыі. Вялікія інтэгральныя схемы забяспечваюць надзейнасць радыёэлектроннай тэхнікі, яе малыя габарыты і масу, нізкую спажываную магутнасць.
Асаблівасць вялікіх інтэгральных схем — малыя памеры яе элементаў і міжэлементных злучэнняў (да 1,2 мкм пры выкарыстанні фоталітаграфіі і менш за 1 мкм пры рэнтгенаўскай і электроннай літаграфіі); скарачэнне колькасці знешніх вывадаў для забеспячэння хуткадзеяння, напр. у аднакрышталёвых ЭВМ. Адрозніваюць вялікія інтэгральныя схемы цвердацельныя (маналітныя; бываюць на аснове структур метал-дыэлектрык-паўправаднік і біпалярных структур) і гібрыдныя (дыскрэтныя бяскорпусныя паўправадніковыя прыборы і інтэгральныя схемы размешчаны на плёначнай падложцы; маюць больш шырокі частотны дыяпазон у параўнанні з маналітнымі; недахопы — меншая шчыльнасць упакоўкі элементаў, меншая надзейнасць). Праектаванне і тэхнал. рэалізацыя вялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца пры дапамозе ЭВМ.
Вялікія інтэгральныя схемы выкарыстоўваюцца як запамінальныя прыстасаванні, аналага-лічбавыя і лічбавыя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, у мікрапрацэсарных камплектах і інш. На Беларусінавук. распрацоўкі і вытворчасць вялікіх інтэгральных схем і звышвялікіх інтэгральных схем ажыццяўляюцца ў навук.-вытв. аб’яднаннях «Інтэграл», «Карал», канцэрне «Планар», Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскім н.-д. прыладабудаўнічым ін-це, НДІ радыёматэрыялаў і інш.
Літ.:
Технология СБИС: Пер. с англ.Кн. 1—2. М., 1986;
Гурский Л.И., Степанец В.Я. Проектирование микросхем. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ЎНЫ САВЕ́Т РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы пастаянна дзеючы прадстаўнічы і заканадаўчы орган дзярж. улады ў Беларусі ў 1991—96. Валодаў вяршэнствам і паўнатой заканад. улады і ажыццяўляў яе ад імя народа ў межах і формах, вызначаных Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Складаўся з адной палаты (260 дэпутатаў). Дэпутаты выбіраліся грамадзянамі краіны на аснове ўсеагульнага выбарчага права тэрмінам на 5 гадоў (першыя выбары ў Вярх. Савет Беларускай ССР, які з’яўляўся прадстаўнічым і заканад. органам саюзнай рэспублікі да набыцця ёю самастойнасці, адбыліся ў 1938). Парадак дзейнасці Вярх. Савета, яго органаў і дэпутатаў вызначаўся Канстытуцыяй 1994, законам «Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь», а таксама Рэгламентам Вярх. Савета. Для арганізацыі работы Вярх. Савета выбіраліся Старшыня, яго намеснікі, ствараліся камісіі. Штогод праводзіліся веснавая і асенняя сесіі, пры неабходнасці — спец. і нечарговыя пасяджэнні. Да кампетэнцыі Вярх. Савета належала прыняцце Канстытуцыі і ўнясенне ў яе змяненняў і дапаўненняў, прыняцце законаў і пастаноў, кантроль за іх выкананнем, назначэнне чарговых выбараў дэпутатаў усіх узроўняў, выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, правядзенне рэсп. рэферэндумаў, вызначэнне асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, інш. пытанні. Выдаваў «Ведамасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь». Старшыні Вярх. Савета: М.І.Дземянцей (1990—91), С.С.Шушкевіч (1991—94), М.І.Грыб (1994—96), С.Г.Шарэцкі (з 10.1.1996 да 27.11.1996). Дзейнасць Вярх. Савета спынена 27.11.1996 у выніку праведзенага рэферэндуму і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), паводле якой функцыі былога вышэйшага прадстаўнічага органа адышлі да Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭНА́ЖНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для будавання і рамонту дрэнажу на асушальных і арашальных землях, тарфяных радовішчах. Выкарыстоўваюцца для пракладкі матэрыяльнага (дрэнаўкладчыкі), кротавага (кротадрэнажныя машыны, кратавальнікі) і шчыліннага (шчылінна-дрэнажныя машыны) дрэнажу. Бываюць траншэйныя, вузкатраншэйныя і бестраншэйныя; самаходныя, навясныя, прычапныя і паўпрычапныя; з актыўнымі (ланцуговыя многакаўшовыя, скрабалкавыя і ба́равыя, ротарныя многакаўшовыя і скрабалкавыя, фрэзерныя і шнэкавыя) і пасіўнымі (плужныя, нажавыя, кротавыя дрэнеры) рабочымі органамі.
Д.м. неперарыўнага дзеяння з актыўнымі рабочымі органамі выкарыстоўваюць для капання траншэй і ўкладкі дрэнажных труб, з пасіўным рабочым органам і аднакаўшовыя экскаватары — пры рабоце ў грунтах з валунамі. Плужным траншэекапальнікам наразаюць траншэі, потым іх дапрацоўваюць многакаўшовым экскаватарам і ўкладваюць трубы. Бестраншэйшыя Д.м. полым нажом (для прапускання дрэнажных труб) або V-падобным рэзальным інструментам ствараюць шчыліну, у якую прапускаюць дрэнажную трубу. Кротадрэнажныя машыны аснашчаны нажом з прымацаваным да яго дрэнерам. Ёсць машыны з актыўным дрэнерам, прыстасаваннем для ўтварэння дрэны выразаннем адпаведнага аб’ёму грунту. Шчылінна-дрэнажныя машыны з актыўным рабочым органам (дыскавай або вінтавой фрэзай, баравым ланцугом) і каткамі, якія закрываюць шчыліну, выкарыстоўваюць для работы на пністых тарфяніках. Машыны для фармавання труб са стужкі з адначасовай іх укладкай маюць трубафармавальны апарат, які фармуе трубы з вініпласту, поліпрапілену, поліэтылену і інш. матэрыялаў. Дрэнапрамыўныя машыны ачышчаюць дрэнажныя сістэмы (заглееныя трубы) патокам вады пад ціскам (да 100 ат). На Беларусі Д.м. выпускае Мазырскі завод меліярацыйных машын.
Літ.:
Гл. пры арт.Меліярацыйныя машыны.
А.Я.Вакар.
Дрэнажныя машыны: 1 — траншэйны дрэнаўкладчык ЭТЦ-406; 2 — бестраншэйны дрэнаўкладчык МД-12 (для зоны асушэння); 3 — дрэнапрамыўшчык ПДП-125.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,
дубнякі (Quercus),
група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр.ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСКРЭ́ТНАЯ МАТЭМА́ТЫКА,
раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці дыскрэтных структур (гл.Дыскрэтнасць). Частка Д.м., якая вывучае канечныя структуры (напр., канечныя групы, графы, машыны Цюрынга), наз.канечнай матэматыкай. У пашыраным сэнсе Д.м. падзяляецца на тэорыю лікаў, выліч. матэматыку, матэм. логіку, камбінаторны аналіз, а таксама новыя кірункі даследаванняў — тэорыю графаў, тэорыю кадзіравання, цэлалікавае праграмаванне, тэорыю аўтаматаў, раскладаў, ЭВМ, праграмавання і інш., у якіх аб’екты даследаванняў маюць дыскрэтны характар.
Элементы Д.м. ўзніклі ў глыбокай старажытнасці і развіваліся паралельна з інш. раздзеламі матэматыкі. Напр., тагачасныя тыповыя задачы, звязаныя з уласцівасцямі цэлых лікаў (вытокі лікаў тэорыі): адшуканне алгарытмаў складання і множання натуральных лікаў (Егіпет, 2-е тыс. да н.э.), задачы падсумавання і падзельнасці натуральных лікаў у піфагарэйскай школе (6 ст. да н.э.). На практыцы найчасцей адначасова прысутнічаюць уласцівасці неперарыўнасці і дыскрэтнасці, канечнасці і бясконцасці; пры рашэнні канкрэтных задач шырока выкарыстоўваецца прыём замены неперарыўнай мадэлі яе дыскрэтным аналагам. У Д.м. разам з пабудовай алгарытмаў рашэння асобных задач выяўляюцца пытанні алгарытмічнай вырашальнасці, ацэнкі вылічальнай складанасці алгарытмаў, выяўлення цяжкавырашальных задач і інш.
На Беларусі даследаванні па пытаннях Д.м. распачаты ў канцы 1950-х г. па ініцыятыве акад. Дз.А.Супруненкі і вядуцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН і БДУ.
Літ.:
Яблонский С.В. Введение в дискретную математику. М., 1979;
Рейнгольд Э., Нивергельт Ю.;
Део Н. Комбинаторные алгоритмы: Теория и практика: Пер. с англ.М., 1980;
Пападимитриу Х.Х., Стайглиц К. Комбинаторная оптимизация: Алгоритмы и сложность: Пер. с англ.М., 1985.