САЮ́З КАМУНІ́СТАЎ,

першая міжнар. камуніст. арг-цыя, якая нелегальна існавала ў сярэдзіне 19 ст.; папярэднік Інтэрнацыянала 1-га. Засн. ў Лондане 2—9.6.1847 Ф.​Энгельсам, В.​Вольфам і інш. на кангрэсе «Саюза справядлівых», рэарганізаванага ў С.к. Стаў цэнтрам прапаганды марксізму, барацьбы К.​Маркса і Энгельса супраць утапічнага сацыялізму і сектанцтва (выключаны прыхільнікі В.​Вейтлінга). Паводле статута (прыняты на 2-м кангрэсе ў Лондане 29.11—8.12.1847) гал. мэта саюза — звяржэнне панавання буржуазіі, усталяванне ўлады пралетарыяту, заснаванне грамадства без класаў і прыватнай уласнасці. Дэвіз арг-цыі — прапанаваны Марксам заклік «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» (замест б. дэвіза «Саюза справядлівых» «Усе людзі — браты!»), праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі», напісаны Марксам і Энгельсам у пач. 1848.

Будаваўся на прынцыпах выбарнасці кіраўнікоў у спалучэнні з цэнтралізмам. Пярвічныя арг-цыі (абшчыны) аб’ядноўваліся ў акругі на чале з акруговымі к-тамі. Вярх. орган — кангрэс, паміж кангрэсамі выканаўчую ўладу ажыццяўляў ЦК. Налічваў каля 400 чл., пераважна ням. рабочых-эмігрантаў. Апіраўся на легальныя рабочыя т-вы і асацыяцыі ў Бруселі, Лондане, Парыжы, Германіі і Швейцарыі. Кантактаваў з англ. чартыстамі (гл. Чартызм) і франц. бланкістамі (гл. ў арт. Бланкі Л.А.). Яго члены ўдзельнічалі ў агульнаеўрап. рэвалюцыі 1848—49. Распушчаны згодна з прапановай Маркса пасля інспіраванага прускімі ўладамі працэсу супраць камуністаў у г. Кёльн (Германія, 1852).

Літ.:

Союз коммунистов — предшественник I Интернационала. М., 1964;

Союз коммунистов, 1836—1849: Сб. док. М., 1977.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 14, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦЯ́НСКІ ПАВЕ́Т Утвораны ў 1795 на тэр. паўн.-зах. часткі былога Ашмянскага пав. ВКЛ, далучанай да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Да 1842 наз. Завілейскім пав. Уваходзіў у Віленскую губ., з 12.12.1796 — у Літоўскую, з 9.9.1801 — зноў у Віленскую. Цэнтр — г. Свянцяны. Пл. каля 4,8 тыс. км², з іх каля 22% займалі ворныя землі, 32% — лясы. З 1861 падзяляўся на 22 воласці, з якіх 6 знаходзіліся на тэр. сучаснай Літоўскай Рэспублікі, а 16 — цалкам ці часткова на тэр. Беларусі (Аляксандраўская, Вішнеўская, Войстамская, Гадуцішская, Дубатоўская, Занарацкая, Кабыльніцкая, Кукуцішская, Камайская, Кемелішская, Лынгмянская, Лынтупская, Нястанішская, Свірская, Шэметаўская, Ясеўская). Насельніцтва на 1880 было 145,5 тыс. чал. (без г. Свянцяны), з іх 5,2 тыс. дваран, 13,3 тыс. мяшчан, 123,3 тыс. сялян, 3,3 тыс. ваеннаслужачых. Паводле канфесіянальнага складу — 122,4 тыс. католікаў, 13,1 тыс. праваслаўных, 5,4 тыс. старавераў, 4 тыс. іудзеяў. Мелася 1741 паселішча, 1067 тыс. двароў. У 1915 заняты германскімі, з вясны 1919 польскімі войскамі, уключаны ў Віленскую акругу. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 застаўся ў складзе Польскай Рэспублікі. З 22.12.1925 С.п. у складзе Віленскага ваяв. У 1930-я г. складаўся з 15 гмін. У вер. 1939 С.п. заняты Чырв. Арміяй, 2.11.1939 далучаны да БССР і ўключаны ў Вілейскую вобл., 15.1.1940 скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Гадуцішскі, Свянцянскі і Свірскі р-ны (гл. адпаведныя арт.).

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЕ́НСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (паўд.-слав. група); мова славенцаў; афіц. мова Славеніі. Пашырана ў Італіі, Аўстрыі, ЗША. Мае 49 дыялектаў, якія аб’ядноўваюцца ў 7 дыялектных груп: панонская, штырыйская, карынтыйская, верхнекраінская («гарэньская»), ніжнекраінская («даленьская»), роўтарская, прыморская; да ліку цікавых і арыгінальных належыць дыялект Рэзіі на тэр. Італіі, на базе якога ёсць спробы стварыць літ. мікрамову. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — складаная сістэма галосных, дзе проціпастаўляюцца доўгія і кароткія гукі, якія дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад націску; спецыфічны поўнагалосны е, э (транскрыбіруецца як перавернутае е: ә) неўласцівы інш. сучасным мовам, але падобны да праслав. рэдукаванага; у марфалогіі — шмат архаічных рысаў, у т. л. разгорнутая сістэма скланення, дзе захаваліся формы падвойнага ліку; форма супіна ў дзеясловаў, якая перадае намер што-небудзь зрабіць; некат. формы прошлага часу (перфект, плюсквамперфект) і інш. На дыялектным узроўні выяўляюцца шматлікія супадзенні паміж значнымі масівамі і асобнымі групамі славенскіх і бел. гаворак: пераход ненаціскнога o у a, пераход l у u і інш.

Пісьменства з 10—11 ст. (Фрэйзінгенскія ўрыўкі). Пачатак літ. С.м. звязаны з пратэстантызмам, дзейнасцю Прымажа Трубара, які перакладаў богаслужэбныя кнігі на даленьскі дыялект (аснова літ. мовы). Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Мечковская Н.Б. Словенский язык. Мн., 1991;

Цыхун Г. Аб славенска-беларускіх моўных сыходжаннях // III. Nemzetkōzi szlavisztikai napok. Szombathely, 1988;

Яго ж. Да беларуска-славенскіх дачыненняў (гістарычна-моўная праблематыка) // Беларуская мова: шляхі развіцця, кантакты, перспектывы. Мн., 2001.

Г.​А.​Цыхун.

т. 14, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІКІ, даўганосікі (Curculionidae),

сямейства падатр. разнаедных жукоў. 2 аддзелы: даўгахобатныя (Phanerognatha; найб. старажытныя паявіліся ў раннім мезазоі), караткахобатныя (Adelognatha; узніклі ў сярэдзіне мезазою). Да 45 тыс. відаў. Трапляюцца на раслінах, у гнілой драўніне, каля вады. На Беларусі 395 відаў, пераважаюць даўгахобатныя; найб. распаўсюджаны: бураковы даўганосік, свірнавы даўганосік, канюшынавы семяед (Apion apricans), скрытнахобатнік каранёвы капусны (Ceutorrhynchus pleurostigma), С. клубеньчыкавы (Sitona), а таксама кветаеды — яблыневы (Anthonomus pomorum), малінавы (A. rubi); у лясах С. вял. хваёвы (Hylobius abietis), смалёўка хваёвая (Pissodes pini), пладажыл арэхавы (Curculio nucum).

Даўж. ад некалькіх да 60 мм (у тропіках). Цела — ад шара- да палачкападобнай формы, укрытае валаскамі або лусачкамі, якія ўтвараюць стракаты малюнак. Галава выцягнута ў галаватрубку, на канцы якой грызучыя ротавыя органы. У даўгахобатных С. галаватрубка даўжэйшая за галаву, іншы раз за ўсё цела, тонкая, часта патончаная на канцы. У караткахобатных С. галаватрубка не даўжэйшая за асн. ч. галавы, амаль заўсёды простая, не патончаная на канцы. Крылы ў большасці добра развітыя, многія караткахобатныя С. іх не маюць. Лічынкі бязногія, белыя, укрытыя рэдкімі валасамі, з жоўта-карычневай галавой і грызучымі сківіцамі. Жукі і іх лічынкі кормяцца травяністымі і дрэвава-кустовымі раслінамі. Шкоднікі многіх культур, расл. прадуктаў і тэхн. драўніны.

Да арт. Слонікі: 1 — семяед канюшынавы; 2 — слонік паласаты; 3 — слонік шэры бураковы; 4 — слонік вялікі хваёвы; 5 — кветаед яблыневы; 6 — смалёўка хваёвая; 7 — скрытнахобатнік каранёвы капусны; 8 — кветаед малінавы.

т. 15, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЖ КРЭСО́ВА, Таварыства стражы крэсовай (Straż Kresowa, Towarzystwo Straży Kresowej),

грамадска-паліт. арг-цыя ў 1920-я г., створаная з мэтай абароны польскіх інтарэсаў на «крэсах усходніх» (усх. ускраінах). Узнікла ў лют. 1918 у сувязі з перадачай герм. ваен. адміністрацыяй тэр. Холмшчыны Украіне. Ставіла за мэту адраджэнне польскага паліт., гасп. і культ. жыцця на тэр. «крэсаў» праз стварэнне на месцах польскіх грамадска-гасп. арг-цый: кааператываў, с.-г. і культ.-асв. гурткоў, маладзёжных аб’яднанняў і інш. Кіруючымі органамі С.к. з’яўляліся выканаўчы к-т і кіруючая рада. Атрымлівала крэдыты ад урада. З крас. 1919 дзейнічала на Беларусі, дзе былі створаны Беластоцкая, Брэсцкая, Віленская, Гродзенская і Мінская акр. У кастр. 1919 па ініцыятыве С.к. арганізаваны Часовы к-т адбудовы ўсх. зямель. У час польска-сав. вайны 1919—20 летам 1920 дапамагала арганізаваць полк імя караля Стафана Баторыя ў польскім войску. Удзельнічала ў правядзенні перапісу насельніцтва 1921 у Зах. Беларусі і ў падрыхтоўцы плебісцыту 1922 у Сярэдняй Літве. Фармальна выступала за аб’яднанне зямель б. ВКЛ з Польшчай на прынцыпах канфедэрацыі, фактычна была прыхільніцай інкарпарацыі бел., укр. і літ. зямель польскай дзяржавай. Падвяргалася вострай крытыцы з боку бел. нац. арг-цый як сродак урадавай палітыкі паланізацыі. Пасля ўсталявання ўстойлівай усх. мяжы Польшчы ў 1921—22 дзейнасць С.к. паступова заняпала. У 1927 канчаткова спыніла існаванне, хоць афіцыйна не была скасавана.

А.​М.​Чарнякевіч.

т. 15, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБТРАПІ́ЧНЫЯ ПАЯСЫ́, субтропікі,

прыродныя геагр. паясы ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях Зямлі паміж трапічнымі паясамі і ўмеранымі паясамі. Размешчаны ў межах 30—40° паўн. і паўд. ш. Характарызуюцца чаргаваннем тэрмічных рэжымаў па паўгоддзях, перавагай трапічных пасатных паветраных мас летам і цыкланальнай цыркуляцыі ўмеранага пояса зімой, радыяцыйным балансам 70—100 ккал/см² за год. Пераважае субтрапічны клімат. Сярэднемесячныя т-ры паветра летам 20 °C і больш, зімой 4 °C і больш, што дазваляе бесперапынную вегетацыю раслін. Зімой магчымы замаразкі і невял. маразы (да -10 °C). На сушы С.п. колькасць ападкаў і кантынентальнасць клімату мяняюцца ад прыакіянічных раёнаў да ўнутрымацерыковых, што вызначае ландшафтныя адрозненні ў фарміраванні прыродных зон. На кожным з мацерыкоў у С.п. вылучаюцца 3 асн. сектары: зах. прыакіянічны (міжземнаморскі) з сухім летам і вільготнай зімой; унутрыкантынент. з бедным увільгатненнем; усх. прыакіянічны (мусонны) з багатым летнім увільгатненнем. Глебы і расліннасць мяняюцца ад вільготных вечназялёных і шыракалістых лясоў на чырваназёмах і жаўтазёмах да мусонных і цвердалістых лясоў, хмызнякоў і субтрапічных стэпаў на карычневых і шэра-карычневых глебах, ксерафітных рэдкалессяў, паўпустынь і пустынь на шэра-бурых глебах і шэразёмах. Тэрыторыя С.п. здаўна гаспадарча асвоена: лясы моцна зведзены, вял. плошчы займаюць ворныя землі і плантацыі (вырошчваюць рыс, бавоўнік, чай, цытрусавыя, арахіс і інш.). Акіян у межах С.п. адрозніваецца высокай т-рай (у сярэднім 15—16 °C) і салёнасцю вады, нязначнай колькасцю прамысл. рыб.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУКУ́ПНЫ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ,

сума матэрыяльных даброт, створаных ва ўсіх галінах матэрыяльнай вытв-сці за пэўны прамежак часу (звычайна за год). Тэарэт. аснову С.г.п. складае марксісцкая тэорыя аб прадукцыйнай і непрадукцыйнай працы, адпаведна якой прадукт ствараецца толькі працай у сферы матэрыяльнай вытворчасці. Паводле формы і прызначэння С.г.п. падзяляецца на сродкі вытворчасці і прадметы спажывання, па вартасці — на вартасць зрасходаваных сродкаў вытв-сці, вартасць неабходнага прадукту, вартасць прыбавачнага прадукту. Паводле гэтай канцэпцыі вартасць зрасходаваных сродкаў вытв-сці прызначаецца для пакрыцця зношаных (ужытых) сродкаў вытв-сці (фонд амартызацыі) і аднаўлення абаротных сродкаў (фонд матэрыяльных затрат); вартасць неабходнага прадукту — для ўзнаўлення рабочай сілы (заработная плата, грамадскія фонды спажывання работнікаў матэрыяльнай вытв-сці), вартасць прыбавачнага прадукту — для стварэння грамадскіх фондаў спажывання астатніх пластоў насельніцтва (невытв. сац. сферы) і на расшырэнне вытв-сці (накапленне). Такім чынам, у працэсе спажывання С.г.п. падзяляецца на фонды пакрыцця, спажывання і накаплення. У цэлым гэты паказчык адлюстроўваў агульны малюнак развіцця матэрыяльнай вытв-сці. Але шэраг недахопаў у методыцы яго разлікаў (паўторнае лічэнне, неўключэнне ў сукупны прадукт паслуг невытв. сферы і інш.) скажалі эканам. паказчыкі, ускладнялі іх параўнанне з паказчыкамі інш. краін. На Беларусі з пач. 1990-х г. пры аналізе вынікаў развіцця эканомікі ўжываюцца прынятыя ў міжнар. практыцы паказчыкі валавога ўнутранага прадукту і валавога нацыянальнага прадукту, якія разлічваюцца па сукупнай вартасці канчатковай прадукцыі.

М.​І.​Платніцкі.

т. 15, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́ЛА Луцый Карнелій (Lucius Cornelius Sulla; 138—78 да н.э.),

старажытнарымскі ваен. і паліт. дзеяч. Вызначыўся ў Югурцінскай вайне (111—105 да н.э.), узяў у палон цара Нумідыі Югурту. У 104—102 да н.э. ўдзельнічаў у вайне з тэўтонамі і кімврамі. У 93 да н.э. прэтар, у 92 да н.э. прапрэтар Кілікіі. Легат і ваен. трыбун у Саюзніцкай вайне 90—88 да н.э., консул і галоўнакамандуючы ў вайне супраць Мітрыдата VI Еўпатара. Адхілены ад гэтай пасады на карысць Марыя, рушыў свае войскі на Рым, авалодаў ім і аднавіў уладу аптыматаў. Пераправіўшыся ў Грэцыю, захапіў Афіны, разбіў пантыйскія войскі і заключыў мір з Мітрыдатам VI Еўпатарам, абклаў кантрыбуцыяй правінцыю Азія. У 83 да н.э. высадзіўся ў Італіі, разбіў войскі папуляраў (марыянцаў) і абвясціў сябе дыктатарам. Яго дыктатура суправаджалася тэрорам: ахвярамі сталі каля 4,7 тыс. рым. грамадзян, вынішчаны цэлыя плямёны (самніты, этрускі). С. абапіраўся на ветэранаў, якіх адорваў зямельнымі надзеламі, дзярж. пасадамі, у т. л. месцамі ў сенаце. Дыктатура С. была скіравана на ўмацаванне ўлады сенацкай алігархіі. У 79 да н.э. С. склаў паўнамоцтвы дыктатара. Аўтар «Мемуараў» (не захаваліся).

Літ.:

Утченко С.Л. Древний Рим: События. Люди. Идеи. М., 1969;

Плутарх. Избранные жизнеописания. Мн., 1998;

Инар Ф. Сулла: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1997.

А.​Г.​Зельскі.

Выява Луцыя Карнелія Сулы на дэнарыі. 63—62 да н.э.

т. 15, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЎЦІВІ́Л (?—1264),

адзін з літоўскіх князёў, князь полацкі. Пляменнік Міндоўга, верагодна, сын яго старэйшага брата Даўспрунка. Каля 1249 Міндоўг накіраваў Т. і яго брата Эдзівіла ў паход на Смаленскае княства, а сам захапіў іх вотчыны і арганізаваў няўдалую спробу іх забойства. Т. уцёк у Галіцка-Валынскае княства, а потым у Рыгу, дзе прыняў хрышчэнне ў каталіцтва. Паліт. праціўнікі Міндоўга — галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн, рыжскі арцыбіскуп і князь Жамойці Выкінт (дзядзька Т. па маці) — падтрымалі Т. як прэтэндэнта на пасад вял. князя ВКЛ і аказалі яму ўзбр. дапамогу. Аднак нанесці Міндоўгу ваеннае паражэнне не ўдалося. Пасля хрышчэння Міндоўга ў каталіцтва ў 1253 накіраваная супраць яго кааліцыя на чале з Т. распалася. Пэўны час Т. заставаўся ў Галіцка-Валынскім княстве і ў 1253 удзельнічаў у паходзе Данілы Галіцкага ў Чэхію. Пазней ён, верагодна, прымірыўся з Міндоўгам. Магчыма, ужо ў 1258 Т. быў полацкім князем і ўдзельнічаў у сумесным паходзе палачан і літоўцаў на Смаленскую зямлю і Таржок, але яго імя ў сувязі з гэтымі падзеямі не згадваецца. У час татарскага паходу на Літву зімой 1258—59 дзейнічаў разам з сынам Міндоўга Войшалкам супраць Данілы Раманавіча, саюзніка татар. У 1262 Т. згадваецца як князь полацкі. Верагодна, ён быў адным з арганізатараў забойства Міндоўга ў 1263. Неўзабаве паміж Т. і пераемнікам Міндоўга Транятам пачалася барацьба за ўладу, у выніку якой Т. быў забіты.

В.​Л.​Насевіч.

т. 15, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАНСФАРМА́ТАРНАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,

электрычная ўстаноўка для павышэння ці паніжэння напружання пераменнага току і размеркавання электраэнергіі паміж спажыўцамі. Складаецца з трансфарматараў, размеркавальных устройстваў. апаратуры рэлейнай аховы, аўтаматычнага кіравання, дапаможнага абсталявання.

Бываюць павышальныя (звычайна на электрастанцыях), на якіх генератарнае (ніжэйшае, да 24 кВ) напружанне пераўтвараецца ў больш высокае (110—750 кВ) для перадачы на далёкую адлегласць па лініях электраперадачы, і паніжальныя, на якіх высокае напружанне электрычнай сеткі паніжаецца (да 35, 10, 6 і 0,4 кВ) для размеркавання электраэнергіі паміж спажыўцамі. Паніжальныя Т.п. бываюць раённыя (забяспечваюць электраэнергіяй гал. паніжальныя падстанцыі, буйныя прамысл., гарадскія і с.-г. раёны) і мясцовыя (цэхавыя; служаць для электразабеспячэння асобных прадпрыемстваў, цэхаў, раёнаў горада, вёсак і інш.). Т.п. будуюць адкрытыя (па-за будынкам) і закрытыя (у памяшканнях). Шырока выкарыстоўваюцца адкрытыя і закрытыя камплектныя Т.п., у якіх абсталяванне размешчана ў метал. каркасах або шафах; ад іх сілкуюцца невял. прамысловыя і камунальныя прадпрыемствы, грамадскія і адм. будынкі, буд. пляцоўкі, с.-г. спажыўцы.

На Беларусі Мінскі электратэхн. з-д з 1957 выпускае камплектныя Т.п. для сілкавання с.-г. спажыўцоў, тэрмаапрацоўкі бетону і грунту, сілкавання помпаў і станкоў-качалак пры здабычы нафты і інш.

У.​М.​Сацута.

Схема трансфарматарнай падстанцыі КТП 35/0,4 кВ магутнасцю 400 кВ∙А: 1 — размеркавальны шчыт 0,4 кВ; 2 — паветраны ўвод ЛЭП 0,4 кВ; 3 — засцерагальнік; 4 — увод ЛЭП 35 кВ; 5 — вентыльны разраднік; 6 — сілавы трансфарматар.

т. 15, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)