ГАНДБО́Л (англ. hand-ball ад hand рука + ball мяч),

ручны мяч, спартыўная камандная гульня з мячом. Існуюць 2 разнавіднасці гандбола: 7 × 7 і 11 × 11 (па 7 і па 11 чалавек у камандах). Міжнар. прызнанне атрымаў гандбол 7 × 7 (зарадзіўся ў Даніі ў 1898, правілы распрацаваў Х.​Нельсен). Гуляюць у зале на пляцоўцы 40 × 20 м. Перадаючы рукамі мяч партнёрам, спартсмены імкнуцца закінуць яго ў вароты саперніка, якія абараняе варатар. Пры гэтым спартсмены не маюць права знаходзіцца бліжэй 6-метровай зоны перад варотамі. Гульня доўжыцца 2 таймы па 30 мін (у жанчын — па 25 мін). Пры парушэнні правіл гульні мяч перадаецца саперніку, грубыя парушэнні караюцца 7-метровым штрафным кідком (пенальці) і выдаленнем парушальніка на 2 мін. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1938 (мужчыны) і з 1956 (жанчыны), у праграме Алімпійскіх гульняў гандбола з 1972 (мужчыны) і з 1976 (жанчыны). З 1946 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гандбола (ІГФ).

На Беларусі развіваецца з канца 1950-х г. Чэмпіянаты Беларусі праводзяцца з 1961. Мінскі гандбольны клуб СКА (спарт. клуб арміі, трэнер С.Мірановіч) — чэмпіён СССР 1981, 1984—16, 1988, 1989, уладальнік Кубка еўрап. чэмпіёнаў 1987, 1989, 1990, Кубка ўладальнікаў кубкаў еўрап. краін 1983 і 1988, Суперкубка 1989. Алімпійскімі чэмпіёнамі сталі бел. гандбалісты А.​Каршакевіч, Г.​Свірыдзенка, А.​Тучкін, К.​Шаравараў, Ю.​Швяцоў (1988), А.​Барбашынскі, А.​Мінеўскі, М.​Якімовіч (1992).

М.​А.​Дубіцкі, Г.​К.​Кісялёў.

Да арт. Гандбол.

т. 5, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДКА,

агульная назва нар. духавых муз. інструментаў флейтавага тыпу на Беларусі, Украіне, у Расіі. Падобныя інструменты вядомы з глыбокай старажытнасці ў многіх народаў свету пад рознымі назвамі. Мае выгляд трубкі даўж. 20—30 см з адной свістковай і 5—8 (найчасцей 6) бакавымі ігравымі адтулінамі; у верхні канец трубкі ўстаўлена свістковае прыстасаванне. Бываюць Д. даўж. да 100 см без бакавых адтулін. Вырабляюцца са ствалоў дрэў розных парод (хвоя, клён, крушына, арэшнік і інш.), кары вярбы і лазы, у апошні час з алюмінію. Маюць мяккі, пяшчотны гук разнастайнай афарбоўкі і сілы ў розных рэгістрах, значныя кантыленныя і тэхн. магчымасці.

На тэр. Беларусі Д. вядома з 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. (паводле даных археал. раскопак і літ. помнікаў). У этнагр. працах 19—1-й пал. 20 ст. адзначана выкарыстанне Д. ў некат. каляндарна-земляробчых і сямейных абрадах, на гулянках і бяседах. Пра Д. складзены загадкі, казкі, песні; у прафес. паэзіі яна побач з інш. нар. інструментамі выступае як сімвал паэт. душы народа («Мая дужа» Ф.​Багушэвіча). У наш час сустракаецца на ўсёй тэр. Беларусі, на ёй іграюць нар. музыканты, Д. ўведзена ў многія прафес. і самадз. творчыя калектывы, ансамблі і аркестры. Навучанне ігры на Д. існуе ў Бел. ун-це культуры.

Літ.:

Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Самозвучащие, ударные, духовые. Мн., 1979.

І.​Дз.​Назіна.

Дудкі.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУШКЕ́ВІЧ (Інэса Анатолеўна) (н. 24.6.1959, Мінск),

бел. артыстка балета. Нар. арт. Беларусі (1991). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1977). З 1977 салістка Нац. акад. т-ра балета Беларусі.

Творчай індывідуальнасці Д. уласцівы шырокі акцёрскі дыяпазон, спалучэнне тэхн. віртуознасці з вял. пластычнай экспрэсіяй. Творчая вяршыня — партыя Рагнеды («Страсці» А.​Мдывані; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), пазначаная магутным трагедыйным гучаннем. Сярод інш. вобразаў у класічных і сучасных балетах: Адэта—Адылія, Маша, Аўрора («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Сільфіда («Сільфіда» Х.​Левенскольда), Нікія і Кітры («Цені» і «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Марыя і Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Ундзіна («Ундзіна» Г.​Генцэ), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына), Ева («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Фрыгія («Спартак» А.​Хачатурана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Каханая і Распусніца (вакальна-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа), Дзяўчына («Балеро» М.​Равеля), Дзева-выбранніца («Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага). Здымалася ў тэлеварыянтах спектакляў «Карміна Бурана», «Рамэо і Джульета», тэлефільме «Вяртанне вясны...». Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу артыстаў балета (Масква, 1984). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 147—151;

Мушынская Т. «Лебедзь белы, лебедзь чорны...» // Беларусь. 1984. № 10;

Яе ж. Мой лёс, мая любоў... // Мастацтва Беларусі. 1985. № 10;

Яе ж. Трохі пра вечнае // Там жа. 1993. № 1.

Т.​М.​Мушынская.

І.А.Душкевіч.
І.Душкевіч у ролі Ундзіны.
І.Душкевіч у ролі Фрыгіі.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. dogma (dogmatos) думка, вучэнне],

некрытычны, аднабаковы тып мыслення, пры якім у ацэнцы і разуменні рэалій не ўлічваюцца спецыфічныя ўмовы месца, часу, дзеяння або ён абапіраецца на адвольныя, бяздоказныя, прадузятыя пабудовы і канструкцыі. Усе ісціны трактуе як абсалюты. Тэрмін «дагматызм» уведзены стараж.-грэч. філосафамі-скептыкамі Піронам і Зянонам. І.​Кант лічыў дагматызмам усякае пазнанне, якое не заснавана на папярэднім даследаванні яго магчымасцей і перадумоў. У філасофіі Г.​Гегеля дагматызм — метафізічнае абстрактнае мысленне, якое не выкарыстоўвае дыялектычны розум як творчы патэнцыял інтэлекту чалавека. Дагматычнае мысленне ўласціва моцна псіхалагізаваным сістэмам уздзеяння на чалавека (рэлігія, паліт. ідэалогія, мараль, і інш.). У навук. і філас. мысленні дагматызм выяўляецца ў прыхільнасці да выкарыстання адназначна інтэрпрэтаваных фактаў і эмпірычных законаў: у захапленні абстракцыямі, схематызмам і фармалізмам, у ігнараванні ўзаемасувязей паміж формамі ведаў і культуры. Дагматычнае выкарыстанне сістэм ведаў праяўляецца ў іх абсалютызацыі, абрастанні культамі ў духу дактрынёрства і аўтарытарызму, у адмаўленні іншадумства, непрымірымасці да інш. поглядаў. Дагматызм у пачуццях, пазнанні і дзеяннях абумоўлены таксама псіхічнай патрэбай у адэкватнай апоры, у ачалавечванні свету, што суправаджаецца стварэннем культаў, куміраў і ідалаў, падпарадкаваннем моцнай уладзе, надзейнаму, прывычнаму і блізкаму для чалавека парадку. У процілегласць дагматызму творчы падыход патрабуе свядомых, мэтанакіраваных адносін чалавека да аб’ектыўнай рэальнасці, свабоднага крытычнага аналізу зыходных мэт і праграм дзейнасці людзей, дзяржавы і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін.

А.​В.​Ягораў.

т. 5, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАЦЦА́ТЫ З’ЕЗД КПСС.

Адбыўся 14—25.2.1956 у Маскве; 1349 дэлегатаў з рашаючым і 81 з дарадчым голасам прадстаўлялі 6 795 896 чл. і 419 609 канд. у чл. партыі. На з’ездзе прысутнічалі прадстаўнікі камуніст. і рабочых партый 55 краін свету. Парадак дня: даклады аб рабоце ЦК КПСС, Цэнтр. рэвіз. камісіі, дырэктывы XX з’езда КПСС па 6-м пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1956—60; выбары цэнтр. органаў партыі. На закрытым пасяджэнні з’езд заслухаў даклад М.​С.​Хрушчова «Аб кульце асобы і яго выніках». З’езд падвёў вынікі 5-й пяцігодкі (1951—55), адобрыў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК КПСС, прааналізаваў міжнар. і ўнутр. становішча СССР, вызначыў задачы па разгортванні камуніст. буд-ва ў краіне і інш. У матэрыялах з’езда развіты найважнейшыя тэарэт. пытанні сучаснасці: пра мірнае суіснаванне дзяржаў з розным сац. ладам, пра магчымасць недапушчэння сусв. вайны, пра формы пераходу розных краін да сацыялізму і інш. З’езд даручыў ЦК КПСС выпрацаваць праект новай Праграмы партыі, унёс змены ў Статут партыі. З’езд разгледзеў пытанне аб пераадоленні культу асобы Сталіна, ліквідацыі яго шкодніцкіх вынікаў ва ўсіх галінах парт., дзярж. і ідэалаг. работы, даручыў ЦК строга прытрымлівацца нормаў парт. жыцця і прынцыпаў калектыўнасці кіраўніцтва. У адпаведнасці з рашэннямі з’езда 30.6.1956 ЦК КПСС прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў».

Літ.:

XX съезд КПСС: Стеногр. отчет. Т. 1—2. М., 1956.

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЦКІ (Радзім Гаўрылавіч) (н. 7.12.1928, Мінск),

бел. геолаг, грамадскі дзеяч; заснавальнік бел. школы тэктаністаў. Акад. АН Беларусі (1977, чл.-кар. 1972), д-р геолага-мінералагічных н. (1969), праф. (1980). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Замежны чл. Расійскай АН (1994). Чл. Амер. геафіз. саюза (1993). Сын Г.І.Гарэцкага. Скончыў Маскоўскую акадэмію нафты і газу (1952). Працаваў у геал. ін-це АН СССР (Масква). З 1971 у Ін-це геал. навук АН Беларусі: заг. лабараторыі, у 1972—93 дырэктар, з 1995 ганаровы дырэктар. У 1992—97 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі. З 1995 заг. кафедры БДУ. Навук. працы па тэктоніцы маладых і стараж. платформаў Еўразіі, геадынаміцы, стратыграфіі, палеагеаграфіі, геафізіцы, геалогіі нафтагазаносных басейнаў і інш. тэр. Казахстана, Сярэдняй Азіі, Беларусі, Прыбалтыкі, Зах. Еўропы. Адкрыў Базайскае радовішча газу ў Зах. Казахстане. Адзін са стваральнікаў тэктанічных картаў Еўразіі (1966), Беларусі (1976), міжнар. Паўд.-Зах. краю Усх.-Еўрап. платформы (1986). Прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Старшыня Бел. геал. т-ва. Гал. рэдактар часопіса «Літасфера». Дзярж. прэмія СССР 1969. Дзярж. прэмія Беларусі 1978. Яго імем названы некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў.

Тв.:

Тектоника Туранской плиты. М., 1966 (у сааўт);

Тектоника Евразии. М., 1966 (у сааўт.);

Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972 (у сааўт.);

Тектоника Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);

Тектоника запада Восточно-Европейской платформы. Мн., 1990 (у сааўт.).

Літ.:

Р.​Г.​Гарецкий: Биобиблиогр. указ. Мн., 1988.

Т.​В.​Якубоўская.

Р.Г.Гарэцкі.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАЧА́НІКАЎ (Анатоль Сямёнавіч) (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),

бел. паэт. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.​Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).

Тв.:

Калі далёка ты... Мн., 1979;

Я вас люблю... Мн., 1986;

Выбранае. Мн., 1988.

Літ.:

Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;

Лойка А. Паэзія і час. Мн., 1981;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;

Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.

І.​У.​Саламевіч.

А.С.Грачанікаў.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІКЕБА́НА (яп. — ажыўленыя кветкі, кветкі, што прачнуліся да жыцця),

мастацтва складання букетаў у Японіі; букет, састаўлены па законах І. Складаецца з трох асн. кампанентаў: прыроднага матэрыялу (кветкі, лісце і інш.), вазы і кендзана (прылады для ўмацавання сцябла і надання яму патрэбнага стану). Кампазіцыю вызначаюць 3 асн. галіны (або кветкі), якія маюць сімвалічны сэнс: высокая (сін) — неба, сярэдняя (сое) — чалавек, ніжняя (хікае) — зямля; пярэдні, сярэдні і задні планы адпавядаюць напрамкам свету і порам года. Гал. эстэт. прынцып І. — вытанчаная прастата, якая дасягаецца выяўленнем натуральнай прыгажосці матэрыялу.

Элементы І. вядомы ў Японіі здаўна як традыцыя ахвяравання кветак продкам і духам. Мастацтва састаўлення кампазіцый прыйшло ў 6 ст. з Індыі праз пасрэдніцтва кітайскіх будыйскіх місіянераў і першапачаткова выкарыстоўвалася як ахвярапрынашэнне да статуі Буды. У 7 ст. заснавана першая школа «ікеноба». З пашырэннем дзэнбудызму пры самурайскіх дынастыях І. пачалі выкарыстоўваць для аздаблення храмаў і палацаў, з 15 ст. — частка рытуалу «чайнай цырымоніі», важны элемент нац. яп. культуры. І., што размяшчаецца ў спец. нішы ў сцяне дома — таканома — стварае яркі дэкар. эфект і з’яўляецца эмацыянальнай дамінантай інтэр’ера. Існуе шэраг кірункаў І.: рыка («кветкі стаяць») — буйнамаштабныя кампазіцыі, што сімвалізуюць ландшафты; сэйка («стыль жывых кветак») вылучаецца асіметрыяй і дынамікай; марыбана («нагрувашчванне») — кампазіцыі ў плоскіх вазах; дзіюгата («свабодны стыль»), дзінэй («авангардны стыль») і інш. У 1956 створана арг-цыя «Сяброўства праз кветкі», якая прапагандуе мастацтва І. ў свеце.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ікебана.

т. 7, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т РАДЫЕБІЯЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1987 у Мінску на базе навук. лабараторый радыеэкалагічнага і радыебіял. профілю ін-таў АН і Сектара геранталогіі для вырашэння навук.-практычных задач у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лабараторыі (1998): біяхіміі, фізіялогіі, эндакрыналогіі, марфалогіі і цытагенетыкі, радыебіялогіі раслін, радыехіміі глебы, радыеэкалогіі водных сістэм, радыеэкалогіі паветр. асяроддзя, маніторынгу; групы радыеметрыі і дазіметрыі, таксікалогіі, навук. суправаджэння Дзяржпраграмы па ЧАЭС. Аспірантура (з 1987).

Асн. кірункі даследаванняў: высвятленне механізма дзеяння малых доз знешняга і ўнутр. апрамянення і радыяцыйна-экалагічнага становішча на гарманальную рэгуляцыю, абменныя працэсы, функцыю асн. сістэм арганізма, структурныя змены ў органах і тканках, генетычныя пашкоджанні; вывучэнне размеркавання, хуткасці назапашвання і вывядзення радыенуклідаў з арганізма, распрацоўка спосабаў накіраванага ўздзеяння на гэтыя працэсы; пошук рэчываў і злучэнняў з радыепратэктарным уздзеяннем; даследаванне паводзін, форм знаходжання і міграцыі радыенуклідаў у розных экасістэмах і іх кампанентах — глебе, вадзе, паветры, раслінных і жывёльных арганізмах. Вынікі даследаванняў: праведзена ацэнка радыяцыйна-экалагічнай абстаноўкі на Беларусі і яе ўплыву на жыццядзейнасць арганізма; распрацаваны пытанні фарміравання дозавых нагрузак, ацэнкі біял. эфектаў і рызыкі; створана сістэма маніторынгу радыяцыйнага становішча ў рэспубліцы; вывучаны механізмы дзеяння на арганізм малых доз радыяцыі, выдадзены рэкамендацыі па ахове чалавека, расліннага і жывёльнага свету, а таксама ўсяго навакольнага асяроддзя ад уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. У Ін-це працуюць акад. Нац. АН Беларусі Я.Ф.Канапля (дырэктар з 1988), чл.-кар. Л.М.Лабанок, 5 дактароў навук.

А.​І.​Астахаў.

т. 7, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́ЗМ,

міжнародная салідарнасць людзей розных нацый і рас, аснова іх сумеснага выжывання на планеце, узаемнага даверу, узаемаразумення, узаемапранікнення культур, каштоўнасцей, ведаў, тэхналогій. І. адмаўляе тэзіс пра існаванне «вышэйшых» і «ніжэйшых», «лепшых» і «горшых» народаў. У сучасным свеце І. знаходзіць сваё ідэйнае, паліт. і арганізац. афармленне ў выглядзе выяўлення салідарнасці інтарэсаў, мэт і дзеянняў, што практычна існуюць у кожным грамадстве. У 2-й пал. 19—20 ст. на сусв. грамадска-паліт. падзеі і на жыццё шматлікіх краін значны ўплыў аказваў І. міжнар. рабочага, сацыяліст. і камуніст. руху (тэарэт. распрацаваны ў працах К.​Маркса, Ф.​Энгельса і У.​І.​Леніна), што склаўся на аснове с.-д. і сацыяліст. руху, адыграў станоўчую ролю ў пашырэнні ў розных краінах свету сац. заканадаўства, у рэфармаванні некат. бакоў грамадскага жыцця, палітыкі, асветы. Актывізацыя міжнар. сувязей паміж ліберальнымі, кансерватыўнымі, клерыкальнымі паліт. партыямі і аб’яднаннямі пасля 2-й сусв. вайны суправаджаецца стварэннем адпаведных форм і прынцыпаў міжнар. салідарнасці. На працягу многіх дзесяцігоддзяў у свеце дзейнічаюць анархісцкія, фашысцкія, тэрарыст. арг-цыі, якія таксама кіруюцца сваімі кодэксамі І. У апошняй чвэрці 20 ст. інтэнсіўна фарміруецца экалагічны І., гал. змест якога — забеспячэнне шляхам развіцця эканам. свядомасці адзінства дзеянняў шматлікіх грамадска-паліт. аб’яднанняў, партый, а таксама ўрадаў з мэтай абароны прыроднага асяроддзя ад разбуральных уплываў сучаснай цывілізацыі. І. як прынцып міжнар. адзінства роўных суб’ектаў грамадска-паліт. жыцця супрацьстаіць касмапалітызму, а таксама нацыяналізму і этнацэнтрызму.

В.​І.​Боўш.

т. 7, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)