вострае або хранічнае запаленчае захворванне слізістай абалонкі страўніка жывёл і чалавека. Узнікае пры працяглых парушэннях рэжыму харчавання (кармлення), пераяданнях, прафес. шкоднасцях, злоўжываннях алкаголем і нікацінам, празмерным ужыванні грубай, тлустай, вострай, вельмі халоднай ці гарачай ежы, харч. і лек. (у жывёл — кармавых) атручэннях, інш. інтаксікацыях і інфекцыях, функцыян. парушэннях і перанапружаннях нерв. сістэмы і інш. Адрозніваюць гастрыт востры і хранічны, ачаговы і дыфузны, з паніжанай ці павышанай кіслотнасцю, гіпертрафічны і атрафічны, эразіўны і паліпозны. Пры вострым гастрыце магчымы пераход запалення на тонкі і тоўсты кішэчнік з узнікненнем адпаведна гастраэнтэрыту і гастраэнтэракаліту. Нярэдка пасля гастрыту ўзнікае язвавая хвароба страўніка або 12-перснай кішкі. У розных суадносінах пры гастрыце (залежна ад формы) могуць спалучацца сімптомы: пякота і цяжар у падлыжачнай вобласці, моташнасць, ірвоты, адрыжкі, галаўны боль і інш. Лячэнне: ліквідацыя першапрычыны, медыкаментознае, курортнае, дыетатэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. hydrogenium вадарод),
гідрыраванне, хімічны працэс далучэння вадароду (пераважна малекулярнага) да розных рэчываў у прысутнасці каталізатара пры высокай т-ры і ціску. У якасці каталізатараў найчасцей выкарыстоўваюць металы VIII гр.перыяд. сістэмы (напр., нікель, кобальт, плаціну, паладый), аксіды металаў (напр., аксід хрому Cr2O3, алюмінію Al2O3) і інш.
Гідрагенізацыяй азоту ў прам-сці атрымліваюць аміяк, аксіду вугляроду — метылавы спірт. Практычнае значэнне мае гідрагенізацыя арган. злучэнняў з кратнымі сувязямі. Далучэнне вадароду па падвойных сувязях (C=C) ляжыць у аснове ператварэння вадкіх алеяў і тлушчаў у цвёрдыя прадукты (напр., пры вытв-сці маргарыну). Гідрагенізацыя — адна з асн. рэакцый многіх працэсаў нафтаперапрацоўкі (напр., каталітычнага рыформінгу, гідракрэкінгу). Гідрагенізацыя можа адбывацца адначасова з гідрагенолізам: разрывам сувязі C—X (X — вуглярод, азот, сера, кісларод) у малекуле арган. злучэння пад уздзеяннем вадароду (напр., пры атрыманні шмататамных спіртоў з поліцукрыдаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ННАЯ ПЛА́ЎКА, зонная перакрышталізацыя,
апрацоўка матэрыялу (у выглядзе стрыжня, выцягнутага злітка) расплаўленнем вузкай зоны і перамяшчэннем яе ўздоўж стрыжня. Выкарыстоўваецца для атрымання (рафінавання) чыстых матэрыялаў (т.зв. зонная ачыстка), легіравання і раўнамернага размеркавання дамешкаў па злітку (зоннае выраўноўванне), для вырошчвання монакрышталёў і інш. З.п. можна апрацоўваць амаль усе металы, паўправаднікі і дыэлектрыкі.
Адрозніваюць кантэйнерную і бястыгельную З.п. Пры кантэйнернай матэрыял змяшчаюць у спец. кантэйнер, які павольна перамяшчаецца адносна награвальнікаў. Пры гэтым на мяжы раздзелу цвёрдай і вадкай фаз адбываецца крышталізацыя матэрыялу. Пры бястыгельнай З.п. стрыжань (злітак) устанаўліваюць вертыкальна, а награвальнік размяшчаюць вакол яго. Спосабы нагрэву: індукцыйны токамі ВЧ, электронна-прамянёвы, радыяцыйны. Упершыню З.п. выкарыстана ў 1927 для ачысткі жалеза, пашырылася з 1952.
Схемы зоннай плаўкі: а — кантэйнернай (1 — труба, 2 — кантэйнер, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі); б — бястыгельнай (1 — труба, 2 — стрыжань, 3 — награвальны элемент, 4 — зона плаўкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНЕ́ТЫКА ФІЗІ́ЧНАЯ,
раздзел тэарэтычнай фізікі, у якім вывучаюцца мікраскапічныя працэсы, што ўзнікаюць у фіз. сістэмах пры адхіленні ад стану раўнавагі тэрмадынамічнай.
К.ф. падзяляюць на фенаменалагічную (тэрмадынамічную) і статыстычную. Фенаменалагічная К.ф. разглядае законы змены макраскапічных параметраў (напр., т-ры, канцэнтрацыі часціц) нераўнаважных сістэм пры дыфузіі, цеплаправоднасці, унутр. трэнні і інш.Ураўн. фенаменалагічнай К.ф. выводзяцца з меркавання, што адхіленні ад раўнавагі (звычайна невялікія) характарызуюцца градыентамі т-ры і хім. патэнцыялу. Пры наяўнасці градыентаў некалькіх велічынь, напр., т-ры і канцэнтрацыі, у сістэме ўзнікаюць прамыя працэсы пераносу (цеплаправоднасць, дыфузія) і перакрыжаваныя працэсы (напр., тэрмадыфузія, дыфузійная цеплаправоднасць). Статыстычная К.ф. вызначае кінетычныя каэф. (напр., каэф. вязкасці, дыфузіі, цеплаправоднасці). Вывад ураўн. фенаменалагічнай К.ф. і вылічэнне кінетычных каэф. робяцца з дапамогай кінетычнага ўраўн., якое апісвае змену нераўнаважнай функцыі размеркавання сістэмы (гл.Кінетычная тэорыя газаў).
Літ.:
Лифшиц Е.М., Питаевский Л.П. Физическая кинетика. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНАЕ АХАЛАДЖЭ́ННЕ,
метад атрымання тэмператур, ніжэйшых за 1 К, шляхам адыябатнага размагнічвання парамагнітных рэчываў (гл.Адыябатны працэс, Парамагнетызм). Прапанаваны П.Дэбаем і У.Ф.Джыёкам; здзейснены ў 1933.
Пры М.а. парамагнітны ўзор, ахалоджаны вадкім геліем, намагнічваюць у магутным мага. полі, пасля выключэння якога ўзор размагнічваецца з прычыны цеплавога руху атамаў, і яго т-ра ва ўмовах цеплаізаляцыі зніжаецца (гл.Магнетакаларычны эфект). Для атрымання т-р ∼10−3 К выкарыстоўваюць солі рэдказямельных элементаў (напр., сульфат гадалінію), а таксама інш. парамагнітныя рэчывы (напр., хрома-каліевы і жалеза-каліевы галын), у крышт. рашотцы якіх знаходзяцца іоны з недабудаванымі электроннымі абалонкамі і адрозным ад нуля ўласным магн. момантам (Fe+3, Cr+3, Gd+3). Пры выкарыстанні парамагнетызму атамных ядраў (напр., ва ўзоры медзі) атрымліваюць т-ры да 10−6 К. М.а. шырока выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях пры вывучэнні звышцякучасці і звышправоднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКАЎСКІ ПРАЦЭ́С спецыяльны від выпадковых працэсаў без паслядзеяння. Служыць мадэллю для многіх працэсаў у фізіцы
(напр., распад радыеактыўнага рэчыва),
у біялогіі (рост папуляцыі, працэсы мутацыі), у хіміі, тэорыі масавага абслугоўвання.
Выпадковы працэс X(t) наз. М.п., калі для любых момантаў часу t0 i t1 (t0 < t1) умоўнае размеркаванне X(t1) пры ўмове, што зададзены ўсе значэнні X(t) пры t≤to, залежыць толькі ад X(t0). Гэтая вызначальная ўласцівасць М.п. наз.маркаўскай уласцівасцю або адсутнасцю паслядзеяння: стан нейкай сістэмы ў момант t0 адназначна вызначае размеркаванне імавернасцей будучага развіцця працэсу пры t > t0 і інфармацыя аб мінулым развіцці працэсу да моманту t0 не ўплывае на гэтае размеркаванне. Тэорыя М.п. бярэ пачатак ад работ 1907 А.А.Маркава, прысвечаных вывучэнню паслядоўнасці залежных выпрабаванняў (гл.Маркава ланцуг). Агульная тэорыя М.п. і іх класіфікацыя дадзены А.М.Калмагоравым (1931).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́Н,
першы член гамалагічнага рада насычаных вуглевадародаў (алканаў), CH4.
Газ без колеру і паху, tпл -182,48 °C, tкіп -161,49 °C, шчыльн. 415 кг/м³ вадкага (пры т-ры -164 °C). Раствараецца ў этаноле, эфіры, вуглевадародах, дрэнна — у вадзе. Гарыць бясколерным полымем (т-ра ўзгарання -187,9 °C); сумесі з паветрам (5—15% М.) выбухованебяспечныя. У прыродзе ўтвараецца пры анаэробным раскладанні цэлюлозы (гл.Балотны газ); асн. кампанент газаў прыродных гаручых і рудніковага газу, атмасферы некаторых планет (Сатурна, Юпітэра і яго спадарожніка Тытана). У прам-сці вылучаюць з прыроднага або крэкінг-газу нізкатэмпературнай дыстыляцыяй ці адсорбцыяй на цэалітах, а таксама гідрыраваннем аксіду і дыаксіду вугляроду на каталізатары пры 200—300 °C. Выкарыстоўваюць для атрымання сінтэз-газу, вадароду, ацэтылену, сажы, хлараформу, фармальдэгіду, сінільнай к-ты, а таксама як паліва. Аказвае нязначнае наркатычнае ўздзеянне, ГДК 300 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЫ́РАЧНАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ,
паталагічны стан, пры якім ныркі часткова ці цалкам страчваюць здольнасць падтрымліваць пастаянства хім. саставу ўнутр. асяроддзя арганізма. У выніку парушаюцца водна-электралітны баланс, кіслотна-шчолачная раўнавага, затрымліваецца выдаленне з арганізма прадуктаў азоцістага абмену. Устойлівая Н.н. (на 70% і больш) вядзе да самаатручэння. Бывае вострая і хранічная. Прычыны вострай Н.н. — шок, цяжкае абязводжванне арганізма і страта солей, атручэнне ртуццю, некат. лек. прэпаратамі і інш.Пры вострай Н.н. рэзка скарачаецца выдаленне мачы, узнікае смага, задышка, ірвота, мышачныя сутаргі. Хранічная Н.н. абумоўлена хранічнымі захворваннямі нырак і іх пашкоджаннямі пры хваробах абмену рэчываў (напр., цукр. дыябеце), некат. хваробах крыві і інш. У хворых на хранічную Н.н. скура шэра-жоўтага колеру, павышаны артэрыяльны ціск, у цяжкіх выпадках вял. ацёкі, кома. Лячэнне: дыета, тэрапеўт., ачышчэнне крыві (напр., гемадыяліз), у канчатковай стадыі хранічнай Н.н. — перасадка ныркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВО́Е РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
розныя формы размнажэння арганізмаў, пры якіх новы арганізм развіваецца з зіготы, што ўтвараецца пры зліцці жаночай і мужчынскай палавых клетак (гамет). Зліццё генетычна розных гамет прыапладненні прыводзіць да ўзнікнення неідэнтычных асобін, што павялічвае зменлівасць патомства і спрыяе натуральнаму адбору. Узнікненне ў працэсе эвалюцыі П.р. звязана з развіццём полу — сукупнасці палавых адзнак, якія забяспечваюць палавы працэс. Уласціва ўсім эўкарыётам, але пераважае ў жывёл і вышэйшых раслін. Кан’югацыя ў інфузорый і некат. бактэрый па генет. значэнні блізкая да П.р. таму, што суправаджаецца абменам спадчынным матэрыялам. Эвалюцыйна пазней узнікла рэдукаваная форма П.р. — партэнагенез. Побач з раздзельнаполымі жывёламі ёсць шмат груп жывёл, якім уласцівы гермафрадытызм. У залежнасці ад формы, адноснай велічыні і рухомасці гамет рознага полу адрозніваюць наступныя тыпы палавога працэсу: аагамію, гетэрагамію, ізагамію. Гл. таксама Бясполае размнажэнне, Вегетатыўнае размнажэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЭ́ЧЫН (Рыгор Яўхімавіч) (8.3.1894, в. Задашчэнне Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1938),
бел. правазнавец. Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1924). З 1921 у Паўнамоцным прадстаўніцтве БССРпры ўрадзе РСФСР (з 1923 Пастаяннае прадстаўніцтва БССРпры ўрадзе СССР). З 1924 нам. старшыні Камісіі заканад. меркаванняў прыСНКБССР. З 1931 у Ін-це сав. будаўніцтва і права АН Беларусі. Працаваў у Ін-це бел. культуры, Ін-це эканомікі АНБССР. Даследаваў пытанні сав. федэрацыі і нац.-дзярж. будаўніцтва ў БССР. 24.1.1937 арыштаваны і Ваен. калегіяй Вярх. Суда СССР у чэрв. 1938 асуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Советские республики в их взаимоотношениях. Мн., 1922;
Наша Канстытуцыя. Мн., 1928;
Ідэя беларускае дзяржаўнасьці перад утварэньнем Савецкае Беларусі // Зап.Аддз.гуманіт.навук.Пр. кафедры сучаснага права БАН. Мн., 1929. Т. 1.