ГЛАДЫ́Ш

(Laserpitium),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных паясах зямнога шара, асабліва ў Міжземнамор’і. У Беларусі зрэдку трапляюцца гладыш прускі (L. prutenicum) і шыракалісты (L. latifolia). Растуць у шыракалістых і хвойна-шыракалістых лясах, хмызняках, на высечках.

Шмат-, радзей двухгадовыя травяністыя расліны з доўгім вертыкальным коранем і галінастым сцяблом выш. да 150 см. Лісце доўгачаранковае. Кветкі дробныя, белыя, ружовыя ці жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з крылатымі рэбрамі. Лек. расліны (настойку кораня выкарыстоўваюць пры хваробах страўніка, печані, жаночых захворваннях, як мачагоннае), маюць эфірны алей гераніёл, які ўжываецца ў парфумернай і харч. прам-сці, у касметыцы.

Г.У.Вынаеу.

т. 5, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ДЫШАЎ Міхаіл Ціханавіч

(н. 10.1.1938, с. Стара-Сяславіна Тамбоўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне гідрадынамікі. Д-р тэхн. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1960). З 1974 у Новасібірскім ун-це, з 1988 у Бел. ун-це транспарту (г. Гомель). Навук. працы па механіцы вадкасцей і матэм. мадэліраванні адкрытых і напорных патокаў. Распрацаваў тэарэт. асновы нелінейнай выліч. гідраўлікі.

Тв.:

Численное моделирование неустановившихся течений в открытых руслах // Водные ресурсы. 1981. № 3.

т. 5, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДЫШЫ́,

1) Notonectidae, сям. вадзяных клапоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ў прэсных і саланаватых вадаёмах. На Беларусі распаўсюджаны гладыш звычайны (Notonecta glauca), радзей трапляецца гладыш жоўты (N. lutea), занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. 7,5—18 мм. Цела пукатае зверху, плоскае знізу. Хабаток моцны, востры. Заднія ногі з плавальнымі шчацінкамі, падобныя да вёслаў. Плаваюць спінай уніз. Добра лётаюць. Яйцы адкладваюць у тканкі водных раслін. Драпежнікі: кормяцца дробнымі воднымі насякомымі, маляўкамі рыб.

2) Phalacridae, сям. жукоў падатр. разнаедных. Больш за 300 відаў. Большасць жыве ў суквеццях складанакветных раслін, некаторыя — на ржаўных грыбах, у якіх развіваюцца.

т. 5, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДЫЯ́ТАРЫ

(лац. gladiatores ад gladius меч),

у старажытна-рым. дзяржаве рабы, ваеннапалонныя і інш., якія ў смяротных паядынках біліся паміж сабой або з дзікімі звярамі на арэне амфітэатра. Навучаліся ў спец. школах, якія існавалі ў Рыме, Пампеях, Капуі (у апошняй у 74 да н.э. пачалося паўстанне рабоў пад кіраўніцтвам Спартака) і інш. месцах. Першыя баі гладыятараў арганізаваны ў Рыме ў 264 да н.э. (пераняты ад стараж. плямён этрускаў). Да 1 ст. да н.э. баі былі змененай формай рытуальнага забойства рабоў (з 3 ст. да н.э. суправаджалі пахаванні знатных асоб), потым сталі забавай натоўпу, ладзіліся прыватнымі асобамі або дзяржавай з мэтай набыць папулярнасць сярод гараджан. У 65 да н.э. Гай Юлій Цэзар арганізаваў бой 320 пар гладыятараў. Баі гладыятараў практыкаваліся да пач. 5 ст. н.э.

Літ.:

Хёфлинг Г. Римляне, рабы, гладиаторы: Спартак у ворот Рима: Пер. с нем. М., 1992.

т. 5, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАДЭ́НКА Уладзімір Кузьміч

(н. 12.11.1922, с. Каршачына Сумскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне конегадоўлі. Д-р с.-г. н. (1979), праф. (1990). Скончыў БСГА (1951), дзе і працаваў да 1986, потым у Маскоўскай дзярж. акадэміі вет. медыцыны і біятэхналогіі імя К.І.Скрабіна. Навук. працы па даследаванні эвалюцыі, гісторыі, гасп.-біял. асаблівасці абарыгенных коней, распрацоўцы эфектыўных метадаў селекцыі і выкарыстання, захавання генафонду коней.

Тв.:

Белорусская лошадь. Мн., 1976;

Коневодство Белоруссии. Мн., 1985.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЗАЎ Уладзімір Міхайлавіч

(25.6.1915, Масква — 20.5.1980),

бел. і рускі спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1954). У 1938—49 саліст Ансамбля песні і танца Сав. Арміі імя А.В.Аляксандрава. У 1951—61 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. У 1962—75 саліст Москанцэрта. Валодаў голасам прыемнага тэмбру, шырокага дыяпазону, пачуццём стылю. Стварыў разнапланавыя вобразы ў нац. операх: Змітрок і фон Шолен («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Лагоўскі («Яснае світанне» А.Туранкова), Лявон («Калючая ружа» Ю.Семянякі); у класічных — Мечнік («Страшны двор» С.Манюшкі), Мазепа, Томскі і Ялецкі, Анегін («Мазепа», «Пікавая дама», «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Жэрмон, граф ды Луна, Рэната («Травіята», «Трубадур», «Баль-маскарад» Дж.Вердзі).

Б.С.Смольскі.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЗАЎКА,

вёска ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад г. Буда-Кашалёва, 55 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 640 ж., 265 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Царква.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЗГА

(Glasgow),

горад у Вялікабрытаніі, на З Шатландыі. Знаходзіцца на Сярэднешатландскай нізіне, на р. Клайд за 35 км ад яе вусця. Адм. ц. раёна Стратклайд і гал. горад канурбацыі Клайдсайд. 684,3 тыс. ж., у межах канурбацыі больш за 1,5 млн. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог, гандл. цэнтр і марскі порт. Аэрапорт. На прадпрыемствах Глазга сканцэнтравана больш за ​1/3 усіх занятых у прам-сці Шатландыі. Металургічная вытв-сць на базе мясц. каменнага вугалю і прывазной жал. руды. Буйнейшы суднабуд. раён краіны. Суднарамонт. Прадпрыемствы Глазга выпускаюць таксама суднавыя рухавікі, катлы, турбіны. Развіта лакаматывабудаванне, электратэхніка, станкабудаванне, авія- і аўтабудаванне. Прам-сць харч., тытунёвая, швейная, паліграф., тэкст., у т. л. вытв-сць дываноў. Метрапалітэн. Ун-т. Шатл. муз. акадэмія. Маст. галерэі і музей Глазга. Гатычны сабор (12—16 ст.), інш. арх. помнікі.

Засн. ў 6 ст. У сярэднявеччы невял. рыбацкае паселішча, з 1178 горад. У 1451 адкрыты ун-т. У 1636 атрымаў статус каралеўскага горада. У 14 і 17 ст. неаднаразова быў зруйнаваны у час войнаў з англічанамі. Пасля заключэння шатландска-англ. уніі 1707 — цэнтр гандлю, з сярэдзіны 18 ст. — важнейшы прамысл. і партовы горад Вялікабрытаніі. З 19 ст. буйны цэнтр рабочага руху.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАЗЕНА́П Сяргей Паўлавіч

(25.9.1848, с. Паўлаўскае Цвярской вобл., Расія — 12.4.1937),

расійскі астраном. Ганаровы чл. АН СССР (1929). Герой Працы (1932). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1870). У 1870—77 у Пулкаўскай абсерваторыі, з 1877 у Пецярбургскім ун-це (з 1889 праф.). Адзін з заснавальнікаў Рус. астр. т-ва. Навук. працы па вывучэнні руху спадарожнікаў Юпітэра, даследаванні падвойных і пераменных зорак, рэфракцыі святла ў зямной атмасферы. Прапанаваў спосаб вызначэння арбіт падвойных зорак. Пад яго кіраўніцтвам пабудавана абсерваторыя Пецярбургскага ун-та. Аўтар падручнікаў па астраноміі і матэматыцы.

Літ.:

Перель Ю.Г. Выдающиеся русские астрономы. М.; Л., 1951.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛА́ЗЕР (Glaser) Доналд Артур

(н. 21.9.1926, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1962). Скончыў Тэхнал. ін-т Кейса (1946). З 1949 у Мічыганскім ун-це, у 1959 праф. Каліфарнійскага ун-та. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц і касм. прамянёў. Вынайшаў пузырковую камеру (1952), эксперыментальна даказаў незахаванне цотнасці пры распадзе гіперонаў (1957). Нобелеўская прэмія 1960.

т. 5, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)