ШТО́РМЕР (Stormer) Горст Людвіг (н. 6.4.1949, г. Франкфурт-на-Майне, Германія),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1999), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1992). Скончыў Франкфурцкі (1970) і Штутгарцкі (1977) ун-ты. З 1978 у ЗША, у фірме «Бел лаборатарыз». З 1998 праф. Калумбійскага ун-та. Навук. працы па фізіцы кандэнсаваных асяроддзяў, даследаванні ўласцівасцей паўправаднікоў і нізкаразмерных электронных сістэм. Адкрыў дробавы квантавы эфект Хола (з А.​Госардам і Д.Ч.Цуем, 1982). Нобелеўская прэмія 1998 (з Р.Б.Лафлінам і Цуем).

Тв.:

Рус. пер. — Дробный квантовый эффект Холла // Успехи физ. наук. 2000. Т. 170, № 3.

М.​М.​Касцюковіч.

Г.Л.Штормер.

т. 17, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУ́ЧНЫЯ СПАДАРО́ЖНІКІ СО́НЦА (ШСС),

касмічныя апараты (КА), выведзеныя на арбіты вакол Сонца. Каб цела стала ШСС, яму трэба надаць скорасць адносна Зямлі не менш 2-й і не больш 3-й касмічнай скорасці, што дасягаецца пры дапамозе ракет-носьбітаў. ШСС выкарыстоўваюцца для даследавання Сонца і калясонечнай прасторы, планет Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў, астэроідаў, камет, метэорных цел, міжпланетнай прасторы (КА выводзіцца на геліяцэнтрычную арбіту і рухаецца па ёй да аб’екта даследавання). Першым у свеце ШСС стала сав. аўтаматычная міжпланетная станцыя «Месяц-1», запушчаная 2.1.1959. Гл. таксама «Вега», «Венера», «Геліяс», «Зонд», «Марс», «Марынер», «Месяц», «Піянер», «Уліс», «Эксплорэр».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 17, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТЭ́ЛЕР Павел Паўлавіч (14.1.1910, С.-Пецярбург — 4.2.1977),

расійскі архітэктар. Засл. арх. Расіі (1971). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). Асн. работы ў Маскве: гасцініца «Савецкая» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), станцыя метрапалітэна «Праспект Міру» (1957), Палац з’ездаў (цяпер Крамлёўскі палац, 1959—61, Ленінская прэмія 1962), будынкі Савета Міністраў Расіі (цяпер Дом урада Расіі, т.зв. Белы дом; 1965—79), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай «Расія» (1974, усе ў сааўт.). З 1968 кіраваў аўтарскім калектывам па праектаванні Навакіраўскага праспекта ў Маскве (цяпер праспект А.​Дз.​Сахарава).

Літ.:

Левинская Е.Н. П.​Штеллер // Зодчие Москвы. М., 1988. Кн. 2.

т. 17, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУТ Іван Віктаравіч (н. 15.12.1932, в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне прыладабудавання. Канд. тэхн. н. (1989), праф. (1993). Скончыў БШ (1956). З 1956 на прамысл. прадпрыемствах Мінска. З 1991 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па тэхналогіі радыёэлектроннай апаратуры. Распрацаваў навук. прынцыпы пабудовы тэхн. сродкаў аўтаматызацыі і іх метралагічнага забеспячэння, мадэлі і метады групавой тэхналогіі рэгуліроўкі і кантролю радыёэлектронных сродкаў.

Тв.:

Некоторые аспекты технологии изготовления цифровых вольтметров // Приборостроение. 1987. №9;

Интегрированная система АСНИ-САПР-АСТПП-АСУП-ГПС в мелкосерийном многономенклатурном производстве РЭС. Мн., 1991.

т. 17, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАМЯЛЁЎ Анатоль Мяфодзьевіч (н. 13.12.1940, в. Некрашова Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Канд. тэхн. н. (1971), праф. (1996). Скончыў БПІ (1962). З 1962 у Магілёўскім тэхн. ун-це (у 1976—80 дэкан ф-та, у 1985—96 заг. кафедры, у 1998—2002 нач. вучэбна-метадычнага ўпраўлення). Навук. працы па распрацоўцы сістэм энергазберажэння гідрафікаваных мабільных машын, зніжэнні металаёмістасці машын, стварэнні роўнатрывалых канструкцый машын.

Тв.:

Дорожно-строительные машины. Мн., 2000 (у сааўт);

Строительные машины и средства малой механизации. 2 изд. Мн., 2002 (разам з С.​Б.​Партновым, Л.​І.​Белавусавым).

т. 17, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБА́ТАЎ Міхаіл Міхайлавіч (22.7.1733—12.12.1790),

расійскі грамадскі і дзярж. дзеяч, гісторык, публіцыст, ідэолаг карпаратыўных імкненняў дваранства. Князь. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1776). Атрымаў рознабаковую хатнюю адукацыю. Да 1762 на ваен., з 1762 на цывільнай службе. У 1760-я г. працаваў у Камісіі па складанні новага Улажэння. Напісаў шэраг артыкулаў, у якіх крытыкаваў палітыку ўрада. Аўтар твораў «Пра псаванне нораваў у Расіі» (выд. 1858), «Падарожжа ў зямлю Афірскую» (выд. 1896), «Гісторыя Расійская ад старажытных часоў» (т. 1—7, выд. 1901—04).

Літ.:

Федосов И.А. Из истории русской общественной мысли XVIII ст.: М.​М.​Щербатов. М., 1967.

т. 17, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧО́ЛКІН Кірыла Іванавіч (17.51911, Тбілісі — 8.11.1968),

расійскі фізік. Чл.-кар. АН СССР (1953). Тройчы Герой Сац. Працы (1949, 1950, 1954). Скончыў Крымскі пед. ін-т (1932, г. Сімферопаль). Працаваў у Ін-це хім. фізікі АН СССР, адначасова ў Маскоўскім фіз.-тэхн. ін-це. Навук. працы па фізіцы гарэння і дэтанацыі газаў у набліжэнні да ядз. выбуху. Значны ўклад яго ў вырашэнне атамнай праблемы ў СССР. Ленінская прэмія 1958. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951, 1953.

Тв.:

Газодинамика горения. М., 1963 (разам з Я.​К.​Трошыным).

Літ.:

Асташенков П.Т. Пламя и взрыв. 2 изд. М., 1978.

К.І.Шчолкін.

т. 17, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫ́ЛЬНАСЦЬ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАГА ТО́КУ,

вектарная фіз. велічыня, якая характарызуе ўпарадкаваны рух носьбітаў зараду.

Ш.э.т. выражаецца формулай j→ + ρ < v→ > , дзе ρ — аб’ёмная шчыльнасць зараду, <v→> — сярэдняя скорасць упарадкаванага руху дадатна зараджаных часціц. Пры раўнамерным размеркаванні эл. току па папярочным сячэнні правадніка плошчы S сувязь модуля Ш.э.т. j з сілай току I у правадніку мае выгляд: j = I/S. У ізатропных асяроддзях з удзельнай эл. праводнасцю напрамкі вектараў Ш.э.т. j→ і напружанасці эл. поля E→ супадаюць: j→ = vE→ (Ома закон у дыферэнцыяльнай форме). Адзінка Ш.э.т. ў СІ — ампер на квадратны метр.

П.​С.​Габец.

т. 17, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧЫТАПАДО́БНАЯ ЗАЛО́ЗА,

эндакрынная залоза пазваночных жывёл і чалавека, якая выпрацоўвае 3 гармоны: тыраксін, трыёдтыранін і кальцытаній (рэгулюе фосфарна-кальцыевы абмен).

Няпарны орган (радзей парны — у земнаводных і птушак), размешчаны ў сярэдняй вобласці шыі пад гартанню. Асн. марфал. і функцыян. адзінка Ш.з. — фалікул. Мае форму шчыта (адсюль назва) або падковы. У чалавека Ш.з. размешчана ў пярэдняй вобласці шыі, спераду і па баках ад трахеі, складаецца з 2 доляў (правай і левай), злучаных перашыйкам. Маса Ш.з. дарослага чалавека 20—60 г, нованароджанага — 1—2 г. Недахоп гармонаў Ш.з. тыраксіну і трыёдтыраніну ў раннім дзіцячым узросце прыводзіць да крэцінізму.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКВА́ТАР (позналац. aequator ад лац. aequo раблю роўным) геаграфічны, зямны, лінія сячэння зямнога шара плоскасцю, якая праходзіць праз цэнтр Зямлі перпендыкулярна ўяўнай восі яе вярчэння. Э. падзяляе зямны шар на Паўн. і Паўд. паўшар’і. На Пн і на Пд ад Э. адлічваюцца геагр. шыроты (0—90°). Даўж. Э. (паводле Ф.​М.​Красоўскага) складае 40 075 696 м, даўж. 1° даўгаты па Э. — 111 321,4 м. Э. з’яўляецца лініяй пастаяннага раўнадзенства (адсюль назва). Сонца бывае над Э. у зеніце двойчы за год — у дні вясенняга (20—21 сакавіка) і асенняга (23 верасня) раўнадзенства.

т. 18, кн. 1, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)