ЦЫТРА́ЛЬ,

арганічнае злучэнне, альдэгід тэрпенавага шэрагу (CH3)2C=CHCH2CH2C(CH3)=CHCHO. Кампанент многіх эфірных алеяў (леманграсавага, лімоннага, эўкаліптавага і інш.).

Светла-жоўтая вадкасць з моцным лімонным пахам, tкіп 228—229 °C, шчыльнасць 888—895 кг/м³. Існуе ў выглядзе ізамераў — гераніялю і нералю. Раствараецца ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Рэакцыяздольнае рэчыва, на паветры хутка акісляецца. Атрымліваюць з эфірных алеяў і сінт. шляхам з ізапрэну, ацэтону і ацэтылену. Выкарыстоўваюць як кампанент харч. эсенцый, парфумерных кампазіцый, лек. сродкаў і інш.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАКА́НКА,

1) адзін з працэсаў аб’ёмнай штампоўкі, што заключаецца ў абцісканні штампаванай дэталі ў чыставым штампе для павышэння дакладнасці памераў і якасці паверхні (напр., пры вырабе манет, медалёў).

2) Атрыманне рэльефных відарысаў на тонкаліставых загатоўках (гал. чынам медных) шляхам ручнога выбівання з дапамогай чакана.

3) Апрацоўка паверхні вырабаў, атрыманых ліццём (гал. чынам вырабаў прыкладнога мастацтва), з мэтай ліквідавання дробных дэфектаў.

4) Ч. швоў — ушчыльненне заклёпачнага шва шляхам асаджвання ч. металу ўздоўж канта шва і па перыметры заклёпачных галовак.

т. 17, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ БАГДА́НАЎСКІ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1992). Знаходзіцца на беразе воз. Багданаўскае ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Валун дробназярністага ружова-шэрага мігматыту з ружовымі жылкамі (2—5 см) палявога шпату. Даўж. 3,4 м, шыр. 3,1 м, выш. 2,2 м, у абводзе 10,1 м, аб’ём 12,3 м³, маса 33 т. Прынесены ледавіком каля 20—12 тыс. г. назад са Скандынаўскага п-ва. З валуном звязана шмат паданняў. У старажытнасці меў культавае значэнне.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 17, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУХО́НЦАЎ Алег Рыгоравіч (н. 8.3.1938, г. Паўлаўскі Пасад Маскоўскай вобл.),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскі абл. пед. ін-т (1962). Друкуецца з 1958. У паэт. зб-ках «З трох сшыткаў» (1976), «Ветрам і попелам» (1989), аповесці ў вершах «З аднолькавым прозвішчам» (1987) і інш. вастрыня бачання калізій сучаснага быцця, драм. перажыванне сав. і сучаснай рэчаіснасці. Перакладае на рус. мову П.​Верлена, Дж.​Кітса, І.​В.​Гётэ і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1993.

Тв.:

Пробегающий пейзаж. М., 1997.

т. 17, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГЛА́ДЗЕ Сярго Гедэванавіч (12.3.1923, в. Зоды Чыятурскага р-на, Грузія — 1.2.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1943. Мал. сяржант, кулямётчык Ч. вызначыўся ў баі пры вызваленні в. Дуброва Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. 1.2.1944 з групай разведчыкаў уварваўся ў вёску, знішчыў з кулямёта больш за 70 гітлераўцаў. Паранены не пакінуў поля бою і прадаўжаў наступленне: заглушыў 2 кулямётныя кропкі ворага, знішчыў яшчэ каля 50 гітлераўцаў. Загінуў у гэтым баі.

т. 17, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭРКЕ́СК,

горад, сталіца Карачаева-Чэркесіі, у Расіі, на правым беразе р. Кубань. Засн. ў 1804 як ваен. ўмацаванне. Да 1931 станіца Баталпашынская, з 1934 наз. Сулімаў, з 1937 — Яжова-Чэркеск, з 1939 сучасная назва. 120,7 тыс. ж. (2001). Чыг. станцыя. Пач. пункт Ваенна-Сухумскай (аўтамаб.) дарогі. Прам-сць: хім., машынабудаванне і металаапрацоўка (халадзільнае абсталяванне, нізкавольтная апаратура), лёгкая, харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. Політэхн. ін-т. Драм. тэатр. Гіст.-культ. і прыродны музей-запаведнік (да 1988 — краязнаўчы музей).

т. 17, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́РНЫ-СТАФА́НСКАЯ, Чэрны-Стэфаньская (Czerny-Stefańska) Галіна (н. 30.12.1922, г. Кракаў, Польшча), польская піяністка. Вучылася ў Варшаўскай кансерваторыі (1935—39), Вышэйшай муз. школе ў Кракаве (1946—50). З 1955 салістка Кракаўскай філармоніі. З 1976 выкладае ў Вышэйшай муз. школе ў Познані. Канцэртавала як салістка і ансамблістка, у т. л. з мужам піяністам Л.​Стафанскім і дачкой піяністкай і клавесіністкай Э.​Стафанскай-Луковіч. Лаўрэат Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна (1-я прэмія, 1949, Варшава). Дзярж. прэміі Польшчы 1950, 1952.

т. 17, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ЦВЕРНЯ,

радовішча пяскоў у Жлобінскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Чэцверня. Пластападобны паклад звязаны з эолавымі і алювіяльнымі адкладамі 1-й надпоймавай тэрасы р. Дняпро. Пяскі жоўтыя, шаравата-жоўтыя, шэрыя, дробна- і буйназярністыя, кварцавыя, з дамешкамі палявых шпатаў, месцамі гліністыя, з уключэннем дробнага жвіру. Разведаныя запасы 26,3 млн. т, перспектыўныя — 23,9 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 15,2—25 м, ускрышы (пяскі) 0,1—4 м. Пяскі пры ўмове абагачэння прыдатныя ў ліцейнай вытв-сці.

А.​П.​Шчураў.

т. 17, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРП (Sharp) Філіп (н. 6.6.1944, г. Фалмут, ЗША),

амерыканскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі мастацтваў і навук. Скончыў Ілінойскі ун-т (1969). З 1969 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. З 1974 праф. Масачусецкага тэхнал. ін-та. У 1982—91 дырэктар Цэнтра анкалагічных даследаванняў. Навук. працы па праблемах рэгуляцыі экспрэсіі гена ў пазваночных. Адначасова і незалежна ад Р.Робертса выявіў перарывістую (экзон-інтронную) структуру гена. Нобелеўская прэмія 1993 (з Робертсам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Ф.Шарп.

т. 17, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАСНАЦЦАЦІРАДКО́ЎЕ,

страфа, якая складаецца з 16 вершаваных радкоў, завершаных па метрычным, інтанацыйна-сінтаксічным малюнку і па думцы. Складаецца звычайна з 4 чатырохрадкоўяў з перакрыжаванай, сумежнай або апяразанай рыфмоўкай. Могуць быць і інш. варыянты страфічнай арганізацыі, але ўсе радковыя групы заўсёды цесна звязаны паміж сабой рыфмамі, сінтаксісам, памерам, інтанацыяй, адзінствам паэт. думкі. У бел. паэзіі Ш. створана А.​Куляшовым і выкарыстана ім у монастрафічных вершах-шаснаццацірадковіках (цыкл «Новыя вершы») і ў паэмах «Маналог», «Цунамі».

В.​П.​Рагойша.

т. 17, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)