ЦЫТРА́ЛЬ,

арганічнае злучэнне, альдэгід тэрпенавага шэрагу (CH3)2C=CHCH2CH2C(CH3)=CHCHO. Кампанент многіх эфірных алеяў (леманграсавага, лімоннага, эўкаліптавага і інш.).

Светла-жоўтая вадкасць з моцным лімонным пахам, tкіп 228—229 °C, шчыльнасць 888—895 кг/м³. Існуе ў выглядзе ізамераў — гераніялю і нералю. Раствараецца ў этаноле і дыэтылавым эфіры. Рэакцыяздольнае рэчыва, на паветры хутка акісляецца. Атрымліваюць з эфірных алеяў і сінт. шляхам з ізапрэну, ацэтону і ацэтылену. Выкарыстоўваюць як кампанент харч. эсенцый, парфумерных кампазіцый, лек. сродкаў і інш.

т. 17, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)