КАРМУ́НІН Павел Васілевіч (н. 28.1.1919, в. Вял. Ключы Зеленадольскага р-на, Татарстан),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1980). Працаваў у Т-ры Сав. ваен. адміністрацыі ў Берліне (1946—50), Казанскім драм. т-ры (1960—63). У 1964—93 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца характарных і камед. роляў. Творчасць вызначаецца самабытнасцю, праўдзівасцю сцэн. паводзін, тонкім адчуваннем стылю твора і прыроды камічнага. Сярод роляў у т-ры імя Я.​Купалы: Лявон Зяблік, Сцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.​Купалы), Торгала («Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Кічкайла («Амністыя» М.​Матукоўскага), Чарнушка («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Бацька («Парог» А.​Дударава); у класічным рэпертуары: Лука («На дне» М.​Горкага), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлопаў («Рэвізор» М.​Гогаля) і інш. Здымаецца ў кіно.

А.​Ц.​Чарноцкі.

П.В.Кармунін.
П.Кармунін у ролі Крыніцкага.

т. 8, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВІЦІ́НСКІ Вячаслаў Антонавіч (25.11.1920, в. Зялёны Востраў Лепельскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1995),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Кіеўскі ун-т (1950). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах. фронце. З кастр. 1941 чл. Наваград-Валынскай падп. арг-цыі, з чэрв. 1942 у 1-м Валынскім партыз. атрадзе, камандзір дыверсійнай групы. З мая 1943 камандзір дыверсійнага атрада, які дзейнічаў на Украіне і ў Брэсцкай вобл. 27.6.1944 атрад высаджаны дэсантам у Львоўскай вобл., здзейсніў рэйд у Польшчу, з вер. 1944 у Чэхаславакіі. Атрад, ператвораны ў Асобую партыз. брыгаду імя К.​Готвальда, удзельнічаў у Славацкім нац. паўстанні 1944. Ганаровы грамадзянін г. Наваград-Валынскі (Украіна) і Бардзеёў (Славакія). Аўтар кніг успамінаў «Фронт без тылу» (1971), «Партызанскія Татры» (1982).

В.А.Квіцінскі.

т. 8, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕНТА́ЎР,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікая істота, паўчалавек-паўконь (ніжняя ч. цела з 4 нагамі як у каня, грудзі, галава і рукі як у чалавека). Паводле міфаў, амаль усе К. народжаны ад цара племені лапіфаў (у Фесаліі на ПнУ у Грэцыі) Іксіёна і хмары, што па волі Зеўса набыла аблічча Геры. Буйныя, нястрымныя істоты, акрамя Фола і Хірона (выхавацеля Ахіла, Ясона і інш. герояў), якія ўвасабляюць мудрасць і памяркоўнасць. Сцэны з т.зв. кентаўрамахіі (бітвы лапіфаў з кентаўрамі) і інш. міфалагічных падзей, звязаных з К., адлюстраваны ў скульпт. выявах храма Зеўса ў Алімпіі, Гефестэёна і Парфенона ў Афінах (5 ст. да н.э.), насценным жывапісе ў Пампеях, у скульптуры (Мікеланджэла, А.​Радэн) і жывапісе (П.​П.​Рубенс, Ф.​Салімена, А.​Бёклін, Л.​Карынт і інш.).

Палада і кентаўр. Мастак С.​Батычэлі. 1480-я г.

т. 8, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ВУ (Kivu),

возера ва Усх. Афрыцы, на мяжы Дэмакр. Рэспублікі Конга і Руанды. Пл. 2,7 тыс. км² (з астравамі). Даўж. каля 100 км. Глыб. да 496 м. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне, на выш. 1460 м. Берагі стромкія, моцна парэзаныя, больш за 150 астравоў. Паходжанне возера звязана з выліваннем лавы (з групы вулканаў Вірунга), якая перакрыла сцёк старажытнай рачной сістэмы. У паўн. ч. возера назіраюцца падводныя вывяржэнні. На глыб. ніжэй за 270 м у раствораным стане шмат вуглякіслага газу і метану, якія ўтвараюць радовішчы прамысл. значэння. Сцёк у воз. Танганьіка па р. Рузізі. Раён возера ўваходзіць у склад нац. парку Вірунга, уключанага ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Суднаходства. Турызм. Гал. парты і прыстані: Букаву і Гома (Дэмакр. Рэспубліка Конга), Кібуе і Ч’янгугу (Руанда). Адкрыта ням. падарожнікам А. фон Гётцэнам у 1894.

т. 8, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РШЧЫНА Тамара Іосіфаўна (н. 5.1.1950, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). У 1982—86 гал. мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Працуе ў галіне маст. керамікі. Творы вызначаюцца выразнай пластыкай, высокім майстэрствам выканання: станковыя кампазіцыі «Няўлоўная», «Лявоніха на арбіце» (абедзве 1972), «Балельшчыкі», «Дзівакі» (абедзве 1973), «Пан» (1974); дэкар. афармленне інтэр’ераў кафэ «Арбат» (1979, з А.​Кішчанкам), муз. вучылішча (1975), кампазіцыя «Дрэва жыцця» (1980) у сауне і пано (1981, з Кішчанкам) над уваходам у гасцініцы «Кастрычніцкая», пано «Белая Русь» («Песня пра Палессе») і дэкар. скульптура «Па слядах беларускага эпасу» (1986) у гасцініцы «Беларусь» — у Мінску, пано «Песня пра Радзіму» (1991) у Палацы Мазырскага нафтаперапр. з-да і інш.

Т.Кіршчына. Песня пра Радзіму. Керамічнае пано ў Палацы Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Фрагмент. 1991.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАС (ад лац. classis разрад, група),

1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.

2) Буйная сац. група людзей, гл. Класы сацыяльныя.

3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл. Клас у біялогіі.

4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.

5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.

6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.

7) У некаторых спец. навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЫЧКО́Ў (сапр. Лешанкоў) Сяргей Антонавіч

(6.7.1889, в. Дуброўкі Калязінскага р-на Цвярской вобл., Расія — 8.10.1937),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маск. ун-це (1908—13). Друкаваўся з 1908. Ранняя паэзія прасякнута рамант. светаадчуваннем, у аснове якога непрыняцце «індустрыяльнай» цывілізацыі (зб-кі «Песні», 1911; «Патаемны сад», 1913). Распрацоўваў матывы рус. казкі, пераасэнсоўваў іх у духу сімвалізму. У паэзіі пераважаюць сузіральнасць, мары пра недасяжнае. У празаічных творах сумяшчаў рэальнае з фантаст., што стварала атмасферу казачнага побыту, дзе героі — самотныя летуценнікі, дзівакі, праўдашукальнікі. У творах 1920-х г. непрыняцце сав. рэчаіснасці, імкненне да даўніны, матывы несуцешнасці і песімізму: кн. «Дубраўна» (1918), раманы «Цукровы немец» (1925; уражанні пра 1-ю сусв. вайну), «Чартухінскі балакір» (1926), «Апошні Лель» (1927), «Князь свету» (1928). Перакладаў груз. паэтаў, вагульскі і кірг. эпасы. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

т. 8, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЕ́БЕЛЬ Марыя Восіпаўна (18.5.1898, Масква — 1985),

расійская актрыса, рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1958). Скончыла школу пры 2-й студыі МХАТ. З 1924 у трупе гэтага т-ра, з 1935 рэжысёр у Маск. т-ры імя Ярмолавай, з 1950 у Цэнтр. дзіцячым т-ры (у 1955—60 гал. рэжысёр). З 1948 выкладала ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (з 1960 праф.). Сярод роляў: Шарлота («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Карпухіна («Дзядзечкаў сон» паводле Ф.​Дастаеўскага). Пастаноўкі: «Далёкая дарога» А.​Арбузава (1936), «Дзеці сонца» М.​Горкага (1937) і «Як вам гэта спадабаецца» У.​Шэкспіра (1940, абедзве разам з М.​П.​Хмялёвым), «У добры час» В.​Розава (1954), «Іванаў» А.​Чэхава (1955), «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага (1969), «Дзядзечкаў сон» паводле Дастаеўскага (1972). Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА Ігар Уладзіміравіч (н. 25.11.1926, в. Барысаўшчына Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў станковай і манум. скульптуры. Сярод твораў: помнікі сав. воінам і партызанам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну, у калгасе «Сцяг Перамогі» Сенненскага р-на Віцебскай вобл. (1968) і ў пас. Самахвалавічы Мінскага р-на (1979), «Воінская слава» (1970) у г.п. Глуск Магілёўскай вобл., «Ахвярам фашызму» (1977), у г. Верхнядзвінск Віцебскай вобл., в. Хорастава Салігорскага р-на (1983) і інш.; бюсты Я.​Коласа (1968) у в. Мікалаеўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., К.​С.​Заслонава (1971) на чыг. ст. Заслонаў Лепельскага р-на Віцебскай вобл., праф. М.​М.​Аляксандрава (1983) у Мінску, і інш. Аўтар шэрагу мемарыяльных дошак у Мінску, станковых кампазіцый.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШКО́ЎСКІ Лаўрэнцій, дзеяч рэфармацыйнага руху, гуманіст і пісьменнік 16 ст. У 1550-я г. прыхільнік вучэння Чэшскіх братоў. У 1558 у друкарні г. Шаматулы (Польшча) выдаў кн. «Размова чатырох братоў закону хрысціянскага». З 1561 кальвінісцкі прапаведнік у Нясвіжы. У 1562 з С.​Будным і М.​Кавячынскім выдаў на бел. мове «Катэхізіс», «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад богам» і інш. творы. Каля 1563 перайшоў на пазіцыі антытрынітарызму (гл. Антытрынітарыі), пазней падтрымліваў рэліг. і сац. ідэі анабаптызму (гл. Анабаптысты). Пры дапамозе Буднага пераклаў і выдаў на польск. мове «Размову св. Юстына філосафа» (Нясвіж, 1564). У сваіх пропаведзях крытыкаваў прыгонніцтва, адстойваў прынцыпы верацярпімасці, прапагандаваў грамадска-карысную працу.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)