«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ КАПІТАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху капитализма»,
зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі 1861—1900. Падрыхтаваны Гал. архіўным упраўленнем пры СМБССР і Ін-там гісторыі АНБССР (т. 1—2, Мн., 1983—90). Дакументы для зборніка выяўлены ў архівах, большасць надрукавана ўпершыню. Змяшчае каментарыі, прадметна-тэматычныя і геагр. паказальнікі, крыніцы, пералік не ўключаных дакументаў.
1-ы том «Развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі» ўключае матэрыялы пра падрыхтоўку і правядзенне рэформы 1861, адмену прыгоннага права, становішча сялян Беларусі да і пасля рэформы, пра класавую барацьбу, зараджэнне і развіццё капіталіст. адносін у вёсцы. У 2-м томе «Развіццё капіталізму ў прамысловасці, становішча прамысловых рабочых і рабочы рух на Беларусі, 1861—1900» змешчаны дакументы пра тэр., колькасць і сац. склад насельніцтва, развіццё гарадоў і нас. пунктаў, прам-сці, транспарту, унутр. і знешняга рынкаў, шляхоў зносін, пра становішча рабочага класа і рабочы рух.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 21.11(4.12).1904 да 16(29) 11.1905 у Мінску на рус. мове. У залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі часта мяняла кірунак. Спачатку скіроўвалася на шлях ліберальна-бурж. «надпартыйнага» асветніцтва, абвяшчала праграму яднання ўсіх класаў, саслоўяў і нацыянальнасцяў краю на аснове гуманізму і справядлівасці. Пасля адмовілася ад лібералізму, выступала за «непарушнасць самадзяржаўя», за вайну з Японіяй да пераможнага канца, супраць «несвоечасовых і нават пагібельных для будучыні Расіі» рэформаў, адмаўляла нац. і культ. самабытнасць беларусаў і ўкраінцаў. Пад націскам рэв. руху летам 1905 набыла ліберальна-бурж. афарбоўку, нярэдка друкавала матэрыялы апазіцыйнага і выкрывальнага зместу, выказвалася за паліт. рэформы. Пасля таго як улады прыпынілі выданне газ.«Северо-Западный край», мінская дэмакр. грамадскасць фактычна ператварыла «Белорусский вестник» у сваю трыбуну, дзе выкрываўся ўрадавы тэрор, прапагандаваліся дэмакр. ідэі. У такіх умовах выдаўцы спынілі выданне газеты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЁРДЖЭС (Burgess) Энтані [сапр.Бёрджэс Уілсан
(Burgess Wilson) Джон; 25.2.1917, г. Манчэстэр, Вялікабрытанія — 25.11.1993], англійскі пісьменнік. Аўтар каля 30 раманаў. Найб. значныя — «Права на адказ», «Доктар хворы» (абодва 1960),
«Семя канчаецца» (1962), «На зоркі не падобныя» (1964), «Трапятанне намеру» (1966), «Напалеонаўская сімфонія» (1974), а таксама «Завадны апельсін» (1962; аднайм. фільм С.Кубрыка, 1971) і «1985» (1978), створаныя ў жанры антыутопіі. Асн. ўвагу Бёрджэса прыцягвалі праблемы дабра і зла, выбару і адказнасці, свабоды і гвалту, пратэсту і канфармізму, асобы і грамадства, злачынства і выпраўлення, суадносін біялагічнага і свядомага ў чалавеку. Даследаваў творчасць У.Шэкспіра, Дж.Джойса, Э.Хемінгуэя і інш. Пісаў лінгвістычныя працы, кн.для дзяцей, эсэ, сцэнарыі тэлесерыялаў. Аўтар шматлікіх муз. сачыненняў, у т. л. сімфанічных.
Тв.:
Рус.пер. — Заводной апельсин;
Вожделеющее семя;
Трепет намерения: Романы. Л., 1993.
Літ.:
Дорошевич А. Энтони Бёрджэсс: Цена свободы // Иностр. лит. 1991. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНА АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
прыродныя і сінт. рэчывы, пад уздзеяннем якіх працякаюць і рэгулююцца розныя працэсы ў жывых арганізмах (хім. рэгулятары біял. працэсаў). Разнастайныя па сваёй прыродзе, функцыях, характары дзеяння, месцы ўтварэння і інш. Сістэматычнае вывучэнне біялагічна актыўных рэчываў пачалося ў канцы 19 ст. Узнікла некалькі раздзелаў біялогіі і медыцыны, што займаюцца іх пошукам, вывучэннем механізмаў дзеяння і магчымасцяў практычнага выкарыстання. Да прыродных біялагічна актыўных рэчываў належаць гармоны, вітаміны, ферменты, біястымулятары, інш.хім. злучэнні, вылучаныя з прыродных крыніц з мэтай увядзення ў арганізм чалавека, жывёлы, расліны ці мікроба для рэгулявання ходу нармальных ці паталагічных працэсаў (лек. прэпараты, напр., антыбіётыкі, алкалоіды, некаторыя фенолы). Сярод штучных біялагічна актыўных рэчываў многія сінт. злучэнні, прэпараты якіх выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі, раслінаводстве, эксперым. біялогіі і медыцыне (штучныя рэгулятары росту, фунгіцыды, гербіцыды, мутагены і інш.). У шэрагу выпадкаў яны дзейнічаюць больш моцна і выбіральна, чым прыродныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІШЧ (Міхаіл Андрэевіч) (7.11.1917, в. Заспа Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 9.5.1966),
бел. мастак тэатра і жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1938). Працаваў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1938—56). Сярод работ вылучаюцца дэкарацыі да опер «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і «Алека» С.Рахманінава (1949), «Марынка» Р.Пукста (1955), балетаў «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1951), «Жызэль» А.Адана (1953), «Лаўрэнсія» А.Крэйна (1955); да драм. пастановак «Пунсовая кветачка» І.Карнавухавай і Л.Браўсевіча (1952, т-р імя Я.Купалы), «Гады вандраванняў» А.Арбузава (1954, Гомельскі абл.драм.т-р). Дэкарацыям уласцівыя рамантычная ўзнёсласць, паэтычнасць, кампазіцыйная выразнасць. Ствараў эскізы касцюмаў длятанц. і харавых калектываў. Аўтар насценнай размалёўкі «Дэман» (1958) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, карцін «Купальскі вечар» (1960), «Саўгас «Аколіца» (1961), «Батлейка» (1962) і інш.
П.А.Карнач.
М.Блішч. Эскіз дэкарацыі да оперы «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГША Лазар, полацкі ювелір 12 ст. Вольны рамеснік. У 1161 на заказ св.Ефрасінні Полацкай стварыў для Полацкага манастыра св. Спаса шэдэўр стараж.-бел. мастацтва напрастольны крыж Ефрасінні Полацкай. Залатыя пласціны на драўляным крыжы ён упрыгожыў перагародчатымі эмалямі (эмалі ў той час маглі вырабляць нямногія майстры), прытым выкананы эмалі не на асобных пласцінах, а адразу на рэліквіі, што патрабавала выключнага прафесіяналізму і тонкага густу пры кампаноўцы дэкору. Аўтар дасканала валодаў і тэхнікай вырабу эмаляў, і метадамі апрацоўкі каштоўных металаў, эмальерным мастацтвам. Яго праца добра аплачана (сума, роўная кошту 160 лісіных шкур), а талент высока ацэнены Ефрасінняй Полацкай, пра што сведчыць імя аўтара на крыжы — з’ява на той час вельмі рэдкая. Іл.гл. ў арт.Беларусь.
Літ.:
Алексеев Л.В. Лазарь Богша — мастер-ювелир XII в. // Сов. археология. 1957. № 3;
Арлоў У. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994. С. 89—92.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ТЫ,
тып шытага скуранога абутку з высокімі халявамі. Былі вядомы ўсх. славянам са стараж. часоў. У пісьмовых крыніцах згадваюцца ў 10—11 ст. Магнаты, гарадская знаць насілі боты з лепшых гатункаў скуры, найб. багатымі лічыліся каляровыя саф’янавыя боты, упрыгожаныя цісненнем, вышытым арнаментам. У гараджан былі больш простыя і танныя. У 2-й пал. 19 ст. боты сталі шыць і для заможных сялян, якія надзявалі іх пераважна на святы. Боты былі звычайна мужчынскім абуткам, але насілі іх і жанчыны. Шылі боты са скуры буйн. раг. жывёлы, коней, свіней, авечак. У мужчынскіх ботах халявы рабілі вышэй за калена, іх загіналі, адвароты дэкарыравалі. Жаночыя шылі з карацейшымі і вузейшымі халявамі, высокім і тонкім абцасам; на заднікі ў святочныя боты набівалі медныя пласцінкі і каляровыя кавалачкі скуры. Як зручны і практычны абутак боты, пераважна фабрычнага вырабу, бытуюць і ў наш час.
Н.І.Буракоўская.
Боты. Вёска Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЫЯНЕ́РНАЯ КАМАНДЫ́ТА,
від кампаніі (таварыства), які спалучае элементы акцыянернага таварыства і камандытнага таварыства. Частка яго ўдзельнікаў (поўных кампаньёнаў), якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю ад імя акцыянернай камандыты, адказваюць па яе абавязацельствах усёй сваёй маёмасцю, а частка (камандытныя акцыянеры) маюць абмежаваную адказнасць — у памеры кошту сваіх акцый. Пашыраны ў малой і сярэдняй вытв-сці, гандлі, сферы паслуг. З’яўляецца пераходнай формай ад акц.т-ва.
Ствараюцца, як правіла, для атрымання вял. грашовых сродкаў ад рэалізацыі акцый. Засн. на калектыўнай форме ўласнасці. Маёмасць фарміруецца за кошт укладаў яго членаў. Спалучэнне прынцыпаў акц. і камандытных т-ваў у гасп. дзейнасці дае шэраг пераваг; высокая ступень адказнасці па абавязацельствах робіць акцыянерную камандыту надзейным партнёрам; канцэнтрацыя кіравання сярод абмежаванага кола асоб (поўных кампаньёнаў) забяспечвае дастатковую самастойнасць, свабоду і аператыўнасць у прыняцці рашэнняў; залучэнне капіталаў і інш. інвестараў спрыяе развіццю вытв-сці і павышэнню яе канкурэнтаздольнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕАТО́РЫКА (ад лац. alea ігральныя косці; выпадковасць),
метад муз. кампазіцыі, які прадугледжвае мабільнасць (незамацаванасць) муз. тканіны ці формы. Узнікла ў 1950-я г., найб. характэрная для прадстаўнікоў авангардызму (Дж.Кейджу, К.Штокгаўзену і інш.). Заснавана на прынцыпе выпадковасці і імправізацыйнасці ў будове муз. твора. Адрозніваюць абсалютную алеаторыку (ахоплівае муз. твор у цэлым) і адносную (увядзенне фрагмента алеаторыкі ў інш. акружэнне; больш пашырана). Як сродак драматургічнага кантрасту, муз. вобразнасці і экспрэсіі алеаторыка сустракаецца ў творах А.Шнітке, Р.Шчадрына, Э.Дзянісава, Ф.Сланімскага, у бел. кампазітараў С.Картэса, Дз.Смольскага, В.Войціка, А.Мдывані, В.Капыцько і інш. Графічны запіс алеаторных твораў (побач з агульнапрынятай натацыяй ужываюцца спец. знакі) пакідае шмат момантаў на меркаванне музыканта, у выніку выканальніцкія версіі істотна адрозніваюцца паміж сабой.
Літ.:
Денисов Э. Современная музыка и проблемы эволюции композиторской техники. М., 1986. С. 112—136.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СІНЫдвух лікаў,
дзель аднаго ліку на другі. Адносіны дзвюх аднародных велічынь наз. лік, які атрымліваецца ў выніку вымярэння першай велічыні, калі другая прынята за адзінку. Калі 2 велічыні вымераны з дапамогай адной і той жа адзінкі, то іх адносіны роўныя адносінам лікаў, якія іх вымяраюць. Адносіны даўжынь 2 адрэзкаў выражаюцца рацыянальным (сувымерныя адрэзкі) або ірацыянальным (несувымерныя адрэзкі) лікам. Паводле Эўкліда, 4 адрэзкі a, b, a′, b′ утвараюць прапорцыю a : b = a′ : b′, калі для адвольных натуральных лікаў m і n выконваецца адна з суадносін ma = nb, ma > nb, ma < nb адначасова з адпаведнымі суадносінамі ma′ = nb′, ma′ > nb′, ma′ < nb′. У выпадку несувымернасці a і b — разбіўка ўсіх рацыянальных лікаў x = m/n на 2 класы па прыкмеце а > xb або а < xb супадае з разбіўкай па прыкмеце a′ > xb′ або a′ < xb′, што адпавядае сутнасці ідэі сучаснай тэорыі дэдэкінда сячэнняў.