«КЕРАМІ́Н»,

адкрытае акцыянернае т-ва (ААТ) па вытворчасці буд. матэрыялаў. Утворана 3.6.1994 на базе вытв. аб’яднання «Мінскбудматэрыялы», якое дзейнічае з 1975 як шматгаліновае прадпрыемства. У яго ўвайшлі камбінат буд. матэрыялаў (галаўное прадпрыемства) і заводы: керамічны (дзейнічаў з 1902 як арцель па вытв-сці глінянай цэглы), мінералаватных вырабаў, «Будфарфор» (усе ў Мінску), а таксама кар’ераўпраўленне «Гайдукоўка» (з 1995 горны цэх, г.п. Радашковічы) і цагельны завод «Студзёнка» (закрыты ў 1981). Асн. прадукцыя (1998): цэгла, плітка для ўнутр. абліцоўкі сцен, для падлогі, чарапіца, мінералаватныя будаўнічыя маты, сан.-тэхн. абсталяванне, наборы кафлі для печаў і камінаў, арх. кераміка і інш.

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЖНЕР (Мікалай Мацвеевіч) (9.12.1867, Масква —28.11.1935),

расійскі хімік-арганік; адзін з арганізатараў анілінафарбавай прам-сці. Ганаровы член АН СССР (1934, чл.-кар. 1929).

Скончыў Маскоўскі ун-т (1890), дзе і працаваў. З 1901 праф. Томскага тэхнал. ін-та, з 1914 — Нар. ун-та імя А.Л.Шаняўскага, з 1918 навук. кіраўнік НДІ «Анілтрэста» (Масква). Навук. працы па арган. сінтэзе і даследаванні сінтэзаваных злучэнняў. Адкрыў аліфатычныя дыазазлучэнні (1900), рэакцыю каталітычнага раскладання гідразонаў (рэакцыя К.—Вольфа, 1911), універсальны спосаб сінтэзу вуглевадародаў цыклапрапанавага шэрагу (рэакцыя К., 1912).

Тв.:

Исследования в области органической химии. М.; Л., 1937.

М.М.Кіжнер.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАВО́ДСК,

горад у Расіі, у Стаўрапольскім краі, у перадгор’ях В. Каўказа на выш. 720—1060 м, бальнеакліматычны курорт у групе Каўказскіх Мінеральных Вод. Гал. прыродныя лек. фактары — мінер. крыніцы (нарзаны), клімат, глеевыя гразі. Асн. профіль — кардыялагічны; лечаць таксама хваробы органаў дыхання, нервовыя, абмену рэчываў, у т. л. ў дзяцей і падлеткаў. Узнік з ваеннага ўмацавання і станіцы (засн. ў 1803), горад з 1830. 124,9 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. з-д па разліве мінер. вады «Нарзан»), лёгкай, мэблевай прам-сці. Санаторыі, пансіянаты, турбаза. Маст. музей М.А.Ярашэнкі, Лермантаўскія мясціны, помнікі прыроды.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСО́ЎСКІ (Яўген Калістратавіч) (н. 7.5.1937, г. Ярцава Смаленскай вобл., Расія),

бел. жывапісец. Скончыў Рыжскае маст. вучылішча (1958), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). Выкладаў у віцебскіх пед. і тэхнал. лёгкай прам-сці (1964—73) ін-тах. Творам уласцівы лірычная ўсхваляванасць, кампазіцыйная цэласнасць, экспрэсіўны характар пластычнай мадэліроўкі формы. Аўтар тэматычных кампазіцый («Уз’яднанне беларускіх партызан з войскамі Чырвонай Арміі», 1981), партрэтаў («Наддзвінскі дудар Арцём Вярыга-Дарэўскі», 1979; П.І.Чайкоўскага і М.П.Мусаргскага, 1983), пейзажаў («Камчатка», 1970; «Лучоса» і «Віцебск», абодва 1981; «Браслаўскі матыў», 1990), нацюрмортаў («Белыя гарлачыкі», 1982; «Нацюрморт з грыбамі», 1990).

М.Л.Цыбульскі.

Я.Красоўскі. Мірскі замак. 1968.

т. 8, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУХМА́Л,

асноўны рэзервовы вуглявод раслін. Складаецца з лінейнай амілозы (каля 25%) і разгалінаванага амілапекціну (каля 75%). Белы парашок без паху і смаку. Не раствараецца ў халоднай вадзе, у гарачай утварае калоідны раствор. У растворы ёду набывае сіні колер. Біясінтэз К. праводзіцца глюказілтрансферазамі. Утвараецца ў клетачных арганелах (хларапластах і амілапластах), адкладваецца ў выглядзе зярнят, назапашваецца ў насенні, клубнях, карэнішчах і цыбулінах. Асн. ч. найважнейшых прадуктаў харчавання (у муцэ 75—80%, у бульбе 25%). Выкарыстоўваецца ў мед., тэкст., харч. (вытв-сць віннага спірту, глюкозы, патакі) прам-сці. Асн. крыніцы атрымання К. — бульба, кукуруза, пшаніца, рыс.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы з г. Крычаў Магілёўскай вобл. Промысел вядомы з 12 ст. Росквіту дасягнуў у канцы 16 — пач. 18 ст. Выраблялі з чырв. гліны паліваны сталовы посуд, кафлю, дэкар. арх. ўпрыгожанні, вазы, цацкі, дробную анімалістычную пластыку (выявы мядзведзяў, ільвоў, бараноў і інш.), якія вылучаліся высокім узроўнем тэхналогіі вытв-сці. У 16—18 ст. у аздабленні тэракотавай, паліхромнай, паліванай («мураўлёнай») кафлі пераважалі геам. і расл. арнаменты, геральдычныя і анімалістычныя выявы. У пач. 20 ст. працавала больш за 70 ганчароў. Промысел бытаваў да сярэдзіны 20 ст.

М.А.Ткачоў, У.В.Угрыновіч.

Да арт. Крычаўская кераміка. Тэракотавая кафля з выявай букета. 17 ст.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНЖУ́Т, сезам (Sesamum),

род кветкавых раслін сям. кунжутавых (сезамавых). Каля 20 відаў. Пашыраны ў трапічнай і Паўд. Афрыцы. Стараж. культ. алейную расліну К. індыйскі (S. indicum) вырошчваюць у Грэцыі, Егіпце, Закаўказзі, Індыі, Іране, Мексіцы, Сярэдняй Азіі.

К. індыйскі — аднагадовая травяністая расліна выш. да 2 м з галінастым прамастойным сцяблом, пакрытым жалезістымі валаскамі. Лісце ланцэтнае або рассечанае на долі. Кветкі буйныя, белыя, ружовыя ці фіялетавыя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. У насенні — да 65% харч. алею, які ўжываюць непасрэдна ў ежу. Выкарыстоўваюць таксама ў кандытарскай, кансервавай, маргарынавай прам-сці, медыцыне, тэхніцы Макуха — корм для жывёл.

У.П.Пярэднеў.

Кунжут.

т. 9, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎР (Laurus),

род кветкавых раслін сям. лаўровых. 2 віды. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на астравах Атлантычнага ак. Са стараж. часоў у культуры Л. высакародны (L. nobilis); лаўровы вянок і лаўровая галінка — сімвал славы, доблесці і перамогі. На Беларусі культывуюць у пакоях, аранжарэях.

Вечназялёныя дрэвы ці кусты. Лісце чаргаванае, скурыстае, суцэльнакрайняе. Кветкі белавата-жоўтыя, дробныя, у парасонападобных суквеццях. Плод — сіне-чорная касцянка. Лісце выкарыстоўваюць у кансервавай і кандытарскай прам-сці, з пладоў атрымліваюць эфірны алей, драўніна ідзе на дробныя вырабы. Дэкар. расліны.

Лаўр высакародны. Галінкі расліны: 1 — жаночай; 2 — мужчынскай; 3 — ліст з верхняга боку.

т. 9, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ХТЫ (Lahti),

горад на Пд Фінляндыі, на воз. Пяяне. Засн. ў 1878, гар. правы з 1905. Каля 100 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Прам-сць: дрэваапр. (піламатэрыялы, фанера, запалкі, мэбля), маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для цэлюлозна-папяровай прам-сці), тэкст., абутковая, шкляная, харчовая. Цэнтр турызму і зімовых відаў спорту.

Жыллёвае буд-ва ў Л. адметнае разнастайнасцю планіроўкі мікрараёнаў, арганічнай сувяззю іх з ландшафтам. Сярод пабудоў 20 ст.: ратуша (1912, арх. Э.Саарынен), канцэртная зала (1957, арх. К. і Х.Сірэн), будынак банка «КОП» (1963—67, арх. В.Рэвель). У Л. манумент «Мір» (1950—52, скульпт. В.В.Аалтанен).

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́КАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, што выкарыстоўваюцца ў медыцыне і ветэрынарыі ў лекавых або прафілактычных мэтах. Больш за 10 тыс. відаў. На Беларусі больш за 130 відаў. Дзейныя рэчывы (алкалоіды, гліказіды, вітаміны, флаваноіды і інш.) Л.р. аказваюць фізіял. ўздзеянне на арганізм чалавека і жывёл ці маюць біял. актыўнасць да ўзбуджальнікаў розных захворванняў. Падзяляюцца на сардэчна-сасудзістыя, кроваспыняльныя, заспакаяльныя, жаўцягонныя, слабільныя, патагонныя, мачагонныя, вяжучыя, адхаркавальныя і інш. Выкарыстоўваюцца таксама ў харч., парфумернай, лакафарбавай, металургічнай прам-сці.

Літ.:Мурох В.И., Стекольников Л.И. Наш зеленый исцеляющий друг. Мн., 1985; Шмярко Я.П., Мазан І.П. Лекавыя расліны ў комплексным лячэнні. Мн., 1989.

У.П.Пярэднеў.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)