дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.В.Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.А.Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.А.Гашкевіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў РАСІ́ЙСКАЙ ФЕДЭРА́ЦЫІ.
Створаны ў 1992 y Маскве на базе Цэнтр.дзярж. архіва Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж. кіравання СССР (ЦДАКР СССР) і Цэнтр.дзярж. архіва РСФСР (ЦДА РСФСР). Захоўваецца 3139 фондаў, 5,2 млн. спраў (1997). Сабраны матэрыялы па гісторыі рэв., грамадскага і нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі ў 19 — пач. 20 ст. Сярод іх дакументы Следчай камісіі Вярх. крымінальнага суда па справе дзекабрыстаў, 3-га аддзялення «ўласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі», Дэпартамента паліцыі, МУС, Маскоўскага і Пецярбургскага ахоўных аддзяленняў і інш. Есць дакументы Часовага ўрада, фонды па выбарах ва Устаноўчы сход, матэрыялы пра Кастр. паўстанне 1917. Зберагаюцца дакументы з’ездаў Саветаў, фонды ВЦВК, СНК, наркаматаў і мін-ваў СССР і РСФСР і інш.Вял. Айч. вайна 1941—45 адлюстравана ў лістах з фронту і на фронт, ваен. карэспандэнцыях, зводках Саўінфармбюро, тэкстах радыёперадач і інш. Сярод дакументаў гэтага перыяду — фонд Надзвычайнай дзярж. камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў на часова акупіраванай тэр.СССР, матэрыялы Нюрнбергскага і Такійскага працэсаў над гал.ваен. злачынцамі 2-й сусв. вайны. Зберагаюцца мікрафотакопіі дакументаў па гісторыі Расіі і СССР, атрыманыя з замежных архіваў. Захоўваюцца фонды б. Рускага замежнага гіст. архіва, перададзенага Чэхаславакіяй у 1945. Сабрана калекцыя перыяд. выданняў, лістовак, плакатаў, картаў. На падставе дакументаў архіва падрыхтаваны шматлікія дакумент. выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДЖАЗ-АРКЕ́СТР БССР,
першы прафесійны джазавы калектыў Беларусі. Створаны ў 1939 у Беластоку як Беластоцкі тэатралізаваны джаз Ю.Бяльзацкага, з 1.1.1940 Дзярж. джаз-аркестр пад кіраўніцтвам Э.Рознера. Адзін з лепшых джаз-аркестраў б.СССР 1940-х г. У складзе аркестра напачатку пераважалі прафес. музыканты — эмігранты з краін Зах. Еўропы, у асн. з Польшчы. Першыя канцэрты адбыліся ў Мінску ў крас. 1940, потым у Маскве, у т-ры саду «Эрмітаж» і інш. У складзе аркестра ў розны час працавалі спевакі Р.Камінская (жонка Рознера), З.Ларчанка, Л.Лямпель, А.Гольдберг, кампазітар і спявак А.Гарыс, трубач і паэт Ю.Цэйтлін, тэнар-саксафаніст Т.Лявіцін, скрыпач П.Гофман, піяніст А.Дабрушкес, гітарыст Л.Маркевіч. У рэпертуары пераважалі творы, напісаныя ўдзельнікамі калектыву: «Слава табе, Беларусь!» Бяльзацкага, «Каўбойская», «Мандаліна, гітара і бас», «На палянцы» Гарыса, танга «Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча» Рознера (усе на сл. Цэйтліна) і інш.Найб. папулярнасць прынёс аркестру ўдзел у фільме «Канцэрт-вальс» (1941). З пач.Айч. вайны калектыў выступаў на Урале, у Сібіры, Сярэдняй Азіі. У 1942 14 музыкантаў пайшлі на фронт. З канца 1942 аркестр выступаў у вайск. часцях, у т. л. на перадавой, перад войскамі Бел. фронту і інш. У 1944—45 праведзена вял. праца па запісе твораў у выкананні джаз-аркестра на грампласцінкі (усяго 43). У 1946 Рознер і Камінская арыштаваны, у 1947 аркестр расфарміраваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЕКТАСКАПІ́Я (ад дэфект + ...скапія),
комплекс фізічных метадаў і сродкаў неразбуральнага кантролю якасці матэрыялаў і вырабаў (парушэння суцэльнасці, адхілення ад зададзеных фіз.-мех. уласцівасцей, хім. саставу, структуры, геам. памераў і інш.).
Да метадаў Д. адносяцца: аптычныя (візуальныя), акустычныя (ультрагукавыя), магнітныя, радыяцыйныя (у т. л. гама-метады і рэнтгенаўскія), радыёхвалевыя, цеплавыя (інфрачырвоныя), віхратокавыя (электраіндуктыўныя), электрычныя (у т. л. тэрма- і трыбаэлектрычныя, электрастатычныя), капілярныя (люмінесцэнтныя, каляровыя) і інш. Большасць метадаў Д. заснавана на ўзаемадзеянні акустычных або электрамагнітных ваганняў, фіз. палёў (магнітных, электрамагнітных, радыёхвалевых і інш.) з выпрабавальнымі вырабамі на лакальных іх участках або па ўсім аб’ёме. Д. рашае задачы з выкарыстаннем гэтых метадаў па выяўленні ў вырабах розных тыпаў паверхневых і ўнутраных дэфектаў — трэшчын, валасавін, ракавін, шлакавых уключэнняў, адслаенняў і інш.
На Беларусі навук. работы па Д. вядуцца з 1964 у Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН. Развіваецца капілярны метад (у прыватнасці, для кантролю керамічных, кампазітных і інш. вырабаў), ультрагукавы метад з выкарыстаннем магн. вадкасці; распрацоўваюцца асновы магн., эл.-магн. і радыёхвалевага метадаў; створаны прылады магн., магнітаграфічнага, віхратокавага і радыёхвалевага кантролю.
Літ.:
Ермолов И.Н. Теория и практика ультразвукового контроля. М., 1981;
Прохоренко П.П., Мигун Н.П. Введение в теорию капиллярного контроля. Мн., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛА́ЕВА (Вера Міхайлаўна) (1893, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 1938),
рускі і бел. мастак, педагог. Вучылася ў маст. школе М.Д.Бернштэйна (1911—14) і археал. ін-це у Пецярбургу (1914—17), а таксама ў Францыі, Швейцарыі і Англіі. Чл. аб’яднання мастакоў «Саюз моладзі», стварыла (1918) арцель мастакоў «Сёння» ў Пецярбургу. Працавала ў музеі горада (цяпер Музей гісторыі Пецярбурга) і калегіі Аддзела выяўл. мастацтва Наркамасветы. У 1919—22 выкладчык, кіраўнік майстэрні і рэктар Віцебскага нар.маст. вучылішча. Чл. групы «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Удзельнічала ў агітацыйна-маст. афармленні Віцебска, па яе эскізах створаны дэкарацыі і касцюмы для губ.т-ра (футурыстычная опера «Перамога над сонцам», 1920). З 1922 у Пецярбургу, у Ін-це маст. культуры (1923—27) пад кіраўніцтвам К.Малевіча, уплыў якога зазнала. Афармляла і ілюстравала дзіцячыя кнігі М.Асеева, М.Венгерава, І.Крылова (усе 1920-я г.), І.В.Гётэ, М.Сервантэса, М.Чарнышэўскага (усе 1930-я г.), стварыла шэраг кніжак-карцінак. Сярод станковых работ «Галгофа» (1928). «Дрэвы», «Хлопчыкі», аўтапартрэт (усе пач. 1930-х г.) і інш. Рэпрэсіравана ў 1934.
Літ.:
Ковтун Е. Художница книги В.М.Ермолаева // Искусство книги: Сб. М., 1975. Вып. 8;
Авангард, остановленный на бегу: [Альбом.] Л., 1989;
Русский авангард 20-х—30-х гг. СПб., 1997.
А.Г.Лісаў.
В.Ермалаева. Эскіз афармлення сцэны для футурыстычнай оперы «Перамога над сонцам». 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,
(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап.цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр.ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. Грамадзянства ЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНІШЧА́ЛЬНІК,
высокаманеўраны баявы самалёт для перахвату і знішчэння паветраных сродкаў нападу, паражэння малапамерных і рухомых наземных і надводных аб’ектаў. Можа выкарыстоўвацца для паветранай разведкі і мініравання з паветра. Радыус дзеяння больш за 700 км, скорасць да 3000 км/гадз, вышыня палёту да 30 км.
З. пачалі выкарыстоўваць у 1-ю сусв. вайну; першы паветраны бой і таран на З. ажыццявіў заснавальнік вышэйшага пілатажу П.М.Несцераў. У 2-ю сусв. вайну асн. відам З. быў аднамесны самалёт з поршневым рухавіком. Лепшымі З. былі: Як-3, Ла-7 (СССР), Me-109E (Германія), P-51 (ЗША). У 1940-я г.створаны рэактыўныя З., упершыню перавышана скорасць гуку. Лепшым З. быў МіГ-15. Сучасныя З. — рэактыўныя звышгукавыя усепагодныя, аснашчаныя ЭВМ, разнастайным прыцэльна-навігацыйным абсталяваннем, маюць высокадакладную зброю з радыёлакацыйнай, інфрачырвонай, тэлевізійнай, лазернай сістэмамі навядзення, а таксама бомбы, некіроўныя ракеты, пушкі. У краінах СНД З. падзяляюцца на франтавыя (уласна З.), З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі (у ВПСНАТО З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі аб’яднаны паняццем «тактычны З.»). Лепшыя З. 1990-х г.: МіГ-29, Су-27 (Расія), «Міраж-2000» (Францыя), F-15, F-16, F-18 (ЗША), «Тарнада» (ФРГ, Вялікабрытанія, Італія). Узбр. сілы Беларусі аснашчаны З. МіГ-29 і Су-27. Гл. таксама Авіяцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т БІЯХІ́МІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1985 у Гродне на базе Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў АН Беларусі (з 1970). Лабараторыі (1998): біяхіміі каферментаў, біяхіміі эндакрынных залоз, біяфізікі, эксперым. гепаталогіі, аналіт. біяхіміі, экалагічнай біяхіміі, энзімалогіі і біятэхналогіі, марфалогіі і нейрахіміі, біяхім. фармакалогіі, біяхіміі спіртоў і альдэгідаў. Аспірантура (з 1970).
Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне механізмаў абмену рэчываў на ўзроўні цэлага арганізма, асобных органаў, тканак, клеткі і ферментатыўных рэакцый; карэкцыя парушэнняў абмену рэчываў з дапамогай прыродных біялагічна актыўных злучэнняў і іх вытворных. Вынікі даследаванняў: на арганізмавым, клетачным і малекулярным узроўнях вывучаны метабалізм вітаміну В, ва ўмовах гіпер- і гіпавітамінозу; даследаваны фіз.-хім. ўласцівасці і структура ізаляваных вітаміназалежных ферментаў; вывучана морфабіялогія кары наднырачнікаў жывёл пры стрэсе, расшыфраваны малекулярныя механізмы функцыян. цыкла картыкацытаў; вызначаны метабалічныя перадумовы і наступствы ўжывання алкаголю, расшыраны ўяўленні пра біяхім. механізмы патагенезу алкагалізму і прапанаваны новыя падыходы ў прафілактыцы і лячэнні захворвання; атрыманы даныя аб біяхім. механізмах рэалізацыі біял. актыўнасці і накіраванай рэгуляцыі метабалічнага балансу ў ц. н. с., печані і злаякасных новаўтварэннях амінакіслотамі і іх вытворнымі; на іх аснове створаны новыя эфектыўныя лек. прэпараты; высветлена роля біясінтэзу каферменту A у фарміраванні ўнутрыклетачнага фонду каферменту і яго ацыліраваных форм; даследаваны біятрансфармацыя і фармакалагічная актыўнасць вытворных пантатэнавай к-ты, распрацаваны на іх аснове сродкі метабалічнай тэрапіі. У Ін-це працаваў акад.АН Беларусі Ю.М.Астроўскі, працуюць 12 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ГЕНЕ́ТЫКІ І ЦЫТАЛО́ГІІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1965 у Мінску на базе Аддзела генетыкі і цыталогіі АН Беларусі (з 1963). Лабараторыі (1998): малекулярнай генетыкі, гетэрозісу і генетыкі колькасных прыкмет, генетыкі збожжавых культур, мутагенезу, цытагенетыкі раслін, антымутагенезу, агульнай цытагенетыкі, радыяцыйнай генетыкі. нехрамасомнай спадчыннасці, генетыкі фітаімунітэту; тэматычныя групы, аддзел навук. інфармацыі і інфарматыкі Дзейнічае селекцыйна-генет. комплекс (да 1989 біял. доследная станцыя). Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі даследаванняў: генет. асновы селекцыі (гетэрозіс, поліплаідыя, нехрамасомная спадчыннасць, генетыка імунітэту), індуцыраваны і спантанны мутагенез, антымутагенез, радыяцыйная генетыка, генет. і клетачная інжынерыя, матэм. генетыка. Вынікі даследаванняў: сфармуляваны новая канцэпцыя гетэрозісу, гіпотэза ўзаемадзеяння ядзерных генаў і плазмагенаў пры цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці. Даказана важная роля цытаплазматычных спадчынных структур ва ўстойлівасці раслін да захворванняў, атрыманы значныя вынікі па вывучэнні генет. заканамернасцей арганізацыі і экспрэсіі геномаў раслін. Створаны арыгінальныя генет. калекцыі збожжавых, зернебабовых культур і бульбы. Атрыманы практычныя вынікі: каштоўныя гетэрозісныя гібрыды кукурузы, азімага жыта, цукр. буракоў, ільну, яравой пшаніцы, ячменю і трыцікале. Раянаваны новыя высокапрадукцыйныя сарты цукр. буракоў, соі, цяплічных памідораў. Вынікі даследаванняў пра эколага-генет. наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС перададзены ў Дзяржкамчарнобыль. У Ін-це працавалі акад.АН Беларусі А.Р.Жэбрак, П.Ф.Ракіцкі, акад.АН Беларусі і УАСГНІЛ М.В.Турбін, чл.-кар. А.М.Іпацьеў, У.К.Саўчанка, працуюць акад.Нац.АН Беларусі М.А.Картэль (дырэктар з 1994), Л.У.Хатылёва (пачэсны дырэктар), чл.-кар. У.Я.Борматаў, 13 дактароў навук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЛЕ́СУНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1930 у Гомелі на базе ляснога аддзела Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі і Цэнтр. лясной доследнай станцыі (у 1933—92 наз.Бел.НДІ лясной гаспадаркі). Лабараторыі (1998): аднаўлення харч. рэсурсаў лесу, лесааднаўлення, генетыкі лесу, лясной селекцыі і насенняводства, аховы і абароны лесу, праблем лесазнаўства і кіравання ляснымі рэсурсамі, лясной экалогіі і глебазнаўства, радыяцыйнага лесаводства; сектары экалогіі насякомых і біял. абароны лесу, лясной мікалогіі, біярэгуляцыі вырошчвання пасадачнага матэрыялу, лясной радыялогіі, радыелагічнага мадэліравання лясных экасістэм, хім. даследаванняў глеб і раслін. Аспірантура (з 1944), дактарантура (з 1996).
Асн. кірункі даследаванняў: навук. абгрунтаванне рацыянальнага і шматмэтавага лесакарыстання, павышэння прадукцыйнасці лясоў з улікам іх экалагічнай ролі і антрапагеннага ўздзеяння на лясныя біяцэнозы, стварэнне сістэм і метадаў лесаўзнаўлення і лесаразвядзення на аснове генетычна-селекцыйных прынцыпаў і структурна-функцыян. асаблівасцей біяцэнозаў; распрацоўка спосабаў мінімізацыі вынікаў радыяцыйнага забруджвання на лясныя экасістэмы. Вынікі даследаванняў: распрацавана нарматыўная база для вядзення лясной гаспадаркі Беларусі на навук. аснове (высечкі гал. і прамысл. карыстання, лесааднаўленне, лесаўпарадкаванне, абарона і ахова лесу, механізацыя лесааднаўленчых работ, пабочнае лесакарыстанне). Створанынавук. кірунак па праблеме вырошчвання лесу з рэгуляваным назапашваннем радыенуклідаў у дрэвавых раслін. У ін-це працавалі акад.АНСССР А.Б.Жукаў, акад.АН Беларусі П.П.Рагавой, В.І.Пераход, У.У.Шкатэлаў У.В.Шкатэлаў, І.Д.Юркевіч; працуюць акад.Нац.АН Беларусі і Рас. акадэміі с.-г. навук В.А.Іпацьеў (дырэктар з 1989), чл.-кар. Р.Р.Ганчарэнка, 6 дактароў навук.