перыяд праўлення ў Францыі імператара Напалеона III
[2.12.1852—4.9.1870],
які прыйшоў да ўлады ў выніку дзярж. перавароту, што скасаваў Другую рэспубліку. Вераснёўская рэвалюцыя 1870 знішчыла Д.і. і абвясціла Францыю рэспублікай.
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КАМПА́РТЫІ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ.
Адбылася 2—4.2.1919 у Вільні. Прысутнічалі 32 дэлегаты з рашаючым і 32 з дарадчым голасам ад больш чым 5 тыс.чл. КПЛіЗБ. Парадак дня: справаздача ЦК (П.Эйдукевіч), тактыка партыі (К.Цыхоўскі), даклады з месцаў, сав. будаўніцтва, агр. пытанне (З.І.Ангарэціс), адносіны да Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада, аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. Канферэнцыя паставіла перад парт. арг-цыямі задачу мабілізаваць рабочы клас на далейшае развіццё рэвалюцыі, падкрэсліла, што «выбарчым правам могуць карыстацца толькі пралетарыі і паўпралетарыі». Парт. арг-цыям даручалася неадкладна пачаць узбройваць і абучаць ваен. справе ўсіх членаў партыі. Канферэнцыя выказалася супраць падзелу памешчыцкай зямлі паміж сялянамі, пастанавіла ў мэтах спынення спекуляцыі ўвесці манаполію на гандаль. Ухваліла дзейнасць Часовага рэв. рабоча-сял. ўрада на чале з В.С.Міцкевічам-Капсукасам і прыняла рашэнне пра аб’яднанне Літ. і Бел.Сав. рэспублік. У прынятай рэзалюцыі аб камсамоле гал. яго задачай вызначыла «падрыхтоўку свядомых барацьбітоў за камунізм». Адначасова ў Мінску праходзіў Першы Усебеларускі з’езд Саветаў, які прыняў пастанову пра аб’яднанне Беларусі і Літвы.
Літ.:
КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1 (1903—1921 гг.). Мн., 1934;
Борьба за Советскую власть в Литве в 1918—1920 гг.: Сб. док. Вильнюс, 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТО́МІРСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.
На Пн Украіны. Утворана 22.9.1937. Пл. 29,9 тыс.км². Нас. 1,5 млн.чал., гарадскога 53% (1996). Цэнтр — г.Жытомір. Найб. гарады: Бярдзічаў, Корасцень, Наваград-Валынскі, Карастышаў, Малін, Оўруч.
Прырода. Паўд. і паўд.-зах. часткі вобласці знаходзяцца ў межах Прыдняпроўскага ўзв. (выш. да 300 м). Пн і ПнУ займае Палеская нізіна і Оўруцкае ўзв. (найб.выш. 316 м). Карысныя выкапні: граніты, гнейсы, лабрадарыты, мармур, вапнякі, гліны, жал. і тытанавыя руды, буры вугаль, торф, мінер. воды. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -5,6 °C, ліп. 18,7 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 500 мм на Пд да 600 мм на Пн. Гал. рэкі належаць да бас. Дняпра; Цецераў, Ірпень, Случ, Уж, Убарць. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на Пд шэрыя лясныя і чарназёмныя. Лясы мяшаныя (хвоя, дуб, граб, бяроза, асіна), займаюць 31,7% тэр., у Ж.в. — Палескі запаведнік.
Гаспадарка Ж.в. адносіцца да індустрыяльна-аграрных раёнаў Украіны. Развіццё прам-сці грунтуецца на с.-г. сыравіне, мясц.мінер. і працоўных рэсурсах. Асн. галіны прам-сці: харчасмакавая (цукр., спіртавая, мясная, масласыраробчая, агароднінакансервавая, піваварная), маш.-буд. (хім. абсталяванне, дарожныя і с.-r. машыны, электрапрылады), лёгкая (тэкст., швейная, абутковая), хім., мікрабіял., дрэваапр., мэблевая, фарфора-фаянсавая, шкляная. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў Здабыча бурага вугалю. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, жыта) і тэхн. (лён, буракі, хмель) культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Пладаводства. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Пчалярства, рыбагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Адэса—С.-Пецярбург, Харкаў—Львоў, Брэст—Кіеў, Масква—Чоп, аўтадарогі Кіеў—Львоў, Вінніца—Мазыр, Кіеў—Брэст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМНАВО́ДНЫЯ,
амфібіі (Amphibia), клас пазваночных. З падкл.: дугапазванковыя (Apsidospodyli), тонка- або трубчастапазванковыя (Lepospondyli), батрахазаўры (Batrachosauria). З атр.: бязногія (Apoda), бясхвостыя земнаводныя, хвастатыя земнаводныя. У сучаснай сусв. фауне 25—30 сям., больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны амаль ва ўсім свеце (акрамя Арктыкі, Антарктыды і шэрагу акіянічных астравоў), асабліва ў трапічных лясах. Вядуць пераважна наземна-водны спосаб жыцця, размнажэнне ў водным асяроддзі. На Беларусі 12 відаў. Найб. пашыраны жабы, рапухі, трытоны. 41 від і падвід у Чырв. кнізе МСАП, рапуха чаротная (Bufo calamita) у Чырв. кнізе Беларусі.
Даўж. цела 1,5—180 см. Скура мяккая, голая, увільготненая сакрэтамі шматлікіх слізістых залоз; адыгрывае важную ролю ў дыханні. У большасці З. скура мае буйныя бялковыя (серозныя) залозы, сакрэт якіх у рознай ступені ядавіты. Чэрап сучленены з пазваночнікам двума мышчалкамі. Пярэднія канечнасці звычайна 4-пальцыя, заднія — 5-пальцыя. Т-ра цела залежыць ад т-ры асяроддзя. Сэрца звычайна 3-камернае, 2 кругі кровазвароту. Лічынкі дыхаюць жабрамі, дарослыя — лёгкімі. У большасці апладненне вонкавае, у некат. унутранае, ёсць жывародныя. Развіццё з метамарфозам. Дарослыя кормяцца рознымі беспазваночнымі, лічынкі — таксама раслінамі. Пажыва для рыб, млекакормячых. Выкарыстоўваюцца для навук. і вучэбных мэт, некат. — у ежу.
Літ.:
Жизнь животных. 2 изд. Т. 5. М., 1985;
Пикулик М.М. Земноводные Белоруссии. Мн., 1985;
Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл.давед.Мн., 1996.
М.М.Пікулік.
Земнаводныя. Бясхвостыя: 1 — жаба вастрамордая (а — самец у шлюбным убранні, б — самка); 2 — венесуэльская рагатка; З — жаба яванская весланогая. Хвастатыя: 4 — паласаты сірэн; 5 — сямірэчанскі жабазуб. Бязногія: 6 — цэйлонскі рыбазмей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне, якое звязвае шуканую функцыю і інтэграл ад яе. Да І.ў. зводзяцца шматлікія задачы фізікі, краявыя задачы, задачы на адшуканне ўласных значэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Тэорыя І.ў. зарадзілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў нетрах тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і матэм. фізікі пасля прац матэматыкаў італьян. В.Вальтэра (1896), швед. Э.Фрэдгальма (1903), ням. Д.Гільберта (1912) і Э.Шміта (1907). Яна стымулявала развіццё функцыянальнага аналізу і тэорыі аператараў у абстрактных прасторах. Адрозніваюць І.ў. рэгулярныя (з інтэграламі Рымана ці Лебега) і сінгулярныя (з няўласнымі інтэграламі розных тыпаў), лінейныя і нелінейныя. Найб. вывучаны лінейныя І.ў., напр., ураўненні Фрэдгальма
, дзе u(t) — шуканая, a(t), k(t,s) (ядро) і f(t) — зададзеныя функцыі, Ω — вобласць эўклідавай прасторы аднаго або многіх вымярэнняў; калі a(t) = 0, дадзенае ўраўненне наз. ўраўненнем 1-га роду, калі a(t) = 1—2-га, у астатніх выпадках — 3-га. Пры замене інтэграла на інтэгральную суму (гл.Вызначаны інтэграл) атрымліваецца сістэма алг. ураўненняў, для якой вядомыя ўмовы вырашальнасці. Важнымі класамі нелінейных І.ў. з’яўляюцца ўраўненні Ляпунова—Шміта, Урысона і інш Разглядаюцца таксама сістэмы І.ў., а таксама І.ў. з вектар-функцыямі розных тыпаў, выпадковымі працэсамі і інш. Рашэнні ўраўненняў часта знаходзяць лікавымі метадамі.
На Беларусі даследаванні па тэорыі І.ў. пачаты ў 1961 пад кіраўніцтвам Ф.Дз.Гахава (сінгулярныя ўраўненні) і праводзяцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац.АН і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯЛО́ГІЯ (ад іхтыя... + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае рыб; аснова рыбалоўства і рыбаводства. Цесна звязана з біёнікай, гідралогіяй, фізіялогіяй, экалогіяй і інш.
Першыя сістэматызаваныя звесткі пра будову і біялогію рыб трапляюцца ўжо ў працах Арыстоцеля (4 ст. да н.э.). У Еўропе развіццё І. звязана з працамі франц. вучоных П.Белона і Г.Рандэле (2-я пал. 15 ст.). У сістэму ведаў І. аформілася ў канцы 18 ст., пераважна ў працах швед. вучоных П.Артэдзі і К.Лінея, ням. І.П.Мюлера, рус. К.Ф.Кеслера, С.П.Крашаншнікава. С.Г.Гмеліна, І.І.Ляпёхіна і інш.
На Беларусі з сярэдзіны 18 да канца 19 ст. звесткі пра іхтыяфауну абмяжоўваліся пераважна спісамі складу рыб буйнейшых рэк (Нёман, Дняпро і інш.). У пач. 20 ст. вадаёмы краіны абследавалі экспедыцыі Рус.т-ва акліматызацыі жывёл і раслін, Віцебская рыбагаспадарчая і інш.Найб. інтэнсіўна І. развіваецца пасля стварэння ў 1928 Бел.н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1977 Бел.н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі). Сучасны этап іхтыялагічных даследаванняў звязаны з працамі П.І.Жукава, С.В.Кахненкі, У.С.Пенязя, У.П.Ляхновіча, А.А.Баравік, Г.В.Гладкага, Т.М.Шаўцовай і інш.Н.-д. работа вядзецца ў Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, ВНУ, запаведніках, нац. парках і інш. Даследаванні звязаны з вывучэннем праблем біял. разнастайнасці рыб, распрацоўкай навук. асноў рыбаводства і рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБЕРНЕ́ТЫКА (ад грэч. kybernētikē майстэрства кіравання),
навука пра агульныя заканамернасці працэсаў кіравання ў складаных дынамічных сістэмах, спосабы атрымання, захоўвання, перадачы і перапрацоўкі інфармацыі. Асн. аб’екты даследаванняў — кібернетычныя сістэмы (напр., аўтам. рэгулятары ў тэхніцы, ЭВМ, мозг чалавека, біял. папуляцыі), якія разглядаюцца абстрактна (незалежна ад іх прыроды). Асн. задача — стварэнне адзінай тэорыі і эфектыўных метадаў кіравання.
Як самаст. навука ўзнікла на аснове прац Н.Вінера, дзе тэрмін «К.» прапанаваны для абазначэння навукі аб кіраванні і сувязі ў машынах і жывых арганізмах, і звязана са стварэннем ЭВМ, здольных запамінаць і апрацоўваць інфармацыю ў адпаведнасці з зададзенай праграмай. Далейшае развіццё атрымала ў працах сав. вучоных АІ.Берга, В.М.Глушкова, А.А.Ляпунова, амер. вучонага К.Э.Шэнана і інш. Падзяляецца на кібернетыку біялагічную, кібернетыку тэхнічную, матэм. К., медыцынскую, эканам. і інш. Грунтуецца на тэорыі імавернасцей, матэм. логіцы, тэорыі сістэм аўтам. кіравання, тэорыі графаў, а таксама тэорыі аўтаматаў, самаарганізавальных сістэм, распазнавання вобразаў і інш. Кібернетычнае (машыннае) мадэляванне і ўвядзенне ў н.-д. практыку ЭВМ дазваляюць вывучаць складаныя сістэмы без пабудавання іх рэальных фіз. мадэлей.
На Беларусі даследаванні ў галіне К. праводзяцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІЭВМ і інш.
Літ.:
Винер Н. Кибернетика или управление и связь в животном и машине: Пер. с англ. 2 изд. М., 1968;
Ляпунов А.А. Проблемы теоретической и прикладной кибернетики. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ПЛІНГ ((Kipling) Джозеф Рэдзьярд) (30.12.1865, г. Бамбей, Індыя — 18.1.1936),
англійскі пісьменнік; адзін з прадстаўнікоў неарамантызму. Вучыўся ў каледжы ў Вествард-Хо (Англія, 1876—81). Дэбютаваў зб. вершаў «Школьная лірыка» (1881). Аўтар кніг паэзіі «Песні казармы» (1892), «Сем мораў» (1896), «Пяць нацый» (1903), раманаў «Святло пагасла» (1890), «Кім» (1901), зб-каў апавяд. «Простыя апавяданні з гор» (1888), «Горад Страшнай ночы», «Сватанне Дзіны Шад» (абодва 1890), «Жыццё дае фору» (1891) і інш. У творах увасабляў ідэі актыўнага дзеяння, служэння закону і імперыі, пераўтварэння свету. Лірыка вызначаецца эмацыянальнасцю, дынамічнай рытмікай, блізкасцю да нар. балад і песень, грубаватым гумарам. Лепшы лірычны цыкл для дзяцей — кнігі пра Маўглі («Кніга джунгляў», 1894; «Другая кніга джунгляў», 1895), а таксама кнігі «Адважныя мараплаўцы» (1897), «Казкі проста так» (1902), «Пак з узгорка Паха» (кн. 1—2, 1906—10) і інш. Яны прывабліваюць сюжэтнай займальнасцю, майстэрствам абмалёўкі экзатычных жывёл і раслін, дакладнасцю. Аўтар аўтабіягр.кн. «Сёе-тое пра сябе» (1936), дарожных нарысаў, рэпартажаў. Паўплываў на развіццё жанраў балады, песні, маршу. Нобелеўская прэмія 1907. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.Маўр, В.Хомчанка, С.Міхальчук, М.Багун.
Тв.:
Бел.пер. — Рыкі-Цікі-Таві. Мн., 1938;
Казкі. Мн., 1939;
Чаму ў слоніка доўгі нос. Мн., 1974;
Маўглі: Апавяданні, казкі. Мн., 1994;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—6. М., 1996.
Літ.:
Аникин Г.В., Михальская Н.П. История английской литературы. 2 изд. М., 1985;
Судленкова О.А., Кортес Л.П. 100 писателей Великобритании. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад клімат + ...логія),
навука аб кліматах зямнога шара, іх тыпах, фактарах фарміравання, заканамернасцях геагр. пашырэння і змянення ў часе. Уваходзіць у сістэму геагр. навук і адначасова з’яўляецца раздзелам фіз. навукі метэаралогіі. Падзяляецца на агульную, або фізічную (вывучае генезіс клімату і яго фіз. абумоўленасці), і кліматаграфію. Клімат высокіх слаёў атмасферы вывучае аэракліматалогія, прыземнага слоя паветра — мікракліматалогія, мінулых эпох — палеакліматалогія; дынамічная К. разглядае кліматы і іх фарміраванне ў залежнасці ад агульнай цыркуляцыі атмасферы. Уплыў клімату на раслінны і жывёльны свет, на розныя бакі гасп. дзейнасці чалавека даследуюць біякліматалогія, агракліматалогія, медыцынская, тэхн. і трансп., лясная, марская К. і інш.
Першыя звесткі пра клімат былі ў апісаннях ант. вучоных (Герадот, Страбон і інш.). У 17—18 ст.англ. вучоныя Э.Галей, Дж.Хэдлі і рас. вучоны М.В.Ламаносаў выказалі меркаванні пра ўплыў атм. цыркуляцыі на клімат. Як самаст. галіна навукі К. сфарміравалася ў сярэдзіне 19 ст. (рас. вучоны А.І.Ваейкаў, ням. А.Тумбальт, У.П.Кепен і інш.). Вял. значэнне для развіцця К. ў 20 ст. мелі працы рас. вучоных А.А.Камінскага, Я.С.Рубінштэйн, Л.С.Берга, амер. Г.Ландсберга, Д.Мілера, аўстр. Ф.Штайнгаўзера і інш.
На Беларусі навук. даследаванні ў галіне К. праводзіліся з пач. 20 ст. ў сістэме гідраметэаслужбы (А.І.Кайгарадаў склаў кліматычны атлас Беларусі). Развіццё К. звязана з імёнамі Г.В.Валабуевай, М.А.Гольберга, А.І.Савікоўскага (Гідраметэаслужба), А.Х.Шкляра (БДУ), М.А.Гольчанкі (БСГА), М.І.Касцюкевіча (Бел.тэхнал.ун-т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯШЧЫ́ (Acarina),
зборная група (атрад) членістаногіх кл. павукападобных. З асобныя атрады (падатрады); К.-сенакосцы (Opilioacarina), акарыформныя кляшчы і паразітыформныя кляшчы. 300 сям., больш за 10 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім свеце. Большасць жыве на сушы (у глебе, лясным подсціле, гнёздах птушак і звяроў), некат. ў вадзе. На Беларусі адзначаны акарыформныя (трамбідыформныя і саркаптыформныя) і паразітыформныя К.
Даўж. 0,05—13 мм, сытых крывасмокаў да 30 мм. Цела шарападобнае ці прадаўгавата-авальнае, крыху пляскатае, нерасчлянёнае Ротавы апарат колючы, грызучы, колюча-грызучы. Вочы ў большасці відаў адсутнічаюць. Раздзельнаполыя, з палавым дымарфізмам. Большасць К. адкладвае яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Жыццёвы цыкл уключае фазы: яйцо, лічынка, німфа (адна ці некалькі стадый) і імага. Лічынка 6-ногая, у німфы і імага па 4 пары ног. Паводле тыпу кармлення К. — сапрафагі і драпежнікі. Многія віды — паразіты раслін, жывёл і чалавека. К.-крывасмокі могуць пераносіць узбуджальнікаў хвароб (напр., у жывёл — піраплазмозаў, бабезіёзаў і інш., у чалавека — кляшчовага энцэфаліту, тулярэміі і сыпнатыфозных ліхаманак). Акароідныя К. (свірнавыя, або збожжавыя) пашкоджваюць збожжа і прадукты, галавыя і павуцінныя К. выклікаюць хваробы яблынь, цытрусавых і інш.Гл. таксама Акаралогія, Гамазавыя кляшчы, Кароставыя кляшчы, Мучны клешч, Панцырныя кляшчы, Пер’евыя кляшчы.
Літ.:
Бэкер Э., Уартон Г. Введение в акарологию: Пер. с англ.М., 1955;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСНАЯ́РСК,
горад у Расіі, цэнтр Краснаярскага края, на берагах р. Енісей. 874 тыс.ж. (1997). Чыг. вузел. Аэрапорт. Рачны порт. Буйны прамысл. цэнтр Усх. Сібіры. Асн. галіны прам-сці: машынабуд. і металаапр. (збожжаўборачныя камбайны, лясное машынабудаванне, суднабудаванне, радыётэхніка, тэлевізары і інш.), хім. (хімвалакно, хімбытпрылады, сінт. каўчук, шыны, медпрэпараты, гумава-тэхн. вырабы і інш.), металургічная (алюмініевая, каляровых і каштоўных металаў і інш.), дрэваапр. (цэлюлозна-папяровы камбінат), буд. матэрыялаў, лёгкая і харчовая. ГЭС. Навук. цэнтр Сіб. аддзялення Рас.АН, Сіб.-Далёкаўсходняе аддзяленне Рас. Акадэміі мастацтваў. 13 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты і Сіб. аэракасм. акадэмія. 5 т-раў, у т. л. оперы і балета. 4 канцэртныя залы. Філармонія. Цырк. Музеі: краязнаўчы, культ.-гіст. цэнтр, музей-сядзіба В.І.Сурыкава, маст. імя В.І.Сурыкава, карцінная галерэя. Каля К. — запаведнік «Сталбы».
Засн. ў 1628 як астрог Красны Яр ваяводам А.Дубенскім для абароны ад набегаў татар. У пач. 18 ст. цэнтр рамёстваў (цяслярскага, кавальскага, медзеплавільнага, гарбарнага і інш.). Развіццё паскорылася пасля буд-ва (1735—41) Маскоўскага тракту (Ачынск—Канск). З 1822 цэнтр Енісейскай губ. У 19 ст. цэнтр сібірскага казацтва, месца ссылкі дзекабрыстаў, народнікаў, сацыял-дэмакратаў, перасыльны пункт асуджаных у Туруханскі край, Іркуцкую вобл., Якуцію, на Сахалін. У канцы 19 ст. праз К. прайшла Транссібірская чыгунка. З 1934 цэнтр Краснаярскага краю. У 1941—42 у К. эвакуіравана шмат заводаў з зах. раёнаў СССР, у т. л. з Беларусі.