МУЛЬТА́Н,

1) баваўняная тканіна з начасаным ворсам з левага боку. З М. шыюць нацельную бялізну, дзіцячае адзенне.

2) Гатунак тур. тытуню.

т. 11, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎСКІ СЦЯГ,

сцяг на карме судна ў расійскім ВМФ. Уведзены ў 1699 Пятром I. Палотнішча з блакітным крыжам па дыяганалі (крыж Андрэя Першазванага) спачатку было трохпалоснае — бела-сіне-чырвонае, потым (з 1709) аднаго з гэтых колераў, з 1865 — белае.

Андрэеўскі сцяг.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБРЫЯЛЕ́Т (франц. cabriolet),

кузаў легкавога аўтамабіля з адкідным мяккім тэнтам. Верхняя частка кузава жорсткая, з вокнамі, якія можна апускаць. Мае 2 разнавіднасці: К.-купэ з 2 бакавымі дзвярамі і 4-дзверны К.-седан. Найб. пашыраны ў месцах з гарачым кліматам.

т. 7, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НАЎ (Аляксей Інакенцьевіч) (27.9.1896, г. Гродна — 18.6.1962),

ваенны дзеяч. Ген. арміі (1943). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1931) і Генштаба (1937). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1938 на выкладчыцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 нач. штаба Паўд., Паўн.-Каўказскага і Закаўказскага франтоў, Чарнаморскай групы войскаў. З 1942 1-ы нам. нач. Генштаба і нач. Аператыўнага ўпраўлення, удзельнік распрацоўкі плана Беларускай аперацыі 1944, інш. важных аперацый. З лют. 1945 нач. Генштаба, удзельнік Крымскай і Берлінскай (Патсдамскай) канферэнцый. У 1946—48 і з 1954 1-ы нам. нач. Генштаба, з 1955 адначасова нач. Штаба Аб’яднаных узбр. сіл дзяржаў — удзельніц Варшаўскага Дагавора. Дэп. ВС СССР з 1946.

А.І.Антонаў.

т. 1, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РСАН (Станіслаў Ігнатавіч) (1895, Варшава — 21.4.1919),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу на Беларусі. Адзін з кіраўнікоў Мінскай і Смаленскай арг-цый СДКПіЛ, чл. праўлення Польскага сацыяліст. аб’яднання. З 1917 чл. РКП(б). З мая 1917 нам. старшыні Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, камісар ВРК Зах. фронту, чл. дэлегацыі па падпісанні 4.12.1917 у мяст. Солы дагавора аб перамір’і на Зах. фронце. З снеж. 1917 камісар па справах нацыянальнасцяў СНК Зах. вобласці і фронту. Стваральнік і рэдактар газ. «Prawda» («Праўда»), «Polska Prawda» («Польская праўда»). З чэрв. 1918 у выканкоме Саветаў Зах. вобласці (з вер. 1918 Зах. Камуны) у Смаленску. З 1.1.1919 нарком дзяржкантролю 1-га ўрада БССР, з лют. 1919 — Літ.-Бел. ССР. Расстраляны польск. акупантамі.

С.І.Берсан.

т. 3, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАСТО́ЎСКІ (Канстанцін Казімір) (1644—кастр. 1722),

царкоўны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Д-р тэалогіі (1669). З роду Бжастоўскіх. З 1661 канонік віленскі, з 1664 кафедральны прапаведнік. Вышэйшую багаслоўскую адукацыю атрымаў у Рыме. З 1671 сакратар ВКЛ, настаяцель касцёла ў Троках, пісар ВКЛ. З 1684 біскуп смаленскі, у 1687—1722 біскуп віленскі. Адзін з ініцыятараў вынясення смяротнага прыгавору К.Лышчынскаму ў 1689. Падтрымліваў каралёў Яна III Сабескага і Аўгуста II у паліт. барацьбе супраць групоўкі кн. Сапегаў. У 1705 пры сустрэчы ў Верках (каля Вільні) з Пятром I спрабаваў абараніць уніятаў ад царскіх ганенняў. Разам з б. сваім ворагам Казімірам Сапегам уступіў у Віленскую канфедэрацыю 1716 супраць саксонскай дынастыі. Фундаваў і асвяціў шмат касцёлаў. Спрыяў уніятам, нецярпіма ставіўся да дысідэнтаў. Аўтар багаслоўскіх твораў.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛА́НДЫЯ (Holland),

гістарычная вобласць на З Нідэрландаў. Утварылася ў 10 ст. як графства. У 1299—1354 аб’яднана з графствам Генегаў (Эно). У 1433—77 у складзе Бургундыі. З 1477 (канчаткова з 1482) пад уладай Габсбургаў, адна з 17 правінцый Нідэрландаў гістарычных. Найб. эканамічна развітая правінцыя (сукнаробства, рыбалоўства, мараходства, суднабудаванне, гандаль), адыграла вядучую ролю ў Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі, у ходзе якой утворана незалежная Рэспубліка Злучаных правінцый (наз. таксама Галандская рэспубліка або проста Галандыя) з эканам. і паліт. ядром у Галандыі. У 1806—10 існавала залежнае ад Францыі Галандскае каралеўства на чале з Луі Банапартам. У складзе сучаснага Каралеўства Нідэрландаў (з 1830; неафіцыйна наз. Галандыя) падзяляецца на 2 правінцыі — Паўн. (адм. цэнтр г. Харлем) і Паўд. (адм. цэнтр г. Гаага).

т. 4, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗБОР, кальвінскі збор,

тып культавага збудавання рэфарматарскай царквы. З распаўсюджаннем Рэфармацыі пашыраны ў Полчышчы, Літве і на Беларусі ў 16—1-й пал. 17 ст. Драўляныя ці мураваныя З. строгіх лаканічных форм спалучалі мясц. буд. традыцыі з асаблівасцямі гатычнага і рэнесансавага стыляў: прамавугольны або 8-гранны ў плане аб’ём, завершаны стромкім 2-схільным, вальмавым, шатровым, купальным дахам; на гал. фасадзе меў высокую абарончую вежу-званіцу з вокнамі-байніцамі, пакрытую шатром або купалам. Сцены часта ўмацоўвалі контрфорсамі. Некаторыя З. былі храмамі-крэпасцямі. Пры З. часта будаваліся школы, друкарні, шпіталі. У часы Контррэфармацыі (2-я пал. 17 ст.) многія З. прыстасоўвалі пад касцёлы, у 19 ст. — пад праваслаўныя цэрквы. Найб. вядомыя кальвінскія З.: Дзераўноўскі, Клецкі, Койданаўскі, Смаргонскі, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква.

т. 7, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯ́БЛІВА, зяблевае ворыва,

летне-асенняя апрацоўка глебы пад сяўбу яравых с.-г. культур наступнага года. Праводзіцца з мэтай назапашвання вільгаці, мабілізацыі пажыўных рэчываў, знішчэння пустазелля, шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб с.-г. культур. Тэхналогія З. вызначаецца тыпам глебы, узроўнем яе акультурвання, эрадзіравання, папярэднімі і наступнымі культурамі і інш. З прыёмаў З. найб. пашыраны плужнае адвальнае з перадплужнікам ці безадвальнае ўзворванне, радзей пласкарэзная, шматслойная ярусная апрацоўка і глыбокае ўзворванне. Пасля збожжавых культур зяблеваму ворыву папярэднічае лушчэнне ці дыскаванне ржышча за 2—3 тыдні; пасля прапашных, шматгадовых траў і інш. культур З. праводзіцца без лушчэння. З. дапаўняецца ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, вапнаваннем, рыхленнем падворыўных слаёў, глебапаглыбленнем і проціэразійнымі аграпрыёмамі. На Беларусі найб. эфектыўнае ранняе З. (жнівень — пач. верасня).

Л.​В.​Круглоў.

т. 7, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКО́ЎСКІ (Канстанцін Ягоравіч) (2.7. 1839, Масква — 30.9.1915),

расійскі жывапісец. Брат У.Я.Макоўскага. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (з 1898). З 1851 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў С.Заранкі, з 1858 у Пецярбургскай АМ. У 1863 пакінуў АМ, адзін з членаў Арцелі мастакоў, член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Зазнаў уплыў салоннага мастацтва. У канцы 1860 — пач. 1870-х г. звяртаўся да сюжэтаў з нар. жыцця («Балаганы на Адміралцейскай плошчы», 1869), партрэтаў. З сярэдзіны 1870-х г. схіляўся да акадэмізму («Вяртанне свяшчэннага дывана з Меккі ў Каір», 1876; «Балгарскія пакутніцы», 1877). У 1883 парваў з перасоўнікамі і пісаў знешне эфектныя партрэты і жанрава-гіст. сцэны: «Пацалункавы абрад» (1895), «Мінін на Ніжагародскай плошчы» (1896) і інш.

К.Макоўскі. Балгарскія пакутніцы. 1877.

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)