КАЦЭНБО́ГЕН Саламон Захаравіч (10.5.1889, Мінск — 1.9.1946),
бел. філосаф, сацыёлаг. Праф. (1921). Скончыў Кіеўскі камерцыйны ін-т (1914) і Пецярбургскі псіханеўралагічны ун-т (1917). У 1917—20 у Наркамаце сац. забеспячэння Літ.-Бел. ССР, нам.нар. камісара асветы БССР. З 1921 у БДУ: праф., нам. рэктара, дэкан ф-та грамадскіх навук. У 1924 у Германіі вывучаў навейшую філасофію і сацыялогію, працаваў у музеях першабытнай культуры. З 1925 у Саратаўскім ун-це (дэкан ф-та гаспадаркі і права, заг. кафедры, у 1928—32 рэктар). З 1932 прарэктар Свярдлоўскага пед. ун-та. Навук. даследаванні ў галіне дыялект. і гіст. матэрыялізму, сацыялогіі, гісторыі першабытнай культуры. Аўтар прац «Сялянскія войны ў Германіі» (1912), «Філасофскія і сацыялагічныя асновы марксізму» (1915), «Да пытання аб праблеме заканамернасці гістарычнага працэсу» (1925) і інш.
Тв.:
Белорусский государственный университет за 1922—23 академический год. Мн., 1923;
Спорные вопросы в учении о происхождении брака и семьи. Мн., 1923;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯЛЯ́НСКАЯ РЭФО́РМА 1861,
якой скасавана прыгоннае права ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Абумоўлена крызісам феад.-прыгонніцкай сістэмы і развіццём капіталіст. адносін, паскорана паражэннем Расіі ў Крымскай вайне 1853—56 і ўздымам рэв., найперш сял. руху.
У студз. 1857 створаны Сакрэтны к-т на чале з царом; у пач. 1858 рэарганізаваны ў Гал.к-т па сял. справе для выпрацоўкі плана паступовага вызвалення сялян. Урад ініцыіраваў прапанову памеснага дваранства літ. і зах.-бел. губерняў аб беззямельным вызваленні панскіх сялян. Паводле рэскрыптаў Аляксандра II 1857 створаны дваранскія губ. к-ты па падрыхтоўцы праектаў рэформы, матэрыялы якіх у 1859—60 разгледжаны ў Рэдакцыйных камісіях. 3.3.1861 Аляксандр II падпісаў «Маніфест» і «Палажэнні аб сялянах, што выйшлі з прыгоннай залежнасці». У выніку сяляне атрымалі асабістую волю і права свабодна распараджацца сваёй маёмасцю. Памешчыкі захоўвалі за сабой землі маёнткаў, пры ўмове захавання ў пастаянным карыстанні сялян іх сядзіб і палявых надзелаў за адпаведныя павіннасці — паншчыну ці аброк. Памеры надзелаў і павіннасцей фіксаваліся ва ўстаўных граматах, складанне якіх даручалася памешчыкам, іх праверка, зацвярджэнне і ўвядзенне ў дзеянне — міравым пасрэднікам. Сяляне атрымалі права выкупу сядзібы і, пры згодзе памешчыка, — палявых угоддзяў. Да ажыццяўлення гэтага яны наз.часоваабавязанымі сялянамі. Выкупны кошт надзелу вызначаўся аброкам, капіталізаваным з 6% гадавых. Т.ч. сяляне фактычна выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую волю (гл.Выкупная аперацыя). Дваровыя людзі атрымалі асабістую волю, але вызваляліся без зямлі і на працягу 2 гадоў заставаліся ў феад. залежнасці ад паноў. Вызначаліся структура, правы і абавязкі органаў сял. грамадскага кіравання (сельскага, валаснога) і валаснога суда. У 4 «мясцовых палажэннях» вызначаліся памеры зямельных надзелаў і павіннасцей сялян за карыстанне імі ў 44 губернях еўрап.ч. Расіі. Паводле «Мясц. палажэння» для 35 рус., усх.-бел. і паўд.-ўкр. губерняў, у нечарназёмных рэгіёнах вышэйшы надзел на рэвізскую душу складаў ад 3 да 7 дзес., ніжэйшы — 1/3 вышэйшага; у чарназёмных — вышэйшы надзел ад 2,75 дзес., ніжэйшы — 1,2 дзес.; у стэпавых рэгіёнах уводзіўся адзіны «ўказальны» надзел; ад 6 да 12 дзес. у рус. губернях і ад 3 да 6,5 дзес. ў паўд.-ўкр. на рэвізскую душу. Калі дарэформенны сял. надзел быў большы за вышэйшы або калі ў памешчыка заставалася менш чым 1/3 зямлі маёнтка, зямля адразалася на яго карысць. Надзелы маглі памяншацца і паводле спец. пагаднення сялян з памешчыкамі ці пры атрыманні імі даравальнага надзелу. Калі надзел селяніна быў меншы за ніжэйшы памер, памешчык прыразаў яму зямлю або памяншаў павіннасці. За вышэйшы душавы надзел вызначаўся аброк ад 8 да 12 руб. у год ці паншчына — 40 мужчынскіх і 30 жан. рабочых дзён у год. Калі надзел быў меншы за вышэйшы, павіннасці памяншаліся.
На Беларусі С.р. праводзілася на падставе «Агульнага палажэння» і 2 «Мясц. палажэнняў». На 8 бел.-рус. паветаў Віцебскай і Магілёўскую губ. пашыралася разгледжанае вышэй «Мясц. палажэнне». Вышэйшы надзел на рэвізскую душу складаў ад 4 да 5,5, ніжэйшы — 1,3—1,8 дзесяціны. На У Беларусі, як і ў рус. і паўд.-ўкр. губернях, дарэформенны сял. надзел мог быць паменшаны. За вышэйшы надзел аброк складаў 8 руб. у год. «Мясц. палажэнне» для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Дрысенскага і латгальскіх пав. Віцебскай губ. замацоўвала за сялянамі землі, што былі ў іх пастаянным карыстанні напярэдадні рэформы. Сял. надзел абразаўся, калі ён быў большы за інвентарны або калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 прыдатнай зямлі. Вызначаліся максімальныя памеры аброку — 3 руб. з дзесяціны палявога надзелу ў год і паншчыны — 23 мужчынскія і жан. дні ў год (на 10% менш за інвентарныя). «Мясц. палажэнні» невыразна вызначалі правы сялян на сервітутныя і агульныя з памешчыкамі зямельныя ўгоддзі. На Беларусі «палажэнні» аб адмене прыгону ўзаконілі абеззямеленне сялян, якое вырасла з часу інвентарнай рэформы 1840—50-х гадоў і ў час падрыхтоўкі адмены прыгону. Пры рэалізацыі С.р. памешчыкі таксама абеззямелілі вял. колькасць сялян Беларусі і інш. рэгіёнаў еўрап.ч. імперыі. У сялян рас. чарназем’я яны адрэзалі каля 1/5, інш. мясцовасцей — 2/5 надзельнай зямлі (гл.Адрэзкі). Масавыя сял. хваляванні на Беларусі і ў Літве і паўстанне 1863—64 прымусілі ўрад спыніць абавязковыя адносіны сялян Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Дрысенскага і латгальскіх пав. Віцебскай губ. да памешчыкаў з 13.5.1863 і пачаць іх перавод на абавязковы выкуп з паніжэннем выкупных плацяжоў на 20%. З 13.1.1864 гэтыя правілы пашыраны на Магілёўскую і астатнія 8 паветаў Віцебскай губ. У пач. 1870-х г. большасць б. панскіх сялян Беларусі перавялі на выкуп. У адпаведнасці з цыркулярамі віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва ад 29.8 і 30.10.1863 сялянам, абеззямеленым памешчыкамі ў 1846—56, давалі па 3 дзес. зямлі; пазбаўленым яе з 1857 вярталі надзелы, роўныя надзелам астатніх сялян. Сялянам вярталі права карыстання сервітутамі і агульнымі з памешчыкамі пашамі. На пераважнай ч.тэр. Беларусі царызм пайшоў на большае скарачэнне выкупных плацяжоў, чым планавалася. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. яны зменшаны на 64,9—75,4%. Гэтыя ўступкі прыкметна змякчылі, але істотна не змянілі грабежніцкага ў адносінах да сялян характару рэформы. Пераважная большасць абеззямеленых атрымала па 3 дзес. на двор, што было недастаткова для вядзення гаспадаркі і ўтрымання сям’і. У 1877 на Беларусі памешчыцкія землі складалі 50,5% агульнай плошчы прыдатных зямель, а надзельныя землі б. панскіх сялян — 24,6%. Нягледзячы на зніжэнне памераў выкупу на З і ў цэнтры Беларусі, агульная сума выкупных плацяжоў з сялян 5 зах. губерняў у 3,3 раза перавышала кошт надзельнай зямлі на мясц. зямельным рынку ў час пераходу на выкуп і ў 2,3 раза — суму атрыманай імі дзярж. выкупной пазыкі. У велікарус. губернях еўрап.ч. краіны пераход сялян на выкуп расцягнуўся на некалькі дзесяцігоддзяў. Да 1881 тут заставаліся часоваабавязанымі 1552 тыс. рэвізскіх душ (15% сялян). 9.1.1882 выдадзены закон аб абавязковым выкупе з 13.1.1883. Перавод на яго завяршыўся да 1895. У выніку выкупной аперацыі дзяржава атрымала 700 млн.руб. прыбытку, у т. л. каля 100 млн. — у 5 зах. губернях. С.р. ў вял. ступені вызначыла кірунак эканам., сац. і паліт. эвалюцыі вёскі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Яна стварыла ўмовы для ўсталявання капіталіст. спосабу вытв-сці, паскорыла развіццё агр. капіталізму, прадукц. сіл сельскай гаспадаркі, але не вырашыла аграрнага пытання, бо на вёсцы, як і раней, панавала памешчыцкае латыфундыяльнае землеўладанне, захоўваўся шэраг інш. перажыткаў прыгонніцтва.
Літ.:
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Зайончковский П.А. Отмена крепостного права в России. 3 изд. М., 1968;
Литвак Б.Г. Переворот 1861 г. в России: почему не реализовалась реформаторская альтернатива. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСО́ТА (Lesotho), Каралеўства Лесота (сесута ’Muso oa Lesotho, англ. Kingdom of Lesotho),
краіна на Пд Афрыкі, анклаў на тэр.Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Пл. 30,35 тыс.км². Нас. 2007,8 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — сесута і англійская. Сталіца — г.Масеру. Краіна падзяляецца на 10 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 кастрычніка).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1993. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Вышэйшы заканад. орган — парламент, які складаецца з Сената (верхняя палата) і Нац. Асамблеі (ніжняя палата). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большую частку краіны займае базальтавае нагор’е Басута, выш. 2000—3000 м, парэзанае глыбокімі далінамі рэк. На У і Пд яго абмяжоўваюць Драконавы горы (г. Тхабана-Нтленьяна, 3482 м), на Пн — горы Малуты (г. Шампейн-Касл, 3276 м). Карысныя выкапні: алмазы, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны субтрапічны. Сярэдняя т-ра на нагор’і студз. 25 °C, ліп. 15 °C. Зімой бываюць замаразкі, у гарах выпадае снег. Ападкаў за год у гарах на У каля 1000 мм, на астатняй тэрыторыі каля 700—500 мм. Гал. рака Аранжавая з прытокам Каледан. Пераважае сухая стэпавая расліннасць, у гарах — сухалюбныя хмызнякі, альпійскія лугі. Нац. парк Сехлабатэбе.
Насельніцтва. 99,7% складае народ басута. Ёсць еўрапейцы (каля 1,6 тыс.) і выхадцы з краін Азіі (каля 0,8 тыс.). Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (80%, католікі і пратэстанты), астатнія вызнаюць традыцыйныя мясц. вераванні. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,4%. Сярэдняя шчыльн. 66,1 чал. на 1 км². Большая шчыльнасць на З і ў цэнтры краіны. У гарадах жыве 23% насельніцтва. У г. Масеру 400,2 тыс.ж. (1995). У сельскай гаспадарцы занята 86,2% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 7%. Сезонна (ад 6 да 9 месяцаў за год) 60% мужчын працуе на шахтах і фермах ПАР.
Гісторыя. Старажытнымі насельнікамі Л. былі бушмены і кой-коіны (гатэнтоты), якіх у 17 ст. выцеснілі плямёны басута з групы банту. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў басута Машэш I аб’яднаў разрозненыя плямёны ў адзіную дзяржаву. Пад пагрозай заваявання бурамі ён заключыў у 1868 з Вялікабрытаніяй дагавор аб пратэктараце. У 1871—84 Л. ў складзе брыт. Капскай калоніі, з 1884 пратэктарат Басуталенд. У 1952 створаны Афр. кангрэс Басуталенда (з 1959 партыя кангрэса Басута, ПКБ), цесна звязаны з Афрыканскім нацыянальным кангрэсам, у 1959 — Нац. партыя Басута (НПБ), якая адлюстроўвала інтарэсы племянных вярхоў. Паводле канстытуцыі 1965 Л. атрымала ўнутр. самакіраванне. На першых усеагульных парламенцкіх выбарах у 1965 перамагла НПБ, яе лідэр Л.Джонатан стаў прэм’ер-міністрам урада.
4.10.1966 абвешчана незалежнасць Басуталенда, які атрымаў назву каралеўства Л. (кароль Машэш II). Пасля перамогі ПКБ на парламенцкіх выбарах у студз. 1970 Джонатан ануляваў іх вынікі і ўвёў надзвычайнае становішча (адменена ў 1973). У выніку перавароту ў студз. 1986 улада перайшла да Ваен. савета, які забараніў усе паліт. партыі, а ў 1990 скінуў караля Машэша II і абвясціў каралём яго сына Летсі III. Пасля перавароту ў крас. 1991 дзейнасць паліт. партый адноўлена. На парламенцкіх выбарах у сак. 1993 перамагла ПКБ, а яе кіраўнік Н.Махеле стаў прэм’ер-міністрам. Л. — чл. Садружнасці, ААН (з 1966), Арг-цыі афр. адзінства. Дзейнічаюць Партыя кангрэса Басута, Нац. партыя Басута, Партыя свабоды Марэматлу.
Гаспадарка. Л. — агр. краіна, у ліку 25 найменш эканамічна развітых краін свету. Знаходзіцца ў поўнай эканам. залежнасці да ПАР. Валавы нац. прадукт на душу насельніцтва складае каля 580 дол. за год. Сельская гаспадарка дае каля 80% даходу краіны, прам-сць — каля 10%. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,3 млн.га (76% тэрыторыі), пераважаюць натуральныя лугі і паша (каля 2 млн.га). Апрацоўваецца каля 300 тыс.га зямлі. Пераважаюць дробныя натуральныя і паўнатуральныя сялянскія гаспадаркі на абшчынных землях. На рынак паступае толькі частка прадукцыі — воўна і высакаякасны махер. Найб. развіта жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 640, авечак — 1500, коз — 1000; ёсць коні, мулы, аслы. Вырошчваюць кукурузу (займае палавіну пасяўной плошчы), сорга, пшаніцу, ячмень, агародніну. Значныя пасевы гароху і фасолі. З тэхн. культур вырошчваюць джут. У перадгор’ях цэнтр.ч. краіны развіта земляробства, у гарах — адгонна-пашавая жывёлагадоўля. У горных раёнах пашырана тэраснае земляробства. У нязначнай ступені развіты горназдабыўная і апрацоўчая прам-сць; здабыча алмазаў (каля 50 тыс. каратаў у год, значна вагаецца ў асобныя гады, кантралюецца канцэрнам «Дэ Бірс», ПАР), буд. матэрыялаў. Уся электраэнергія паступае з ПАР. Вядзецца апрацоўка воўны і скур, вытв-сць махеру, тканін, дываноў, адзення і абутку. Шмат дробных паўсаматужных прадпрыемстваў харч. прам-сці. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 5,2 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2,1 тыс.км. Адзінае чыг. адгалінаванне (1,6 км) звязвае г. Масеру з чыгункамі ПАР.
У г. Масеру міжнар. аэрапорт. Гандл. баланс адмоўны. У 1992 экспарт склаў 109 млн.дол., імпарт — 964 млн. долараў. Краіна экспартуе воўну, махер, буйн. раг. жывёлу, скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары, паліва і інш. Асноўны гандл. партнёр — ПАР (42% экспарту і 94% імпарту). Дадатковыя крыніцы даходаў насельніцтва — сезонная работа ў ПАР (каля 40% даходу краіны) і замежны турызм (штогод краіну наведвае каля 200 тыс. турыстаў пераважна з ПАР). Л. атрымлівае дапамогу і субсідыі ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Грашовая адзінка — лоці.
І.В.Загарэц (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАРТЫЗА́ЦЫЯ (ад позналац. amortisatio пагашэнне),
паступовы перанос кошту асноўных вытворчых фондаў на кошт атрыманай на гэтых фондах гатовай прадукцыі. Абумоўлена неабходнасцю кампенсацыі зносу фондаў і забеспячэння поўнай іх замены пры выбыцці з вытв-сці. На гэта робяцца амартызацыйныя адлічэнні — уключэнне часткі кошту асн. фондаў у сабекошт прадукцыі. Яны вызначаюцца пераважна як працэнт (норма амартызацыі) ад кошту асн. фондаў і налічваюцца на працягу амартызацыйнага перыяду. Такія адлічэнні паступова назапашваюцца на рахунках прадпрыемства і разам з прыбыткам з’яўляюцца крыніцай фонду для набыцця новых машын, абсталявання, павышэння тэхн. ўзроўню вытв-сці, каб забяспечыць канкурэнтаздольнасць прадукцыі і прадпрыемства. Нарматывы амартызацыі і метады яе налічэння зацвярджаюцца органамі дзярж. кіравання. У якасці нарматываў выкарыстоўваюцца норма амартызацыі і патонная стаўка. Норма амартызацыі — цэнтралізавана ўстаноўлены гадавы працэнт пагашэння кошту асн. фондаў ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі і практычна для ўсіх відаў асн. фондаў. Залежыць ад нарматыўнага тэрміну службы асн. фондаў: чым ён карацейшы, тым большая норма амартызацыі. У здабыўных галінах тэрмін службы некаторых асн. фондаў (спецыялізаваныя будынкі, горныя выпрацоўкі і інш.) вызначаецца не фізічным зносам, а памерамі запасаў карысных выкапняў. Для гэтых відаў асн. фондаў у якасці нарматыву амартызацыі выкарыстоўваецца патонная стаўка — велічыня кошту асн. фондаў у разліку на 1 т запасаў карысных выкапняў. Гадавыя амартызацыйныя адлічэнні пры гэтым вызначаюцца як здабытак патоннай стаўкі на гадавы аб’ём здабычы карысных выкапняў.
У залежнасці ад метадаў налічэння адрозніваюць раўнамерную, паскораную і ўзрастаючую амартызацыю. Пры раўнамернай амартызацыі кошт асн. фондаў пераносіцца на сабекошт прадукцыі роўнымі часткамі на працягу ўсяго амартызацыйнага перыяду, што не адпавядае дынаміцы фізічнага і маральнага зносу асн. фондаў, не забяспечвае своечасовае фарміраванне фін. сродкаў прадпрыемства для абнаўлення тэхнікі. Пры паскоранай амартызацыі ў першы год службы асн. фондаў на сабекошт прадукцыі пераносіцца найб. частка іх кошту. Пры ўзрастаючай амартызацыі сума амартызацыйных адлічэнняў штогод павялічваецца і дасягае макс. велічыні ў апошні год амартызацыйнага перыяду. Гэта стымулюе замену старой тэхнікі на новую, таму што к канцу амартызацыйнага перыяду яе эксплуатацыя становіцца не эфектыўнай.
Адносіны дзяржавы да амартызацыі характарызуюць яе адносіны да навукова-тэхн. прагрэсу. Пры паскоранай (5 гадоў і менш) амартызацыі ў развітых краінах тэрміны спісання абсталявання перавышаюць тэрміны яго рэальнага зносу, што азначае падатковую субсідыю прадпрыемствам. Гэта павышае ўзровень накаплення і самафінансавання, спрыяе нарошчванню асн. капіталу ў навукаёмістых галінах, прагрэс. структурным зрухам у эканоміцы. На паскарэнне тэмпаў навукова-тэхн. прагрэсу накіраваны і інш. метады амартызацыі ў гэтых краінах: вытв. метад, метад раўнамернага прамалінейнага спісання кошту абсталявання, метад спец. амартызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ВУСЫ,
горад, цэнтр Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Бася. За 41 км ад г. Магілёў, 5 км ад чыг. ст. Чавусы на лініі Магілёў—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Крычаў, Мсціслаў, Чэрыкаў. 10,9 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (Чавускі масласырзавод), пач. апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі археал.: стаянка (неаліт), 2 селішчы (2—10—16 ст.), курганныя могільнікі (9—12 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з сярэдзіны 16 ст. як в. Чавусавічы. З 1589 у складзе Магілёўскай эканоміі. З 1604 горад Ч., у 1634 атрымаў магдэбургскае права і герб — выява св. Марціна, узброенага мячом, на кані. У 1648 у Ч. 176 дамоў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ч. заняты рус. войскамі і падараваны царом Аляксеем Міхайлавічам палкоўніку Бел. палка К.Паклонскаму. З вясны 1656 рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І.Нячая. Увосень 1660 вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 горад разрабаваны ў 1708 шведскімі войскамі; паступова адбудаваны. У пач. 1770-х г. у Ч. каля 2530 ж., больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета Магілёўскай (у 1796—1802 Беларускай) губ. У 1778 зацверджаны план забудовы горада. У 1781 Ч. нададзены новы герб — на чырв. полі перакрыжаваныя шабля і меч, аб’яднаныя лаўровым вянком. З 1789 у Ч. працавала 2-класнае нар. вучылішча. У 1825 каля 4 тыс.ж., 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крам, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897 у Ч. 4690 ж., з іх 41,1% пісьменных; з 1901 працавалі 3-класнае гар. вучылішча, царкоўнапрыходская школа; у 1904—6,1 тыс.ж., праводзіліся 4 кірмашы на год, дзейнічала 41 прамысловае (97 рабочых) і 41 рамеснае (239 рамеснікаў) прадпрыемствы, працавалі бальніца на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня. З 25.5.1919 Ч. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 — цэнтр воласці Магілёўскага пав. З 1924 у складзе БССР, цэнтр раёна. У 1939—7,2 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 1786 чал. Вызвалены 25.6.1944 часцямі 50-й арміі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944 ва ўзаемадзеянні з партыз. палком «Трынаццаць» (камандзір С.У.Грышын). У 1959 у Ч. 7,8 тыс. ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,
у складзе Рас. Федэрацыі, на Пд Чыцінскай вобл. Утворана 26.9.1937 з Агінскага аймака (Бурат-Мангольскай АССР). Пл. 19 тыс.км². Нас. 79,6 тыс.чал. (1994), гарадскога 30%; пераважаюць бураты, рускія, у зах.ч. — эвенкі. Сярэдняя шчыльн. 3,3 чал. на 1 км², больш заселена ўсх. частка. Адм. ц. — пас.гар. тыпу Агінскае.
Размешчана на Пд Забайкалля. Паверхня пераважна гарыстая (найб.г. Алханай, 1663 м). Клімат рэзка кантынентальны. Зіма халодная, маласнежная, лета гарачае, сярэдняя т-растудз. -24 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Найб. рэкі — Анон, Аленгуй. Шмат прэсных і салёных азёраў. Глебы ў гарах падзолістыя, шэрыя лясныя, на раўнінах карбанатныя, каштанавыя, чарназёмныя, сустракаюцца саланчакі. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах на выш. 1000 м — лістоўнічныя лясы (у асн. даурская лістоўніца).
Горназдабыўная, лясная і лесанарыхтоўчая, лёгкая, харч.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля, пашавая танкарунная авечкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, авёс, ячмень) і кармавыя культуры. Асн. від транспарту — аўтамабільны. На У праходзіць чыг. Карымская—Забайкальск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРЭ́СТ (Crossularia),
род кустовых раслін сям. агрэставых. Больш за 50 відаў, пашыраных у Паўн. Амерыцы, Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі культывуецца агрэст адхілены (G. reclinata). Каля 10 відаў інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам АН Беларусі як ягадныя і дэкар. расліны.
Агрэст адхілены вядомы з 11 ст. Родапачынальнік большасці культурных сартоў. Выш. кустоў 60—120 см. Цвіце ў 1-й пал. Мая. Плады — несапраўдныя ягады, голыя або апушаныя, белыя, жоўтыя, зялёныя, чырвоныя, пурпурныя. Маюць цукру 5—12%, арган.к-т 1—2%, пекцінавыя рэчывы, вітамін С, карацін. Пладаносны пачынае на 3-і год. Размнажаецца насеннем, чаранкамі, атожылкамі. Лепш расце на дастаткова вільготных угноеных сугліністых глебах. Ураджайнасць 10—15 т/га. Сарты, пашыраныя на Беларусі: Яравы, Куршу дзінтарс, Беларускі, Малахіт, Шчодры. Ягады спажываюцца свежыя і перапрацаваныя (джэм, варэнне, мармелад, сок). Агрэст мае радыепратэктарныя ўласцівасці (садзейнічае вывядзенню з арганізма радыенуклідаў). Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне. Асн. шкоднікі: пільшчыкі, агрэставы пядзенік: хваробы: сфератэка, іржа, антракноз, септарыёз.
Літ.:
Бурмистров А.Д. Ягодные культуры. 2 изд. Л., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Bielskie),
на Пд Польшчы. Мяжуе з Чэхіяй і Славакіяй. Пл. 3704 тыс.км², нас. 906,2 тыс.чал. (1992). Адм. ц. — г.Бельска-Бяла. Большая ч. тэрыторыі гарыстая, занятая Карпатамі (Зах. Бяскіды, найб.выш. 1557 м, гара Пільска), на Пн ад іх — Шлёнскае узв. і Асвенцімская катлавіна. Клімат умерана кантынентальны, сярэдняя т-растудз. ад -4,9 да 2,2 °C, ліп. 14,9—18,2 °C, ападкаў 720—1200 мм за год. Гал. рэкі — Вісла з прытокамі Сола і Скава. Глебы пераважна малаўрадлівыя горныя, месцамі трапляюцца буразёмы. Лясы займаюць 37% тэрыторыі, найб. захаваліся ў Зах. Бяскідах. У гаспадарцы пераважае прам-сць, значная роля турызму. Найб. развіты машынабудаванне (транспартнае, у т. л.аўтамаб.), тэкст., хім., гарбарная, футравая, дрэваапр., папяровая, харч. (піваварная, цукровая), энергет.прам-сць. Найб.прамысл. цэнтры: Бельска-Бяла, Асвенцім, Цешын, Андрыхаў, Жывец, Кэнты, Хэлмек, Скочаў, Вадавіцы. Пад с.-г. ўгоддзямі 49% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, каля гарадоў — агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак. Цэнтры турызму і адпачынку (Вісла, Шчырк, Устрань з Яшоўцам, Завоя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОБР,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. За 10 км ад Крупак, 2 км ад чыг. ст. Бобр на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 1509 ж., 740 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі.
Вядомы з 1516. З 1559 уласнасць Хадкевічаў, Гаштольдаў, Пацаў, Камароў, Сапегаў, Агінскіх і інш. У 1573 мястэчка Аршанскага пав. У 1614 — 172 дамы, млын. У 1762 атрымаў магдэбургскае права, герб. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Сенненскага пав. У 1863 у Бабры 1113 ж., у 1885 — 2 царквы, касцёл, капліца, сінагога, лячэбніца, нар. вучылішчы, 4 школы, 2 млыны, 22 крамы, 3 кірмашы на год, у 1904 — 2 цагельні. З 1919 у РСФСР, з 1924 у БССР, мястэчка ў Крупскім р-не. З 1938 вёска, з 17.2.1941 гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну гітлераўцы расстралялі 961 ж. У 1969 — 3 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, магіла ахвяраў фашызму (за 1,5 км ад пасёлка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАЖБА́,
магічныя спосабы і дзеянні, што нібыта прадказвалі будучыню і расказвалі пра былое. Узнікла ў першабытным грамадстве разам з раннімі формамі рэлігіі — верай у звышнатуральныя сілы, добрых і злых духаў, у лёс. Яшчэ стараж. земляробы прадказвалі надвор’е па зорках і сонцы; вавіланяне, этрускі, рымляне варажылі па печані ахвярнай жывёлы. У многіх народаў вядома варажба на касцях, бобе, арэхах, кававай гушчы, а таксама па лініях далоні, па картах і інш. Калі ў варажбе па прыкметах ёсць пэўнае рацыянальнае зерне (прыродныя назіранні), дык іншыя яе віды грунтуюцца на ўяўным знешнім падабенстве або процілегласці (напр., бачыць у сне ягады — слёзы, чыстую ваду — радасць, мутную ваду — смутак). Беларусы найчасцей варажылі на Каляды, на багатую куццю перад Новым годам. Варажба павінна была прадвызначыць надыходзячы год: з-пад каляднага абруса сена паказвала на даўжыню будучага лёну; перавага пэўнага віду зерня ў трыбуху заколатага парсюка — якое збожжа найбольш уродзіць. Дзяўчаты варажылі пра замужжа (упоцемку ў хляве зловіць баранчыка — выйдзе замуж; з якога боку пачуе брэх сабакі — там яе нарачоны і інш.). Гл. таксама Магія.