КРЫ́ЛАВА, Рэзервовае вадасховішча. За 20 км на ПнЗ ад г. Мінск паміж вёскамі Крылава, Вішнёўка, Чаромуха, каля вытоку р. Поплаў (бас. р. Свіслач). Створана ў 1981. Пл. 3,45 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 2 км, найб. глыб. 10 м, аб’ём вады 21,6 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 720 м. Напаўняецца за кошт перакіду вады з Вілейска-Мінскай воднай сістэмы; вадаскід на р. Поплаў. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 5 м. Сярэдні шматгадовы сцёк 129,8 млн. м³. Выкарыстоўваецца для забеспячэння вадой Мінска.

Г.​С.​Жукоўская.

т. 8, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗЬМІЧЫ́,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 13 км на ПнЗ ад г. Мядзел. Пл. 0,69 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 670 м, найб. глыб. 3,4 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 11 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м, парослыя хмызняком, месцамі разараныя. Берагі сплавінныя, на Пд нізкія, забалочаныя, на У і ПдУ пад хмызняком. На ПнЗ пойма шыр. да 100 м. Дно плоскае, сапрапелістае. У паўн. ч. востраў пл. 0,2 га. Праз возера цячэ р. Сермеж.

т. 8, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЙБЫШАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

На р. Волга, у Самарскай, Ульянаўскай абласцях, рэспубліках Татарстан, Марый Эл, Чувашскай (Рас. Федэрацыя). Утворана плацінай Волжскай ГЭС. Запоўнена ў 1955—57. Пл. 6450 км², аб’ём 58 км³, даўж. 580 км, найб. шыр. 30 км, глыб. да 39 м. Сезоннае рэгуляванне сцёку; ваганні ўзроўню да 7,5 м. Замярзае ў ліст. — пач. снеж., крыгалом пачынаецца ў крас. — пач. мая. Створана ў мэтах гідраэнергетыкі, воднага транспарту, ірыгацыі і водазабеспячэння. Рыбалоўства. На берагах — гарады Казань, Ульянаўск, Чэбаксары, Тальяці і інш., дамы адпачынку, санаторыі, базы турызму, воднага спорту, рыбнай лоўлі.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКАЯ АСТРАБЛЕ́МА,

старажытны метэарытны кратэр паблізу г. Лагойск у вярхоўі р. Гайна. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геал. будовай. Дыяметр Л.а. каля 15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т. зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне Л.а. абгрунтавалі бел. вучоныя А.​С.​Махнач, М.​В.​Вераценнікаў, Г.​І.​Ількевіч.

Літ.:

Логойская астроблема. М., 1991.

У.​Я.​Бардон.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁТЦЫ,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Шэвінка, за 14 км на З ад Віцебска. Пл. 0,31 км², даўж. каля 1,3 км, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Пл. вадазбору 28,9 км². Схілы катлавіны выш. 25—30 м, параслі хмызняком, паўн.-зах. схілы разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе да 2 м выслана пяском, глыбей пашыраны іл. Уздоўж берагоў паласа расліннасці шыр. да 20 м. Праз возера цячэ р. Вужніца. Уваходзіць у зону адпачынку Астроўна—Лётцы.

т. 9, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЖА АКІЯ́НА адзін з галоўных элементаў рэльефу і геал. структуры дна Сусв. акіяна. Займае самы нізкі

(акрамя акіянічных жалабоў) узровень зямной паверхні. Глыб. ад 4 тыс. м да 7 тыс. м паміж мацерыковым падножжам і сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі. Пл. больш за 185 млн. км² Складаецца з зямной кары акіянічнага тыпу, адрозніваецца слабым праяўленнем вулканізму і сейсмічнасці, малымі скорасцямі верт. рухаў (гл. Таласакратон). У рэльефе пераважаюць плоскія акумулятыўныя і складанарасчлянёныя ўзгорыстыя раўніны (гл. Абісальныя раўніны),

якія падзелены падняццямі розных тыпаў (асобныя вулканічныя горы і ланцугі гор, шырокія скляпеністыя і блокавыя ўзвышэнні).

т. 9, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НІЧНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 32 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,47 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 10,5 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, забалочаныя, пад лесам, на У да 10 м, разараныя. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў на ПнУ і ПдЗ — пясчанымі адкладамі. На ПнЗ з воз. выцякае ручай у р. Нача.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБУ́ТУ-СЕ́СЕ-СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; да 1973 Альберт; Albert),

возера ва Угандзе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, у бас. р. Ніл. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне на выш. 619 м, у сістэме Зах.-Афр. грабена. Пл. 5,6 тыс. км², даўж. 160 км, шыр. каля 40 км, глыб. да 58 м. Берагі расчлянёныя, б.ч. стромкія, дно плоскае. Упадаюць рэкі Семлікі і Вікторыя-Ніл, выцякае р. Альберт-Ніл. Рыбалоўства. Суднаходства. Парты: Бутыяба (Уганда), Касеньі (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Адкрыта ў 1864 С.У.Бейкерам. Названа ў гонар Мабуту Сесе Сека.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЖЭ́ЙСКАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 4 км на ПнЗ ад г. Паставы. Пл. 0,66 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 660 м, найб. глыб. 3,9 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 10,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, на ПнЗ і ПдУ пераходзяць у забалочаную нізіну. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пн і Пд сплавінныя. На ПнЗ і У пойма шыр. да 200 м, забалочаная. Дно ілістае. Упадаюць некалькі меліярац. каналаў.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛА́Я ВО́СМАТА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 34 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,58 км², даўж. каля 1,9 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 10,5 м, даўж. берагавой лініі каля 5,6 км. Пл. вадазбору 13,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на У да 7 м), параслі лесам і хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя. Мелкаводдзе шыр. 5—10 м, на Пд да 30 м. Дно пясчанае, месцамі ілістае. Злучана пратокай з воз. Вялікая Восмата.

т. 10, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)