АХВЯРАПРЫНАШЭ́ННЕ,

абрад прынясення дароў Богу (багам), духам, святым і інш.; абавязковая частка рэліг. культу. Ахвярапрынашэнне звязваюць з традыцыяй задабрэння і ўміласціўлення духаў, з верай у чарадзейную сілу ахвярнай жывёлы і інш. У гісторыі ўсіх рэлігій вядомы розныя формы ахвярапрынашэння — ад простых («пырсканне», «узліванне» ў гонар духаў і багоў перад ежай і піццём, кармленне фетышаў) да крывавых і жорсткіх чалавечых ахвярапрынашэнняў у некаторых стараж. народаў. Паводле хрысц. вучэння, Ісус Хрыстос, які прыняў смерць на крыжы, прынёс сябе ў ахвяру за ўсіх людзей і гэтым пазбавіў іх ад неабходнасці ахвярапрынашэння. Тым не менш ахвярапрынашэнне ў хрысціянстве захавалася ў форме прычашчэння святых дароў, прынашэнняў у храмы, каджэння фіміямам і гэтак далей. Разнавіднасцю ахвярапрынашэння можна лічыць манаства, рэліг. аскетызм, царк. пасты і інш.

В.​В.​Краснова.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ЙСКІ САЮ́З,

палітычнае аб’яднанне стараж.-грэч. полісаў Пелапанеса. Створаны каля 280 да нашай эры для барацьбы з Македоніяй і Эталійскім саюзам за гегемонію ў Грэцыі. У 2-й пал. 3 ст. да нашай эры ў саюз уваходзіла каля 60 полісаў. У Ахейскім саюзе было агульнасаюзнае грамадзянства, ён чаканіў сваю манету, меў адзіную сістэму мер і вагі. Вышэйшым органам улады быў сход саюзных грамадзян, які збіраўся 2 разы на год у Эгіёне. Выканаўчую ўладу ўзначальваў стратэг. У 221 да нашай эры саюз трапіў пад уплыў Македоніі. Пасля вайны Рыма з Македоніяй (200—197 да нашай эры) алігархі Ахейскага саюза сталі арыентавацца на Рым. Ахейскі саюз распаўся пасля задушэння антырым. паўстання 146 да нашай эры Яго тэрыторыя ўвайшла ў рым. правінцыю Ахая.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й імя Ф.​К.​Багушэвіча.

Засн. ў 1952, адкрыты ў 1955 у г.п. Ашмяны Гродзенскай вобласці. Імя Ф.​Багушэвіча прысвоена ў 1953. Пл. экспазіцыі 236 м², больш за 6 тыс. адзінак асн. фонду (1995). Сярод экспанатаў стараж. прылады працы, фрагменты шклянога і керамічнага посуду 11—16 ст., манеты 18—19 ст., нар. адзенне, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, вырабы нар. майстроў, дакументы і фотаздымкі з гісторыі Ашмяншчыны. Экспанаты расказваюць пра ўдзельнікаў гіст. і рэв. падзей М.С.Арэхву, Г.Дэмбінскага, А.Снядэцкага і інш. Асобная зала прысвечана жыццю і літ. дзейнасці Ф.​Багушэвіча (асабістыя рэчы, выданні яго твораў, фотаздымкі родных і блізкіх, макет дома ў Кушлянах і інш.). У музейнай б-цы (каля 1,5 тыс. экз. кніг) рэдкія і каштоўныя выданні.

т. 2, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БААЛЬБЕ́К (стараж. Геліопаль),

горад у Ліване, у даліне Бекаа. Упершыню ўпамінаецца ў 14 ст. да нашай эры

Захаваліся руіны грандыёзнага храмавага ансамбля рым. часу (1—3 ст.). Велічныя прапілеі з 12-калонным порцікам і 2-павярховымі квадратнымі вежамі па баках вялі ў шасцівугольны двор, за якім размяшчаўся вял. прамавугольны двор (раскопкамі адкрыты рэшткі вял. будынка алтара). Манументальныя ўсходы вялі ў Вял. храм, ці т.зв. храм Юпітэра, каля яго добра захаваны Малы храм, ці т.зв. храм Вакха або Меркурыя; каля прапілеяў стаяў т.зв. храм Венеры. У 13 ст. тэр. ансамбля была ператворана ў крэпасць (рэшткі сцен, вежаў). На У ад прапілеяў — руіны Вял. мячэці і мінарэта.

Літ.:

Jidejian N. Baalbek: Heliopolis, city of the sun. Beirut, 1975.

Да арт. Баальбек. Храм Вакха. 2 ст.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВАЎНАВО́ДСТВА,

галіна раслінаводства па вырошчванні бавоўніку і вытв-сці бавоўны-сырцу. Асн. пояс вырошчвання бавоўніку знаходзіцца ў межах сухіх субтропікаў і тропікаў паміж 20° і 40° паўн. шыраты. Найлепшы ўраджай атрымліваюць на арашальных землях. Па аб’ёме валавой прадукцыі і памерах пасяўной плошчы важнейшыя баваўнаводчыя краіны — Кітай, ЗША, Індыя, Пакістан, Узбекістан, Турцыя, Бразілія, Туркменістан, Аўстралія, Грэцыя, Егіпет (гал. вытворца тонкавалакністай бавоўны), Мексіка, якім належыць больш за 85% сусв. збору бавоўны. Баваўнаводствам займаюцца таксама яшчэ прыкладна ў 70 краінах свету (большасць краін Лацінскай Амерыкі, Афрыкі, Паўд. і Зах. Азіі, Паўд. Еўропы). Прыкладна ⅓ сусв. экспарту бавоўны паступае з ЗША. Беларусь атрымлівае неабходную для тэкст. прам-сці бавоўну пераважна з Узбекістана і Туркменістана (у 1993 адпаведна 18,1 і 6,7 тыс. т пры агульным імпарце 31,1 тыс. т).

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГА́ЦЬКАЎКА,

вёска ў Беларусі, у Раздзельскім с/с Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Рамясцвянка. За 23 км на ПнЗ ад Мсціслава, 104 км ад Магілёва, 27 км ад чыг. ст. Ходасы. 100 ж., 66 двароў (1993).

У 1834 — 116 ж., 28 двароў, уласнасць памешчыка. У пач. 20 ст. існавалі 2 вёскі: Вял. Багацькаўка (172 ж., 30 двароў) і Малая Багацькаўка (160 ж., 21 двор) у складзе Шамаўскай вобласці Мсціслаўскага пав. У Вял. Айч. вайну з 14.7.1941 да 29.9.1943 вёскі акупіраваны ням. фашыстамі. У 1976 аб’яднаны ў адну вёску. Малая Багацькаўка — радзіма бел. пісьменніка Максіма Гарэцкага і бел. вучонага, акад. АН Беларусі Г.І.Гарэцкага. Музей М.​Гарэцкага.

Да арт. Багацькаўка. Хата Гарэцкіх у бы-лой в. Малая Багацькаўка.

т. 2, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРА́НЫ Іван (сапр. Лазавяга Іван Паўлавіч; 2.10.1907, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна — 25.8.1963),

украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім маст. ін-це (1926—28). У 1932 рэпрэсіраваны і да 1940 у турмах і лагерах. У 1945 эмігрыраваў у ФРГ. Аўтар паэм «Манголія» (1927), «Ave Maria» (1929), рамана ў вершах «Скелька» (1930), зб. вершаў «Залаты бумеранг» (1946). Дыяпазон яго паэзіі ад элегічнай лірыкі да вострай сатыры. Раманы «Звераловы» (1944, «Тыграловы», 1946—47), «Сад Гефсіманскі» (1950), «Вогненнае кола» (1953), п’есы «Марытуры», «Генерал» (1947), «Разгром» (1948) пра цяжкі лёс укр. народа ў перыяд сталінскага таталітарызму, пакутнікаў ГУЛАГа, барацьбітоў за незалежнасць Украіны. Аўтар памфлета «Чаму я не хачу вяртацца ў СССР?» (1946).

Тв.:

Тигролови: Роман та аповідання. Київ,1991.

В.​А.​Чабаненка.

т. 2, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́М Паўлюк (Павел Восіпавіч; 14.11.1812, в. Крошын Баранавіцкага р-на — 1891 ?),

бел. паэт. Сын каваля. Вучыўся ў Крошынскай парафіяльнай школе. За распаўсюджанне антыпрыгонніцкіх вершаў, у т. л. «Рабункі мужыкоў» Я.​Баршчэўскага, здадзены ў рэкруты (дакументальна не пацверджана). Працаваў кавалём у Крошыне. У мясц. касцёле зберагаецца металічная люстра работы Багрыма — узор маст. коўкі. Захаваўся адзін верш Багрыма — «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», апубл. навагрудскім юрыстам І.​Яцкоўскім («Аповесць з майго часу», Лондан, 1854). Верш — шэдэўр бел. лірыкі 19 ст., які кранае сілай пратэсту супраць прыгону, глыбінёй пачуцця, арганічнасцю формы і зместу. У 1985 у Крошыне адкрыты музей нар. мастацтва і рамёстваў імя Багрыма.

Літ.:

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Паўлюк Багрым. Мн., 1994.

П.Багрым. Скульптар З.​Азгур.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАДУНО́ВА Палута (Пелагея Аляксандраўна; 1885, Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 29.11.1938),

бел. паліт. дзеяч. Скончыла вышэйшыя гіст.-літ. курсы ў Петраградзе (1917), У 1917 чл. ЦК Бел. сацыяліст. грамады, дэпутат Петраградскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Удзельнік Усебел. з’езда 1917 у Мінску. З лют. 1918 нар. сакратар апекі ў Нар. сакратарыяце Беларусі. У 1918—25 у Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), сакратар яе ЦК. У 1919 увайшла ў Раду Бел. Нар. Рэспублікі і выступала за поўную незалежнасць Беларусі. У крас. 1920 як прадстаўнік БПС-Р вяла перагаворы з ЦК РКП(б). Арыштоўвалася польск. і сав. ўладамі. У 1923—25 жыла ў Празе. З 1925 у СССР, працавала настаўніцай у Гомелі. У 1937 арыштавана, расстраляна ў Мінску. Рэабілітавана ў 1989.

П.Бадунова.

т. 2, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛІ́НСКІ Міхаіл Ігнатавіч (14.8.1794, б. маёнтак Цярэспаль Полацкага пав. — 22.12.1864),

гісторык і публіцыст. Скончыў Віленскі ун-т (1818). У 1816—22 і 1829—30 супрацоўнік час. Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), з 1818 разам з І.​Лялевелем рэдагаваў час. «Tygodnik Wileński» («Віленскі штотыднёвік»). Чл. літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў, адзін з рэдактараў яго газ. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830—31 арыштаваны. З 1836 жыў у Варшаве, адзін з заснавальнікаў час. «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка»). З 1847 у Вільні, віцэ-старшыня Віленскай археалагічнай камісіі. Разам з Ц.​Ліпінскім выдаў даследаванне «Старажытная Польшча...» (т. 1—3, 1843—46), у 3-м томе якога пададзена гісторыя населеных пунктаў Беларусі. Даследаваў гісторыю Вільні, Віленскага ун-та.

т. 2, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)