МА́РКАС (Marcos) Фердынанд Эдралін (11.9.1917, Сарат, каля г. Лаааг, Філіпіны — 28.9.1989),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Філіпін. Адвакат. Скончыў ун-т Філіпін (г. Кесан-Сіці). Удзельнік абарончых баёў супраць японцаў на Філіпінах (1941—42) у 2-ю сусв. вайну. З 1949 у кангрэсе Філіпін: чл. Палаты прадстаўнікоў (1949—59), сенатар (1959—66), прэзідэнт сената (1963—65). Адначасова ў 1960—64 старшыня Ліберальнай партыі, з 1964 у кіраўніцтве Партыі нацыяналістаў. У 1965—86 прэзідэнт Філіпін, адначасова ў 1973—81 прэм’ер-міністр. Рабіў захады па ўмацаванні дзярж. суверэнітэту краіны, у 1970 спыніў удзел Філіпін на баку ЗША у В’етнамскай вайне 1964—73. У 1972 увёў у краіне ваен. становішча (да 1981). Рэжым асабістай улады М. выклікаў шырокі апазіцыйны рух, пад націскам якога праведзены датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. З 1986 у эміграцыі ў ЗША.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДУ́ЗЫ,

асобіны палавога пакалення кішачнаполасцевых жывёл, якія свабодна плаваюць. Характэрны для сцыфоідных і многіх гідроідных. Некат. сцыфоідныя (стаўрамедузы) жывуць на дне, прымацаваныя да субстрату. Пашыраны ў морах, часам у прэсных водах. М. ўзнікаюць пры адпачкаванні ад прымацаваных да субстрату асобін бясполага пакалення — паліпаў. У некат. гідроідных (трахіліды) і сцыфоідных чаргаванне пакаленняў страчана, М. развіваецца з яйца.

Дыяметр ад некалькіх міліметраў да 2,3 м. М. уласціва гетэрапалярная радыяльна-восевая сіметрыя. Цела паўпразрыстае, у форме парасона або звона; па краях шчупальцы (даўж. да 30 м), у некат. з жыгучымі клеткамі, і органы пачуццяў. Ротавая адтуліна ў сярэдзіне ніжняга боку парасона. Рухаюцца рэактыўным спосабам (выкідваюць ваду з поласці парасона). Кормяцца планктонам. Раздзельнаполыя. Палавыя прадукты выкідваюць у ваду, дзе яны апладняюцца і развіваюцца.

Медузы: 1 — каранярот; 2 — крыжавічок; 3 — батрынема; 4 — карына.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЫКА-САНІТА́РНАЯ ЧА́СТКА (МСЧ),

комплексная лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед.сан. дапамогі тым, хто працуе на прадпрыемствах, ва ўстановах і г.д. Бывае закрытага тыпу (абслугоўвае толькі тых, хто працуе) і адкрытага (абслугоўвае і іх сем’і). Ствараюцца на буйных прадпрыемствах ці ў групе галіновых прадпрыемстваў з колькасцю працуючых 4 тыс. і больш; урачэбныя пункты аховы здароўя — з колькасцю працуючых 1,2 тыс. і больш; фельчарскія пункты — менш за 1 тыс. У МСЧ уваходзяць: бальнічна-паліклінічны комплекс з паліклінікай, стацыянарам, пунктамі аховы здароўя, лячэбна-дыягнастычнымі аддзяленнямі, кабінетамі, дзённымі стацыянарамі, санаторыямі-прафілакторыямі і інш. Забяспечвае мед.-сан. дапамогу працуючым пры захворваннях і траўмах (у т. л. дома), плануе і ажыццяўляе сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы па аздараўленні ўмоў працы, зніжэнні агульнай захворваемасці, праводзіць дыспансерызацыю і інш. Узначальвае МСЧ гал. ўрач.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁСБА́ЎЭР (Mōssbauer) Рудольф Людвіг (н. 31.1.1929, г. Мюнхен, Германія),

нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Баварскай АН (1967), замежны чл. Нац. АН ЗША (1978), Рас. АН (1982) і інш.

Скончыў Мюнхенскі тэхн. ун-т (1955), у 1964—72 і з 1977 праф. гэтага ун-та. У 1960—64 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це (з 1961 праф.). У 1972—77 дырэктар Ін-та Лаўэ—Ланжэвэна ў г. Грэнобль (Францыя). Навук. працы па гама-спектраскапіі, фізіцы цвёрдага цела, ядз. і нейтрыннай фізіцы. У 1958 адкрыў з’яву ядз. гама-рэзанансу (гл. Мёсбаўэра эфект). Залаты медаль імя Ламаносава АН СССР (1985). Нобелеўская прэмія 1961 (разам з Р.Хофстэдтэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Эффект RK и его значение для точных измерений // Наука и человечество. М., 1962;

Резонансная спектроскопия гамма-излучения: Лекция. М., 1970.

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Мёсбаўэр.

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САЮ́З ГЕАЛАГІ́ЧНЫХ НАВУ́К (МСГН),

навуковая арганізацыя, якая каардынуе даследаванні глабальных геал. праблем, садзейнічае міжнар. супрацоўніцтву ў галіне навук аб Зямлі. Засн. ў 1961. Членамі саюза з’яўляюцца нац. геал. арг-цыі больш як 110 краін. Мае пастаянныя камісіі, камітэты, кансультатыўныя саветы. Уваходзіць у склад Міжнар. савета навук. саюзаў. Сакратарыят знаходзіцца ў г. Тронхейм (Нарвегія). Разглядаюцца пытанні, звязаныя з выяўленнем і ацэнкай энергет. і мінер. рэсурсаў, небяспечных геал. працэсаў, з праблемамі глабальных змен у прыродзе і ўплыву геал. працэсаў на навакольнае асяроддзе. Выконваюцца: міжнар. праграмы геал. карэляцыі, праекты па мадэліраванні радовішчаў карысных выкапняў, «Цыркум-Атлантык» і інш. Выдае геал. час. «Episodes» («Эпізоды»). З 1997 у склад саюза ўваходзіць Бел. нац. камітэт геолагаў (штаб-кватэра ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі).

А.​А.​Махнач.

т. 10, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЯ́Н Арцём Іванавіч (5.8.1905, с. Санаін Туманянскага р-на, Арменія — 9.12.1970),

савецкі авіяканструктар. Брат А.І.Мікаяна. Акад. АН СССР (1968). Д-р тэхн. н. (1959). Ген.-палкоўнік інж.-тэхн. службы (1967). Двойчы Герой Сац. Працы (1956, 1957). Скончыў Ваен.-паветр. акадэмію імя М.​Я.​Жукоўскага (1936). З 1940 гал. канструктар доследнага канструктарскага бюро па самалётабудаванні, з 1956 ген. канструктар. У 1940 пад кіраўніцтвам М. (разам з М.І.Гурэвічам) спраектаваны знішчальнік МіГ-1, мадыфікаваны варыянт якога (МіГ-3) шырока выкарыстоўваўся ў Вял. Айч. вайну. Стварыў шэраг звышгукавых рэактыўных знішчальнікаў, у т. л. МіГ-21, -23, -29. На рэактыўным самалёце Е-266 яго канструкцыі ўстаноўлена некалькі сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1947, 1948, 1949, 1952, 1953.

Літ.:

Арзуманян А.М. Генеральный конструктор А.​И.​Микоян. М., 1961.

А.І.Мікаян.

т. 10, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ Анатоль Мікалаевіч (н. 3.11.1936, в. Індыкава Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне прамянёвай дыягностыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р мед. н. (1974), праф. (1980). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1961). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1977 заг. кафедры). Навук. працы па візуалізацыйнай дыягностыцы (з выкарыстаннем рэнтгеналагічнага і ультрагукавога даследаванняў, камп’ютэрнай, магнітна-рэзананснай тамаграфій і інш.) у распазнаванні захворванняў органаў стрававання, руху, сардэчна-сасудзістай сістэмы, ахове ад іанізацыйнага выпрамянення. Вызначыў асн. заканамернасці ў развіцці парушэнняў функцый стрававальнага тракту, распрацаваў спосабы даследавання кішэчніка і яго функцыян. стану, вывучыў механізмы развіцця дыскінезій і прапанаваў шляхі іх лек. карэкцыі. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Рентгеносемиотика и диагностика болезней человека. Мн., 1989;

Лучевая диагностика в гастроэнтерологии. Мн., 1994;

Руководство по медицинской визуализации. Мн., 1996.

А.М.Міхайлаў.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОСТ ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,

прылада для вымярэння эл. велічынь (супраціўлення, ёмістасці і інш.) метадам параўнання з узорнай мерай. М.в. бываюць пераменнага току; ураўнаважаныя (найб. дакладныя; прынцып работы засн. на нулявым метадзе вымярэнняў і неўраўнаважаныя (значэнні вымеранай велічыні адлічваюць па паказаннях вымяральнай прылады; пры нестабільнай крыніцы сілкавання ў якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца, напр., лагометр); з ручным ураўнаважваннем і аўтаматычныя (выкарыстоўваюцца таксама для неперарыўных вымярэнняў). Амічныя супраціўленні вымяраюць М.в. пастаяннага току адзінарнымі (4-плечнымі; ад 1 Ом і вышэй), падвойнымі (6-плечнымі; да 1 Ом) і камбінаванымі (ад 10​−8 да 10​8 Ом). Ёмістасці і індуктыўнасці вымяраюць М.в. пераменнага току 4-плечнымі (найб. пашыраны) і 6-плечнымі. Пры спалучэнні М.в. з вымяральнымі пераўтваральнікамі вызначаюць неэл. велічыні (напр., т-ру, дэфармацыю, паскарэнне). Выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхн. апаратуры, даследчых лабараторыях і на прадпрыемствах.

т. 10, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКА Дзяніс (? — пасля 1671),

кіраўнік атрада бел. сялян у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, наказны бел. палкоўнік. Арганізаваны ім у 1656—57 атрад дзейнічаў у Мінскім і Аршанскім пав., рабіў рэйды па шляхецкіх маёнтках. Яго рэзідэнцыямі былі Ігумен (1656) і Камень (з 1657) у Мінскім пав. У вер. 1658 перайшоў на бок Рэчы Паспалітай, вёў баявыя дзеянні супраць рас. войск ва ўзаемадзеянні з І.Нячаем і С.​Аскеркам (гл. Аскеркі). 22.5.1659 сейм Рэчы Паспалітай надаў М. шляхецтва. У снеж. 1664 здзейсніў рэйд у Ноўгарад-Северскі пав., у студз. 1665 — у ваколіцы Чарнігава. У маі 1665 на шляху паміж Старадубам і Гомелем яго атрад (400 чал.) разбіты і сам ён паранены. Пазней служыў у войску гетмана ВКЛ П.Сапегі.

Літ.:

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995.

т. 11, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІЖНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Румынская нізіна. На Пд Румыніі і Пн Балгарыі. Цягнецца ўздоўж р. Дунай ад Жалезных Варот да Чорнага м. Даўж. 560 км, шыр. 40—120 км. Размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, складзена з лёсаў і алювію. Паверхня ўзгорыстая, расчлянёная рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі, шмат азёр і балот. Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -1 да -3 °C, ліп. 22—23 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Лета засушлівае, зімовае снегавое покрыва няўстойлівае. У р. Дунай, што перасякае Н.р., упадаюць злева шматлікія рэкі, у т. л. Жыў, Олт, Арджэш, Яламіца, Сірэт. Тэрыторыі разараны (пасевы збожжавых, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі). На водападзелах месцамі рэдкастойныя дубовыя лясы. Па поймах лясы з вярбы, вольхі, асіны чаргуюцца з вільготнымі лугамі і трыснягова-асаковымі балотамі. На Н.р. сталіца Румыніі Бухарэст.

т. 11, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)